Кацёл з каменьчыкамі

Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна — той і проста на падлозе.

І ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу з табой даўніну.

Ці бачылі вы паўночныя нашы ўзгоркі? Яны не дужа высокія, але ўсё ж верас на іх на некалькі дзён раней робіцца сівы. Ад падмарозкаў.

І сівыя робяцца старадаўнія валуны, камяніскі, камні, каменьчыкі. А пасля пачынаюць пакрывацца шкляным, ружовым на ўсходзе лядком — заберагам, шматлікія нашы з табой азёры. А выкапаную бульбу даўно ўжо звезлі ў хаты і свірны, звалілі ў капцы.

Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне яшчэ не было тады бульбы.

Стаялі тады на беразе маленькага чыстага возера — існае вочка зямлі — дзве хаты. У адной, багатай ды ганарлівай, жыў мужык Ігнат. Нядобры ён быў чалавек, жонку замарыў работай, дзеці ад хатняга рабства ў свет пайшлі. А гаспадар усё не ўтаймоўваецца, усё пад сябе грабе. Усё наваколле прыдушыў, глытай.

— Забыўся, што ў труны кішэняў няма, — горка пажартавала добрая Мар’я, бліжэйшая суседка. Бо яе хата бліжэй за ўсіх стаяла. Хата яшчэ з дзядоў, моцная, але зусім недагледжаная. Бо гаспадара ўзялі на вайну і засталася жанчына адна з маленькімі дзецьмі. Аж пяцёра, і кожнае на пстрычку ніжэй за другое. І кожнае ўвесь час галоднае.

Пакуль бацька быў, сяк-так перабiвалiся, а тут…

Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб’еўся, а другі — бо галодны. А дзеці — дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці. За іншае, можа, і даруюць. За гэтае — не.

…Позняя, халодная была вясна. Такое самае лета. А восень яшчэ горай. Завылі вятры, уздзьмуліся рэкі, пашалелі азёры. Сатлелі травы на паплавах. Ад бацькі чуткі няма. Прыйшла чарга Мар’і ісці па дапамогу да суседа. А той сядзіць, далоні пад азадак паклаў ды пыхкае, як вожык. Нажэрся свіння свіннёю.

— Ну што?

— Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной адраблю.

— Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам.

Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон.

Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма.

Да іншых суседзяў бегчы? Памаглі б, але і там тое самае. А дзецям што? Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам — прыніжэннем. Калі зразумеюць — пашкадуюць. А тут плачуць толькі на розныя галасы: «Сільна і слёзна», як у старых кнігах пісалі:

— Матухна!

— Зязюленька!

— Пакармі нас!

— Хлебца дай!

— Аклаец!

Што рабіць беднай Мар’і. Вырашыла яна дзяцей падмануць.

— Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас карміць.

Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.

Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка — наядуцца. Варацца каменьчыкі — да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.

Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя:

— Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.

— Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.

— А што ж у катле варыш?

— Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, — і прыўзняла крышку катла.

— Гэт-та што такое?

— Камні. Муж у войску — можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці — не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.

— Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!

— Не даў.

— Д-добра, — сказаў незнаёмы. — Бяры кацёл. Пайшлі.

Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?

А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.

«Але тут, — думае, — здужаю».

Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.

— Што ж ты, — паскардзілася Мар’я. — Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.

— Маўчы, — сказаў той. — Глядзі, што будзе.

— Так ёй, — сказаў Ігнат. — Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.

А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў. Россып. Дзецца няма дзе.

Мар’я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.

— Глядзi, жанчына, — сказаў незнаёмы.

Тая зірнула — і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.

— Збяры частку, пакладзі ў кацёл, — сказаў незнаёмы. — Пастаў варыць дзецям.

У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла — камяні яшчэ падраслі.

— Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.

І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.

Пачакалі яны крыху — з’явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.

— Прынясi, кабета, матыку, — сказаў незнаёмы.

Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.

— Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок… І яшчэ раз загарні.

А кусцiкi ўжо амаль кусты.

І вось ужо на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.

? Вось цяпер можаш яе памацаць на выбар, — сказаў незнаёмы. — Гэта як дзецi галодныя.

І выняў два камяні з-пад куста.

Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.

— Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, — сказаў незнаёмы. — І з суседзямі падзяліся.

— Ясна, — сказала Мар’я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух. — 3 суседзямі найперш.

— Мне! Мне! — кінуўся Ігнат. — Мне перш за ўсё! Мне! Я іх кармлю-паю!

— І на работу наймаеш? — спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці. — І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?

— Мне! Мне! Наймаю, кармлю.

— Добра, — сказаў незнаёмы. — Набяры мне кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.

Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.

— Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.

— Слёзы, — сказаў незнаёмы. — Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў — такі і плод.

— Мне! Мне! У мяне і камні.

— Глядзі-і, — сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.

— Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям?

— А што? Галадранцы. Самога з’ядуць, як мяккі будзеш.

Незнаёмы махнуў рукой.

Камні пачалі расці. Усе трох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі — камні — камяні — камяніскі. Усё поле закрылі — Ігнат аж падскокваў.

— Ну чакайце, за такiмi вы яшчэ й да мяне ўсе прыбяжыце. Прыйдзеце, любенькiя, як прыпрэ.

Паглядзеў на яго незнаёмы, плюнуў.

— Ну вось, маеш, — сказаў.

— А чаму яны не зарываюцца?

— А таму, што вечна iм заставацца на вачах у людзей, як кожнаму скнарству, як кожнай жорсткасцi, як кожнай нелюбовi да людзей, як кожнай Несправядлiвасцi.

І пайшоў з жанчынай да яе хаты.

Кінуўся шчаслівы гаспадар да поля — не поле, а суцэльная каменная крушня. Валуны велічынёю з хату. На тысячу год наперад з зямлі вылезлі.

Пакуль дзеці, незнаёмы і жанчына елі ў хаце «камяні» — усё наваколле чула з-за каменнага мура дзікі віск і выццё. Выў і рыкаў Ігнат.

А пасля незнаёмы ўстаў.

— Пайду, — сказаў ён, закінуўшы за плечы торбу.

— Чым мне табе аддзячыць?

— Нічым. Дабрынёю да людзей. Ды гэтага дабра ў цябе заўжды хапала.

— Пайду пагляджу, як сусед. Звар’яцеў, пэўна.

— Нічога. Я ж кажу… дабра ў нас хапала. Залішне.

І пайшоў у свет, абапіраючыся на кій. Пад касыя асеннія хмары. Насустрач пералётам, што, калючыя, каціліся яму пад ногі. Ужо зводдаль азірнуўся — Мар’я і дзеці глядзелі яму ўслед, маленькія на чорнай раллі.

— Гэй! А імя ёй будзе — Бульба! — крыкнуў ім незнаёмы.

І так з’явілася на Беларусі Бульба.

Упершыню — «Бярозка», 1978, № 7.
Твор быў уключаны ў кн.: Хрэстаматыя па беларускай дзіцячай літаратуры. — Мн.: Вышэйшая школа, 1984.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 489 — 494.

Яндекс.Метрика