Лісце каштанаў — Частка 2

Мы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.

Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягацца за намі. Гонару зашмат — звяртаць увагу на дзяўчо. I вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта «старарэжымнае», накшталт: «Алёша, ша! Возьми полтоном ниже, к чему Одессу-маму вспоминать?»

Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх «Агнёў вялікага горада»? Можа, ад нейкага п’янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?

Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:

— На фронт цяпер трапіць — і думаць няма чаго. Бацькі падымуць хай. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць.

— То што?

— А вось, кажуць, банды ў Заходняй Украіне ходзяць. Вось уцячы б, ды ў «ястрабкі».

— Табе «ўцячы», а мне, відаць, так і так гэтым займацца давядзецца. У сябе. Там, — сказаў я.

— Дый тут не дужа ўцячэш, — уздыхнуў Дзмітрэнка. — Вернуць і адтуль, як з фронту.

— Так, — сказаў я, — абклалі, як мядзведзяў. Выхаду, бадай што, і няма.

— Чаму няма? — загадкава ўсміхнуўся Ролік. — Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад.

I раптам кінуў:

— Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт. — I толькі тут «звярнуў увагу» на Нонку. — Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?

— А я не за вамі, сокіл ты мій, — Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў. — Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу — туды іду.

Багдан шумна ўздыхнуў:

— Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.

Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку.

Ох, яблучко,

Ди iз Гапоніi, -

Дівки з нашого двора,

Як півоніi.

— Тожа мне півоня, — буркнуў Багдан. — Пустазелле ты. Піво-оня!

— Анягож!

— Ды кінь ты яе, хай хваліцца, — сказаў Жэнька.

Ох, яблучко,

Ди iз Гамерики, -

Хлопці з нашого двора,

Як вареники.

I растлумачыла:

— Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.

— Ой, вушы надзяру, — сказаў Ролік.

— А ты спачатку наздагані.

Я ачухацца не паспеў, як Ролік нечакана вертануўся і кінуўся на гэтае злашкоднае стварэнне. Гэта было так нечакана, так бліскавічна, што я раз і назаўсёды зразумеў, якая імгненная рэакцыя, які імпэт тояцца ў гэтым нязграбным на выгляд целе.

Ён ужо выцягнуў руку, каб схапіць, але Нонка таксама крутанулася, выслізнула, і тут яе нібы з цецівы спусцілі: ляцела стралой, вялізнымі скачкамі, закінуўшы галаву, выпнуўшы ледзь абазначаныя грудзі. Шакаладныя ногі мільгалі з такой хуткасцю, што рухі іхнія, здавалася, цяжка было заўважыць. I хаця Раланд таксама бег так, як рэдка бегаюць хлопцы — амаль адразу стала ясна, што гэтую казу яму не дагнаць. Урэшце ён гучна затупаў нагамі на месцы і пайшоў назад.

— Чорта яе дагоніш, — прысаромлена сказаў ён. — Ляціць як куля. I на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. I ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу злапаць не ўдалося.

…У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку універсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, «бычыная кроў», якой Мікола I калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт «за мяцежны дух»: яскрава-чырвоная, нібы мокрая, як кроў.

Праз пустыя вачніцы акон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.

Дзверы — правал дзвярэй — і вокны ніжняга паверха былі густа заплецены калючым дротам.

— Мы сюды прыйдзем міны шукаць. I бомбы, — сказаў Ролік. — Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпетні, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню… Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Часавыя ўвесь дзень стаяць.

I тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрогат, дробны звон, нейкае брынчанне.

— Трамвай! — крыкнуў Жэнька. — Во пашанцавала!

Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, надыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і, подлая, прадавала зубы.

Мы беглі за трамваем, наздаганяючы яго, хапаліся за парэнчу, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося падмагаць, падцягваючы за каўнер.

Трамвай гайдала так, што трэба было здзіўляцца, як ён не зляціць з рэек. Мы крыху адсапліся.

— Хто пячору выкапаў? — спытаў я.

Ролік хмыкнуў.

— А чаму мы пыталі, з якой ты вуліцы? — насмешліва спытаў Жэнька. — Тут навокал усе нам ворагі. I з Падвальнай, і з Пірагоўскай, і з яўбаза. Мы тут адны. Як гусіты. Супраць усіх.

— Культурны, — сказаў я. — I часта ж яны вам у косткі даюць?

— Чаму? — прабасіў Багдан. — Мы часцей.

— Іх жа шмат. Столькі вуліц.

У Роліка быў крыху заклапочаны выгляд:

— Нас шэсць было. Іх дзесяць. Цяпер двох бацькі з Кіева звезлі. Адзін у больніцы. Крыху-крыху падарваўся. Ну, трох супраць дзесяцёх малавата. Яшчэ завербаваць аднекуль трэба. Ваенны тэрмін: «роўныя сілы».

Трамвай набліжаўся да Крашчаціка, які ў гэтым месцы не быў разбураны. Нонка стаяла ля пярэдніх дзвярэй. Яна, дый усе мы і не падумалі браць білеты. У нас проста не было грошай, але мы рабілі выгляд, што грэбуем такой умоўнасцю, як білет. Кандуктары даўно і безнадзейна змірыліся з гэтым. А можа, ім проста было прыемна, што вось і падлеткі ў горадзе з’явіліся, што горад, значыцца, ажывае.

— Слухайце, хлопцы, — сказаў раптам Жэнька, — ёсць прапазіцыя, як спаймаць тую выжлачку. Прабіваемся наперад і, як пачнуць выходзіць, у штурханіне бяром пад руку. Скандаліць у тлуме не будзе. А як выйдзем — тут ужо яна — наша.

Мы з абыякавымі мінамі пачалі праціскацца наперад. Трамвай замаруджваў свой бег: закалаціліся, зазвінелі ацалелыя шыбы. Унутрана мы трыумфавалі. Ну і задамо мы зараз ёй дыхту! Не балюча, а так, каб ведала, як смяяцца з вышэйшай пароды.

Чорта з два!

Трамвай яшчэ ляцеў ваўсю, але яна, відаць, заўважыла наш дэмарш, спакойна адсунула дзверы, узялася за парэнчу і, спінаю назад, як хлопец, як сапраўдны ас гэтай справы, скочыла на брук. Прабегла метраў дзесяць і, па крывой, выскачыла на тратуар, адкуль і паказала нам ружовы, доўгі, вельмі ж агідны язык.

Нас пранесла ўжо метраў на трыццаць, і скакаць цяпер не было сэнсу. Усё адно не дагоніш. А Нонка ўжо кінулася бегчы, каб не адстаць ад трамвая, не згубіць нас.

— Во, чорт! — бурчаў Багдан. — Во, халера! Во, чартоўка! Змяюка гэткая!

— Так, — сказаў Ролік. — Што ні кажыце, хлопцы, а нешта ў гэтай заразіне ёсць. Хоць і дзяўчо.

Мы вылезлі — Нонка была па-ранейшаму метрах у трыццаці ад нас.

I тут здарылася тое, чаго я ні дагэтуль і ні пасля не дазваляў сабе. Стараўся, ва ўсякім разе, рабіць тое, што зрабіў тады, але не такімі метадамі.

На рагу бульвара і Крашчаціка — я яшчэ здалёк, носам, пачуў гэта — быў хлебны магазін. Цёплы, добры, самы прыемны на свеце пах гарачага, свежага хлеба ляцеў адтуль. Пахнула спелай нівай пад сонцам, млынам, калі з-пад жорнаў зграбаюць гусіным крылом у мяхі рэшткі мукі, боханамі, што астываюць пад ручнікамі — і так прыемна падлезці пад ручнік і адкалупнуць збоку шорсткую гарачую скарынку, якая драпае дзясны, або і адрэзаць скібку, пасаліць яе шэрай буйнай сырой соллю, што храбусціць на зубах. I з’есці.

Нам па картачках належала чатырыста грамаў хлеба на дзень. У правінцыі на карткі больш нічога не давалі, і гэтага было мала, дужа мала. I ўсё ж ніхто з гэтай прычыны не ныў. Ведалі: даць болей проста немагчыма, калі хочам дабіць гэтую ненавідную свалоту, давесці справу да сапраўднага канца.

Але тут здарылася тое, што абразіла нас, падлеткаў, да глыбіні душы. Дарослыя, праходзячы, усміхаліся або паціскалі плячамі, а мы стаялі, як саляныя слупы, уражаныя, пакрыўджаныя. 3 нас нібы насмяяліся, абняславілі, аганьбавалі. I, галоўнае, не толькі з нас, а і з усіх гэтых нясытых людзей, якія мужна, аддана рабілі сваю справу і не скардзіліся.

Не ведаю, ці дурань быў дырэктар, ці начальства ў яго было дурное. Але паабапал дзвярэй віселі дзве вялізныя рэкламы на шкле. На абедзвюх былі тоўстыя румяныя пекары ў белых халатах і каўпаках.

Яны прытанцоўвалі, і раты іхнія былі расцягнуты ў ідыёцкай усмешцы, а на расстаўленых пальцах правай рукі яны неслі падносы з пляцёнкамі — халамі, рагалікамі, плюшкамі, франзолямі, батонамі і іншым такім. А пад пекарамі было напісана такое:

«Качество хал выше похвал»

I яшчэ:

«Пополнеть скорее чтобы, надо есть побольше сдобы»

— Т-так.

Я зірнуў на Роліка і ўбачыў, што ў таго дрыжаць ноздры.

— С-свалота.

У руцэ ягонай я заўважыў досыць вялікі ўламак цагліны. I тады я, сам не ведаючы нашто, нахіліўся і падабраў другі.

— Ты ў левую, — праз зубы сказаў Дзмітрэнка.

…Дзынкнула, пасыпалася на тратуар шкло. Сівы мужчына на пратэзе кінуў погляд у наш бок і ўбачыў, як мы схаваліся ў бліжнім пад’ездзе.

3 дзвярэй магазіна выбег дзядзька, падобны на «нябожчычкаў»-пекараў. Кінуўся да сівога, нешта загаварыў, зажэстыкуляваў.

— Выдасць зараз, — сказаў Жэнька. — Цікаемо, хлопцы.

I тут чалавек… паказаў рукою на праспект і павёў ёю направа. «Пекар» кінуўся туды, а дзядзька накіраваўся проста да нашага сховішча. Дыбаў, як жораў. Стаў, углядаючыся ў паўцемру:

— Гэй, шалапуты, вісусы, вылазь!

— А што мы? — забубнеў Багдан.

— Канчай, — сказаў Ролік, — мы, мы. Ясна, што мы.

I выйшаў на святло.

Сівы доўга разглядаў яго, нават узяў за патыліцу, закінуў галаву і паглядзеў у вочы. Потым пасварыўся пальцам і раптам… усміхнуўся:

— Ну што, наваявалі? Майно дзяржаўнае пабілі, бандзюкі. Закурыў:

— А ўвогуле нішто. Гэта ж столькі людзей хадзіла, і ніхто каменем па гэтай брыдзе не трахнуў… Толькі, хлопцы, гэта ўсё ж не метад: каменем. Словам трэба, дзеяннем дурасць біць. Маладыя вы, нецярплівыя. А можа, і… Ну, бяжыце сабе.

Мы пабеглі. I толькі калі ўскочылі ў руіны, зразумелі, што магло з намі здарыцца.

Так-сяк адсапліся.

— А ты… малайчына, — буркнуў Багдан.

— А я ж казаў, хлопцы, што рашучы, — загарэўся Жэнька. — Чаго б ён да нас на адхон лез? Маглі ж бы і карак натаўчы ўтрох. А камень як схапіў!..

— Камень я схапіў па дурасці. Гэта не работа. А ты з чаго так азвярэў, Раланд?

I пашкадаваў, што задаў пытанне. Вочы новага сябра, у першы і ў апошні раз, што я яго ведаў, чорныя, бліскучыя вочы былі каламутна-шызыя ад ярасці. Нібы плеўка засцілала іх, нібы дымка. Такая, якая бывае на чорным вінаградзе.

— Хлусню ненавіджу, — выціснуў ён. — Калі брэшуць — ненавіджу.

— А яшчэ чаго ты ненавідзіш? — іранічна спытаў Багдан.

— Несправядлівасць ненавіджу, — хлопца нібы крыху адпусціла, і нечакана ён усміхнуўся ранейшай добрай, белазубай усмешкай. — Хопіць ужо. Занадта хлеб добра пахнуў. I людзі ідуць і глядзяць. Не, хлопцы, гэта мы добра зрабілі. А і сапраўды, пад’есці б чаго.

— Съешьте эти тартинки, мистер Дмитренко, — сказаў Кульба. — И выпейте стакан этого доброго старого кларета. Это подкрепит ваши силы.

Мы зарагаталі.

— Кларэт — кларэтам, а падмацавацца б трэба, — сказаў Багдан.

— Стоп! — узняў руку Ролік. — У руіны, хлопцы.

Праз нейкую хвіліну мы сядзелі ў былым «двары» разнесенага ўдруз дома. Двор увесь зарос вялізнымі, у паўтара чалавечых роста лопухамі, якія даўно пайшлі ў ствол. На вяршынях ствалоў вожыкамі прымасціліся дзяды, якія так зручна ляпіць знаёмым у спіны, здаравенныя дзяды, зялёныя, з малінавымі шапачкамі.

Мы лупілі гэтыя ствалы з самага нізу, здзіралі з іх скуру і агалялі белую пругкую мякаць.

— Гэх, солі б, — уздыхнуў Жэнька. — Каб яшчэ соль, дык гэта ўвогуле было б поэзі. Наслаждзец суцэльны.

Ролік выцягнуў з-пад сто разоў мытай футболкі бруднаваты вузлік:

— Знойдзем і соль.

Праз хвіліну мы мачалі лопухавыя сцябліны ў буйную соль і апляталі так, што за вушамі пішчала.

— Эх, каб гэта яшчэ хлеба, — уздыхнуў Багдан.

— Распанеў, — пырснуў Жэнька, — а мо вашамосць з’ела б труфеляў з анчоўсамі?

— Ну вось, — сказаў урэшце Ролік. — А цяпер дэсерт. Той, што за гумном.

Вылезлі мы з руінаў толькі тады, калі напалову абдзерлі шаўковіцу, якая расла тут жа, у закутку між муроў, што зберагліся нейкім дзівам. Раты ў нас былі чорныя, але прынамсі хаця не так смактала ў жываце.

— Набарабаніліся, — залупіўшы футболку і ляскаючы сябе па загарэлым пузе, сказаў Ролік. — Ну, цяпер і ў дарогу можна. I ведаеце, якую мы яшчэ даброту атрымалі? Га?

— Нонкі няма! — з захапленнем гікнуў Жэнька.

— То ж бо! Як да камянёў, так іхняга племя з сабакамі не знойдзеш.

Мы падышлі да трамвайных рэек. Пасярэдзіне Крашчаціка была ачышчана вузкая палоска дарогі, амаль сцежка. I на рэйках стаяў куртаты трамвайчык, «запрэжаны» ў платформу. Платформа была загружана бітай цэглай, брыламі гэтай самай цэглы і ўламкамі бетону, з якога змеямі тырчала ржавая пакручаная арматура,

— Хлопцы, — сказаў Дзмітрэнка. — Як толькі зазвоніць — чапляйся. Чаго нам аж да плошчы Калініна пешшу тупаць.

…Трамвай крануў з месца. I паплылі, паплылі, паплылі перад намі віды, адзін жахлівей за другі.

Дамы, падобныя да выветраных скалаў у пустэльні, страшныя, немыя, як пачварныя старажытныя замкі. Бетонныя брылы хістаюцца на арматуры, ледзь наляціць вецер. Патокі друзу, жвіру і пяску сплываюць між іх. Дамы, разбітыя ўшчэнт, і дамы, разрэзаныя, як пірог, і таму яшчэ больш страшныя, з рэшткамі шпалераў на сценах, з перакінутым, разбітым раялем. Дамы, яшчэ зусім нядаўна жывыя і цёплыя, а цяпер — мёртвыя шкілеты былога дабрабыту, радасці, любові да дзяцей.

Мы маўчалі. Нам было кепска, як ніколі.

— А кандзіцерскую на тым рагу памятаеш? — спытаў Жэнька. — Дзве трубачкі і вады з сіропам колькі хочаш: і апельсінавай, і яблычнай, і…

— Змоўч, — глухім голасам сказаў Ролік. — Тут жыць болей немагчыма. Не таму, што немагчыма, а… з сораму потым здохнеш, вось што. I калі сорам гэты ў нас яшчэ не зусім прапаў, то чым хутчэй мы задуманае зробім — тым лепей. Біць за гэта трэба, аж пакуль жоўцю рыгаць не пачнуць.

Памаўчаў.

— Наконт шаўковіцы. Трэба і яе набраць і насушыць у запас. На лопухах не выедзеш. У лаўры, ля падземнага хода, яе — гай! Дарослыя, так званыя, туды не лазяць. А мужыкоў нашага ўзросту там, відаць, чорт ма! На даху сушыць будзем.

— Нішто прыдумка, — буркнуў Багдан.

Платформа раптам спынілася, і не паспелі мы спахапіцца, як над яе краем з’явілася, нібы выплыла поўня, круглае чырвонае аблічча з рудымі запарожскімі вусамі.

— Т-та-ак, — сказала поўня. — А я вязу дый думаю — а хто гэта ў мяне, а што гэта за вераб’і на платформе цывікаюць? Аж гэта паны Ракфелеры надыбалі ўласны трамвай. Міла. Ну, і куды паедзем? На звалку, куды я гэты друз адводжу? Або проста ў КПЗ?

Мы злезлі з платформы і пачалі перамінацца з нагі на нагу.

— Гм. Чаго вы топчацеся? Чаго? Вы што, мядзведзі ў клетцы? Я ж чалавечай мовай кажу: надыбалі трамвай, то куды везці?

Першы акрыяў Жэнька. Ступіў шаг наперад і гжэчна пакланіўся:

— Прабачце, мілорд. Але не біць жа нам пяты па такім дрэнным бруку? Ну, мы і скарысталіся з гэтай карэты, якая дзяржаўная, а значыць, і наша. Аб чым крык? Калі справа ў аплаце, то атрымаеце па чэку ў банку Ракфелераў. Маім банку.

Важаты літаральна анямеў ад гэткага нахабства.

— Вы… Вы… Акыш!

— Якое, аднак, дзікунства цэй украінскі народ, — сказаў Ролік. — Ач, він навіть нэ знае, що такэ чэк.

Невядома, чьш бы ўсё гэта скончылася, але тут з-за брылы скочыла даўганогая запыленая істота, крутнулася пад рукамі важатага, прабегла паўз нас і спынілася на бяспечнай адлегласці.

— Божа, — толькі і сказалі ў адзін голас важаты і Ролік. — Божа!

— Што ж, вы думаеце, я не ведала, як вы дабірацімецеся? — хіхікнула Нонка. — Раз на Дніпро, то іншай дарогі вам няма.

Важаты махнуў рукой. Мы змрочна папляліся да Купецкага саду.

— Слухай, — сказаў Ролік. — Што ты цягаешся за намі? Хто цябе прасіў, зараза? Сумленне ты маеш?

— Маю, — нявінна сказала яна.

— Не, — сказаў Жэнька, — я ўжо ніколі ад яе не адвяжуся. Я пайду ў кіно — яна будзе лупіцца на мяне з экрана. Буду чытаць кнігу — гэта будзе кніга пра яе. Я буду паміраць — я н а будзе абціраць мне лоб і чытаць нада мною малітвы. А калі я здохну і буду стаяць перад уваходам у пекла — першая, каго я там убачу — гэта зноў будзе яна. I яна возьме мяне пад руку, каб праскочыць са мною і не адвязацца ўжо ніколі, ніколі.

Мы мінулі кінатэатр «Паўлін» (гэта мы яго так назвалі) з яго вясёлкавай мазаікай і паныла папляліся алеямі. Ролік убачыў, што войска ягонае павесіла нос і мае страшэнную патрэбу ў нечым такім, што ўзбадзёрыла б яго. Віна мы тады не пілі, а нават каб і прыйшла нам у галаву такая фантазія, яна б ніколі не стала рэальнасцю з-за адсутнасці грошай. Патрэбен быў жарт.

Наводдаль сядзеў на лаўцы нейкі афіцэр. Ролік пачухаў патыліцу:

— Вось, што хлопцы. Выпрабуем, якія нервы ў гэтых… дарослых? А то ваяваць мы для іх маленькія, помсціць — маленькія, подзвігі рабіць — маленькія. Вялікія мы толькі, калі двойкі хапаем ці насваволім. Вялікія мы толькі цэглу на суботніках цягаць. То што, зробім?

— Як? — спытаў Багдан.

— А вось так. Як толькі мы падыходзім да лаўкі — вы па майму сігналу строга ў адну секунду выкрыкваеце кожны адно слова. Ты, Багдане, «ачы», ты, Жэнька, «пічы»… Э-э, хлопцы, стоп! Аднаго чалавека не хапае.

— Ды, можа, і без аднаго? — спытаў я.

— Не, брат, эфект не той будзе, — Ролік насуплена ўзважваў нешта і раптам крыкнуў Нонцы. — Гэй, хадзі сюды! Ну, хадзі, каму я кажу? Не бойся, дзерці не будзем. Ну, я табе кажу — не будзем. Слова! — I, нібы просячы прабачэння, ціха сказаў: — Усё адно ж не адвяжацца, чума гэткая. Хай ужо ідзе побач, дідько лысы з ёю. .

Нонка падышла.

— То вось. Тады зробім перастаноўку. Ты, Жэнька, кажы «ачы». Я кажу «пічы». Ты, Нонка, «спічкі», ты, Васілько, «яшчыкі». А Багдан як самы басавіты хай крычыць «хр-рашч».

— А што будзе? — спытала Нонка.

— Усё гэта сальецца ў адно. А ў што — самі пабачыце. Мы параўняліся з лаўкай. Ваенны, лейтэнант, сядзеў і чытаў газету.

— Раз. Два. Тры!

I тут здарылася дзіўнае. Як удар перуна, над паловай саду грымнула жудаснае, нібы гэта зрабіў Гарганцюа:

— Апы-чы-і-хр-і-ашч!!!

Смачны чох, ад якога як не разрываюцца барабанныя перапонкі і ў таго, хто чхае, і ў тых, хто побач. Толькі чох пасілены ў тысячу разоў.

Ваенны здрыгануўся, і тады Ролік пакланіўся і высокім урачыстым голасам, з халаднаватай перабольшанай ветлівасцю сказаў:

— Будзьце здаровы.

Мы гатовыя былі задаць лататы, але нечакана для нас ваенны зарагатаў. У яго з вачэй цяклі слёзы, і ён толькі паўтараў:

— Ну, архараўцы, ну, залатая рота, ну, хуліганнё.

Нельга не зарагатаць самім у адказ на такі смех.

…Калі адсмяяліся, Жэнька, насмеліўшыся, сказаў:

— Таварыш лейтэнант, пакажыце наган.

Лейтэнант здалёк паказаў.

— Гэта і не наган зусім, а «вальтэр», — сказаў Раланд. — Няўдача — ты і ёсць няўдача, цюця — ты і ёсць цюця. Лопух.

— Правільна, — сказаў лейтэнант. — «Вальтэр». Трафейны. Мы паселі вакол яго на траве.

— Слухайце, таварыш лейтэнант, — сказаў Ролік, — вось мы тут спрачаліся, ці патрэбныя на фронце рукі? Якія страляць умеюць?

— Яшчэ як.

— То чаму тады…

— Ясна. Чаму маці-Радзіма грэбуе такімі магутнымі рукамі, як вашы? А таму, што і без вас рук хопіць.

— Я ў партызанах быў у сорак першым, — сказаў я. — Тады, значыць, не хапала, а зараз…

— Тады нявыкрутка была. Проста трапіў ты ў такое становішча. А цяпер нашто ж?

Руіны ляжалі пад намі. Як вока сягае, мёртвы лес руін.

— Мы шмат хто яшчэ памром, — раптам сказаў лейтэнант. — Калі, скажам, і вам аж да нямогі таго самага хочацца — хто ж тады гэтую праказу, лішаі гэтыя з зямлі саскрабе, хто яе прыкрасіць? I потым, вы думаеце, мы іх пад корань звядзём? Будзем старацца, але нешта не дужа верыцца. Так што хто будзе сачыць, каб у гэтага рака метастазаў не было… Дурні вы, дурні. Мы самае важлівае аддаём вам, а ў вас вочы, як у бычкоў крывёю наліліся і…

Ролік махнуў рукой.

— А-а, зноў тая песня. А нам толькі б да іх дарвацца…

— Ну, і чаго ж бы гэта ты так хацеў дарвацца?

— У кожнага з нас тут свае прычыны. У мяне бандыты брата павесілі, але тут… Ну, пра сябе не буду… Унь няхай скажа… ну хаця Васілько.

— У мяне гэтых прычын сотня, — буркнуў я. — Ну, я таксама толькі адну скажу. Братаву маю немцы ў лесе спаймалі з вядром солі. Ясна, куды соль. Лупілі тыдзень. Не спіна, а… А яна ціхая была, стрэлаў баялася, кіно з пацалункамі гэтымі саплівымі любіла. Аж плача, бывала. Але тут ані слова… Цётцы спатканне дазволілі. I даведалася яна, што ніхто іх, вязняў, не лячыў, а братаву лячылі. Спіна — адна рана. I ў ране гэтай чэрві завяліся. То гэтыя «дзеля дэзінфекцыі» ёй спіну соллю пасыпалі, той, што яна ў лес несла… На наступнае спатканне цётка прынесла ёй сарочку, а тыя кажуць: «Сваячкі вашай няма, вывезлі…» Ведаем мы, куды яе вывезлі.

Лейтэнант узяў мяне за падбародак, паглядзеў у вочы.

— Ну вось, хлопец, і адказ. Такія, як ты, страшэнна патрэбныя будуць. Як памяць. Сёй-той можа і забудзе, бо на свае вочы не бачыў. А ты не забудзеш. I ўжо ніколі спакойна не заснеш. Цень гэтага пабачыш — у званы біць пачнеш. Пах адчуеш — не супакоішся, пакуль не торкнеш усіх носам… А ты кажаш.

Устаў.

— Кіньце глупствы. Вам, магчыма, для жыцця больш мужнасці спатрэбіцца, чым нам для смерці.