Лісце каштанаў — Частка 6

Мы сядзелі ў сакрэце: Карл, Навум і я. Лета хілілася да восені, але ночы яшчэ былі цёплыя-цёплыя, можна без сарочкі хадзіць. I вось мы сядзелі ў зарослай варонцы ад снарада, і калені нашы сутыкаліся (я ведаў, што Раланд незнарок паслаў у сакрэт Карла і Навума, і мяне ў якасці згодніка; ён цяпер часта рабіў такое), а вакол утрапёна сакаталі конікі і цыкадкі, а над намі нябачна для вока каціліся сузор’і, якія зрэдку перакрэсліваў патаемны лёт кажана.

Мае паехалі, Карл і Навум былі ўвогуле вольныя птушкі. I вось мы сядзелі і чакалі, каб у дзве гадзіны ночы, калі ўсе паснуць, свіснуць Роліку.

Падвальныя знялі сваю ахову ў гадзіну ночы, але ў вокнах у Дзмітрэнкаў усё яшчэ гарэла святло. Трэба было чакаць.

—Расказалі б што-небудзь, хлопцы, — сказаў я. — Ну хаця б ты, Навуме.

—А што мне расказваць? Звычайнае дзяцінства, пасля вайна, Бабін Яр…

Гэта была, сапраўды, звычайная гісторыя тысяч і тысяч ягоных аднапляменнікаў; расказваць яе — паўтарацца ў стотысячны раз. Мяне здзівіла толькі тое, што яму ўдалося ўцячы і нават сяк-так уладкавацца, але пасля ён зноў трапіў у гета. Яго апазнаў і выдаў немцам адзін тып з яўрэйскай паліцыі. Зноў тры месяцы пекла і зноў уцёкі. На гэты раз проста з месца пакарання смерцю.

—Я гэта ўсё на свае вочы бачыў. I акцыі, і як зямля варушылася. 3 таго часу ў мяне вочы настроены на тое, калі іншаму кепска. Хто, можа, і не заўважае, што камусьці кепска, а я — з першага позірку.

Я адчуваў у цемры, якія напружаныя Карлавы калені. Але не перабіваць жа шчырага і праўдзівага апавядання.

—Потым і іх туды ж павялі. I юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе… Ну і купілі… — I цалкам не лагічна дадаў: — А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя.

Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжволі. Ён проста забыў. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна.

—Хальт маўль, —сказаў Карл. —А па-нашаму «заторкніся».

—Ціха, хлопцы, ціха.

—Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі па Брэст-Літоўскай шашы.

Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных, і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць.

—Хто тады ў іх каштаны і іншае кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі — не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець? Чаму так рабіў гэты люд? А таму, голубе, што ў яго вялікая незласлівасць жыве ў сэрцы. Б’е да смерці, але таго, хто ўпаў — не б’е. Вось чаго мне сорам, а не таго, што я…

Навісла цяжкая паўза.

—Мне, думаеш, лёгка кожны дзень такое чуць? I нават не магчы растлумачыць, бо я тлумачыць — не хачу. Гонар губляць — тлумачыць — не хачу. Сволачы ўсякай тлумачыць — не хачу. Смешачкі чуць, усмешачкі бачыць — не хачу. Каб нават добрыя людзі шкадавалі — не хачу. «Ах, беднае дзіця. Такое малое, а ўжо немец». А я немец, немец! Немец, чуеш ты?!

Мы маўчалі. Цыкадкі і конікі нібы раздзіралі ноч.

—Вы, вядома, ведаеце, што нас высялялі, — глуха сказаў Карл. — Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе — і тут мы да яго ўсёй хеўрай перакінемся. А што нам было, большасці нашых, у гэтым аўстрыйскім недавучку-пэцкалі? У нас радзіма была. Іншая радзіма. Наша… Вязуць нас параходам…

—Чакай, — перабіў я. — Які параход! Не «Пугачоў»?

—Ён самы. А-а ты чаго?

—Так, нічога, кажы далей.

—А ўва мне злосць кіпіць. I вырашыў я: уцяку. Я не кацяня, каб мяне без дай прычыны куды хочаш можна везці. Я ім давяду. За ўсіх сумленных нашых, што ані сном, ані духам…

Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на трыбусе перапоўз, бо з нашага боку мне небяспечна было. Партызанаў знайшоў. I тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў — нельга было.

…Я адчуў, што Карл варушыцца. Пасля ён надоўга змоўкнуў. А потым сказаў глуха:

—Ну, ты мне важлівае сказаў. Як пляму з усяго вартага сцёр. А то я ўсё тыя стрэлы забыць не мог.

—Агонь згас, — сказаў Фінеес. — Подаўна ўжо.

…Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася ржавае крактанне рыны.

—Ну як? — Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў на шыі

—Знялі пост. Дзве гадзіны таму.

—Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць.

Узяўшы з-за памыйкі рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца дыверсіі, ломячы сухі бур’ян.

…Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі, мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды далей, можа, працавалі начамі.

Што праўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі — хітрыя чэрці! — так што ў трох метрах прайдзі і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што «падвальныя» перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль стырчаў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю.

Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёнымі шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае.

Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол-скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з «макаронамі», нямецкім порахам.

—Угм, — сказаў Раланд. — Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж не сумленная бойка, не кулакі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна.

На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз памыйкі, штабелі дошак, дахі дрывотняў.

—План разраблялі, гады, — сказаў Карл.

На плакаце былі намаляваныя мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры.

«Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ перад народам. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка — акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад’емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай».

«Нямецка-фашысцкая морда Карл…» Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне «суд народаў» прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей.

Ніжэй гэтых фігурак ішоў буйны надпіс:

«Наша справа справядлівая — перамога будзе за намі! Раздушым ніжнедворскую гадзіну ў яе ўласным бярлогу!»

—Бачылі? — спытаў Ролік.

Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.

—Ну, гадаўё. Я ім «нямецка-фашысцкую морду» пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта:

—Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, — дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то… Але думаў: несур’ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур’ёз. Таму што дай такой свалоце волю… Гэта ж капо растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо.

—То што? — спытаў Жэнька. — Развалім проста? Разбурым?

—Э, не, — падумаўшы, сказаў Ролік. — Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл — за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілько, лезь наверх і прабі пару дзірак.

—Дзеля чаго?

—Дзеля цягі.

Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаваць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і беляну бярвенні ад старога, чорт ведае колькі год назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць.

Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошчачкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым бардова-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак).

—Каб гарэла зырчэй, — растлумачыў ён.

Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенцаў.

—Патроны возьмем? — спытаў Навум.

—Патроны самі знойдзем, — адказаў Ролік.

—Правільна, — сказаў праз зубы Карл, — яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзю гэткай, пэцкаць.

Мы клалі бярвенцы і на кожны новы іхні слой рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў.

—Слухайце, — сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожненыя, — тут яшчэ дзесяць… пятнаццаць… дваццаць чатыры ракеты.

—Валачы іх сюды, — сказаў Ролік.

Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і паленняў і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз.

Пасля спусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламіўшы, цыліндрыкі, буры тэрміт.

—Падпальваць, ці што? — спытаў Навум.

—Э, не, — сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнура, — без бікфорда — гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур’ёзных людзей.

—Ну, а калі яны тут пасля ачысцяць? — спытаў я.

—Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. I потым невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе.

Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і прысмаліў. Некаторы час здавалася, што шнур не гарыць, але потым з канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя.

—Парадак. Прыдатны.

Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец вонкі, і Ролік запаліў запалку.

—Ну, з богам.

Мы адышлі ў цёмны кут паміж трыма «шанхаямі», узлезлі на дах пуні і сталі чакаць. Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў белы нават у цемры дым.

—Пайшло, — са здавальненнем сказаў Ролік, — зараз як пачне пластаць.

«Пластаць», сапраўды, пачало. 3 бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах.

—Нічога, хлопчыкі, нічога, — кідаў Ролік, — вось ім, вось.

Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. 3 аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з’явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек насмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і непаразумела глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей уздымаліся над узгоркам.

Непадалёк ад нас адчынілася адно акно, другое.

—Што такое? — спытаў старэчы голас.

—А чорт яго ведае, — адказаў бас. — Бандзюгі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго?

—А ракеты?

—Ну, можа, фуліганнё… Страляніна. Можа, боепрыпасы нейкія ахнулі.

—Не кажыце. Развялося — хоць ты не ведаю што рабі. Чуткі ходзяць: з’явіліся нейкія «малаточкі», цюкаюць людзей малаточкамі па галаве. У мяне суседка… Ведаеце, пажылая… То ёй трэба было сярод ночы на вакзал ісці, сустракаць кагосьці. Гляджу, надзяе на галаву алюмініевую міску і зверху хустку завязвае. «Чаго гэта вы, Двося Аронаўна?» — «А малаточкі?» Гэта яна, значыцца, накшталт шлема прыдумала. Калі і цюкнуць, то не да смерці.

Яны засмяяліся.

—Чорт ведае, што гэта, — сказаў бас. — Падазроная нейкая гісторыя… А ўсё ж прыгожа, га?

—Прыгожа… У міліцыю заявіць трэба.

Цяпер страляніна была такая, нібы на ўзгорку віраваў запеклы бой. Снапамі ўзляталі ўгору рознакаляровыя ракеты. Адна паляцела паралельна зямлі між двума кастрамі дроваў і зігзагамі, адбіваючыся па чарзе то ад аднаго кастра, то ад другога, памчала ў бок дамоў. Людзі шарахнуліся ў бакі. Пасля ў зеніт пайшла адна ніць, другая: сярод патронаў былі трасірныя. Мы ў захапленні заскакалі на нашым даху.

I тут нешта глуха вухнула — абвалілася столь пячоры. Відаць, падгарэлі слупы. А можа, і сціснутыя парахавыя газы дапамаглі, не ведаю, як там атрымалася. 3 ямы, як з жарала вулкана, вырваўся слуп агню, узляцела ў розныя бакі яшчэ некалькі ракет, а страляніна стала ўтрапёнай.

Мы саскочылі і пайшлі да людзей. Цяпер можна было ўдаць, што мы таксама выйшлі пацікавіцца. А людзі стаялі і ўсё яшчэ нічога не разумелі.

—Ролік, хлопчыкі, вы? — пачулі мы шэпт.

—Нонка, Ліза.

Прыемна ўсё ж несці цяжар гераізму і славы. Ва ўсякім разе, мы стрымана і мужна ўсміхаліся, калі Нонка трэсла нам рукі, а Ліза ўстала на дыбачкі і выцерла насавіком пляму сажы на Ролікавай шчацэ.

Кроках у дваццаці ад нас стаяў Гнат, і зарыва скакала ў яго па твары. Ён заўважыў нас — аблічча ягонае тарганулася: зразумеў.

Узняў з зямлі ўламак цэглы і шпурнуў яго проста ў жарало, у агонь.

Вочы ў яго былі белыя ад ярасці.

—Ну, трымайцеся.

І плюнуў у наш бок.