Кастусь Каліноўскі — Карціна пятая

Задні фасад мураўёўскага палаца. Святло падае з дзвярэй і люстраных акон на балюстраду, на шырокія белыя сходы, што спускаюцца ў парк. На адзін бок сходаў, злева, агароджа з лаўкай. Правей фасада — арка, частка аркадаў, што акружаюць парк. За ёю зорнае неба… Урачыстыя гукі паланеза. За цэльным шклом акон плывуць пары. Па сходах ідзе Каліноўскі, апрануты ў бездакорны фрак. Насустрач яму Арсень.

Кастусь (ціха). Ну што?

Арсень. Марцявічус п’е з ім.

Кастусь. Бедны… I лёгка ідзе?

Арсень. Цаплін пасля сустрэчы з намі шмат п’е… Можаш ісці спакойна.

Кастусь ідзе далей. У гэты момант з’явілася ля балюстрады Марыя Грэгатов і ч. Сустрэліоя позіркамі.

Марыя. Пан Макарэвіч, добры вечар.

Кастусь аглянуўся, і на хвіліну нешта дрогнула ў яго вачах.

Кастусь. Прабачце, не маю гонару.

Марыя. Вы жылі ў флігелі дома маёй маці, у Зарэччы. Я — Марыя Грэгатовіч.

Кастусь. Запэўніваю вас, вы памыляецеся. Я — князь Мсціслаўскі. Але я хацеў бы быць гэтым невядомым Макарэвічам, каб мець шчасце хаця зрэдку бачыць вас…

Марыя. I Вітаўта Парафіяновіча не памятаеце? I як мы ўтраіх сядзелі ў нашым садзе… Вы… так нечакана з’ехалі ад нас у сакавіку.

Кастусь. Вы абазналіся… Прабачце.

Ідзе далей. Насустрач яму ідзе Караліна.

Караліна. Ідуць. Заўважыў мяне і захапіўся. Такая брыда!

Кастусь. Стой непадалёку, калі… ласка…

Змрочны, маўклівы і доўгі, як Мефістофель, Марцявічус вядзе Цаплін а. Цаплін не хістаецца, але ён цяжка, трагічна п’яны.

Цаплін (жмудзіну). Сядзіш тут сярод дам і кветак… як самая непатрэбная радзіме кветка. А ці быў ты на полі, дзе дабіваюць… Я таго мужыка з віламі… не забуду… Аблічча бледнае… як пры ўсплёску бліскавіцы… Хочаш, падару на шчасце вяроўку павешанага?

Марцявічус. Не.

Цаплін. Тады — мармуровы бюст імператара. Я люблю бюсты імператара.

Да Каліноўскага падыходзіць Дэ Салье.

Дэ Салье. Вымушана была пакінуць вас, князь. (Угледзеўшыся.) З вамі нешта здарылася?

Каліноўскі. Пачаў губляць галаву, мадам. (На Караліну.) Мая стрыечная сястра, княжна Надзея Загорская… Я прашу вашай апекі над ёй.

Дэ Салье. Якая мілая… На выданні?

Кастусь. Самая багатая нявеста Прыдняпроўя.

Караліна (з дакорам). Юры…

Дэ Салье. Пры такіх вачах пасаг — зусім лішняя справа. Мяркую, часам вы шкадуеце, што яна — сястра вам.

Кастусь. Часам… вельмі шкадую.

Караліна. Юры…

Кастусь. Вядома, калі вас няма побач.

Дэ Салье. Я схільна палюбіць вашу кузіну… Дарэчы, вось князь Стоцкі… Мілы…

Кастусь. Паляк? Яны так сур’ёзна паўстаюць, палякі…

Дэ Салье. Сто-оцкі…

Кастусь. Ф-фу… Мне здалося — Друцкі… Гэта яшчэ горш, чым палякі… Гэта нашы радзінныя ворагі… Забабоны мацней за нас. Мне давялося б, не адчуваючы ніякай варожасці да беднага маладога чалавека, справацыраваць яго на сварку… Так недарэчна!..

Мураўёў падышоў да балюстрады. Пакуль дэ Салье знаёміць Караліну са Стоцкім, змрочны, як Мефістофель, Марцявічус торгае Цапліна.

Марцявічус. Хадзем.

Цаплін. Не, я да графа. Я люблю графа. Мы з графам — два чаравікі — пара. Мы з графам і з табой — тры чаравікі пара. (Ідзе да графа.)

Дэ Салье зноў з Кастусём, які відавочна кампліментуе з ёю. Караліна кідае на Кастуся ўмольны позірк. Кастусь непрыкметна паказвае ёй язык. Караліна ўсміхаецца. Стоцкі відавочна ў захапленні.

Дэ Салье (Кастусю, нібы ведучы далей размову). I вам не шкада райскіх птушак?

Кастусь. Iм мяне не шкада.

Дэ Салье. Бедны. Няўжо зусім?

Кастусь. Адной.

Цаплін. Ваша сіяцельства. Тут адзін сказаў, што вы сякі і такі. Я не веру. Мы з вамі — тры чаравікі пара. Я вам падару гіпсавы бюст Каліноўскага.

Кастусь (дэ Салье). I, з-за адсутнасці мадэлі, закажа бюст з мяне.

Дэ Салье смяецца.

Цаплін. I вы будзеце ўспамінаць нябожчыкаў Каліноўскага і Цапліна.

Мураўёў. Калі вы будзеце так піць, вы станеце нябожчыкам хутчэй, чым трэба… Ідзіце дамоў…

Змрочны жмудзін вядзе Цапліна па сходах паўз Каліноўскага. Цаплін спыніўся.

Цаплін. А я вас… пазнаю.

Кастусь. Мне прыемна, што вы ў такім стане яшчэ здольны пазнаць кагосьці.

Цаплін. Дык ты… у модных панталонах?

Збіраюцца да іх людзі.

Кастусь (Стоцкаму). Малады чалавек, адвядзіце яе… Яна… спалохаецца…

Караліна. Не!

Кастусь (да Цапліна). Я не нашу спадніцы. Я не шатландзец. Хаця з ахвотаю стаў бы ім на хвіліну, каб вы з задавальненнем канстатавалі гэта і пайшлі дамоў.

Цаплін. Дзе твае пісталеты?

Кастусь. Яны дома. Па іх лёгка паслаць.

Марыя глядзіць на сварку пашыранымі вачыма. Цаплін хапае Каліноўскага за плечы.

Цаплін. Мяцежнік!

Кастусь. Працягніце ўздоўж тулава вашы рукі, калі не хочаце працягнуць ногі.

Арсень. Па-мойму, яму зараз стане дрэнна.

Цаплін (да Арсеня). I ты мяцежнік… (Да Караліны.) I вы. Уся зала ў мяцежніках… як пры ўсплёску бліскавіцы.

Махнуў рукою, пайшоў да садовай лаўкі Мураўёў.

Кастусь. Не навучыліся суразмерваць сілы з колькасцю віна на стале… Мяркую, і не паспееце.

Дэ Салье. Выдаліце яго хто-небудзь!

Ля Цапліна выраслі 1-шы і 2-гі прахожыя.

Марцявічус. Хадзем, галубчык. Дапамажыце мне, панове.

Цаплін. Выдаляюць цвярозага!

Кастусь. Цвярозыя маюць дастаткова здаровага розуму, каб разумець, што ва ўсякім іншым месцы ім будзе зручней.

Павялі Цапліна.

Цаплін. Панове, мяне выносяць!

Голас. Бачым.

Цаплін. Мы яшчэ сустрэнемся… пры святле маланкі!

Кастусь. I пры секундантах… (Падае картку Марцявічусу.) Перадайце яму маю візітную картку… калі ён, вядома, мае звычай хоць калі-небудзь выходзіць з такога вось стану.

Вывелі Цапліна.

Марыя (ціха). Князь Мсціслаўскі?

Кастусь. Уф-ф! (Да Караліны.) Раю вам, сястрычка, запасціся верай, што не ўсе мужчыны падобныя да палкоўніка. Зрэдку трапляюцца і іншыя.

Караліна. Веру.

Смяшок. Людзі разыходзяцца.

Дэ Салье. Мілы князь, граф хоча пазнаёміцца з вамі… Вас я вазьму з сабой, дарагая княжна. Вы ўбачыце графа, а тады я аддам яе вам, князь Стоцкі.

Падыходзяць да Мураўёва. Дэ Салье рэкамендуе Кастуся і Караліну.

Мураўёў (Караліне). У вас адухоўленыя вочы, княжна. Вы непадобная на большасць свецкіх паненак.

Караліна. Мне прыемна чуць гэта, граф.

Дэ Салье. Хадземце, дарагая… (Мураўёву.) Спадзяюся, вы будзеце ў захапленні ад князя… як я…

Мураўёў. Мне часта даводзіцца захапляцца вось так… Аддаюць перавагу маладому Нуліну, які толькі што прыехаў з Парыжа, а не мне, які «в сраженьях изувечен».

Кастусь. «И вас за то ласкает двор».

Караліна і дэ Салье пайшлі.

Мураўёў. Ласкі двара не ласкі жанчын… Мсціслаўскі… Я ведаў аднаго па Магілёўшчыне.

Кастусь. Наш радзінны край, граф.

Мураўёў. Н-нулін… Непрыемны выпадак, га?

Кастусь. Відаць, вам дрэнна, калі сярод гэтых жырандоляў і калон людзям блюзняцца цені паўстанцаў.

Паўза. I раптам Каліноўскі рассмяяўся.

Цікавая ідэя. Уявіце сабе, што я сапраўды паўстанец. I сустракаюся з чалавекам, які мяне ведае… Бр-р…

Мураўёў. А вы пайшлі б у паўстанцы, князь?

Кастусь. Пайшоў бы. Каб імператару прыйшла ў галаву ідэя адмяніць гасудараў радасловец.

Мураўёў. Дзікая ідэя. Хіба ён можа?

Кастусь. Радасловец — небяспечная кніга.

Мураўёў. Чаму?

Кастусь. З яго вынікае, што першыя — мы, а Раманавы — мелката.

Мураўёў. Сказалі б гэта ў вочы?

Кастусь. Прывілей арыстакратаў — праўда.

Мураўёў. Нават на эшафоце?

Кастусь. Э-э! Столькі сапраўдных дваран за апошнія гады мужна стаялі на ім. Я не горшы. Толькі мне хацелася б ведаць… навошта вам усе гэтыя страты, граф? Якая вам патрэба знішчаць?

Мураўёў. Таму што толькі на імперыю, на ўцёс у збаламучаным моры спадзяюцца сёння высакародныя людзі ўсёй зямлі.

Кастусь. А нашто нам апраўдваць іх спадзяванні, ратаваць іх?

Мураўёў. Для сябе. Бунт мужыка — заканамерны. Ён воўк і глядзіць у лес. Калі ж дваранін стае на бок мужыка, здраджвае саслоўю, хоча ў свінапасы — такога нельга літаваць.

Кастусь. А такія ёсць?

Мураўёў. Ёсць.

Кастусь. Хто яны?

Мураўёў. Ну вось, напрыклад, Каліноўскі…

Кастусь. Хто ён?

Мураўёў. Самы небяспечны і самы дастойны мой вораг.

Кастусь. Тады гэта, відаць, фігура. Хацелася б мне ўбачыць яго. Я з цікавасцю паціснуў бы яму руку. Гэта, ці ведаеце, сустрэча не з тых, якія забываюць.

Мураўёў. Я не магу забыць аб ім ужо некалькі месяцаў.

Кастусь. Цікава, які ён?

Мураўёў. Кажуць, русыя, вельмі пышныя, хвалістыя валасы.

Кастусь. Гэта не прыкмета. На жаль, мода псуе валасы мужчын памадай.

Мураўёў. I вялікія выразныя вочы.

Кастусь. У беларусаў наогул выразныя вочы. Нямнога… Чакайце, чакайце, як, вы сказалі, прозвішча?

Мураўёў. Каліноўскі.

Кастусь. Я ведаў аднаго па Пецярбургу. Як яго зваць?

Мураўёў. Канстанцін.

Кастусь. Н-не. Таго звалі Віктар… Сядзеў у Публічнай бібліятэцы днямі і начамі.

Мураўёў. Гэта яго старэйшы брат. Ідэйны выхаваўца. Кажуць, быў яшчэ горшы якабінец. На шчасце, не дачакаўся перамогі ўлюбёнага браціка. Здох ад сухотаў.

Паўза. Кастусь устае.

Кастусь. Я вымушаны адвітацца, граф.

Мураўёў. У чым справа?

Кастусь. Мне няма аб чым размаўляць з вамі. I не хочацца.

Мураўёў. Князь, вы няветлівы!

Кастусь. Магчыма. Але затое — прамы. I выхаваны ў правілах дваранскага ганаровага кодэкса. А ў прыдняпроўцаў, у мяне… ёсць цвёрдае перакананне ў тым, што павінен і чаго не павінен рабіць дваранін… чалавек. Што ён павінен мець.

Мураўёў (з жудаснай іроніяй). Прасвяціце старога. Што?

Кастусь. Толькі душу для праўды, жыццё — для сапраўдных людзей, сэрца — для жанчыны… I яшчэ гонар. Чуеце? Гонар… для самога сябе і ні для каго на свеце больш.

Мураўёў. У чым жа ён, калі не сакрэт?

Кастусь. У тым, каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў… I яшчэ ў тым, каб ніколі не лаяць мёртвых, якія не могуць адказваць: ні дрэнныя, ні высакародныя.

Паўза.

Калі мой субяседнік не трымаецца такога — я ў праве пайсці ад яго. Калі так робяць многія — тады няхай хутчэй ставяць гільяціны на ўсіх плошчах… Такому панству — туды і дарога.

Мураўёў. Сядайце, князь… Сур’ёзна… Я не думаў, што ў свеце ёсць хаця адзін чалавек з іншымі паняццямі. Цікава. Небяспечна.

Кастусь. Чаму небяспечна?

Мураўёў. Таму што такія людзі — дзейныя людзі. А свет непадобны на космас іхняй душы. I яны ў гардыні пачынаюць думаць, што пераробяць вялікі свет па вобразу і падабенству свайго… малога. А адсюль — адзін крок да фронды… бунту… эшафота.

Кастусь. Вы мяркуеце?

Мураўёў. Я ведаю… Я ведаў у маладосці шмат такіх… У-у, якая ў іх была сатанінская гардыня! I смеласць пры няправільным шляху.

Кастусь. Хто яны былі?

Мураўёў. Ну хаця б… Сяргей Мураўёў-Апостал.

Кастусь. Той, каго павесілі?

Мураўёў. Ну вядома ж не той, хто вешаў… А пайшлі б да нас?

Кастусь. Не.

Падыходзіць Дэ Салье.

Мураўёў. Чаму?

Кастусь. Вешаць дваран, як піратаў! Фу!

Мураўёў. З усіх людзей — вы першы, хто сказаў мне аб гэтым у вочы. I вы не думалі, што дзяржава — вышэйшая праўда і таму несправядліва знішчаных няма?

Кастусь. Ваша сіяцельства, вы маеце на ўвазе Хрыста?

Мураўёў. Дайце мне зірнуць у вашы вочы.

Ён кладзе руку на плячо Кастуся. Рука ўспаўзае на шыю. Гэта так страшна, што дэ Салье ўскрыквае.

Дэ Салье. Граф!

Кастусь (з адценнем насмешкі). Супакойцеся, гэта інтымны жэст. Граф прыдатны мне ў бацькі.

I тут у голасе Мураўёва загучала незвычайная, страшная, вострая пяшчота.

Мураўёў. Сынок… Смелы… Не любіш старога… Не баішся… Першы з усіх.

Дэ Салье. Не выключаючы гасудара?

Мураўёў. Не выключаючы і яго… Смела… Люблю… Не хацеў бы я сустрэчы з табой на страшнай сцежцы.

Бярэ Кастуся за скроні і цалуе ў лоб. Пайшоў з дэ Салье. Хвіліну Кастусь стаіць моўчкі. Потым Стоцкі падводзіць да яго Караліну.

Стоцкі. На жаль, мяне патрабуе служба, князь… Вось… Я прывёў… Нешта здарылася… Шукаюць некалькіх афіцэраў. І Цапліна шукаюць. Я спадзяюся, я вельмі спадзяюся.

Адкланяўся. Пайшоў. Караліна ўздыхнула.

Караліна. Вызвалі майго князіньку…

Кастусь. Сумуеш, бедная сястрычка. Пойдзеш, можа, у княгіні?

Караліна. Бог з ім, з княствам і з князем. Фігурай — нажніцы, розумам — сушаная траска.

Да Каліноўскага падыходзіць афіцэр.

Афіцэр. Цапліна не бачылі? Тэрмінова выклікае камендант.

Кастусь. Яго адправілі дамоў.

Госць. Ён набадаўся, як сорак тысяч пустэльнікаў.

Афіцэр. Ды няма яго дома.

Арсень. Значыць, не давезлі.

Збіраецца натоўп. Непаразумелыя выгукі.

Афіцэр. I дома няма.

Кастусь. I дома няма? Ну, панове, тады застаецца выказаць адно меркаванне.

Госць. Якое?

Кастусь. Яго ўкралі. Ён выкрадзены.

Госць. Кім?

Кастусь. А вось тут самае шырокае поле для вашых меркаванняў: ад паўстанцаў і нячыстай сілы да спакусніц нізкага гатунку і тайнай паліцыі.

Смех.

Асабіста я схільны падазраваць цыганоў.

Арсень. Хіба ён дзіця ў пяшчотным узросце?

Кастусь. У самым пяшчотным, панове. Настолькі пяшчотным, што я не ведаю, ці можа ён сказаць слова «мама».

Зайграла музыка.

(Гучна.) Вось мы і танцуем свой танец, сланечнік… Гэты вальс — наш.