Над полем месяц двухрогі

Над полем месяц двухрогі,
А мне ў цішыні палявой
Адна пралягла дарога:
Да вокан любай маёй.
Яна кахае другога,
І як ні падай да ног
Убранага кветкамі бога, —
Ён не ўратуе, бог.
Свяшчэннікі ўсёй паднябёснай
Кахання не вымаляць мне.
А суцешаць хіба што сосны
І роднага неба свінец.
Каб глядзеў я ў вочы іконе,
Як у вочы лепшай з дзяўчын, —
Узялі б мяне ў божае лона,
Ўзвялі ў апостальскі чын.
Каб бегаў я ў божую хату
Так, як пад хату тваю, —
Мяне б серафімы крылатыя
Жывым пасялілі ў раю.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Машынапіс — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1984 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 275, 276.