Домік Багдановіча

Туі, Іудзіна дрэва і пілы агаваў.
Пала сцежка жыцця на апошні, смяротны парог
І разлілася ў тваю, як святло, неўміручую славу,
Сонцу якой пазайздросцяць і космас, і людзі, і бог.

Весняе неба не ведае, плакаць надалей ці годзе.
Голлямі ўніз пацягнуўся праз хмары сонечны куст,
Ў хатку, дзе згасла тваё беднае дваццацігоддзе,
Ў хатку,
дзе ўспыхнула сонцам любові твая Беларусь.

Кажуць, разбураць цябе. Але хай сабе новая рана,
Хай справядлівасць яшчэ раз будзе стаптана
ў жыцці, —
Гэты маленькі дамок праз акно тваёй ночы астанняй
Будзе да скону зямнога ў вечнасць нашчадкам
свяціць.

Упершыню — “Полымя”, 1971, № 3.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: сакавік — 3 снежня, Ялта — Мінск [1967 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 278, 279.