Як Стажары ў небе заззялі

Як Стажары ў небе заззялі,
І ў сяле падаілі кароў,
І з палёгкай палі ўздыхалі, —
Я пад вокны твае прыйшоў.

Ты з хітрынкай сказала, мілая,
Прыкрываючы шыю касой:
«Маці спіць. Я таксама стамілася.
Дарагі, прыходзь раніцой».

Ты сказала так цёпла і ветліва,
Я кахаў цябе так даўно…
Я паверыў і раніцай светлай
Пад тваё прыцягнуўся акно.

Зноў з хітрынкаю ты сказала:
«Бач, каровы ідуць на лугі.
Бачыш, маці толькі што ўстала.
Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі».

Я чакаў паўдзённай часіны.
З неба сонечны пёк агонь.
Я драмаў у хмызах тры гадзіны
На нагах, як стомлены конь.

Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты,
Калі зноў я прыйшоў да сяла
І… нікога не стрэў ля хаты,
Бо каханая ў полі была.

Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі
На даўжэзную постаць маю,
Калі вечарам шэрым і мяккім
Я прыйшоў на сядзібу тваю.

Усміхнулася: «Нельга вечарам,
Нас заўважаць суседзі ў садках.
Любы мой, дарагі, недарэчны,
Ноч наперадзе. Зоры ў вачах».

Уначы я свіснуў ля хаты,
І з’явіўся цень у акне:
«Я заснула ад стомы праклятай.
Не шкадуеш, будзіш мяне.

Ну і д-добрым ты будзеш мужам…
Не. На вуліцы травы з расой…
Што ты, што ты! Маці нядужая…
Дарагі, прыходзь раніцой».

Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!

Упершыню — «Чырвоная змена», 1959, 22 сакавіка.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 266, 267.