Лісце каштанаў — Частка 3

Мы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот сутаргава ўздрыгваў.

Дняпро каціў ля нашых ног свае плыні, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. I унь з таго быка я толькі што скокнуў.

Мяне аж пацёпвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнасць, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. I як стаяў наверсе, і калені дрыжалі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак… ух ты, божа мой!

I як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу… I скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.

Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. I ўзлез. I зразумеў, што не здолею. I збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. I з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам — і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.

Вось так і тут.

— Малайчына, — сказаў Ролік. — Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.

— А я з другога разу, — выскачыла Нонка.

— Ну, расхвасталася, — сказаў Багдан. — Вечна свае тры грошы.

— Чаму? Яна праўду кажа, — сказаў Ролік.

— Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.

Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.

— Кінь яе, — сказаў Раланд.

— Ды ўжо… сам кінуў.

— Малайчына ты, — паўтарыў Дзмітрэнка. — I трэба нам — як вы думаеце, казакі-малойцы? — прыняць яго ў наш курынь.

— Прыняць, прыняць.

— А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі… Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля — ён зрабіў эфектную паўзу — уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і… Гадоў прыбавім, дый…

— Не возьмуць.

— Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.

— А зброю што, з калена выламім?

— Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць… Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем — гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі… I гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.

Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.

— Я з вамі, хлопцы, — сказаў я.

— Дабрача, — сказаў Раланд. — Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.

— У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, — паважна сказаў Жэнька.

Як заўсёды, нельга было зразумець, усур’ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.

— Прахвесар, — сказаў Ролік. — Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа… Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.

— Ён нічога, твой дзядзька, — сказаў Багдан.

— Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне — ну, дзячок без царквы: «Маладое пакаленне… Ду-ду-ду, ду-ду-ду». Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца… па малой патрэбе.