І тады закахалася хмара

І тады закахалася хмара…
У паплавы, ад расы прамяністыя,
І ва ўсю Беларусь маю чыстую,
Ў мары бору, ў палёў абшары.

І заплакала ад кахання,
І слязою чыстай абмыла
Ўсе абшары зямлі маёй мілай,
Ўсе калыскі яе і магілы,
Ўсе змярканні яе і світанні.

І пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў, —
Плод кахання бору і хмары, —
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 26 ліст. 81 г. 9.45. П.м.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 273, 274.

Яндекс.Метрика