Вуліцы

Дом, дзе першае стрэў світанне,
Быў на ўскраіне ля дубровы.
Вулка першая да паўстання
Мела назву Планоў Князёвых.
Назвы новыя не прыліплі
(Мураўёўская! Петраградская!) —
Да пчаліных дзедаўскіх ліпаў,
Што на Вуліцы Першай Радасці.
Неіснуючая, нечуваная
Засталася ты ў сэрцы шалёным
Вечнай Вуліцай Абдуванчыкаў
(Залатых-залатых на зялёным).
Вуліцай Мокрых Падтыннікаў,
Вулкай Звону з-за Весняй Дубровы,
Вуліцай — Яйка Качынага
Ў Нетрах Сонечна-лапуховых,
Вуліцай Вось ты і Дома,
Вуліцай Душ Сагрэтых…
Вуліцай трыццаць сёмага
(Але я не ведаў пра гэта).
Назву новую гнеўна вырыдаў
Рот Айчыны, крывёю заліты.
Ты ў вайну стала Вуліцай Ірада,
Тупіком немаўлятак забітых.
Стала Вулкай Руін і Змарлых,
Стала Вулкаю Год Праклятых,
Вулкаю Клятага Карліка,
Вулкай Сусветнага Ката.
Колькі год давялося мне класці
У муры вашы цэглу звычайную,
Вулка Вуснаў і Вулка Шчасця,
Вулка Здрады і Вулка Адчаю?
Вулка Першага Верша і Слова
(І Апошняга Верша Крывавага),
Вулка Бацькаўшчыны і Мовы,
Вулка іхняй Зіхоткай Славы.
Колькі год я сноўдаўся ценем,
Каб патрапіць на Вулку Радасці
Вулкай Мудрасці і Сумлення,
Вулкай Гневу і Барыкады.
Можа, здарыцца й так, што гора
І вайна зноў падуць на народы,
І мяне за любоў маю горкую
Да Вуліц Радзімы й Свабоды
Павязуць, каб і попел рассеяць.
На вянчанне з драўлянай жырафай
Па Вулцы Святых Фарысеяў,
На плошчы Анны з Кайяфай.
Хай!
Ніколі не помняць свінні,
Што з плошчы Няпраўды Дрымучай,
З Лобнай Плошчы — вядзе праз Краіны
Бясконцы Тракт Неўміручасці.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Чарнавы аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 12 лют. 66, Рагачоў. 11.10 вечара.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 264 — 266.