Цыганскі кароль — Частка VIII

— Устаць, суд ідзе!

Пад вялізным дубам, на лавах, сядзелі шэсць цыганскіх старэйшын. Высокая рада. Яны адклеілі на хвіліну зады ад лавы, калі з’явіўся выбраны цыганскі суддзя — той самы Ян, што выдумаў забаву з крапівою, пракурор — нейкі захожы шкаляр, і «аблакат» — саладкамоўны малады цыган з хітрымі і чорнымі вачыма.

Вакол судзілішча расселіся проста на траве цыганы з навакольных табараў і нешматлікія мужыкі. За гэтую ноч цыганскія масы паспелі раскалоцца на памяркоўных і шалёных. У памяркоўных балела галава пасля ўзліванняў Бахусу, і хацелася пахмяліцца. Шалёныя спазніліся і таму палалі свяшчэнным гневам. Сядзелі няўважныя. Размаўлялі.

Устаў суддзя:

— Народ цыганскі. Сёння мы, упаўнаважаныя на гэта, судзім былога караля цыганоў Беларусі, Літвы і Падляшша Якуба Знамяроўскага, аспіда нячыстага, ваўка і змея.

— Чаму былога? — ляніва спытаў адзін высокі радца.

— А таму, што сёння на тайным пасяджэнні суд цыганскі вырашыў прымусіць караля падпісаць абдыкацыю, сірэч адрачэнне. Хай будзе існаваць зныня і да веку рэспубліка цыганская.

— А што, гэта нядрэнна, — абазваўся ўсхваляваны малады голас.

— Хвіга табе, а не нядрэнна, — ускіпеў другі высокі радца, чалавек з жахлівым шрамам, які перасек вока і левую палову аблічча. — Нам тут за рэспубліку ўсе навакольныя паны скуру здзяруць. Дзе мець прытулак? Дзе коней хаваць, каб улада не дацягнулася? Дзе самому схавацца? Пад крыламі моцнага караля… Ты, можа, рэспубліку тую ў капусту пакладзеш? Ці ў дождж на плечы накінеш? Смаркач ты! Паспяшаліся тут з вашай мужыцкай рэспублікай. Палац штурмавалі, гармату сапсавалі, караля скруцілі, пабілі яго людзей. А зараз збірайся тут, думай, як выпраўляць становішча. А ў сейме хто будзе?

Ускочыў на камень і непачціва перабіў радцу галава партыі шалёных, той меднік, якому Якуб забараніў жаніцца.

— А што? Усім галовы прэч. Тут, на плошчы. Дарогі ў белы стан цыганскага шчасця па крыві вядуць. Сячы голавы! І шчасце, і мір тады будуць. Воля!

— Сапраўды добра, — расчулена сказаў хтось. — Воля. Ідзі і бяры каня. Захацеў — едзеш, захацеў — на месцы сядзіш. Коні свабодна сабе перамяшчаюцца з рук у рукі.

— Цю-у! Захлусіўся! Хіба хто на такую волю пойдзе, — загулі галасы.

Суд не атрымліваўся. Ледзь-ледзь удалося прымусіць усіх замаўчаць.

Узяў слова пракурор у доўгай шкалярскай світцы:

— Людцы! Вялікі натоўп цыганскі! Я абвінавачваю караля Якуба ў зложываннях уладаю, несправядлівых прысудах і празмерных паборах.

— Я кароль, — годна сказаў Якуб, што сядзеў пад вартаю на зэдліку.

— Ён не кароль, ён рабаўнік. Quousque tandem abutere, Знамяроўскі, patientia nostre1? Ён шмагаў нашых людзей, біў іх, хоць мы вольны народ… э-э… вы вольны народ. Несправядліва, жорстка каралі наш сумленны, абраны народ. Dura lex! Ён зрабіў нас жабракамі. Як мы жылі? Semper rapox, raro каша, miseria наша2. Ён узяў у нас нашы звонкія катлы, нашы вазы, нашых цудоўных коней, вараных, пісаных, спловацісаных, буланых, белых. У іх былі такія цвёрдыя, непарэпаныя, неабрэзаныя капыты, такія роўныя свае непадпілаваныя зубы, такія мяккія насы з чуллівымі валосікамі. Гарачыя без гарэлкі, моцныя… Ім не трэба было штурхаць кулаком пад пахвіну, калі пакупец крадзецца з саломінкаю да бяльма.

Народ пачаў усхліпваць, сям-там нават рыдалі мужчыны. Пасля пачаліся нясмелыя, але ўсё больш моцныя крыкі:

— Смерць яму! Смерць! Галаву прэч! Разумнік ты наш! Вучоная галава! Смерць каралю!

— Тыран! Забойца! Манарх! — крычаў шкаляр.

Пасля выступіў «аблакат». Хітра прыжмурыўшы чорныя, як вугаль, вочы, ён сказаў ціха:

— Так, кароль нас абражаў, ён браў з нас дзесяціну і больш. Мы пакутавалі пад яго ігам. Але хіба можа хто-небудзь папікнуць наш народ у тым, што ён жорсткі, што ён крыважэрны? Не, наш народ самы добры, самы мяккі, самы рахманы на зямлі. Я прашу пра літасць. Вось ён сядзіць, гэты няшчасны. Няўжо вы не бачыце, як ён схіліў галаву, як слёзы накіпаюць на гэтах добрых вачах, як ён стрымлівае ўздыханні сардэчныя? Майце жаль у сэрцах сваіх. А вось яго слаўны бацю глядзіць з нябёс на няшчаснага сына і плача. І няўжо вы забудзеце яго дабрату? Ён браў у нас коней, але непараўнальна больш ён даваў нам. У вялікіх паходах і войнах пад яго началам мы прыдбалі ўтрая больш коней, мы хавалі іх тут, і ніхто не асмельваўся іх зачапіць. А якія гэта былі коні! Божа мой, іх грывы былі, як хмары, вочы, як чорныя зоры! А якой славы дастала пры іх дзяржава цыганская! Як баяліся яе ворагі, як слухаў яе голас у сейме сам кароль!

Народ плакаў наўзрыд. Нават радцы, падобныя адзін на аднаго, шырока раскрыўшы зяпы, раўлі густымі галасамі:

— Ы-ы-ы!

— Ну што ж, — перапыніў роў аднавокі радца. — Адвядзіце арыштаванага караля прэч.

І кінуў уладна:

— Я думаю, хопіць. Падурэлі. Нарабілі агіднасцей, напіліся, нажартаваліся. Трэба канчаць. І я старажытнаю ўладай старэйшын даю загад. Гэта канчатковы прысуд.

Натоўп змоўк, і проста на галовы людзей упала кароткае слова:

— Чупнa!

— А што ж, нічога. Часам дапамагае, — загаварылі з розных бакоў.

— Дурні вы! Свінні! Вольнасць сваю прадалі, ёлупы! — крычаў Ян і яшчэ некалькі чалавек. — Хоць бы ён і не чапаў вас пасля, якія вы роме? Блюдалізы вы! Адкачоўваю ад вас!

І ён рушыў разам з часткай людзей да шатроў.

Аднавокі махнуў рукою, і шкаляр стаў чытаць вырак:

— Таго цыганскага круля Якуба Першага за злоўжыванні, морд, падступныя намеры… не складваючы з яго каралеўскага высокага сану, калі дараванне ўсім дасць, хто судзіў яго, не адбіраючы маетнасці дзедзіч ягоных, чупной, сірэч пугай, ад-сцябаць.

Калі ўвесь натоўп рынуў да палаца, дзе павінна было адбыцца пакаранне, калі прыцягнулі ў вялікую залу Якуба, нехта раптам крыкнуў:

— Вы хочаце, каб ён быў вашым каралём, а не думаеце, ці зможа ён быць ім пасля такога. Неба не павінна бачыць каралеўскай ганьбы і крыві, ёлупы вы.

— І праўда, — спуджана сказаў шкаляр. — Што ж рабіць?

Збянтэжанасць пагражала перайсці ў анархію. Сапраўды, нельга пакараць, нельга выканаць прысуд. Сабаку пад хвост аўтарытэт старэйшых. І зноў выратаваў аднавокі:

— Роме, небу нельга бачыць каралеўскай крыві. Таму мы сёння адсцябаем арыштаванага так, каб ганьбы і крыві не бачыў ніхто.

На Знамяроўскага кінуліся і скруцілі яму рукі і ногі. Паставілі. Ён быў бляклы і жоўты, але позірк па-ранейшаму гарэў гардыняй.

— Скручаны кароль — усё ж кароль.

І калі нехта штурхнуў яго, загрымеў:

— Што, над пешым арлом і варона з калом? На калені, хлопы.

Ён думаў, што яму збіраюцца сячы галаву. І толькі калі пабачыў прынесеныя пугі і доўгі вузкі мех, зразумеў, стаў адбівацца галавой і плячыма:

— А, падлы, а цыганскае адроддзе! Ну чакайце…

Яго схапілі, засуналі нагамі ў мех, выцягнуўшы рукі над галавою. Пасля ў тую самую торбу палезла нагамі старая цыганка, вельмі падобная на ведзьму: сівыя пасмы, глыбока праваленыя вочы, кручкаваты нос. Яна лягла на Знамяроўскага, і ледзь пачалі завязваць мех…

— Ав-вой! А як жа ён, нячысцік, кусаецца!

Пачалі сцягваць з галавы мех і краем алавянай талеркі расціскаць зубы Знамяроўскага, якімі ён ухапіў цыганку за жывот. Трымаўся ён моцна, як бульдог. Ледзь расціснулі, падвязалі яму сківіцы хусткай, каб не мог кусацца, цыганку прапхнулі глыбей. Пасля завязалі рукі ў вусці меха, прапуцілі вяроўку і падцягнулі яе пад столь на вялізны гачок.

Кароль павіснуў у паветры. Пад ногі яму падсунулі лаву, каб ён толькі-толькі стаяў на ёй вялікімі пальцамі ног і не мог пручацца.

— Нацягвай! — крыкнуў кат, які стаяў ужо поруч з вялікай пугай у руцэ.

Размаўляў ён назнарок басам, каб пасля не пазналі. Стаяў моцны, каржакаваты, густа аброслы смалянымі кучарамі. Толькі зубы блішчалі на засмаглым твары.

Цыганка нацягнула мех — рэльефна выступіла з-пад яго спіна і два гладкія паўшар’і.

— Ваша вялікасць, вялікі, літасцівы, мудры кароль, — звярнуўся да іх аднавокі. — Вось твой народ, даведзены да адчаю паборамі, рашыўся на такое. Найніжэйша, пакорліва, усепаддана просіць ён не злавацца на гэта, явіць сваю літасць няшчасным. Мы зрабілі ўсё, каб ганьба не дакранулася да твайго чала, каб ні неба, ні людзі не бачылі святых членаў цела твайго, каб ніводны ўдар не трапіў нікуды, акрамя таго месца, якім ты сам пагарджаеш.

Малады цыган прыклаў вялізную мядзяную патэльню да спіны Знамяроўскага; на волі засталося толькі тое, што ніжэй.

— Даруй нам за ўсё. Мы будзем вернымі табе, мы зрабілі гэта толькі таму, каб ты не забыў: нельга занадта крыўдзіць рабоў сваіх. Запомні гэта. Не адбірай нашых коней, акрамя дзесятага, не крыўдзі дзевак, не бі мужыкоў, не трымай вакол сябе людзей прагных. І даруй нам, вялікі.

— Пачынай!

Глуха, як з бочкі, забубнеў голас Якуба:

— Ну я ж вас… Я ж вас… Пачакайце толькі, пачакайце.

Свіснула ў паветры пуга і абвіла ўсё, што ніжэй патэльні. Мех захістаўся ў паветры.

Адлічылі ні многа ні мала сто бізуноў. Лічыла цыганка, што сядзела ў мяху. Пасля няшчаснага пакутніка, вытурыўшы з залы амаль усіх, выцягнулі на волю і паклалі на ложак. Ён адразу скасціўся на падлогу і пачаў качацца па ёй, імкнучыся вызваліцца.

— Хай гэта будзе ўрокам тыранам!

Знамяроўскі лаяўся, пырскаў слінаю, роў так, што звінелі шыбы.

Але варта і тры радцы сядзелі так спакойна, не звяртаючы на яго ўвагі, што ён перастаў вырывацца. Праз дзве гадзіны ён проста ляжаў на жываце і сыпаў вытанчанымі праклёнамі:

— Храпы вы цыганскія, фараоны вы егіпецкія, нячысцікі! Каб вы хадзіць ціха не маглі, каб вас на першым крадзяжы спаймалі, кажухі смярдзючыя, каб вас кол з асіны не мінуў. Што, думаеце, не загоняць яго вам, канакрадам? Во-ой, паганцы вы, хрыстапрадаўцы. Каб на вас вечны дождж.

— Бач ты як… лаецца, — флегматычна пакруціў галавой адзін вартаўнік.

У чатыры гадзіны, пасля працяглага ляжання, Знамяроўскі толькі глядзеў на ўсіх злоснымі, як у тхара, вачыма ды часам прарываўся кароткай лаянкай. Яго хацелі накарміць, але ён выплюнуў кашу ў твар аднавокаму і лаяўся без перапынку гадзіну.

Пасля праклёны пачалі на вачах радзець.

У шэсць гадзін ён упарта маўчаў.

— Даруйце свайму народу. Мы развяжам вас, — пачціва звярнулася да яго дэлегацыя.

У адказ выбух лаянкі да сямі гадзін, аднак нейкі стомлены і зусім не красамоўны. Нават таму, хто круціў галавою, яна не спадабалася.

У восем гадзін трыццаць хвілін вечара Знамяроўскі раптам зарагатаў. Занепакоеныя падданыя кінуліся да яго.

— Развязвай, халуйскія храпы, — крычаў, рагочучы, Знамяроўскі. — Даю вам усім амністыю. Не такая, відаць, свіння — чалавек.

Радцы сталі трымаць кароткую раду, пасля аднавокі звярнуўся да ляжачага:

— І нічога не будзе? Даруеце ўсім нам, ваша вялікасць?

— Развязвайце, д’ябал вас дзяры. Нічога не будзе. Дарую.

— І помсціць, прыгнятаць не будзеце? — асцярожна пыталі ўсе.

— Не буду. Хай вас кадук.

— І дазволіце хлопцу-медніку ажаніцца? І ваяваць не будзеце больш?

— Будзеце вы мяне нарэшце развязваць ці не? Не буду, калі кажу.

— Так, ну яшчэ апошняе, каб нічога такога, як раней, не было. І зусім апошняе — адпусціць на волю сваю прыгонную Аглаю Свяціловічаву.

— Гэта чаму яшчэ? — усклікнуў Знамяроўскі.

— З ёй хоча жанніца ваш пляменнік, Міхал Яноўскі.

Кароль павесіў галаву:

— Хворы чалавек. Безнадзейна хворы. Ды чорт яго бяры, што мне, шкада дзеўку? Хай бярэ. Спакусы ў дзяржаве менш будзе. Толькі дрэнна гэта. Куды падзенецца яго рыцарскі дух? Эх, было нас два на свеце, зараз адзін я застануся. Загінула радзіма! Ну, развязвайце. Клянуся вачыма маці божай, удзелам святога Юрыя — зямлёй сваёю — я буду ціхім каралём, калі вы хочаце.

Салют з фузій раздзёр паветра за вокнамі, калі вяроўкі ўпалі на падлогу.

— Слухайце, людзі. Кароль Якуб у літасці сваёй згадзіўся дараваць вам! Ён хоча правіць ціха і літасціва!

Дружны крык прагучаў паўсюль:

— Кароль! Хай жыве кароль!..

…Вечарам наступнага дня, калі Яноўскі, паразмаўляўшы з Якубам, збіраўся ехаць са Знамяроўшчыны, медыкус зайшоў развітацца з ім. Твар ягоны ззяў небывалым радасным натхненнем.

— Значыцца, едзеш?

— Еду.

— І яна з табою?

Яноўскі азірнуўся на Аглаю, якая стаяла поруч, чырвоная ад шчасця і сораму, засмяяўся, прыціснуў яе да сябе.

— А куды мне без яе? Для мяне зараз адна дарога — з ёю.

Медыкус сеў за стол.

— Сумна мне будзе без цябе, вельмі сумна. Я цябе палюбіў, хлопчык. Бачыш, як атрымалася: ты прыехаў сюды няшчасным шляхціцам, а ад’язджаеш шчаслівым чалавекам… Не баішся, што бацькі яе не прымуць?

— Прымуць, — упэўнена сказаў Міхал. — Дый што мне ў іх? Я еду толькі абвянчацца. Нагі маёй не будзе ў Яноўшчыне. Пасля бацькоў… я вызвалю сваіх людзей. Я не жадаю быць панам. Гэта смерць, гэта жах…

— І я таксама больш не буду тут, — цвёрда сказаў медыкус. — Я еду. Еду вельмі далёка. Мне было сорамна ўчора. Пасля такога запалу скончылася лупцоўкай. Яны далі Знамяроўскаму багатыя падарункі, з пашанаю адвялі ў палац. Хай ён выправіўся, хай будзе выдатна правіць народам — што гэта за народ, калі над ім стаіць адзін? Хіба можна такі народ назваць вялікім? Я добра бачыў, як яны падалі ніцма, як крычалі: «Хай жыве кароль!» Я думаў, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты, і няма добрых народаў на зямлі. Учора я цвёрда вырашыў атруціцца. Але я цягнуў, невядома чаму. Ці ад недарэчнай прывычкі жыць, ці аб боязі вялікага «нічога»? І я ўзнагароджаны. Шчасце ёсць на зямлі.

— А што такое? — спытаў Міхал насцярожана.

Медыкус схапіў яго далонямі за скроні:

— Любы мой, любы. Пачынаецца новы дзень. Не ўсё яшчэ загублена. Два тыдні назад народ у Парыжы ўзяў і разбурыў Бастылію. Я ўпэўнены: пажар пачаўся надоўга. І хутка паўсюль захістаюцца троны, павее свежы, бурхлівы, магутны вецер. Я шчаслівы. Чалавек не ліжа руку, што б’е яго. Я пайду туды, праскочу неяк да Рыгі. А пасля — морам. Я з’яўлюся да іх, і папрашу, і скажу: " Вазьміце мяне. Я прыйшоў да вас ад народа, які не менш вас любіць святую волю, які абараняў яе не горш за вас усё жыццё і які зараз не мае волі нават на тое, каб памерці. Гэта недарэчны, любімы мною народ. Сячыце галаву свайму каралю, а пасля пойдзем рабіць тое самае на ўсёй зямлі. І, магчыма, чарга дойдзе і да майго маленькага народа. Ён устане, ён выпрастаецца. І ён пакажа ўсім, якая ён сіла, як ён умее працаваць, ствараць, спяваць… Я іду да іх… Але я хутка вярнуся, пабачыш. І не адзін. І тут сустрэне мяне армія волі… А цяпер бывай… Уцякайце адсюль хутчэй, дзеці. Тут нельга дыхаць. Ідзіце на дарогі, на святло, да людзей".

І ён расчыніў акно.

— Бачыце, сонца сядае. Вялікае сонца нашай зямлі. Яно будзе новым…

— Калі ўзыдзе заўтра, — цвёрда дакончыў Яноўскі, і абняўшы Аглаю за плечы, глянуў ёй у вочы. Пасля яны глянулі на захад, дзе дагараў дымны чырвоны дыск.

  1. 1 Дакуль будзеш ты, Знамяроўскі, злоўжываць цярпеннем нашым.
  2. 2 Жорсткі закон!.. Заўсёды… рэдка… беднасць…
Яндекс.Метрика