Лісце каштанаў — Частка 5

Ішлі дні. На каштанах і ліпах рэдка-рэдка ўспыхнулі першыя жоўтыя агеньчыкі. Хлопцы з Падвальнай і Чкалава прыніклі, і па іхніх вуліцах можна было хадзіць нават удвух, а Карл, якога мы ўзялі ў наш хаўрус і, ясна ж, адкрылі сакрэт уцёкаў, хадзіў, вядома, і адзін.

Уцякаць пакуль што не было як. Трэба было страціць апошняе сумленне, каб напаследак не памагчы бацькам на «прыгарадных і індывідуальна-ўстаноўскіх гародах» (гэтае слова-пачвара азначала, што кожная ўстанова атрымлівала кавалак зямлі і дзяліла яе на часткі між сваімі работнікамі, а таму ўчастак нельга было назваць «індывідуальным» — крый божа! — а толькі «індывідуальна-ўстаноўскім»).

У нас свайго ўчастка не было, і таму я па чарзе хадзіў падмагаць усім нашым хлопцам. Мае на гэта згаджаліся ахвотна, бо гэта «дужа карысна, фізічная праца на свежым паветры». А я і радаваўся.

Працавалі, у вольныя хвіліны лавілі ў пратоках смугастых зеленаватых джгіроў, елі дымны, страшэнна смачны кулеш з рэдкімі кубікамі сала, а вечарам цягнулі ў горад вазок, нагружаны ліловымі бліскучымі баклажанамі і цьмяна-зялёнымі кабачкамі.

Ролікаў гарод быў досыць блізка да Цялічкі, і атаман аднойчы здалёк паказаў мне месца, дзе чакала нас наша зброя: высачэнныя пясчанікавыя слупы, яры між іх: пасечаная, мёртвая, пакінутая зямля.

У гэтыя дні «інтэрнацыянал» наш ледзь не разваліўся. Таму што Жэнька пазнаёміўся недзе з Навумам Фінеесам.

Высокі, худы ад шматгадовага недаядання — калі галадаеш некалькі год, пасля вельмі цяжка, нават пры добрай ежы, увайсці ў норму, — жылаваты. Нічога асабліва яўрэйскага ў ягоным твары не было: нос — просты, форма вушэй — звычайная, вусны — тонкія і прыгожыя, валасамі — цёмны шатэн, вочы — светла-карыя. Можа, гэта і дапамагло яму выжыць у вайну.

I вось Жэнька прывёў яго ў наш атрад, і ён усім адразу спадабаўся, і выявілася, што дурань Кульба ўжо загадзя адкрыў яму нашу таямніцу і той даў згоду. Жэньку за доўгі язык на цэлы тыдзень пазбавілі права хадзіць з намі ў руіны па тол, прымусілі не выходзіць за межы двара, а Навума — прынялі. Што ўжо зробіш, калі так здарылася. Хай будзе пяць нацый.

I вось гэтая «пятая нацыя» ледзь не разваліла, ледзь не загубіла наш магутны саюз і ўсю святую нашу справу. Даведаўшыся, што Карл — немец.

— Немец? Я з імі на адным полі па вялікай патрэбе не сяду,

— Ну і мне невялікая ахвота з табой на адным полі сядзець. Я б твайго азадка век не бачыў і жыў бы. Нават яшчэ лепей. Таксама мне яшчэ шчасце, на адным полі ён са мной не сядзе. Пакараў!

— I праўда, — сказаў Ролік. — Што ж яму, немцу гэтаму беднаму, зараз рабіць?

I загадаў не сварыцца. Але сэрцу і забабонам чалавечым не загадаеш. Фінеес, харошы хлопец, смелы чалавек, які ведаў цану жыцця і смерці, шчодры, кампанейскі, здатны пайсці за любога з нас у агонь і ваду, ненавідзеў Карла глухой, цьмянай нянавісцю, якая не разважала, якая проста — жыла.

Сёй-той з нас стаў на адзін бок, сёй-той — на другі. 3 такой цяжкасцю скляпаны «інтэрнацыянал» развальваўся на кавалкі, трашчаў па швах. І дзіўна, нам неацэнна дапамагла малая, слабенькая Лізка, якую ніхто з нас не браў усур’ёз.

Справа пачалася з таго, што запалы нашы, як выявілася, былі нікуды не вартыя. Тол быў, але толам, як вядома, можна хоць печку паліць. Адзін тол — глупства.

Мы не асабліва засмуціліся. Па нядзелях на яўбазе можна было купіць усё — ад рыбалоўнага кручка і ледзь не да буйнакалібернай гарматы. Мы ведалі там аднаго дзядзьку, у якога можна было дастаць і запалы, ён прадаваў іх на прадмет глушэння рыбы. Але грошы ў нас павінны былі з’явіцца толькі праз два тыдні (мы, нягледзячы на ўсю нашу пагарду да такіх людзей, памаглі аднаму «фраеру» перавезці ягонае багацюшчае абсталяванне, усю гэтую мэблю, карціны, бронзу на новую кватэру: старая яму, бачыце, не зусім падабалася, а кватэр у горадзе было — хоць носам жары). А чакаць два тыдні было нельга: «падвальныя» каапераваліся з Пірагоўскай вуліцай і пачалі падымаць хвост. Было вырашана іхнюю штаб-пячору проста разбурыць. А для гэтага трэба было ўзяць у Карла, праўдзівей, у кульгавага дзядзькі Тараса, у якога Карл быў на выхаванні, лом і дзве рыдлёўкі.

I вось калі мы праходзілі паўз Карлаў флігелёк, Лізка раптам сказала мне і Навуму:

— То зойдзем? Зойдзем — зойдзем. Ты што, Навуме, баішся?

Навум успыхнуў і рашуча пайшоў за намі.

…Два пакойчыкі былі абстаўлены вельмі сціпла, каб не сказаць бедна. Самаробныя тапчаны, табурэткі і стол (дзядзька Тарас быў і сталяр, і цесля, і шавец, і жнец, і ў дуду ігрэц). У кутку ля дзвярэй нізенькі столік, і на ім шавецкія нажы, капылы, тэксікі ў бляшанках і ўсё такое. А на сценах два ўпрыгожанні: маслам пісаная аблупленая карціна, відаць, вельмі старая, бо на ёй амаль нічога нельга было распазнаць, так нейкія рукі і ногі — і павялічаная фотка ў светлай рамцы. А на ёй светлавалосы хлопчык у вопратцы са «шмайсэрам» на шыі. А на ватоўцы два медалі. Нахмураны, значна больш дарослы, чым цяпер, Карл.

Мы стаялі крыху ашаломленыя. Лізка, што праўда, і раней спрабавала была заводзіць гаворку пра «партызанку», але Карл заўсёды яе перабіваў: «гэта не да справы», «змоўч, Ліза» або «гэта іх не датычыцца». Урэшце, што было дзівіцца? I я быў сувязным у атрадзе. I Ролік выконваў у горадзе сякія-такія даручэнні. Але тут…

— Што за медалі? — хаваючы вочы, спытаў Фінеес.

— «За адвагу», — нядбала сказаў Карл, выносячы нам «орудия труда».

I ён не прыкідваўся. Ён сапраўды сказаў гэта нядбала, як аб нечым не вартым асаблівай увагі. Мы выйшлі і, адышоўшыся крыху, селі ў бур’яне, як пабітыя сабакі.

— Расказвай, — сказаў я Лізцы.

— Я не дужа ведаю, — тоненька і вінавата сказала яна. — Ён аднекуль уцёк, прабраўся цераз фронт. Прыстаў да партызан… пашанцавала адшукаць. А пасля рэйд быў. I ён з гэтым рэйдам быў і ў тваёй Беларусі. А за што медалі далі — ён не расказвае…

— Пэўна ж, было за што, калі далі, — сказаў я.

— А пасля, як нашы прыйшлі, дзядзька Тарас узяў яго. У дзядзькі ўсю сям’ю немцы пабілі.

У мяне ў сэрцы накіпала злосць на Навума і, яшчэ больш, на самога сябе.

— Т-так, Навуме, — сказаў я.

Я рос у невялікім гарадку, і мы, дзеці, гулялі ўсе разам, і пры выпадку маглі ўзаемна перакінуцца сотняй-другой беларускіх, рускіх, татарскіх, яўрэйскіх слоў. У дзяцей гэта хутка. Акрамя таго, бацька ў аднаго з нашай банды быў калісь рабінам, але расчараваўся. I таму я, не ў змове стрымацца, сказаў:

— Ты ведаеш, што такое па-старагебрайску «фінеес». Гэта азначае «медны рот». Вось гэта якраз ты. Крычыш ні з пушчы, ні з поля, дурань маляваны.