Чазенія — Частка 12

ПЕСНЯ ПЕСНЯЎ

Уначы, недзе далёка ў нетрах, крычалі і хрыпелі касулі. Здавалася, што гэта яны не даюць спаць. Крык іхні быў вельмі падобны на рык тыгра, нават дзіўна было, што такое пяшчотнае стварэнне можа вытаргаць гэткія гукі.

I хадзіў, хадзіў, коламі хадзіў вакол лясной хаткі леапард. Зрэдку рыкаў. На нешта чакаў у глухой цемры.

Будрыс адчуваў, што яна не спіць. Адтуль, дзе ляжала яна, не далятала і шолаху, але ён быў упэўнены, што яна не спіць і ведае таксама, што не спіць і ён. Усё ж трэба было легчы ля вогнішча. Ля вялікага вогнішча. Амур хай сабе ў хаце, а ён — ля вогнішча. У хатцы вельмі горача. А там ноч, цішыня, зоры. Чорт з ім, з гэтым вар’ятам-леапардам. Нічога б не зрабілася. Стрэльбу пад бок — і ўсё.

Не спіць. Ёй было б спакайней, каб ён быў ля вогнішча. Заснула б. Спала б спакойна і назаўтра ўстала б насустрач зары, насустрач джунглям, насустрач умытаму сонцу.

Будзь спакойная, дзяўчына. Будзь спакойны, чалавек. Будзь спакойная, чазенія.

Усё вярнулася на кругі свая. Жыві добра. Смяротна шкада, што атрымалася так. Нічога, хай сабе ўсё застаецца так, як яно здарылася. Заўтра ён пойдзе. Яны ніколі больш не ўбачацца. Яна будзе тут. Будуць лётаць начныя матылі, крочыць звярынымі сцежкамі ізюбры, трапятаць на ветры празрыстыя чазеніі.

А ён паедзе да сябе. Скажа шэфу, што не трэба яму гэтага «вяртання да прыроды», што чхаць ён на гэтае вяртанне хацеў. Будзе добра з галавою — хай будзе добра. А не, дык і не. Яму ўсё адно. Хай шэф дае работу. Чым горш, тым лепш. Чаго там асабліва распускацца?

Ён уявіў знаёмыя будынкі. Кафэ, у якім хлопцы спрачаюцца вечарамі. Круглую крэпасць сінхрафазатрона.

Чорт, абрыдла яму гэтае «апрашчэнне», «прымітыўнае і здаровае жыццё», «здаровая, першабытная простасць нораваў». Добрая простасць! Нідзе ён і думаць не мог убачыць гэткую складанасць. Гары яно ўсё ясным гарам.

…Вось ён прыходзіць у будынак сінхрафазатрона… Кальцо з двух велічэзных самкнутых магнітаў… Святло пультаў… Людзі ў белым. Звыклая, разумная работа. Сходкамі, як віядукам, можна прайсці над металічным гмахам і… спусціцца ўнутр… кальца.

Рык леапарда?.. Ды не, проста зараўла сірэна. Папярэджвае, што вось пачнуцца доследы. Правільна, якраз дзве гадзіны.

Заміргалі лямпы. Бог ты мой, хіба ён глухі, што патрэбен і сігнал святлом?!

Але ж бываюць і глухія. Усё прадумана.

Ён не рухаецца з месца, нібы ўсё гэта яго не датычыцца. Голас з дынаміка:

— Грамадзяне, просім пакінуць будынак… просім пакінуць будынак. Пачынаецца змена… пачынаецца змена.

Зноў сірэна. Зноў папярэджанне з дынамікаў. Ідуць людзі ў белым, аглядаючы памяшканне, ці не застаўся хто выпадкова. Забаўна, што яны не бачаць яго. Праходзяць паўз яго. Мінаюць.

Але вось яны абышлі ўсё. Нікога не знайшлі ў велічэзным, велічынёю са шматпавярховы дом, кальцы.

Падымаюцца па сходках. Яго так і не заўважылі. Цяпер трэба асцярожна пайсці за імі. Вось здзівяцца…

Ён хоча ісці і не можа скрануцца з месца… Ногі нібы адабрала. Ногі нібы прыкіпелі да падлогі.

А людзі ўжо ўзняліся па сходках, ідуць, вось-вось пачнуць спускацца на другі бок.

Толькі тут Севярын зразумеў, што зараз адбудзецца. Успомніў і жахнуўся. Такога ніколі не было, каб нехта застаўся ў сінхрафазатроне, такога не магло быць, але такое ўсё ж адбылося з ім.

Неймаверным намаганнем волі ён адарваў ногі ад зямлі і скачкамі кінуўся да сходкаў. Толькі б хутчэй, хутчэй!.. Узляцеў на мосцік, прабег па ім, загрукатаў уніз. I… запнуўся, бо проста перад ім цяжка зачыніліся масіўныя дзверы, адрэзаўшы ад святла, ад людзей, ад забытай недзе далёка танюткай сінявокай жанчыны… адрэзаўшы ад жыцця.

Крычаць было дарэмна. Яго не маглі пачуць. Ён ведаў: за гэтымі першымі дзвярыма з грукатам зачыняюцца іншыя, трывожна міргаюць над імі барвяныя табло.

Не падыходзьце! Небяспека! За дзвярыма смерць!

…Чырвонае святло выбухнула недзе ў адной кропцы, пачало снапамі выстрэльваць у яго бок. I апошнім пробліскам думкі ён убачыў дзівосную праяву…

…Недзе над празрыстай ручаінай, у невядомым краі, у моры сонечнага святла хісталася, любоўна шапацела перыстая чазенія, шчасце, каханне, забытае дзеля смерці, у далёкім зялёным раі, між цёплых гор.

…I выбухнуў барвяны, крывавы змрок. I ў гэтым полымі ляцелі проста на яго незлічоныя чароды безгаловых ізюбраў.

…I тады ўрэшце прарэзаўся, вызвалена вырваўся на волю крык. Крык пагібелі і крык нараджэння, нямы, нібыта гінула сама зямля.

…Ноч. Чарнільны змрок хаткі. За акном — цьмяная пляма дагараючага вогнішча.

— Што ты? Што ты? Што з табой?!

Яшчэ без усведамлення явы, з крыкам, што згасаў у глотцы і заміраў на вуснах, яшчэ ўвесь на шляху акрываўленых безгаловых праяў, ён адчуў далоні на сваіх плячах і шаўкавісты дотык валасоў да шчакі.

— Сінхра… — непрытомна душыўся ён, — замкнулі… Беглі безгаловыя ізюбры…

— Што ты… ціха… ну, ціха, — усеўладным шэптам казала яна. — Я ведаю…

Тонкія далоні слізганулі пад ягоныя плечы, пачалі пагойдваць.

— Табе было страшэнна цяжка? Ну кінь, кінь. Не звяртай увагі. Я памылілася. Я — дурніца. Усё зусім, зусім не так.

Кашмар урэшце пачаў адыходзіць. Знікалі апошнія яго цені. I тады мужчына зразумеў, дзе ён і што з ім. Працягнуў у цемру рукі, абхапіў далонямі яе плечы, мякка прыцягнуў да сябе. Дрыжыкі прабеглі па яго целе.

— Хлопчык мой, бедны мой «уладар»…

Прыціснуўшы галаву жанчыны да сваіх грудзей, ён гладзіў яе цёплыя валасы і плечы.

— Як ты магла?.. Няўжо не бачыла?.. Усё гэта было іначай, зусім іначай. I я кахаю цябе.

— Я ведаю… Ведаю. Ты даруй. Як у цябе сэрца стукае. Хлопчык мой. Любы мой.

Цалавала яго. I ён таксама, амаль у непрытомнасці, лавіў вуснамі яе вусны, вочы і бровы. Ніколі ў жыцці не было пачуцця такой еднасці, такой блізкасці і такога шчасця. I ён ведаў: ніколі не будзе.

Цвёрдасць грудзей, пяшчота цела, гарачыня вуснаў у змроку. Сэрца адрывалася і падала-падала некуды ў захапленні, у лікуючай радасці чакання.

Уся тут, побач, і давеку, яна была, як тое, чаго ніколі не чакаў на зямлі і што спраўдзілася на ёй. Вакол была ноч, але тут была Яна. Злачынствам было хоць калі-небудзь выпусціць яе са злітых абдымкаў. Менавіта таму, што вакол была ноч.

Моцныя плечы, дасканалыя, як кветкі, сцябліны рук — усё поўніла яго адчуваннем нязнанага шчасця. Яе імкненне быць бліжэй да яго, пакора вуснаў, адданасць абдоймаў, мяккая пяшчота і сіла…

— Са мной, — глуха сказаў ён. — Вось так. Назаўсёды…

— Так… Я не хачу… Я не хачу мучыць цябе.

Ноч няспешна кацілася над акіянам вады, над астравамі, над сейнерам у моры, над скаламі, над паддзю, заціснутай між гор, над бяссоннай рэчкай, над хаткай, што прыціснулася да берага, над двума, што бяссонна ляжалі ў ёй і не хацелі зары.

— Дурная дзяўчынка, — зрываўся ад пяшчоты і ўдзячнасці шэпт. — Дурная… Давеку мая цяпер. Мілая. Які доўгі быў шлях. Як я цяпер удзячны лёсу, што доўгі… што скончыўся. Якое шчасце, што ніколі не скончыцца.

— Ціха. Мне так добра з табою. Мне аж страшна. Маўчы.

Яны ляжалі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго, і слухалі тайгу.

Хрыпла крычалі недзе ў гарах касулі. Укрытае попелам згасання, цьмяна памірала вогнішча.

Недзе вакол хаты, часам глуха рыкаючы, хадзіў леапард. Звыклы да лёгкіх перамог у тых мясцінах, адкуль прыйшоў, ашалелы вар’ят, які і тут не бачыў адпору, ён хадзіў і рабіўся ўсё больш нахабным, бо не мог зразумець святасці гэтага месца. Тут не стралялі. Тут не было кары. I таму ён, відаць, лічыў дабрыню і высакароднасць чалавечую за слабасць і ўніклівасць. I таму хадзіў, часам разрываючы рыкам ноч.

«Дрыжаць ля вогнішча. Дрыжаць у хатах. Гр-р-р. Безвалосыя, пяшчотныя, слабыя… Кх… кх… грр… ммру… грр… Выходзьце, смачныя».

— Які гэта жах — быць, як ён, — ціха сказала яна.

I мужчына, невыносна-моцна абняўшы яе, прыпаў вуснамі да яе вуснаў.

…Недзе вакол хаты гойсаў леапард.