Шляхі Ігната Буйніцкага

Па пясчаных дарогах, па гразкіх дарогах,
Па дарогах, якім канца не відаць…
Зверху хмараў чароды.
Знізу — хвалі разлогаў.
Зверху хвошча вада.
Знізу плешча вада.

На палях ялянцу гатычныя вежы.
Верх фургона дарэмна ловіць зару…
О, якая туга, якое бязмежжа,
О, які нязнаны твой шлях, Беларусь!

Пан каморнік! Куды?
Каму гэта трэба?
Што звычайным хлопам гэтых краёў,
Ім, якія жывуць без імя і неба, —
Тыя песні твае, тое слова тваё?!

Што ім тая забытая дзіўная вера?
Лепш бы ты, як раней, межаваў палі
І стараўся даць ім — судом і мерай —
Хоць валоку якую панскай зямлі.

Што ім іхні лёс,
Вялікі й суровы?
Што ім, — мо ўжо адкажаш нарэшце ты, —
Да загнанай, забітай, задушанай мовы,
Іх вялікасць першы вандроўны артыст?..

Але што гэта я?
Ёсць святло і цені.
Гэта вечна.
І вечны няроўны бой,
І таму сэрцам плачу, ўстаю на калені
Перад ранняй, святою магілай тваёй.

Яснай месячнай ноччу ці днём журботным
Свеціць дальнім нашчадкам яна, як маяк,
І таму, чым мужней, неразумней, самотней,
Тым ясней, тым велічней слава твая.

І гарэць той славе, нятленнай, шырокай
Да апошніх, бязведамных нашых вякоў
За адну тваю спробу замест валокі
Мову людзям вярнуць і зямлю бацькоў.

Слава Першых, якія сабой заплацілі
За айчыну і слова, племя і род
І душу аддалі, каб яна ажывіла
Мёртвы гліны камяк:
Свой родны народ.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1971.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 22 верасня 67 г., Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 252, 253.