Лісце каштанаў — Частка 12

Я сядзеў на высокім узгорку. Часам суха шапацелі мёртвыя сцябліны палыну і мякка варушыўся малады шыза-зялёны палын. А я ўспамінаў арэнбургскія стэпы і тое, што гэты малады палын крыху схожы на лапкі кавуноў. Былі тут таксама ружова-бялёсыя кашэчыя лапкі, сінія зоркі цыкорыя. Была цішыня, прасякнутая пахам траў.

Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?). Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. I ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў:

— А гэта, хлопцы, не пясчанік. Гэта звычайны пясок. Ледзь-ледзь сцэментаваны.

— Чым? — спытала Лізка.

— А чорт яго ведае чым. Вапнай, што ў вадзе бывае.

— Ну, і хрэн з ім, — сказаў Багдан.

3 вышыні я, як на далоні, бачыў яр з усімі яго адгалінаваннямі, «абеліскамі» і «пірамідамі». Увесь гэты дзіўны, нібы з чужое планеты, свет.

Глядзеў, як рухаюцца, поўзаюць па дне маленькія фігуркі, капаюцца, часам нешта знаходзяць. Адзін раз Ролік паказаў мне нейкую цёмную рысачку. Мабыць, яшчэ аднаго вінтара знайшлі.

Было ціха. Пахнулі травы. Ні на дарозе, ні на беразе нікога не было. Ніхто не збіраўся сачыць за намі. Мабыць, мы так правучылі верхнядворскіх, што яны назаўсёды адмовіліся цягацца з намі.

Бяжыць на вятры лаза, бягуць воды. Шуляк кружляе ў сляпучай вышыні. Узняўся з зарасцяў вялізны, сыты, вугальна-чорны крумкач.

Ворон помнив Остряницю й Хмеля,

Над Полтавським боем кружеляв.

Горка пахне палын, і самі сабою склейваюцца павекі.

Вось Багдан, трымаючыся за карані каштана, вылез і пабрыў па плато. Мабыць, у вяршыні яра нічога не знайшоў і цяпер выконваў другую частку загаду.

Бяжыць пад ветрыкам шызае мора сіўцу і палыну, хістаюцца рэдкія татарнікі.

Твой названы брат

У Царградзе дальнім сеў на палю.

Кліча брат Мушкета у Царград…

Цішыня. Сонца. Мора бягучага сівога палыну. Хіліць у сон.

Выбух!!!

Ён устаў непадалёк ад Багдана, невысокі, сляпуча-чырвоны спадыспаду — такі сабе невялічкі язычок зыркага полымя, — вугальна-чорны зверху. Паляцелі камякі зямлі.

Багдана, відавочна, яе зачапіла. Кінуўся бегчы да яра, у якім замерлі, насцеражыліся маленькія постаці людзей.

Яшчэ выбух! Непадалёк ад першага. Багдан упаў, але хутка ўзняўся і пабег далей.

…Я так і не ведаю — і ніколі ўжо не зведаю, — што там здарылася. Вайна прыдумвала тысячы мінных «сюрпрызаў». Міны скакалі, як жабы, міны рэагавалі на цяжар, цеплыню, на памяншэнне глыбіні і блізкасць берага (калі іх цягнуць на гэты бераг, разбіраць). Міны былі з’яднаныя «ў сець», і кожная чарговая выбухала праз хвіліну пасля выбуху папярэдняй, у шахматным парадку. Міны хаваліся ля «забытых» рэчаў: веласіпедаў, прыёмнікаў, дзіцячых цацак. Адно ведаю: наша пастка была «падключана» да досыць вялікіх схованак, дзе былі таксама міны і, напэўна, снарады. Іначай нельга было растлумачыць тое, што адбылося потым.

Чаму ўсяго гэтага не размініравалі? А чаму адразу не аднавілі руін? Такіх смертаносных месц тады было мільён. Я сам ведаў чалавека, які жыў у пакоі побач з велічэзнай, з добрага кабана, бомбай. Тая прабіла перакрыцці і засела стабілізатарам у арматуры, і чамусьці не выбухнула. Чалавек замураваў яе, аддзяліў цагельным — на палову цагліны — мурам і жыў у гэтым пакоі з жонкай і дзецьмі. Бо няма дзе было жыць. Гэта было ў Віцебску.

На ўсё не хапала рук. I кожны дзень недзе ў лесе, полі, урочышчы гінулі дарослыя і дзеці. Але часцей за ўсё дзеці.

Дый хто мог спадзявацца, што нехта палезе ў гэтае богам праклятае, бясплоднае месца, дзе ні вады, ні травы, хаця б на казу, ні роўнай пляцоўкі? Трэба было раней думаць пра дарогі і сцежкі, нівы і сады, і дамы.

Нашы, урэшце, маглі проста не ведаць пра тое міннае поле.

А тыя маглі мініраваць яго, спадзеючыся на тое, што нашы будуць фарсіраваць Дняпро і наступаць тут, бо тут было выгадна рабіць гэта, бо ўвесь раён «слупоў» быў амаль суцэльнай мёртвай прасторай, бо кожны яр, слуп, яма маглі схаваць, прыкрыць, зберагчы жыццё.

А нашы сталі фарсіраваць і наступаць не там, а зусім у іншым месцы… Вось і ўся гісторыя.

Ногі мае нібы прыкіпелі да месца. Я не здолеў зрэагаваць адразу, і я дагэтуль кляну сябе за гэта… Хаця… што я мог зрабіць?

Навум выбраўся з яра там жа, ля старога каштана. Пэўна, каб паглядзець, што робіцца наверсе. Чарговы агніста-чорны слуп адкінуў яго назад, у яр, кінуў Багдана на зямлю. Я здалёк бачыў, як рукі ягоныя чапляліся за сухі палын. I яшчэ выбух, і Багдана пакаціла, перакінула ў яр, туды ж, уніз.

Яны караскаліся на схіл. I тут ірванула яшчэ і яшчэ, амаль пад карэннямі каштана. I той нахіліўся, і я ўбачыў, як з-пад каранёў і звонкі, з-за стаўбура дрэва, паплыў на хлопцаў тоўсты — тром чалавекам не абхапіць рукамі — струмень пяску, і апракінуў, і накрыў Роліка.

Толькі тут я здолеў адарваць ногі ад зямлі і кінуцца бегчы туды, да іх. Бег з усіх ног і бачыў, што здалёк, па краі поля, на якім вырастаюць і вырастаюць чорна-дымныя дрэвы, імчыць да яра яшчэ адна постаць. Імчала на дапамогу Нонка.

Бег і бачыў, як падаюць са схілаў яра кавалкі пясчаніку, як яны рассыпаюцца ў пыл (міны былі закладзены па ўсёй кромцы пасткі).

— Багдане, Навуме, — даляцеў да мяне голас Карла, — трымайцеся.

Ссоўваючы нагамі пясок, ён каціўся да іх. Працягнуў руку. Чарговы выбух, чарговая жоўтая, абрыдліва-жывая лавіна. I яшчэ адзін агнявы слуп, з левага боку расколіны, і яшчэ.

На дно цясніны пачалі падаць вялікія брылы. Некаторыя даляталі на дно цэлыя, некаторыя яшчэ ў паветры рассыпаліся ў пясок. Востра смярдзела нечым. А на хлопцаў сплывалі і сплывалі ўсё новыя сыпучыя лавіны.

Мільганула на паверхні белая галава Карла… Пасля Навума… Зноў Карла… Дзмітрэнка падпаўзаў, сплываў, разам з пяском, да іх:

— Руку! Руку! Хлопцы, руку!

Яго накрыла з галавою. I тут я пачуў адчайдушны віск, страшны крык, у якім ужо не было амаль нічога чалавечага. Крычала Лізка:

— Ролік! Ро-о-лік!

Ёй асабіста нічога не пагражала. Яна стаяла наводдаль, на выступе. Але яна кінулася з яго ў пясчаную варонку, туды, дзе борсаліся хлопцы. Трымаючыся рукою за нейкі корань, яна працягнула другую туды, дзе плыў, падаў, ляцеў пясок, дзе зноў з’явілася галава нашага атамана.

Выбух! Корань абарваўся, і нашу малую панесла да тых, каму яна імгненне таму назад хацела падаць дапамогу.

Я ўжо быў побач, калі выбухнула нешта куды больш вялікае, чым адна міна. Можа, некалькі мін і снарадаў, схаваных у адным месцы. Слуп быў высокі, з палову дрэва. Мяне два разы перакуліла ў паветры і ляснула ўсім целам аб зямлю. I адразу стала цемра.

…Калі я ачомаўся, на мяне ўсё яшчэ падалі камякі зямлі. 3 хвіліну я нічога не чуў. Толькі бачыў: вось выбілася на паверхню галава Навума.

Я паспрабаваў устаць. Але цела калацілася, ногі і рукі былі такія ватныя, што я не ўтрымаўся, упаў тварам, рассек шчаку каля рота аб востры камень. I зноў упаў. I зноў. Пасля мяне знудзіла, і стала лягчэй. Я ўсё ж устаў і, хістаючыся, пабег да пасткі.

Навум трымаўся на паверхні, рабіў такія рухі, нібы плаваў, прасоўваўся паволі да Лізкі, галава і плечы якой былі яшчэ над паверхняй пясчаных плыняў, што сыпаліся, круціліся, спляталіся, утваралі варонкі, як водаварот.

— Ліз! Лізхен! — Хмара пяску ляснула яму на галаву, і ён адказаў ці то кашлем, ці то рыданнем: — Ах-ха!

Твар ягоны быў страшны, здатны на ўсё. Але тут галава дзяўчаці знікла пад чарговай лавінай. На хвіліну з’явілася адтуль тоненькая рука з блакітньмі — я з жахлівай яснасцю бачыў гэта — жылачкамі.

— Лі-із!!!

I тут, якраз у гэты момант, нібы гэты крык нарадзіў яго, грымнуў на ўвесь сусвет самы страшны, самы магутны выбух з усіх, што былі.

Метрах у чатырох ад краю яра ўстаў да нябёс агністы знізу, вугальна-чорны з іскрамі зверху, слуп. Узляцеў, ператварыўся ў вялізнае дрэва, з кроны якога ляцелі камякі, галіны, нейкае шмоцце.

Мяне зноў гэхнула аб дол. Я паспеў толькі разявіць рот, каб канчаткова не аглухнуць.

I тут я з жахам убачыў, як аддзялілася, адкалолася ад схілу на ўсю даўжыню яра, пачала павольна хіліцца, асядаць, а пасля няўхільна, нястрымна падаць у яр махіна ў чатыры метры таўшчынёю, гмах, вышынёю з пяціпавярховы дом.

— Хло-оп-цы! Хлопцы!!!

Усё яшчэ ў выбухах, пачвара асела, нарадзіўшы страшны, гарачы, смярдзючы подзьмух, ураганны, з пяском і камянямі парыў. Нехта поўз каля мяне да амаль засыпанага яра. Нонка. I я з апошняе сілы адштурхнуў яе, рыкнуў:

— Бяжы па дарожнікаў! Хутчэй!

…Пасля я памятаю сябе ўжо на дне шчыліны, у якую з усіх бакоў спадалі пескаспады. Я адкідаў рукамі пясок, гроб яго, як быццам гэта магло камусьці дапамагчы. А мяне цягнула, круціла, засмоктвала, як мурашку ў пастцы-варонцы мурашынага льва. Яна борсаецца, хоча выпаўзці, але ссоўваецца і ссоўваецца, разам з пяском, на дно, дзе ў норцы чакае яе смерць.

Выбухі, здаецца, усё яшчэ грымелі. А пасля нешта грукнула мяне па галаве, і я праваліўся ў змрок.

…Я ляжаў на броўцы яра. Паўсюль у паветры стаяў яшчэ дым, круціўся пыл, і нібы плыло ў ім каламутнае сонца, што яснела, па меры таго як гэты пыл асядаў. 3 носа ў мяне плылі два крывавыя цуркі. I слёзы ліліся з вачэй. Ці ад болю, ці яшчэ ад чаго.

Непадалёк стаялі вайсковы студэбекер і санітарная машына. А каля мяне гаварылі два чалавекі ў форме.

— Я такога яшчэ не бачыў, — сказаў адзін, сівы здаравіла з пагонамі маёра. — Сець і некалькі такіх сабе невялі-ічкіх складзікаў з мінамі ды снарадамі. Гэта значыць, лічылі, што сканцэнтруюцца тут нашы салдаты і тады…

— Гэх, мала чаго мы яшчэ не бачылі. Калі да шкуры даходзіць, то падлюга стакрот падлее.

— Якое няшчасце! Божа мой, якое няшчасце!

Я паступова прыходзіў да свядомасці. Бачыў, як прыкацілі яшчэ два студэбекеры, як ляскаюць унізе рыдлёўкі, як падбягаюць яшчэ і яшчэ людзі, як калоціцца ў руках двух сапёраў Нонка:

— Ролік! Ролік! Пусціце! Пусці-іце!

Мне было ўсё адно, каго яна там кліча. Няхай ніколі не паўторыцца мінулы вечар, няхай ніколі не будзе зорак і вершаў — толькі б іх адкапалі… толькі б іх… толькі б іх…

Праз гадзіну аднаго сапраўды адкапалі — Багдана. Праўдзівей, тое, што калісь было Багданам. I ён ляжаў на плашч-палатцы, і на яго з кожным парывам дняпроўскага ветру ападалі жоўтыя змаршчакаватыя лісты з выкарчаванага з корнем старога каштана.

Пасля, калі кроў перастала ісці, а ногі ўжо не так дрыжалі, я спусціўся да сапёраў. Галава мая то ўспухала, то сціскалася да памераў макавага зерня, але я капаў, капаў, капаў.

Яшчэ праз паўгадзіны адкапалі яшчэ аднаго. Гэта быў Карл. Скурчаны, нібы распляснуты. Тое, што было Карлам, сінявокім, бялявым, худым і доўгім хлопцам, які мог — я толькі цяпер зразумеў гэта — зрабіцца маім лепшым сябрам, калі б толькі я не быў такі дурны, калі б не жыў мінулым болем і былой нянавісцю.

Мы капалі да вечара. Рабілася цёмна. Дагарала на захадзе шафранна-залатая стужка зары. Прарочыла ясны сонечны дзень, якога мае хлопцы ніколі ўжо не пабачаць.

Машыны пад’ехалі на край цясніны і запалілі фары. У іхнім мёртвым святле па-ранейшаму завіхаліся на дне людзі э рыдлёўкамі.

Нас з Нонкай адправілі дамоў. У кузаве студэбекера было цёмна. Нас калаціла. Адплывалі назад рэдкія агні ўскраін.

Бязвольнае цела Нонкі хісталася ў маіх руках. Яна не плакала, нічога не казала. Яна, па-мойму, проста не жыла. Як я.