Павешаным 1863 года

Калі ідуць на абардаж,
І поўніць полымя прасцяг
Да верху мачты — экіпаж
Цвікамі прыбівае сцяг.

Даўно здалася — нават сталь, —
І толькі зараз — мы памром
Пад сцягам, што ў прадонні хваль
Знікае разам з караблём.

Ў крыві краіны нашай бель,
Прыходзіць час смяротных сноў,
І нашай волі карабель, —
Няскораны, — ідзе на дно.

І сёння ў вечны наш працяг,
У неба на світанні дня
Уздымуць нас, як волі сцяг,
Якому й богу нельга зняць.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 28 — 29 ст. 80 г. 0 г. 20 хв.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 280, 281.

Яндекс.Метрика