Калыска чатырох чараўніц – Карціна пятая

Бібліятэка ў Чаховічавым флігелі. Усё як раней. Толькі мэбля нібыта не такая запыленая, расчынены вокны, ды парадзелі кніжныя паліцы: частка кніг, запакаваная, ляжыць на падлозе. Чаховіч сядзіць у крэсле, перад ім Аконам.

Чаховіч (вочы ў яго заплюшчаныя). Далей.

Аконам. Бровар, пшэпрашам… Но і еншчэ грэбля для фолюша, сукнавальні.

Чаховіч. Гм, цікава. Прыбытак?

Аконам. Велькі.

Чаховіч. А прашэнне аб узроўні вады. Як там гэты… з… закон: «устроил на реке N фолюш и запрудою поднял воду до такой степени, что совершенно затопил прилегающие к сией реке в верхней её части луга, огороды и сады четырнадцати арендаторов, чем причинил им убыток на такую-то сумму».

Аконам. Не будзе ўбытку. Іх тэрмін канчаецца. А сады? Не бачылі мы з іх кіслага яблыка.

Чаховіч. А чатырнаццаць абяздоленых. А сады, дзе яны летам вячэралі.

Аконам. Быў бы дзе хамут, а шыя знойдзецца.

Чаховіч. Гэта апошняе распараджэнне пані?

Аконам. Так.

Чаховіч (вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, страшным шэптам). Вон! Прэч адсюль, до яснэй холеры! Досыць ужо! Пасмакталі вы, пасмактаў ты сам крыві. Не выпэндзам, але прошэ вон! Пан цо, по-польску не розуме? Тады: «Вон, чтоб духом твоим в маёнтке не смердело». (3 заплюшчанымі вачыма кідае ў аконама, які рэціруецца, розныя рэчы.) Я не дам, каб зямля пайшла на дно! Людзі будуць летам вячэраці ў садках, пакуль я жывы. Сагнаць арандатараў, га?! (Кідае пантофлем і трапляе выпадкова ў Янку, які ўвайшоў.)

Янка. Тут яшчэ адзін арандатар.

Чаховіч. Вон, смродзе!

Янка (з усмешкай). Дык я пайду.

Чаховіч (расплюшчыў вочы). Хто?.. Ян-нук… Малы Янук (ускочыў). Які малы?! Сынок… Бог мой!.. Вялікі Янук… Трынаццацігадовы пастушок (абдымае яго). А зараз — адбітак думкі боскай у вачах… Гатовы ўжо цалкам да чагосьці. Бог мой, узнагародзіў ты мяне за ўсё маё нявартае жыццё. Дзецко мое… Дзетухна ты мая!.. Сядай…

Усаджвае яго, завіхаецца па пакоі.

Янка. Нешта новае я ў маёнтку заўважыў. Ад тракту, ад касцёла да самага палаца — маладыя лістоўніцы.

Чаховіч. Я пасадзіў.

Янка. Чужое, не наша дрэва.

Чаховіч. Пінус ларыкс… Больш наша, чым думаеш… Ты ведаеш, якога дрэва ў імперыі найбольш?

Янка. Сасны?

Чаховіч. Лістоўніцы болын за ўсё. За кошт тых краёў, куды лепшых нашых людзей заганялі. Вось я і пасадзіў. На ўспамін. Я памру — а яны будуць расці. Мо і да пяцісот год, калі не знойдзецца ў дурня сякера. Людзі будуць глядзець. Успамінаць нас. Вясной шышкі чырвоныя, як наша кроў. Восенню — залаты пажар!

Янка (дастаючы з пляцака). Далёка стала да вас. Кідае нас лёс туды-сюды… Тут вось… шынкі кавалак… сыр… яшчэ сёе-тое. (Чаховіч хвіліну сядзіць моўчкі. У яго дрыжаць рукі. Пасля ўстае, моўчкі здымае са спіртоўкі кафейнік, дастае з шафы бутэльку і кілішкі.)

Чаховіч (глуха). Дзякуй. Акрамя некаторых, самых бедных, адзін ты быў у мяне. Я думаў, так і не аддзячу, не пачую цябе. Тым больш, збіраюся ў Вільню, паміраць. Цяпер можна.

Янка. Ды што адбылося?

Чаховіч. Анэля памерла. Царства ёй нямецкае. Гэта значыць лютэранскае. Цяпер аконама — вон, арандатараў — на месцы свае. Плату арэндную — знізіць. Прынамсі, пакуль я жывы. Шкада, што не ты мой сын. Гэтыя мае парасткі.

Янка. I вам не…

Чаховіч. Хочаш спытаць, ці не шкадую? Шкадую. Той шкадую, з якой ажаніўся, калі ўсе — і мы — чакалі паўстання і нашай перамогі. У-у, якая гэта дзяўчына была! Адданая ўся… як сонца аддадзена зямлі. Як я — ёй… Сцеражыся слабасці, сынок. Першы крок — гэта яшчэ твой, свабодны выбар. Другі крок можа зрабіць і раб.

Янка. Больш за ўсё не хачу рабства.

Чаховіч. І не рабі нат кроку да яго. Іначай — прапаў… Жанчыны, жонкі. Гэта хлусня, што адны мужыкі — ігракі. Бываюць і жанчыны. Частка ставіць на свайго мужчыну сумленна, у руднік ідзе за мужам. Частка, калі ён прайграў, кідае яго. Дурныя. Хіба Каліноўскі прайграў? Я прайграў. А горш за ўсё з ёй. 3 яе прагай быць сярод сільных. 3 такіх нараджаюцца жонкі дыктатараў.

Янка. А вы не з тых.

Чаховіч. Так. I… я не шкадую яе такой, якой яна стала. Мы пажаніліся ў пяцьдзесят дзевятым. У яе былі вось гэтыя Бясяды. У мяне — Мацковічы і Крашоны. Сто валок добрай зямлі. Тры тысячы маргоў. Дзве тысячы дзесяцін. I дзве тысячы сто трыццаць шэсць гэтых новых. Як іх… Гектараў. Ты ведаеш, я быў экспедытарам паўстання. I быў чалавекам захаплення, лёгка даваў кіраваць сабой. Калі белыя прыйшлі да ўлады, Кастусь паехаў камісарам на Гродзеншчыну, а я застаўся. Вось з чаго пачалася кара, з кампрамісу. Лепей бы на шыбеніцу з Кастусём… Арыштавалі… Паказанняў не даў. Зарана арыштавалі. Але частку маёмасці я, прадбачыўшы арышт, перавёў на жонку. I добра зрабіў. Бо разам з пажыццёвай катаргай мае маёнткі канфіскавалі. Прыкулі мяне ў Нерчынскіх рудніках да тачкі. Потым розныя паслабленні. Мылаварам быў у Іркуцку. Пасля ў Пермі, Смаленску, Варшаве. Каму патрэбен яшчэ адзін мылавар у Варшаве? Добра, што іркуцян і іншых паспеў крыху адмыць. Словам, амаль дзесяць год Сібіры, а пасля тут. Думаў, што ўратаваў частку майна ад канфіскацыі. А яна й на гэта лапу… Няшчасныя арандатары, няшчасныя мужыкі! Не, такую, якой яна зрабілася, я яе не шкадую.

Янка. I вы ўсе гэтыя гады?..

Чаховіч. Так, прыжывал. Вартаўнік пры чужым.

Янка. Але ж збераглі кнігі і рукапісы.

Чаховіч. Астатняга не шкада. Хай развальваецца гэта гняздо. Лепшага яно не вартае. Узнікне новае жыццё, хай варожае — у с ё л е п е й т а г о, ш т о б ы л о. Вось так часам канчаецца каханне. Ці перажыў ты такое?

Янка (пасля паўзы). Перажыў.

Чаховіч. Вып’ем тады за два забітыя каханні… Слухай, ідзі на маю зямлю. Толькі за падатак дзяржаве.

Янка. Не. У нас ужо ўмова на Бараўцы.

Чаховіч. Можа, і рацыя. Жыцця майго мала. А што пасля?

Янка. Хіба вось, можа… ёсць такая сям’я Стафана Каляды. I ён прападае па адной дзяўчыне.

Чаховіч (занадта ўважліва). Добра. Добра, што ты просьбіт толькі за іншых. Вып’ем з а і н ш ы х.

Янка. Хіба што, можа, ужо позна.

Чаховіч. А можа, й не, Мне — позна. А табе, можа, й не.

Янка. I мне позна. Хіба — Стафану не?

Чаховіч. Ну, давай тады проста ціха заспяваем.

Спяваюць амаль шэптам, не дужа добрымі галасамі. I менавіта гэта кранае да глыбіні душы.

— Учора не быў, сягоння не быў.
Відаць, мой міленькі мяне пазабыў.
— Я не пазабыў, не пазабуду,
Сяду паеду, сем лет не буду.
— Язджай сабе з такой бяды.
Найму молайца з чужой стараны.
Пасаджу яго ў канцы стала,
Буду глядзець, як на сакала.
……….
Учора звячора саколка была,
Сягоння рана расстраляна была.
Вот не жаль бы быў, каб дзе на лужку,
А гэта на грудзе, на жоўтым пяску.

Урываецца Аконам.

Аконам. Пане, што я чулем? Пан тыя ўчасткі спшэдалі?!

Чаховіч. Я сказаў, каб тут не смярдзела вашым духам. Вон! I без рэкамендацыі. Прахвост і без рэкамендацыі знойдзе гаспадара, якому будзе патрэбен. Кажыце дзякуй богу, што не адбіраю ў вас крадзенае. Брыдка.

Аконам знікае.

Янка. А вы ўсё ж пан. Таксама паказваеце ўладу.

Чаховіч. А над колькімі куражыўся ён? А я бяссіла глядзеў. Прыжывал, нахлебнік, аб’яўлены вар’ятам. Але гэтаму цяпер канец. Памятаеш, я казаў пра таямніцу.

Янка. Ну… Вы чагосьці чакалі?

Чаховіч. Чакаў. Смерці жонкі… Не глядзі на мяне, як на пачвару і страшыдла. Чакаў, абпляваны і прыніжаны ўсімі, акрамя адзінак. Але дачакаўся.

Янка. Чаго?

Чаховіч. Я заплаціў са спадчыны ўсе пазычкі і даўгі паўстання.

Паўза.

Янка. А калі б… першы пайшлі вы?

Чаховіч. Значыць, я дарэмна ўсё жыццё цярпеў прыніжэнне. Ну, цяпер нехта кіне адзін сказ. «Первшым его чынэм было сплацэне пожычэк, зацёнгнентых на цэле повстаньчэ».

Янка. I што, сэнс жыцця — у адным сказе?

Чаховіч. Ну. Я не вінен нікому. Акрамя забітых, што самі абралі свой лёс. Паўстанне не вінна нікому. У сваёй галаве я трымаў гэты гросбух. Але паўстанне не вінна нікому. Я сплаціў ягоны і свой доўг. Ніхто цяпер не скажа пра тутэйшых, пра беларусаў, што яны не плацяць свой доўг.

Янка. I ў гэтым усё?

Чаховіч. А ты што думаеш? У чым сэнс жыцця? Сплаціць свой доўг народу, які цябе нарадзіў. Сплаціць да канца і памерці. Не чакаючы падзякі.

Янка. Праз сорак год? Многія, мабыць, памерлі?

Чаховіч. Нічога, засталіся дзеці. Унукі. Пляменнікі. Калі ёсць той свет — яны раскажуць. Калі няма — у нас застанецца чыстае сумленне. Паўстанне ні кому не вінна. Вінныя толькі тыя, хто вешаў і ссылаў нас. Але прыйдзе час — мы станем перад Праўдай з чыстымі рукамі. А ў іх рукі будуць па локаць у крыві.

Уваходзіць пакаёўка.

Пакаёўка. Пане. Тут прыехалі купцы наконт гаю.

Чаховіч. Хай пачакаюць. Пакарміце іх.

Пакаёўка. І тут яшчэ стражнік прыбягаў на кані ў Гайну. Ад вурадніка, ад Рахцея Рахцеевіча, каб яму прычасць калом у глотцы. То ён казаў…

Чаховіч. Што?

Пакаёўка. Найміт ёсць у Валахоўскага. Каляда такі.

Янка. 3 ім нешта?!

Пакаёўка. Ды не з ім, братачка. 3 бацькам ягоным. Арандар сагнаны. Пагубіў…

Янка. Каго?

Пакаёўка. Не каго. Душу пагубіў. Узяў ды на браме ў Валаховіча ноччу павесіўся.

Янка (Чаховічу). Позна я да вас прыйшоў.

Чаховіч (да пакаёўкі). Заўважылі за ім нешта перад… гэтым?

Пакаёўка. А як жа. Удумлівы хадзіў. Бо тут яшчэ паніч з ягоным сынам за дзеўку заеліся. I сына ледзь з наймітаў не пагналі. А што дзеўка? Што ён, у касцёл з ёй пойдзе, паніч? Вось будзе яна цяпер праз слёзы бусла чакаць. Матку не слухала — бабку цяпер будзе слухаць.

Янка. Кінь. Бацькі яе і прадалі. Не людзі — саладуха пракіслая. Рабы. Каб хаця свяшчэнніка, а то яны бога вакол пальца абвесці хацелі, душу запрадаць.

Чаховіч. Яшчэ што?

Пакаёўка. У карчме, кажуць, казаў: «Вязуць дарогамі паваленыя дрэвы з майго калісьці гаю, воўну з авечак, што пасвіліся на маёй калісьці, адабранай зямлі. Зрабілі з мяне нішто. То ўжо хай бог ці д’ябал і гэтае нішто забіраюць…» I аб чым гэта ён?

Чаховіч (глуха). Ідзі.

Пакаёўка выходзіць.

Чаховіч. Ну вось так. Спазніліся. I ты і я… Вып’ем яшчэ за тры пагубленыя, бесславесныя душы. (Паўза.) Ну як, галасы чуеш?.. Гэ-эх, у іншай краіне быць бы табе паэтам. А ў нас паэтаў, відаць, чорт выпалаў.

Янка. Я спрабую. Пару вершаў нават надрукавалі. Польскіх.

Чаховіч. Польскіх? Пасля Міцкевіча. Хаця і ён адсюль. Ну, прачытай, калі не жартуеш.

Янка.

Czarnych swarów dalecy
Ludzie prawdzie nie zdradzą
Moźńi, biedni, kalecy
Ręce sobie podadzą.

Чаховіч. Падалі рукі. Валаховіч і Каляда. Яшчэ нешта.

Янка.

Miłuje jak jesteś szeroka i długa,
Pzed laty dwóchsetnie liczącej się miary,
Gdy bił ci pokłony i władca i sługa,
Gdzie słońcem, gdzie gromem srumiały sztandary.

Чаховіч. Гм-м.

Янка. Кепска?

Чаховіч. Кепска. Злоўжыванне высокімі словамі і сто разоў паўтораным. Для Сыракомлі, можа, й добра было б. Але калі ён пісаў? Дый ён спрабаваў па-іншаму.

Янка. Я чуў. Але ж гэта па-тутэйшаму.

Чаховіч. Кастусь пісаў па-тутэйшаму. Хто ведае, можа, яны мелі крыху праўды. (Паўза.) А твой голас якімі словамі гаворыць?

Янка. Не ведаю. Толькі ад іх сэрца рвецца.

Чаховіч. Ад гэтых — не. Ідзі за голасам. (Задумаўся.) Пушкін, як сваю, ведаў французскую. А што ён на ёй? Можна, пачынаючы, ведаць толькі некалькі слоў. Але гэтыя словы… Але гэта будуць гучаць у табе Галасы Забытай Крыві… I паслухаць іх ніколі не позна… Слухай, вось тыя кнігі — мае ўлюбёныя. «Дон Кіхот», «Мантэнь»… Божа, а Кнігі і няма. Ніводнай Кнігі ні для цябе, новага, ні для мяне, абноўленага… Стой, а можа… (Дастае з паліцы кніжачку.) Пра яе я й забыўся. «Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй… Наша мова для нас святая, бо яна нам ад бога даная… Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая». Бог мой, як я забыць мог?! Прыжывальства памаракі забіла старому дурню… Вось жа яно… «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек, перад скананнем катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» «Язык і ёсць адзёжа душы». (Працягвае кнігу.) На. Астатняе здабудзеш сам. А тое, што пісаў дасюль? Не такімі вершамі сплочваюць доўг. Замучанаму бацьку і забітаму Калядзе, тваёй хворай маці і ўдаве Каляды. I зямлі. Мы не разумелі гэтага. Многія. Камусьці трэба пачынаць плаціць.

Спаўзае з крэсла. Янка кідаецца да яго.

Чаховіч. Нічога… Ні… Я яшчэ пакуль не памру… Я… дачакаюся, пакуль пачнеш плаціць ты… Як позна я… Ты вінен і за мяне таксама. Бо я дурны. Хто ведае, ці не пакарае мяне пекла… За тое, што я так доўга не мог… знайсці яе. Нічога. Iдзі ты. Можа, твая доля — сплаціць за іх…іхняй мовай. Перастанем быць як яны — тады канец.

Заслона.