Закувала зязюля у лесе празрыста-зялёным

Закувала зязюля у лесе празрыста-зялёным…
Божа мой! Колькі год яшчэ жыць нам з табою і жыць!
Ранак ціхай вясны! Ранак светлых пяшчотныx
палонаў!
Ранак вечных спатканняў на роснай і цёплай,
пахучай мяжы!
І не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе,
ні каханню,
І спрадвеку, давеку, магутныя, будуць яны
Цараваць над вясенняй зямлёй, над гаямі у цёплым
тумане,
Над гаямі, дзе…
Так нечакана прыгасла зязюлі куванне.
Дзе ля касак прабітых міргаюць калматымі веямі сны.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1974.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 274, 275.