Цыганскі кароль — Частка IV

Па пыльнай дарозе яны пад’ехалі да пушчы. Ад узлесся да Яноўшчыны заставалася не больш трох гадзін язды. Першая зорка пералівалася ў вышыні кропляю крынічнай вады. Стаялі і марылі паабапал дарогі замглёныя раннім туманам стагі.

Ехалі конна, людна і збройна цэлыя суткі, зрабіўшы два невялікія прывалы. Наперадзе ехала дзесяткаў пяць конных цыганоў у кажухах з рацішчамі, пугамі і фузіямі. Пасля цягнуўся воз з каралеўскай кухняй, шатны воз, воз з трыма хартамі і паляўнічымі сокаламі. Пасля — воз караля, вышынёю ў два сажні, упрыгожаны кілімамі.

За ім — трыццаць вазоў са шляхецкай пяхотай. Гэта былі бясконныя загонавыя шляхцюкі, узброеныя шаблямі і пулгакамі, у чыкчырах і чугах, расшытых пазументамі, але сям-там зацыраваных і нават проста дзіравых. Шляхцюкі ўзмоцнена паядалі вайсковы запас.

Замыкалі шэсце семдзесят мужыкоў на калматых і пузатых коніках.

Усяго сабралася больш за трыста чалавек, якія гарэлі жаданнем адпомсціць за няшчасную, знявечаную краіну каралеўскага пляменніка. Сам Яноўскі ехаў начальнікам галаўнога атрада.

На каралеўскім возе, вышэй за ўсіх, як ідал, сядзеў кароль і глядзеў на дарогу ў падзорную трубу.

Раз-пораз ад яго воза скакаў да Яноўскага коннік:

— Выклікае вялікі кароль і гетман.

Яноўскі ехаў да Якуба.

— А што, каханку мой, ці не бачна дзе на дарозе ворага?

— Не бачна, вялікі кароль.

— Ну глядзі ж. А ці не пад’язджаем мы, маршал, да межаў варожай дзяржавы?

— Не.

— То-то ж бо. Ну, ідзі сабе да авангарда.

Яноўскі ехаў, добра ведаючы, што праз дваццаць хвілін яго паклічуць і зададуць тыя самыя пытанні.

Пасля другога прывалу коннікі чамусьці ўсё намагаліся, седзячы ў сёдлах, зрываць кветкі, што раслі паабапал дарогі. Шлях ззаду быў густа засеяны цыганскімі шапкамі і мужыцкімі магеркамі. Коней пачалі гнаць без літасці.

Ляскаталі колы, грукалі капыты, доўгі шлейф пылу і дыму ад люлек стаяў за атрадам. Сям-там шляхта пачынала скакаць у вазах. Некаторыя вывальваліся ў пыл, іх на хаду ўсцягвалі на салому. Рогат, крыкі. У такт стуку капытоў гучала шалёная песня:

Чым жа ж цябе частаваць,
Ты ж мой міленькі?
Чым жа цябе частаваць,
Голубе сівенькі?
Бізуном, мілая,
Бізуном, мілая,
Бізуном, ух-ха-ха,
Мая чарнабровая.

Трэцяя частка воінаў нерухома ляжала ў вазах. Здавалася, што гэта не на вайну едуць, а вяртаюцца пасля піравай перамогі.

Пушча пачала радзець, калі ноч агарнула зямлю цемрывам і вільготным пахам далёкіх балот. Загрукаталі колы па невялічкім мосце. У таямнічай начной вадзе адбіўся рознакаляровы агеньчык Капелы. Кумкалі палка і дружна жабы ў сітнягах.

Толькі за паўгадзіны да гэтага кароль даў загад маўчаць. Нейкі шляхцюк плакаў на возе.

— Бож-жа ж ты мой? А як жа ж гэта маўчаць? А дзе ж вольнасці нашыя? А хто ж гэта асмеліўся нам рот замазаць? Загінула наша краіна…

Яму ўлілі ў горла кубак віна, і ён змоўк.

Вялізныя начныя дрэвы дыхалі водарам сухога летняга дня, які заблудзіўся ў шатах: шкіпінарам, мятай, яшчэ чымсьці, нявінным, чыстым, бесклапотным.

Заміргаў за павароткаю дарогі жоўты мірны агеньчык. Пасля другі, трэці. У былым доме Яноўскага не спалі. Дом гэты, аднапавярховы, з мезанінам і галерэяй, з дворнымі будовамі, размешчанымі квадратам, быў абгароджаны высокім частаколам з завостраных бярвенняў.

Пад’ехалі да брамы. Яноўскі заляпаў цяжкім чыгунным кальцом. У адказ сабачы брэх і голас:

— Хто там?

— Госці да пана Ваўчанецкага.

У гэты час цыганы зрабілі нешта накшталт дзвюх жывых лесвіц у баку ад брамы. Па спінах залезлі наверх два здаровыя мужыкі.

Яноўскі зусім забыўся на тое, што ў браме ёсць ваўчок. Пыхнула губка, асвяціла ягоны твар.

— А-а, вось які госці! — прахрыпеў голас. — Стары гаспадар… Гэй, варта! Во-ох!.. Што гэта.

Пачуліся прыдушаныя гукі барацьбы. Форткі брамы расчыніліся, і шэры натоўп рынуў на вялізны двор. Пабеглі да дома. І раптам на галерэі нехта пачаў біць у звон. У хаце заварушыліся, забегалі. Пасля жахлівы залп у дзвярэй ірвануў паветра.

Усё закруцілася, як віруха. Аглушаны, збіты з панталыку, Яноўскі, думаючы, што ўсе ўжо забіты, глянуў на атакуючых і не пабачыў страт.

Пасля выявілася, што абаронцы, і ў тым ліку сам Ваўчанецкі, былі п’яныя, як сукіны каты. Іх заспелі проста за позняй вячэраю.

На ганку дома Міхал убачыў дзесяткі тры гайдукоў, якія палілі ў белы свет, і сярод іх самога Ваўчанецкага ў ружовых портках і з шабляю ў руцэ.

— На злом! На злом! — раўлі нападаючыя. — За радзіму! За каралеўства цыганскае! За караля!

Абаронцаў змялі і ўціснулі ў дзверы, дзя яны, устаткаваўшыся на сходах, атрымалі нейкую раўнавагу з нападаючымі. Абодва бакі палілі з фузій так, што атынкоўка са столі ляцела вялізнымі кавалкамі, агаляючы драніцы. У абодвух станах ужо меліся кантужаныя і аглушаныя. Палюбоўніца Ваўчанецкага, падтрымліваючы гонар ваяўнічай беларускай матроны, выліла начнік проста на галаву шляхцюку, што ўзначальваў авангард.

— Бі іх! Душы! З намі бог!

— Святы Юры і Русь!

Сілы ўсё ж былі няроўныя. Праз дваццаць хвілін барацьбы ўсе пачулі дзікі звон шкла: атрад «кароннага суддзі» выбіваў шыбы разам з рамамі, пранікаючы ў тыл ворага. Сярод мужных абаронцаў узнікла паніка.

— Нам здрадзілі! — зароў нехта.

Адны абаранялі нарабаванае, другія змагаліся за высокія ідэалы дабра і таму, натхнёныя відовішчам панікі, як ільвы, рынулі на агідных і вераломных ворагаў. Праз хвіліну іх схапілі, скруцілі і, кінуўшы ляжаць на падлозе ў кутку залы, рассыпаліся па пакоях.

Звон шкла, падаючы посуд, трэск фіранак на вокнах. Частка доблесных пераможцаў занялася рэквізіцыяй трафеяў, другая — сыпанула шукаць вінны склеп. Запалалі паходні, загарэлася наводшыбе падпаленая кімсьці адрына, надаючы феерверку яшчэ большую ўрачыстасць.

Бочкі выцягнулі на лужок, выліўшы палову на сходах. Выбівалі днішчы, прыпадалі да чырвоных каскадаў прагна, як атручаныя. У бутэлек адбівалі рыльцы. Запалалі вогнішчы, з хлявоў даляцеў роспачны лямант авечак і неўразумелае, здзіўленае кудахтанне курэй.

Праз гадзіну на вогнішчах смажыліся вялізныя кавалкі ялавічыны, круціліся на ражнах цэлыя авечкі. Разліўное мора віна.

Дзікімі вачыма глядзеў на гэтае спусташэнне Яноўскі. Гэта была галеча. Уварваліся, як дзікія гуны, і знішчылі ўвесь дабрабыт.

А на ганку, асветлены зарывам, стаяў кароль Якуб і, абапіраючыся на шаблю, глядзеў на агонь, як Нерон на пажар вечнага горада.

Паплавец перад ім нагадваў поле бітвы: у карцінных позах ляжалі людзі, збіўшыся ў кучу; блукалі, хістаючыся, параненыя ў бітве з Бахусам.

Шляхта піла ў зале. Елі, пілі, зноў елі і зноў пілі. Ялавічына, бараніна, смажаныя гусі, кюмель, мёд, гарэлка — усё знікала ў бяздонных жыватах, і Яноўскі ледзь не плакаў. Яноўшчына была спустошана да канца. Нарэшце і ён сам пачаў есці і піць. Што ж зробіш?

Стогны з кутка спынілі на хвіліну піраванне. Гэта нагадвала скаргі грэшных душ у пекле, але гэта стагналі пераможаныя:

— Развяжыце, развяжыце нас. Есці хочацца, есці. Разарацца, дык весела.

Кароль Якуб, якога падтрымлівалі пад рукі, падышоў да павержаных.

— Ага, аману просіце. А маёнтак аддасі?

— Аддам, годны рыцар, аддам.

— Кажы — кароль

— Кароль, каханенькі, кароль.

— Дык вось, з маёнтка — прэч. Паспрабуеш зноў захапіць — галаву скручу. Аддасі пану Яноўскаму дваццаць кароў, трыццаць авечак, шэсцьдзесят гусей і іншае — па ліку з’едзенага і выпітага. Іначай — канец табе.

— Добра ўжо, аддам, аддам.

— А дараваць табе — справа гаспадара. Зараз дашлеш аднаго гайдука па бацькоў майго высакароднага пляменніка і другога — па кантрыбуцыю. Каб раніцою ўсё гэта было тут. А зараз — развязаць.

І кароль пацягнуў Ваўчанецкага віцаю ніжэй спіны на знак падначалення, а пасля пацалаваў у вусны.

— Ён вялікі, ён мудры! — зацягнулі старую песню прыдворныя Знамяроўскага. — Ён умее пакараць і ўмее літаваць.

П’янка цягнулася далей. Кароль і Ваўчанецкі брахалі пра старыя подзвігі, цалаваліся, ляпалі адзін аднаго па спіне.

Калі змрок знадворку стаў асабліва густым перад світаннем, двор і дом нагадвалі суцэльнае пабоішча. Героі ляжалі паўсюль, як трупы, смурод цягнуўся ад дагараючай адрыны.

Свіння, што нейкім дзівам не трапіла ў кацёл, хадзіла па двары і, задумленна рохкаючы, цалавала рыцараў у твары.

За сталом засталося не больш дзесяці чалавек. Кароль і Ваўчанецкі кудысьці зніклі. Медыкус дзяўбаў носам.

Яноўскі, якога амаль не трымалі ногі, даплёўся да дзвярэй і, чапляючыся рукамі за сценкі (моц божая: я ад плота, а яна да плота), пацягнуўся калідорам.

І тут ён натрапіў на нешта такое жахлівае, што хмель адразу выскачыў з галавы.

Упоперак калідора ляжалі два гайдукі і сам пан Ваўчанецкі, а на іх, з голаю шабляю, — Знамяроўскі. Ляжалі ў лужыне крыві.

— Здрада! — нема закрычаў Міхал. — Ваўчанецкі завабіў караля і здрадліва забіў яго. О подлыя!

Прыбеглі людзі. Аслупянелыя, сталі яны над трупамі, з-пад якіх негустая чырвоная лужына распаўзалася далей і далей.

— Гора нам! — залямантаваў нехта. — Забілі караля! Упаў ты, паражоны рукою здрадніка! Змагаўся, як леў! Трох забіў!

Медыкус расштурхаў людзей і схіліўся над трупамі. Памацаў пульс. Пасля прыўзняўся і махнуў рукой.

— Што з ім? — трывожна спытаў Міхал.

Медыкус плюнуў:

— Свіння. Выбраў месца, каб апрастацца. Вось што бывае, калі п’юць без меры і не закусваюць. Насматкаўся чырвонага віна, лайдак.

— Можа, дапамагчы чым? — спытаў Міхал, усё яшчэ не разумеючы.

— Нашто?! Ён зрабіў самае лепшае, што можна было. Ну, калі вам так хочацца, дык засуньце яму яшчэ два пальцы ў рот.

У адказ «забіты» кароль моцна захроп, і яму адказаў пяшчотным насавым свістам «здраднік» Ваўчанецкі.

Так скончылася вялікая цыганская вайна, адна з самых славутых войнаў, якія вёў кароль Якуб Першы. Вялікую славу здабылі ў ёй усе мужныя змагары. Але і страты былі вялікія: адзін шляхцюк адбіў пячонкі, упаўшы з воза; два захлынуліся віном у склепе; пяць чалавек абпіліся да смерці. Яны загінулі за радзіму. Забітых агнястрэльнай і халоднай зброяй не было. Параненых было шэсць. Кантужаных атынкоўкаю — тры. Акрамя таго, «кароннаму суддзі» вышэйпамянёная свіння ад’ела вуха. Свінню за гэта раніцаю прысудзілі да страты і з’елі пад чорнай падліваю. Нарабілі брыдкасцей і насваволілі — у ахвоту.

А калі раніцаю Яноўскі, перадаўшы спустошаны маёнтак бацькам, паехаў паўночнай дарогаю разам з Ваўчанецкім (іх памірылі) да караля Якуба, які яго не адпускаў, на паўдзённай дарозе да Яноўшчыны можна было пабачыць павучальны малюнак: цягнуліся шляхам каровы, бэкалі авечкі, везлі на вазах гусей і бочкі віна. Каля вазоў крочылі пахмурныя хлопы Ваўчанецкага.

Пераможаны, згодна з рыцарскім гонарам, сумленна плаціў кантрыбуцыю сялянскай худобаю. Сам ён аддаў толькі віно.

Дзядзькі ішлі панурыўшыся, пахмурна гледзячы пад ногі. З хат уцякаў пах малака, уцякала няпэўная сялянская сытасць

Курыўся дарогаю пыл.