Калыска чатырох чараўніц – Карціна чацвёртая

У цьмяным зарыве постаці чатырох чараўніц.

Першая. I вось ён ужо дарослы, той, ля калыскі якога мы тады стаялі.

Чацвёртая. I што паспеў зрабіць? Пахаваць бацьку, брата, дзвюх сёстраў. Папрацаваць трохі хатнім настаўнікам, «дарэктарам»… На такую працу ідуць дзеці ў трынаццаць год… Папрацаваць пісарам? Не атрымаць месца ў лясніцтве? Паслужыць малодшым прыказчыкам? Чалавекам, якому загадваюць?

Другая. Кожнаму нехта нешта загадвае. Пакуль ён не набіраецца мужнасці загадваць сам сабе. I толькі сабе.

Трэцяя. Пачаў спяваць. Надрукаваў некалькі вершаў.

Чацвёртая. Не на матчынай мове. Пасрэдных вершаў. Ці гэтага вы ад яго чакалі, вы, што судзілі яму нейкі адметны лёс? Вось ён вярнуўся на зямлю. Вось ён зноў з сахою, бараной, касою і сякерай.

Другая. Нічога. Ён будзе араць, будзе сячы сякерай.

Першая. А каса? Каса прыдасца не толькі на сенажаці.

Трэцяя. I яму яшчэ адзінаццаць год да ўзросту Хрыста.

Чацвёртая. Байкі. Дый што ён зрабіў?

Трэцяя. Калі ёсць любоў, калі ты чалавек, а не быдла — ніколі не позна.

Другая. Усё яшчэ перад ім. Дзівосныя адвечныя песні. Курганы радзімы. Магілы над Дняпром.

Першая. I ўздыме ён Слова! I кліч, што зямля жыве. I людзі зведаюць, хто яны і куды ім ісці ад раскіданых гнёздаў.

Чацвёртая. Кіньце. Каго і чаму ён будзе вучыць? Ён сам не верыць пакінутаму слову маці. Ён ведае толькі, што ён тутэйшы. Ён сам не ведае, хто ён, куды яму ісці, хаця ягонае гняздо таксама раскідана.

Трэцяя. Свой шлях кожны знаходзіць і вызначае сабе сам.

Другая. Словы маці ў яго душы, казкі парабкаў — у сэрцы, песні народа — у вушах.

Чацвёртая. А колькі такіх? Са словамі, казкамі, песнямі заблукалі як у лесе і швэндаюцца па плошчах сярод п’яных, нібы валачашчыя сабакі, шлях свой згубіўшы. Азірніцеся вакол. Вы сляпыя.

Таюць у цемры постаці чатырох чараўніц. Пачынае гучаць усё галасней музыка. I ўрэшце яснее, і гэта ўжо

Хата на хутары ў Гладышэўскіх; а ў хаце ідзе вечарынка: песні, гульні моладзі, размовы старых…

Янка сядзіць крыху ў баку і ад старых і ад моладзі.

Бацька Марысі. Піце, госцейкі, загрызайце, чым бог паслаў. Скачыце ды смейцеся, каб так…

Матка Марысі. Каб так па вашых ворагах д’яблы скакалі ды смяяліся.

Бацька. Нічога не прапускайце. У бога ўсяго многа.

Агата.

Унадзіўся сівы конь,
Унадзіўся сівы конь.

Ева.

Памяў, стаптаў дзеўкам лён.
Памяў, стаптаў дзеўкам лён,
Дзеўкам лён,
Дзеўкам лён,
Памяў, стаптаў дзеўкам лён.

Юзук і Катра Гладышэўскія адышлі ад астатніх і ціха гавораць між сабой.

Маці. Дык што, Юзук, скажаш.

Бацька. Скажу як у байцы: «Мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука».

Маці. Мядзведзь — стары Валахоўскі?

Бацька. А Кабздох, што мядзведзя пакуль трымае, — Казік.

Маці. Няўжо і канец?

Бацька. Па ўсім відаць. (Дастае з кішэні світкі на калку паперыну.) Праз два тыдні канец умовы.

Маці. Няўжо нічога нельга зрабіць?

Бацька. А ты унь Луцэвіча спытай, што рабіць, калі канчаецца тэрмін умовы.

Янка (пачуў). Тады збіраюць рэчы і едуць на новае месца.

Бацька. Калі нехта захоча.

Янка. А вам што шкодзіць?

Бацька. Хто мяне, пажылога, захоча ў арандары? А дзеці — усе дзеўкі.

Янка. Пане Юзік, я разумею. Але кіньце. Недастойна.

Маці. Што ты ведаеш аб гэтым, галайстра гэткая?

Янка. Ведаю толькі, што галайстрам з падманшчыкамі, махлярамі, ашустамі, геморнікамі звязвацца не трэба. Кіньце і ідзіце.

Бацька. I, як вы, усё жыццё каціполем? А мне унь у найме сказана: «Тэрмін… пяць год…» Пяць разоў перазаключалі ўмову. А цяпер я стары пёс. А як кінуць? Унь як яны, не нашага бога: «Арендатор может пользоваться лесом, растущим в имении, исключительно для нужд самого имения, но не для продажи». А я з гэтага лесу рукамі хату ўзвёў, пуні, свірны, млын вадзяны. Я «не обращал луга в пашни и наоборот», я… «улучшал землю», я «арендные деньги и подати уплачивал сполна». А вось як пішуць: «вновь возведенные постройки оставить в пользу собственника и сдать, по окончании срока, всё именне со всеми его принадлежностями в таком состоянии, в каком оно было принято мною».

Марыся падышла ззаду і слухае.

«Жилые и нежилые строения, кои по окончании срока аренды остаются в пользу собственника или должны быть снесены по его указанию арендатором». Абплялі яны нас. 3 усіх бакоў. Нават бог іхнім языком загадвае, гаворыць, пагражае.

Янка. Гэта слова бога, у якога рогі.

Марыся. А тыя рогі і зламаць могуць.

Маці. Хто? Стафан — найміт? (На Янку.) Гэты?

Марыся. Нехта ды знойдзецца… Няўжо гэта канец, татка?

Бацька (адыходзіць з маткай, махнуўшы рукой). Амаль, напэўна, канец… Хіба толькі… дзіва якое. (Да Янкі.) Пісьменны, скажы нам, дзе шукаць дзіва?

Янка. Не там, дзе шукаеце. (Марысі.) Так, да мура прыперлі. 3 усіх бакоў.

Марыся. Разваліць можна.

У хату ўваходзіць Стафан Каляда. Здалёк заўважае Марысю і Янку.

Стафан. Вечар добры ў хату. Во ўрэшце абліччы божыя, а не псіныя морды.

Бацька. А ты адкулека?

Стафан. З канторы.

Янка (Марысі). Хіба галовы ім разваліць? Або, хутчэй, сваю падставіць?

Марыся (проста). Што думаеш? Надумаешся да нечага?

Янка. Надумаюся. А пакуль — скардзіцца трэба.

Марыся (правяла рукой яму па галаве). Ах, божанькаў лянок. Так табе і дадуць, добры да людзей… Лю-удзі. Гэты — скардзіцца, Стафан — цёмнаму лесу з-за рога сякерай пагражаць.

За вокнамі бліжэй і бліжэй ляскат колаў, тупат капытоў, дзікія галасы:

Ехалі малойцы,
Гарамі, лясамі,
Прывязалі дзеўку
Да сасны касамі.
Выкрасалі агню
Трыма палашамі,
Запалілі сосну
Зверху з каранямі.

Рогат, выгукі нешта накшталт шабашу.

А пан — ён, Казік. Ён з вамі што хоча, то й робіць.

Янка (сур’ёзна). Слухай, так мы не згаворымся. Я не майстра гаварыць. Толькі… ты сама, па-мойму, не вырашыла, з кім. Слова б не сказала, каб не няшчасце з бацькам.

Марыся. Хто ведае?

Янка. Я ведаю. Дык вось, адкрый вочы. Кінем усё гэта. Ты мне — дужа харошая. Але ці не пашкадуеш? Я ўсё забуду, нават галасы. Я цяжка працаваць буду… I ты таксама. Будзе на нашых чатырох руках у мяне — маці і тры сястры. У цябе — бацькі і тры сястры. I чужыя куты.

Марыся. I гэта ўсё. Унь гэты, што за акном, — той лес, зямлю за мяне падпаліць абяцае. А ты…

Янка. Я не абяцаю. Я гатовы рабіць.

Марыся. I не знаходзіш слова? Ніводнага?

Янка. Нашто словы? Словы я пасля знайду. А пакуль вось гэтае маё слова і згода жыццё змяніць, загубіць голас невядомага бога, жыць з табой, надрывацца з табой, жыццё дзяліць, легчы пад адной хвояй — яно, па-мойму, вартае ўсіх абяцанняў падпаліць зямлю.

За акном галасы:

Адзін кажа: Я Марусю люблю,
Другі кажа: Я Марусю вазьму,
Трэці кажа: На каберцы стану.
Ёсць у мяне тры кані на стайні.
Адзін конік, як галка, чарненькі,
Другі конік, як голуб, сівенькі,
Трэці конік, як лебедзь, бяленькі.

Рогат. Гукі шаргунцоў.

Марыся. Чуеш, бяленькі? Што мне да бяленькага-сівенькага, калі зямля пад капытам сцелецца ў чарненькага. Ну, слова скажы, скажы: «лебедзь, «галубка».

Янка. Няма ў нас слоў. Пасля знайду.

Марыся. А пакуль?

Янка. Жыці… памерці з табой.

Марыся. А пакуль словы ды песні т а м?

Янка. Т а м хлусня.

Марыся. А з табою? Няўжо скончыць, як бацькі сёння?

Янка. Можа, рай створым. А можа, і як яны. Хіба мала? Кепска хіба?

Марыся. Н-не ведаю… Кепска. Гляджу на іх.

Янка. Яны разам затое нажывалі зморшчыны… А я хлусіць табе не магу. Што я? Недавучка, вечны арандатар-палавіншчык на чужой зямлі. Няўдалы пісар, няўдалы прыказчык, няўдалы паэта… Але я — вось ён я. Проста я. З табою.

Марыся. Проста… Ён можа нявестай-паненкай ахвяраваць.

Янка. А я — жыццём, усім жыццём. Я чую ў сабе голас, але не ведаю пакуль, хто ён.

Марыся. А Казік ведае свой голас (гэта ўжо з раздражненнем).

Янка. Ягоны голас — баязлівец і слабак. I таму ён зрывае злосць на тых, хто ад яго залежыць, прыніжае і крыўдзіць іх… Сцвярджа-ае сябе. А мой голас… I я не дам яму волі з-за цябе… Вось мая ахвяра.

Марыся. Хлусіш… Дасі волі… I, думаю, горанька ты пашкадуеш.

Янка. Аб чым?

Марыся. ПІто слухаўся голасу, а не мяне.

Янка (страпянуўшыся, нібы скінуў нешта). Дзякуй.

Марыся. Гэта яшчэ за што?

Янка. За жорсткасць, з якой нагадала мне, хто я. За праўду, што не хочаш такога дня, як сёння ў бацькоў. I яшчэ за адно… я даў сабе волю. Забыўся.

Марыся. I яшчэ што?

Янка. I раз ужо так, то я ўспомніў: я не народжаны, каб рабіць няшчаснымі іншых.

Марыся. Каго?

Янка. На Стафана зірні. Глупства казаць такое, і ты, пачуўшы, засмяешся мне ў твар. Але гэты знойдзе словы, ён слязе тваёй не дасць упасці, ён кахае цябе і ў крыўду цябе не дасць. I яго нічый голас не кліча, акрамя твайго.

Марыся. Ну, дачакалася я ад цябе слова малітоўнага… за іншага.

Янка. Я аддаю табе ўсё — ты не бярэш. Тады — яго вазьмі, абы не Валаховіча. Іначай…

Марыся. Іначай?

Янка. Іначай ён наробіць страшнага. У яго няма голасу, але ў яго ёсць рукі.

Марыся (з невымоўнай пагардай). А-ат. У яго рукі… парабкаваць. I ў цябе рукі — крэмзаць цёмныя глупствы.

Янка. Я не вінаваты, што пакуль цёмны. Але ты прыслухайся. У яго сэрца нібы звон на пажары…

У хату ўвальваецца на чале некалькіх хлопцаў Казік.

Казік. Пахвалёны ў хату! Музыкі! Хто прыйшоў і як сустрэць трэба?!

Музыкі (спачатку нязладжана, а пасля, калі Казік кінуў на бубен грошы, ладна завялі).

Ой ясным-ясна сонейка ў небе,
А ясней таго Казік у таткі.

Казік. Стоп! Гэх «А ці ясен месячык на зары, А ці весел хлопчычак на кані». Чуеце: вясельная. Захачу, то будзе й вясельная, і папам дзеля пазвону, і ксяндзам дзеля амбоны, і цару на карону.

Янка. I людзям для праклёну.

Фурман Блажэй пакасіўся на Янку, але нічога не сказаў.

Казік. Музыкі. Кожнаму пад пяту — рубель! I дзеўкам — рубель! Рубеце кадрэль!

Музыкі рванулі «Кадрыль». Скачуць некалькі параў.

Агата.

А ці я не дзеўка,
Ці я не паненка?

Казік (куражыцца).

Ронкі як бячоўкі,
Спіна як начоўкі.

Магдзя.

А ці я не дзеўка,
Ці я не паненка?

Казік.

Крый, божа, сасніцца
Гэткая цяліца.

Ева.

Толку з пана Казюка,
Што з Кабздоха малака.

Казік.

Не наскрэбці з Еўкі
Нават на прыпеўкі.

Марыся (кінулася таксама ў скокі).

А ці я не дзеўка,
Ці я не паненка?

Казік.

Сукеначка з радна
I з мордачкі ладна.

Марыся раптам азірнулася і ўбачыла, што Стафан набліжаецца да Янкі. Кінула скокі, якія точацца далей, і пайшла да Каляды. Той, убачыўшы гэта, таксама пацягнуўся да яе, як да магніту.

Стафан. Марыся. Апамятайся.

Марыся. Што «апамятайся»?

Стафан. Ратуйся ад яго.

Марыся. А хто тут ратунак? Хто музыкам плаціць — ягоныя й скокі. Чыя сіла — таго і халуі.

Стафан (ціха, бо ўжо недалёка ад Янкі). Ён такі самы халуй, як і ўсе. I ён трымае сябе так, нібы ўсё на зямельцы належыць яму. Ён усім, хто робіць, хоча давесці, што яны — ніжэй, што яны — нелюдзі. Вось ён хто.

Марыся. А ты хто? (З разлікам на Янку.) Нават не недавучка. Нават не арандатар-палавіншчык на чужой зямлі… Нават… галасоў не чуеш. Што мне? Парабчанская агульная «хата» за завескаю? А унь Казік… У іх маёнткі і фальваркі пад Радашкавічамі…

Янка. Шэры барон.

Марыся. I пад Селішчамі, і пад Бароўцамі. У іх усё, а ў вас?..

Стафан. Як табе не сорам?

Янка. Гэта праўда… Як табе не сорам?

Марыся. Падман лепшы за вашыя праўду і сорам… Казік, «Падушачку».

Танец пад песню ідзе павольна, але зачаравана.

Стафан. Божа мой божа… Што ж тут рабіць? Праўда дзе, калі яна ў такіх?

Янка. Кінь. Няварта. Сёння я сам ледзь сябе не прадаў. А яна? Сама яна не ведае куды? Бачыш, вырашыла, што абышлася як лепей.

Стафан. Дык падмане ж. Падмане. Куды ж яна тады?

Янка. Сама захацела, каб падманулі. Мы з табою ёй — усё. Яна нам — нічога.

Стафан. Ад адчаю яна гэта! Што ты разумееш, пісьменны? Я мудрэйшы, я за яе… я…

Казік з Марысяю:

Вазьму цябе, дзеўка, замуж
Гэтаю вясною,
На падушачцы пуховай
Будзем спаць удвое.
На пуховай падушачцы
Мякусенька спаці,
Прыгожую дзяўчынаньку
Люба цалаваці.

Страціўшы галаву, Валахоўскі прыпаў да Марысіных вуснаў.

Бацька (перахрысціўся, і ў поўнай цішыні прагучаў ягоны голас). Пане божа, гэта як?

Матка (мармыча). Дзякуй, пане божа, дзякуй.

Стафан. За што дзякуй? За бессаромнасць? Што падмане? Гэй, Казюк, кныр ты паганы, трымай галаву!

Казік (узяў з рук Блажэя шклянку, выхіліў). Змоўч, хаме. Не тваёй галаве на гэтай падушачцы ляжаць… Га-ла-ва. Угм. Якраз такая, якой зручна выбіваць вароты.

Стафан. А ў цябе галава? Якраз такая, на якой добра сячы дровы.

Казік. Пакуль дровы — ты адчыніш макітрай вароты. 3 маёй парабкоўскай і з майго маёнтка. Калі не помніш, што хлеб ма рогі, што пенёндз робі пенёндз. А ты робіш толькі даўгі, чуеш ты? (Наступае на Стафана.) І не для пса каўбаса. Бяры бацьку з маці на карак і — на ўсе бакі. Такіх, як ты, я па сто за шэлег куплю. I, як захачу, усіх куплю. Ідзі прэч!

Дастае з кішэняў грошы і шваркае імі аб падлогу. Пасля вытрас каліту. Стафан апешыў і ў поўнай цішыні зрабіў крок-другі да дзвярэй.

Збірайце! Усе! Хто не будзе — прэч!

Юзук Гладышэўскі схіляецца і пачынае падбіраць грошы.

Блажэй, шклянку! (П’е.) А ты, Стафан, велькі пан, помні, на маёй зямлі і па ўсёй зямлі «пенёндз пшэмавя, а правда мільчы».

Марыся. Та-ат…

Янка (падымае Юзука). Устаньце, бацька. (Да Казіка.) I гэта адзінае, чаго ты з польскага нахапаўся, як сучка блох? Дык вось табе і яшчэ адна польская мудрасць: «У труны нема кешені». Для іншых: «У труны няма кішэняў».

I пасля паўзы, у злавеснай цішыні.

Падбяры грошы. Гэта наш пот — не твой.

Казік зацкавана азірнуўся, пачаў падбіраць. Маўчанне. Пасля крыху апамятаўся.

Казік (глуха). Н-ну так… У гэтым стойле быдлячым я… Панна Марыся… хадзем. Нам не месца тут.

Маці. Доню… до…

Марыся (вагаючыся). Стафан… Янка… Стафан. Ну?

Марыся. Перапрасіце гаспадароў. Што ж вы абразілі ўсіх…

Янка. Усіх?

У поўнай цішыні Марыся, апусціўшы галаву, ідзе да Казіка, той бярэ яе за руку, і яны выходзяць.

Стафан (амаль шэптам, разгублена). Я-ак ён мяне… Слова супраць не мог… Прападзе.

Янка. Калі яна так, калі з гэтым… Вялікі ты яшчэ дзіцёнак, Стафан.

Стафан (глуха). Нічога. Мы без слоў. Аднялі ў нас слова. Па чужых корчмах зацягалі. Хто мы зараз? Люд свінапасаў і смецяроў. Бесславесныя — але мы затое можам трымаць у руках сякеру. Печкі няма, але ўмеем мы трымаць у руках крэсіва. Умеем. Пачакайце.

Янка. Хто скажа? Дапаможа? Чаховіч? Хіба ён. Далёка? Не так ужо. Зусім, мабыць, стары саслабеў ад кепскай ежы, занядбанасці… Не… Усё адно да яго.

Ідуць да выхаду.

Бацька. Хлопцы!

Маці. Сынкі!

Стафан. Сынкі, а не панкі.

Заслона.