Калыска чатырох чараўніц – Карціна першая

Хата Луцэвічаў у Селішчы. Звычайная вясковая хата, хіба што пад комінам гарыць не лучына, а каганец, стаяць дзве драўляныя канапы ды побач з іконамі на сценах (католікі) вісяць лубачныя малюнкі. У гарлачы на акне пара «казімірак». На стале лямпа з прыкручаным кнота.м. Маці падкладае ў грубку дровы, і зменлівыя адбіткі скачуць па яе твары. Бацька ля стала працягвае новы раменьчык-абору ў адрапараваны хадак. Змярканне.

Дамінік. Ну вось, вельцэшаноўная пані Бянігна-Багуміла Луцэвічыха, урадзона Валасевічуўна, вам пасталы, хадакі тэж. Як навенечкія. Сырамяціна — хоць магната, проша пані, за крадзёж хвастаць.

Бянігна. Ах-ах. Завшэ тэн пан Дамінік кампліментуе. Гэта ж мне цяпер што ў касцёл ці да просяка выйсці — усе свінні паглядзець збягуцца.

Уваходзіць Янка. Кладзе сякеру пад зэдлік ля парога, вешае на калок шапку.

Янка. Усё. Апошні сажань прыкончыў.

Бянігна. I што ўжо так дзерціся. Цёмна ж на двары, як у войтавай душы.

Дамінік. Кінь. Ён упарты. Ужо як вырашыў нешта зрабіць, то па крапіве босы пойдзе. I ў каго такі?

Бянігна. У дзеда Анупрэя. Ды яшчэ ў стрыечніка ягонага Людвіка Францава… Есці будзеш?

Янка. Не, намахаўся. Уначы, здаецца, гэтыя трэскі сніць буду.

Дамінік. Не будзеш есці — не трэскі табе будуць сніцца, а старцы ды яшчэ цыганы… Чаго смяешся?

Янка. Сяку ў сне дровы. Падыходзіць цыган з мядзведзем: «Давай падмагу». Я яму: «Ды пакарміць цябе пасля няма чым». А ён: «Нішто, бацю, мішкам закусім».

Бянігна. Цьху, даруй, пане божа. Хіба мядзведзя можна есці? Мядзведзі ж, кажуць, гэта людзі, што ў лес уцяклі, каб на чужога дзядзьку не працаваць.

Янка. Мядзведзі разумныя.

Дамінік. Мядзведзі разумныя. Мы — дурныя. Увесь век арандары за палову ўраджая. Увесь век на чужога дзядзьку. Мядзведзя нельга есці — нас можна жэрці. 3 мядзведзя нельга дзерці шкуру — з нас хоць сем… Вось так, пані Бянігна, а мядзведжыя хадакі цяплейшыя былі б. Дый мацнейшыя.

Бянігна (бярэ пасталы). Што вы, пане Дамініку, і так естэм бардзо задавалёна. Гэткія ладненькія. Хоць пані Вітгенштэйнавай квас піць.

Дамінік. Не памінай ты нанач гэтых падлаў.

Янка. Так і свецяць хадакі, так і паляць. Ажно ў касцёле некаторыя распранацца пачалі.

Дамінік. Дзіўны ты. Ну зусім не падобны ні на сёстраў, ні на братку. Нібы не ад чалавека. Нібы чараўніцы цябе прынеслі і ля калыскі стаялі.

Янка. Гэта вы сёння дзіўныя. 3 чаго гэта раптам «панькаеце», нібы ў касцёле? Чаго касцёльнай мовай кідаецеся? Што я вам — ксёндз, віленскі дэкан? Пры чым тут дзед Анупрэй… Людвік… Вітгенштэйны?

Дамінік. Ды ў нас сёння свята. Нешта накшталт угодкаў, юбілею нашаму мяшчанству. А праўдзівей, нашаму халопству. (Пасур’ёзнеў.) Ды што ж, ты чалавек ужо дарослы. Дзевятнаццаць год. Можна і расказаць.

Бянігна. Ды ўжо чаго там. Атручваць яшчэ й яго той несправядлівасцю.

Янка. Хай. Адной болей, адной меней.

Дамінік. Ніякі ты не мінскі мяшчанін. Хаця я ару, а ты сячэш. Ты роду Луцэвічаў, а герба Навіна. I, значыць, не ніжэй… Вітгенштэйнаў.

Янка. I так ясна. Усе Адамавы дзеці.

Дамінік. Ды не ўсе з падатковага саслоўя, у якое нас кінулі. Не ўсіх можна без пакарання абразіць. А між тым, твой продак у восьмым калене Стах валодаў маёнткам Кукялёўшчына з вёскамі Слабодка і Цярпілаўка. Галіна сына ягонага Івана ў 62 годзе, за год да паўстання была зацверджана сенатам у дваранстве, а галіна сына Васіля, брата, праз сенацкія рагаткі не здолела прабіцца… Твой продак у пятым калене Юры меў ад Аўгуста III ў 1734 годзе прывілей на чын паручніка войск Вялікага Княства. Прапрадзед валодаў вёскай Слабодка, выконваў у Радзівілаў службу дазорцы маёнтка Святы Двор.

Янка (дастае кніжку). Татка, ну што да таго, калі, скажам, дзед у ваўках за самім мядзведзем шаблю насіў. Ну, насіў. А цяпер на месяц вые.

Дамінік. А я цябе ў служкі да мядзведзя не цягну. Хлеба нам, акрамя вось гэтых рук, ніхто не дасць. Я цябе да памяці клічу. Каб не забываў, што жывеш у краіне нягоднікаў.

Бянігна. Ды крый цябе божа! Ды ціха ты!

Дамінік. I хай запамятае… Жылі мы ва ўладаннях князя Дамініка Радзівіла (пляменніка славутага «Раnіе Kochanku») на правах чыншавай шляхты. Засценак Луцэвічы, за трынаццаць вёрст ад Узды. Дзвесце год жылі, і не крыўдзілі яны нас. А пяцьдзесят год назад землі перайшлі да Вітгенштэйнаў, і пачалася тут у нас з імі вайна за зямлю.

Бянігна. Ваявала мыш з катом.

Дамінік. Ясна ж. I вось дваранская дэпутацкая зборня зацвярджала нас дваранамі ў 1802-м, 1846-м, 1849-м, 1857-м. I кожны раз сенат ці адмаўляў, ці «резолюцнй не следовало».

Янка. Ці не ўсё адно, у лапцях ці ў ботах араць зямлю?

Дамінік. Усё адно. Але ж Справядлівасць на нашай зямлі свінні з’елі. Што мне ў гэтым, ці пан сам пан, ці пан у пана служыць? Ты вось мне скажы: Справядлівасць дзе ? I вось такія, як мы, сталі адной з бочак пораху, куды толькі кінь іскру… I вось год сорак назад край паўстаў, і пачаўся бунт і мяцеж.

Яны глядзяць, нібы ў нікуды, а між тым хату і тое, што за яе вокнамі, запаўняе глухі тупат соцень ног, пошчак капытоў кавалерыі, невыразнае бразганне зброі, далёкія глухія галасы, пасля рэдкія стрэлы і рэха ад іх… I раптам зладжаны гул кананады… I цішыня.

Янка (страпянуўшыся). Што гэта, гарматы?

Дамінік. Якія? Гэта тады былі гарматы. А гэта — грымоты. Нейкая вельмі-вельмі далёкая навальніца.

За вокнамі сапраўды грымоты. Зрэдку яны зноў і зноў варочаюцца недзе ў небе аж да самога канца карціны.

Янка. А ты паўставаў?

Дамінік. Ды не. Мы людзі маленькія. «Хай бог таму памагае, хто нам дабра жадае».

Бянігна. Хто паўставаў — тых на вісельню, у Сібір. Ты унь спытайся ў таго, у каго кніжкі бярэш. Ён паўставаў.

Янка. Чаховіч?

Бянігна. Ну, так. А што з таго карысці. Жабрак пры багацюшчай жонцы.

Янка. Ён не жабрак. У яго — кнігі. Не можа быці жабраком, у каго — кнігі.

Дамінік. То ж бо я раней ледзь не за папружку браўся, каб цябе за кнігу ўсадзіць, а цяпер хоць ты яго лупцуй, што вечна носам у кнізе, а гаспадарка хоць прападай.

Янка. Не тыя былі кнігі.

Дамінік. А гэта — тыя. Бярозавы лес на лучыну звёў — чытае, месяц яму радасць — чытае. Коні на начлезе, а ён ля вогнішча чытае.

Янка. Не краду ж. Чытаю… Каб вы законы ведалі — ці ж бы вас збіла з панталыку сенацкая валакіта? Цяганіна? Блытаніна?

Дамінік. Чужым вумом гаворыш. Якія законы? Проста яны за паўстанне адыграліся на нас. На малых, на бязвінных. Паўстанне задушылі, а нам каб да пачатку ўсе дакумеыты аб дваранстве прадставіць. Іначай ідзі ў мяшчане, у падатковае саслоўе. I — недавер да нас. Указ за ўказам — «не пушчаць». А адкуль дакументы, ды яшчэ трохсотгадовыя? Касцёлы гарэлі, хаты гарэлі, кнігі і метрыкі разам з імі гарэлі. Усе даведнікі здабывай сам. А дзе іх узяць? Нельга падаваць выпісы з метрык і актавых кніг, што не захаваліся. А кнігі самі спалілі.

Бянігна. Чаму і казала, што ўпарты ты ў дзеда Анупрэя. Пятнаццаць год ён са стрыечнікам абабіваў парогі. А за кожную душу, якая дабіваецца права, прынясі дзесяць рублёў срэбрам. А тых душ, разам з малалеткамі, семдзесят дзве. А Магільнянскі касцёл, дзе дакументы, і касцёл у Мікалаеўшчыне, дзе дакументы, — згарэлі.

Дамінік (непрыкметна паклаў руку на сэрца). А Вітгенштэйны да таго часу сагналі нас з зямлі. А адказы сенацкія — нічога ў гэтай канцылярыі не зразумееш.

Янка. «Законы трэба пісаць незразумела, каб просты чалавек звяртаўся па тлумачэнні да адукаваных паноў». Міністр адзін сказаў.

Дамінік. Вось так. Так я і прахадзіў да трыццаці год у «панах», а цяпер вось ужо амаль трыццаць год «мяшчук». Угодкі сёння спраўляем.

Бянігна. Звыкай. Хрыстос таксама да трыццаці год у нехрышчоных хадзіў.

Грымоты за акном.

Бянігна. Злітуйся, пан Езус, не тое, бач, сказала.

Дамінік. Чаму не тое? Бог цябе стварыў, чалавеча, даў неўміручую душу, даў усю зямлю, сад твой. А ты… Дай шалянцу, Бянігна.

Бянігна. Зноў сэрца?!

Падае адвар. Бацька п’е, паступова супакоіўся.

Дамінік. А ты што напрыдумваў, чалавеча? У каго мала зямлі, у каго няма. Справядлівасць з торбай ходзіць. Хлеба чалавек хоча — страляюць у яго. Кожнае падла самавольнічае, як ашалелае. Кожны сабе грабе. Пра паноў і не кажы.

У гэты час пачынае прыглушана гучаць аднекуль Голас, які пасля будзе гучаць часта. Гэта нібы і Янкаў голас, нібы і чужы. Але хутчэй усё ж Янкаў, толькі непазнавальна амаль узмужнелы, незгінальны і непахісны:

I мужык — пан у старонцы
Гора гэта вечна бача,
Бача, што толькі ў карчомцы
I ў магіле ён не плача.

Янка (страпянуўшыся). Вы… чулі голас?

Бянігна. Які голас?

Дамінік. Ты што? (Паўза.) Не, мабыць, у цябе ўсё ж мазгі набакір. Жаніць цябе трэба.

Бянігна. I тое. Унь бяры хаця Марыську Гладышэўскую. Якраз семнаццаць. Бацька спраўны арандар. I яна ж за табою аж вачыма страляе… ну проста як на панскай ахвоце.

Янка. Ды я пра гэта не думаў. Што ж мне, ускінуць на хіб яшчэ й гэта? Сагнешся… А я адчуваю сілу на нешта іншае, велькае… Вось не ведаю толькі, на што… А голас.

Дамінік. Галасы толькі юродцы гэтай, Анелі Вітгенштэйнавай, чуюцца. Не наша гэта справа, галасы чуць… Панская гэта, ад залішняга туку, справа.

Бянігна. Ну, і паны бываюць розныя. Унь у Бясядах пан, што Янучку кнігі дае. Вось гэта пан, дарма што паляк.

Дамінік. Такі ён паляк, як я Беркаў Зяма. Толькі што ў адной карчме. Я пію, ён падносіць.

Янка. Дык хто ж мы?

Дамінік. Тутэйшыя. Веры польскай, то, кажуць, і палякі.

Бянігна. Не, ты не кажы. Ён пан сардэчны, пісьменны.

Дамінік. Ну і што? I багаты, і адукаваны, а што з таго… Усё жончына, ягоныя толькі кнігі. А імі сыты не будзеш. А жонка пана Цыкмуна надгаладзь трымае.

Бянігна. І як быццам ён ад людзей хаваецца. Ці яго хаваюць. I… начальства ведае, але праз пальцы глядзіць. Кажуць, ён цяпер бяспечны, Чаховіч.

Дамінік. Кажуць — значыць, на іх і небяспечны.

Янка. Ды што вы, урэшце? Хто ён? Я ж яго як вас бачу.

Дамінік (амаль шэптам). Бунтаўшчык. Яшчэ з таго паўстання. Начальства казала: паны прыгон вярнуць хацелі, і таму паноў лавіць і вешаць трэба. Ды толькі не мужыкі іх вешалі, а яны самі. Начальства.

Далёкія грымоты.

ДамінікЗначыць, нейкая хлусня ў тых чутках была.

Бянігна. Ты б радзей да яго хадзіў. Усё ж стра-ашна.

Янка. Дачытаю вось кнігу — пайду.

Дамінік. Упарты. Але і кніга не выручыць… Зямля адна выручыць… Зямля.

Янка расчыняе акно. Аднекуль здалёк вядзе песню дзявочы голас.

Бянігна. Марыся вядзе. I галасістая ж на нашы песні. Глядзі-і, Янка.

Голас Марысі.

I ўчора ня быў, і сёння ня быў,
Відаць, мой міленькі мяне пазабыў.
— Ой, я не пазабыў, не пазабуду,
Сяду паеду, сем год не буду.
Дамінік. Хай чужая — зямля.

Янка. Не хачу чужой зямлі. Мая гэта зямля.

Заслона.