Маці ўрагану — Карціна першая

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Агна Вецер.
Васіль Вецер – збройнік, вольны землеўладца, яе сын.
Надзея – ягоная нявеста і потым жонка.
Васіль Вашчыла – войт вёскі Селішча
Іван Карпач – уладца двара, унук крычаўскага
бурмістра і сам бурмістр, сын «гарматніка»
Васка Вецер – мешчанін, стрыечны
брат Васіля Ветра
Ілья Карпач – Іванаў бацька, крычаўскі гарматнік. Сын бурмістра Змітра.
Бачко – сын аднаго з правадыроў, пісар і сакратар паўстання.
Магда Мякенькая – карчмарка
Лаўрэн Каўбаса – яе ўздыхальнік
Айцец Анцівох (Антох) Крапіла – поп-мяцежнік.
Яўхім Хмыз – дудар, усякай музычнай справы майстра.
Мендл Кеймах – каваль.
Пракажоны.
Поп з Бесавічаў.
Князь Геранім-Фларыян Радзівіл – харунжы літоўскі, староста крычаўскі, уладар бельскі.
АліцыяГайдаловіч – каханка князя.
Грабоўскі – пасол ад сваяка Радзівіла, князя Марціна-Мікалая Радзівіла, ягоны фаварыт, «нож» Марцінаў.
Пёкур – ксёндз, пробашч бельскі.
Капітан Аддзяла Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя.
Пан Піліп Каршук – «канцлер дзяржавы» Радзівіла, так бы мовіць, «міністр замежных і ўнутраных спраў».
Павал Цялецкі – губернатар крычаўскі, старшыня суда над паўстанцамі.
Войт вёскі Ківаверцы.
«Нечаканы сяржант», воін з аховы.
Гайдук.
Гдаль Іцкавіч
Шмуйла Іцкавіч
Камісар-Крэатура, паслугач Гдаля.
Палкоўнік Данаван – кіраўнік саксонскіх наёмнікаў.
Раймунд Данаван – ягоны сын.
Палкоўнік Пястжэцкі.
Кат.

Першая дзея адбываецца ў наваколлі двара Ветра, другая і трэцяя – увосень і ўзімку 1743–1744 гадоў у Белай Падляшскай, Цэркавішчы і Крычаве.

Ноч, поўная трывогі. У цемры парывае вецер, і адказваюць яму дрэвы. У адну з ціхіх хвілін далятае здалёк і пасля нарастае пошчак конскіх капытоў: нехта страшэнна спяшаецца. А пасля з’яўляецца і мацнее стрыманы, нібы праз зубы, Голас. Песня-рэчытатыў. Такая самая шалёная, як конскі намёт. З глоткі. Хрыпата. Праз зубы.

Сэрца каня ірвецца,
Ў сэрцы конніка боль:
Радзіма твая прадаецца,
Кожны псяр над ёю – кароль.
Прадаюцца жанчын нашых вочы,
Прадаюцца калыска і храм,
Прадаюцца ўсім, хто захоча:
Ворагу й хцівым сябрам.

Пытанне. Стой! Хто скача?!

Адказ. (голасна). Ганец ад арандатараў Іцкавічаў да іхняй высокасці яснавяльможнага князя Радзівіла.

Першы голас. (голасна). Праязджай! (Ціха.) Ну і кампанія!

Адказ. (ціха). Саб-бакі.

Ізноў ноч, і галоп наўскапыт, і песня.

Прадаецца з бязмежкам дубовым,
З продкавым ачагом,
Прадаецца з золатам мовы,
З былым і будучым днём.
I кожны баіцца хоць слова
У абарону яе сказаць.
Дый як? На якой такой мове?
На чужой? На сабачай, пся маць?!
Прадаецца ўся і па частках,
За грошы і напавер.
I дзе скажуць: «Айчына» – там пастка.
I дзе скажуць: «Хрыстос» – там звер.
I сумленне, і воля святая
Дрыжаць на апошняй струне…
ПІто там недзе зямлю расцінае?
Гэта
Расце
Гнеў!

Шалёны конскі намёт.

Падвор’е Агны і Васіля Ветраў. Злева, праз яблыні – далёка, – цьмяная стужка Сожа. Пасярэдзіне чыстага двара, бліжэй да левага боку сцэны, вялізны дуб. Справа, крыху наўскос – хата. Ад яе, углыбіні, за плятнём і дрэвамі, арчатая галерэя драўлянага лямуса. На двор выходзіць ганак на слупах. Вокны між ім і лямусам асветленыя. Вокны між ганкам і краем сцэны – цёмныя. Гэта вокны бакоўкі, якая асветліцца, калі дзея перанясецца ў яе. З асветленых вокнаў далятаюць спевы, і жанчына на ганку – яна ўся ў чорным – нібы слухае іх… Зноў далятае здалёк тупат капытоў, замірае недзе за дубам. Чуваць пырханне каня, голас: «Дур-ры ў мяне». Пасля адтуль выходзіць і ідзе паўз пляцень да ганка Васіль Вашчыла. Песня выбухае з новай сілай:

– Чаго ты, лосю, чаго ты, сівы,
Так да сяла прыпадаеш?
Ды ці ты, лосю, ды ці ты, сівы,
Ліхую зіму чуеш?
– Чую не чую, добра ведаю,
Не будзе, як лецечка.
– Чаго, Надзейка, чаго, малада,
Так жалосненька плачаш?
Ці ты, Надзейка, ці ты, малада,
Ліху свякроў чуеш?
– Чую не чую, добра ведаю:
Не будзе, як мамачка.

Вашчыла. Вечар добры. Гэта Ветрава падвор’е?

Жанчына. Так.

Вашчыла. Што гэта ў вас?

Жанчына. Перадвясельная ноч у сына. Я Агна Вецер.

Вашчыла. Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.

Агна. Можа, пойдзеце да іх?

Вашчыла. Не трэба, каб мяне бачылі. Я пачакаю на двары.

Агна. Тады лепей хадзіце сюды.

Вядзе Вашчылу на ганак, пасля – у бакоўку, прыносіць аднекуль каганец. Пайшла. Вашчыла аглядаецца: печ, стол, крэсла з падлакотнікамі, ложак пад самаробным пакрывалам. На стале дзесятак кніг, чарніліца з пяром. Вашчыла ўзяў адну кнігу.

Вашчыла. Де рэвалюцінібус орбі-юм (гэта па складах). Колы нейкія. Мудрагеліць Вецер. Не да «колаў» – была б жывая душа… Гм… Жэніцца. Знайшоў час. Хай жэніцца – больш старцоў будзе.

Жанчына прыносіць пару місак з ежай і «ўдаву» – бутэльку ў выглядзе абаранка.

Агна. Вось мірона смажаная… Вось траўнічак… Падмацуйся, госцейка. Я сказала сыну, што нейкі лёзны чалавек яго пытае. Ён зараз выйдзе. Радуюся я за яго. Надзея ягоная – пані, а не дзеўка. А вы скуль? Хто?

Вашчыла. Сына вашага ведаю з Крычава. I зараз адтуль.

Агна. Дык чаму туды не пайсці? Узрадаваўся б як?

Вашчыла. Мне туды нельга.

Агна. Сын даўно не быў у Крычаве. Прыехаў – а тут яна. Сірата зусім, як ён напалову сірата. Яшчэ са снежня року божага тысяча семсот васемнаццатага. Калі Карпач кашу заварыў. Дваццаць шэсць год мінула. Не, меней. Нашы загінулі праз тры гады. Ох, божа! А мой нябожчык як напрошваўся на бяду. Гэта ж яны яшчэ ў шэсцьсот дзевяноста шостым харугву Агінскага гетмана пабілі.

Вашчыла. Слаўная была справа.

Агна. Добра, што Васіль нявесту тут сустрэў і зараз тут і застанецца. Зараз ехаць небяспечна. На дарогах ловяць людзей. Што гэта будзе? Адзін воўк здае староства на водкуп другому. Рабуюць простых. Гора!

Вашчыла. А чаго гэта вы са мною так адкрыта, сястра?

Агна. Бачу мазалі на вашых руках… Не, хай ужо зараз тут сіроты мае.

Далятае песня. З «сіроцкіх вясельных»:

А хто ж там каля рэчанькі гукае?
Малады малойчык,
Маладая дзеўка свайго татачкі шукае.
– Ды прыйдзі, прыйдзі, мой ойчанька, блізенька,
Паклонімся табе тройчы ды нізенька.
– Не прыйду, маё дзіцятка, не прыйду,
Не прыйду, маё роднае, не прыйду.
Дзіцятка маё роднае,
Хай цябе бог гадуе,
Долю, шчасце гатуе.
Ой, не магу я ўстаці
Да свайго родна дзіцяці:
Сасновы дошкі сціснулі ножкі –
Не скрану,
Жоўты пясочкі засыпалі вочкі –
Не ўзгляну.
Шэра каменне лягло на грудзі –
Не ўздыхну.
Ды злажылі ручкі на шчырым сэрцы –
Не здыму1.

Вашчыла. Што людскія сіроты? Зямля наша – сірата. Толькі чалавечым сіротам – бог абаронца. А пра зямлю нашу ён забыў.

Агна. А вам што, так конча бог патрэбен? Постаць у вас магутная, рукі жылаватыя, галава ёмістая.

Вашчыла. (іранічна). Угм… дзеўкі мяне любяць.

Агна. Сябры любяць… I дзеўкі. I пад старасць у такіх, як вы, не менш за дзесяцёра дзяцей.

Вашчыла. Тут не ведаеш, нашто іх заводзіш? На жабрацтва? Бізун? Турму?

Агна. Спіны моцныя. Здужаем.

Вашчыла. На гэтай вось маёй магутнай спіне ад арандатараў, братоў Іцкавічаў, за скаргу князю сто пяцьдзесят бізуноў. Ледзь не памёр ад гэтага.

Агна. Куды скардзіцца ездзілі?

Вашчыла. У Варшаву. Восем год назад.

Агна. А цяпер прыехалі сюды. Ці аднымі бізунамі цяпер справа пахне?

Вашчыла. Цяпер так ці інакш кепска пахне справа. Забіваюць да смерці, гойсаюць па шляхах слугі арандатараў. Няма жыцця так і так… А пра вас, відаць, праўду кажуць, што вы ў місцы з вадою бачыце ўсё, што мае адбыцца.

Агна. Вядзьмарка? Не. Няма вядзьмарак на свеце. Проста бачыла многа, ведаю людзей. I чую, што шчасця паменее, сірот пабольшае.

Песня:

Прашу цябе, матухна, прашу, родная,
Да мяне на вяселле ды на сірочае.
– Весяліся, дзіцятка, весяліся, маладое,
I з панам богам, і з добрымі людзьмі.
Я к табе прыйду ў суботу ўвечар.
Я на двор сыду дробным дожджычкам,
Я ў сенцы ўвайду ясным сонейкам.
Я за сталом сяду табе на параду,
А як будзе трэба – стану да пасаду.

Агна. (насцеражылася, прыслухоўваецца да чагосьці) Едуць.

Вашчыла. Хто?

Агна. Едзе нехта шляхам… Што за часы – як тупат конскі, дык чакай бяды?

Вашчыла. Не чую.

Агна. Я чую. Наслухалася за жыццё… Ешце госцейка… А як звернуць конныя сюды – гасіце агонь. Далей ад ліха.

Пайшла. Вашчыла налівае чарку, пачынае закусваць. За сцэнай нехта завёў – госці, відаць, падпілі ўжо – ні з пушчы ні з поля:

– Ці не нявесту вязуць?
– Нягож каго!
– Чаго яна не плача?
– Чорт чаго!
– Ды няхай той плача
I рвецца,
Хто яе ў гэты дом
Дажджэцца.

Пасля чуваць рогат і голас Лаўрэна Каўбасы: «Лепш ехаць па сена, чым на такое вяселле». Голас: «Сват – сабачы брат». Лаўрэн: «Сват не сват, а добры чалавек».

Адзін сват жонку хваліць,
Што харошы абед варыць,
А другі сваю судзіць –
Што ні зварыць, то спаскудзіць.

Гоман. У дзверы ўвальваецца падпіты Лаўрэн Каўбаса, абвіты ручніком.

Каўбаса. А каб вам, госцейкі, пабіцца, а мне на вас падзівіцца. Не п’яны, не драны – называецца, на вяселлі быў… А вяселлейка бог нам даў: ажаніўся пяхцер, торбу ўзяў… Абвёў вакол елі, і чэрці ім пелі. (Заўважыў Вашчылу.) Стой! Хто такі? П’е! Закусвае! Чам-му адзін сядзіць, як пацук? Устаць слупам! Сват Лаўрэн Каўбаса прыйшоў!

Вашчыла. За саплівым сватам не находзішся з платам. Сціхні… сват.

Каўбаса. Чаму не між людзей?!

Вашчыла. Каб не ведаў войт Аўдзей.

Каўбаса. Унь як? Хі-ітры. Сцеражэцца. Хто такі?

Вашчыла. А гэта, сваток, не табе ведаць. Не табе ведаць, каб з бядой не абедаць.

Каўбаса. Цік-кава. Стой, а я цябе недзе бачыў. Ці часам не ў Селішчы? Ці часам не ты гэта пакаштаваў Гдалевага ды Шмуйлавага крапіла? Ці часам не ты…

Вашчыла. Кума пытала, а пасля язык кусала. Менш ведаеш, сваток, менш балбочаш, а то бізун гаваркіх лю-убіць.

Каўбаса. С-служкі паўсюль па дарогах. Ноччу ездзіць нельга. Нас многа, дый тое са зброяй ехалі. А ты, па ўсім відаць, адзін…

Вашчыла. I тут, сваток, не твая справа, убрыкні цябе камар. I не сунь ты сюды, сваток, свой нос, каб табе на старасць кот яйка знёс.

Урываецца Магда Мякенькая, таксама крыху на падпітку.

Магда. А во ён дзе, барыла гэты, авечка гэтая блудная! Чаго ад людзей уцёк?

Лаўрэн. Я да чалавека… а ён ісці не хоча.

Магда. Не хоча, дык не хоча, ягоная справа. А ты ідзі, апівашына гэткая, валацуга, атрута мая.

Лаўрэн. А ты на мяне не крычы. Не асядлала пакуль.

Магда. Цябе асядлаеш. Адна паспрабавала, дый прамым ходам да бога ў рай.

Лаўрэн. Ты ўжо маўчы сама, апсюганка. Другога мужа данасіла дый на мяне мецішся. А яшчэ клічуць Мякенькая? Як кій дубовы.

Магда. Патрэбен ты мне, атрутнік гэткі, гламазда, гіцаль, прабыдла ты няшчаснае, акаянная твая паганая сіла. Мякенькая, ды не для цябе.

Лаўрэн. Ну-ну-ну, ну-ну-ну. Бач, абрыда, бач, бабішча непралюдная (валтузяцца, Магда хоча выпхнуць Лаўрэна за дзверы), булава ты бязмозглая!

Магда. А хадзі-хадзі, мой каточак. Хадзі, балдавешачка ты мая любая-ненаглядная, роднае ты маё аб’еддзе блашынае.

Лаўрэн. (пручаючыся) Баба! Не смей! Гасцявыя людзі!

Магда. Смею, любенькі, каб цябе так чэрці любілі.

Лаўрэн. А-ёй, каб табе жаба цыцкі дала.

Магда выпхнула яго. Вашчыла наліў чарку.

Вашчыла. Н-ну-у. Прапаў, сваток. Паплачуць па табе твае сабакі, паходзяць па табе яе каты. (I раптам прыслухаўся, пачуў тое, што значна раней чула Агна: часты і шматлікі пошчак капытоў, які набліжаецца і набліжаецца.) Ну й слых у кабеты. У варту б яе – цаны б не было. (Дзьмухнуў на каганец. Цяпер ён толькі слабы цень, які прыпаў да акна і выцягнуў з-за паяса пісталет. Асветлены цяпер толькі ганак, на якім стаіць Агна Вецер, і – цьмяна – двор. З левага боку глухія ўдары ў браму.)

Голас камісара. Гэй, адвальвай браму! Гэй, пускай конных, ваўкі вас еш! Чый двор? З дарогі збіліся, увесь свет прападзі акрамя пападдзі! Чый? Двор чый? Хвёдара Барана?! Адчыняй, каб вам на тым свеце хаціну збудавалі! Паны-арандатары Іцкавічы, Гдаля і Шмуйла.

Агна. Не крычы, камісар. Гэта не Бараноў двор. I рабіць тут Шмуйлу з Гдалем няма чаго. Гэта двор вольнага землеўладцы.

Гдаль. Якога яшчэ вольнага?

Агна. Удавы панцырнага баярына Агны Вецер і яе сына, Васіля Ветра.

Шмуйла. Ну, Ветра, ну, Ветра. Адчыняй.

Агна. Каралю, а значыць, і князю тут усё заплочана да апошняга шэлега. То і няма чаго тут рабіць яго папіхачам.

Шмуйла. Баба… не каштаваў гэты двор бізуна?

Агна. А госць няпрошаны не каштаваў бязмена ў лоб?

Гдаль. Спакойная ты, кабета.

Агна. Спакойная. Як хочаце па-добраму – не ламіцеся ў браму, пакіньце сваё воўчае мяса за агароджаю і пеша, як ветлівыя госці, ножкамі, ідзіце ў двор. Унь лава пад дубам. Чарку вам вынесуць сюды.

Гдаль. А што там у хаце за гвалт?

Агна. Вяселле… на якое вас не клікалі. А сілком дзерціся на чужое свята – не раю.

Маўчанне. Пасля пырханне коней. З’яўляецца камісар, а за ім браты Гдаль і Шмуйла Іцкавічы ў суправаджэнні варты.

Гдаль. Уй, Ветрыха. Грубіяніш. Хто да цябе лезе ў хату на тваё вяселле, на тваю трэфную ежу?

Агна. Прабач, бацюхна. Каб ведала – кошарнага прыпасла б дзеля такіх дарагіх гасцей. А ў хату? У хату не запрашаю. Няма чаго ясну панству Іцкавічам баляваць са свіннямі.

Камісар. Захочуць – самі ўвойдуць. Вашага не будуць есці, а й вам не дадуць жэрці.

Шмуйла. Так, пані. Мала што вольныя вы і ваш сын. Мала, што выплацілі інвентары. У нас – арэнда. I фактычна-такі пабор звыш чыншу мы браць-такі будзем. I ссыпка жыта, і грашовыя паборы – меты – возьмем і не спытаемся.

З’яўляецца Лаўрэн з Магдаю, заўважыў прыхадняў, штурхнуў яе назад.

Лаўрэн. Бяжы па людзей.

Шмуйла. I выберам гіберну і іншыя плацяжы. А калі чынш заплацілі – дзе вашы квітанцыі?

Агна. ІПто ж, у другі раз браць будзеце?

Гдаль. Па паперах дзе відаць, што вы плацілі?

Агна. Якія паперы? У нас заўсёды – на слова.

Гдаль. Гэта раней было – на слова.

Лаўрэн. Ой, падавішся, пёс!

Камісар. Цяпер – вось вам ваша слова (паказвае дулю). А будзеце бараніцца – возьмем сілаю. Усё возьмем. Бізуноў захочаце – будуць бізуны. Турмы – будзе вам турма. Нам вашы кароль і князь– не ўказка. Псом яснага пана Гдаля абазваў – псам тваё падла кінем.

Гдаль. Ну і нашто лезці і гарлаць? Ціхенька скарыцеся – і не будзеце пасля доўга хварэць, а мо і паміраць.

З хаты пацягнуўся на ганак і галерэю лямуса натоўп. Стаіць пакуль што, у пагрозлівым маўчанні.

Гдаль. Ну і што? Вось Вашчыла ездзіць па наваколлі – мала яму паўтараста плётак. Ён хоча на кол сесці. I на палі не дапаможа яму ані Хрыстос, ані хто.

Шмуйла. Не было тут злодзея Вашчылы, басякі-і? Не ў хаце ён?

Лаўрэн. Гэта мы басякі? Ану зайдзі, зайдзі ў хату, тварына паршывая.

Шмуйла. I што заходзіць? Нашто мне заходзіць? Унь у вёсцы Гарбовічы сем забітых. Унь у Вепрыне шмат калек. Ім хочацца ў пакутнікі? Я-ткі ім зраблю, пакутнікі.

Лаўрэн. Сабака, змоўч!

Гдаль. А што, пры Пятровічу, пры сваім арандатару, вам лелей было, музікі-і?

Агна. Праўда, не лепей. Відаць, толькі падлюгам падмога і ад нашага, і ад вашага смуроднага бога… Ідзіце адсюль.

Гдаль. Гэта невядома, хто пойдзе.

Агна. Ты што, басурманская душа, жэрці гэтыя грошы будзеш? Здохнеш – няма ў твайго савана кішэняў.

Гдаль. (філасофскі) Што ты ведаеш аб грошы. Гэта – усё. Мы гэта разумеем. Для караля з князем яны ўсё. Для нас яны – адзіная абарона супраць вашых дурных паноў. Адзіная ўлада над вамі, брудныя свінні з неабрэзанымі вушамі.

Магда. Вось мы вам галовы абрэжам, кручанымі вяроўкамі гадзіць прымусім.

Гдаль. Гэта яшчэ хто каго прымусіць. Наша цяпер сіла, нам уладу аддалі. I мы ўжо лейцы з рук не кінем. Не, не палянуемся тут дымам усё пусціць. Выведзем, як клапоў.

Лаўрэн. Лупіш ты па краі, як конь па градах. Не дачакаўся б ад нас…

Шмуйла. Што, пугі?

Лаўрэн. Не. Молатам у лоб, як на бойні.

Гдаль. I пуга і молат – у таго, у каго грошы. А вы іхняй карысці, іхняй сілы не ведаеце. Мы ведаем, у каго яны ў руцэ.

Агна. Сцеражыся, Гдаль. Устануць людзі. I адказваць за твае паскудствы будуць тыя з тваіх супляменнікаў, што грошай у вочы не бачаць, што не вінаватыя. Ты ўцячэш, я ведаю. А тыя?

Гдаль. А перад кім адказваць? Стрыечны брат твайго Васіля, Васка Вецер, палохае гэтых бедных, грошы ў іх адбірае, пагражае пагромам і вымагае ад іх гарэлку. А твой сынок сядзіць тут. I твае супляменнікі і мае цяпер кажуць: Васіль Вецер, справядлівы, – увесь выйшаў. Застаўся разбойнік Васка.

Агна. Адкажаш ты за абразу гэтага дома, паршывы д’яблаў вырадак.

Магда. А дом твой – карчма пасярод дзярма.

Гдаль. Слухай, камісар, дзе твая ўлада? Тутэйшыя шлюхі, самадайкі паноў сваіх абражаюць.

Камісар. А мы іх пагрэем.

Уздымае паходню да дваровай страхі. Напятая цішыня, потым Лаўрэн дастае з-за апаяскі два пісталеты і страляе з аднаго проста над галавою Гдаля, у шату яблыні. Адтуль падае да ног Гдаля яблык.

Гдаль. (камісару) Ты што? Апусці сваю капцёлку, халбер гой… А ты, басяк, што страляеш? Яблыкі зялёныя яшчэ.

Лаўрэн. Так, маленькія яшчэ, ясны пане. Бо як вырастуць, то яны ў нас вялікія, не раўнуючы, з вашу галаву… У такое пацэліць – гэта раз плюнуць.

Шмуйла. Ён як гаворыць?!

Гдаль. Змоўч, Шмуйла. Вой, і пажартаваць нельга з гэткімі людзьмі. Ну, едзем ужо. Але хай на вашу каросту батагі – з вамі яшчэ такі пагавораць. Запомні, маці Ветра.

Агна. Запомні і ты, сын кабана і сукі.

Іцкавічы аддаляюцца і знікаюць з вартай. Пасля далятае пошчак капытоў.

Агна. Не скончыцца дабром гэта.

Магда. Так. Не скончыцца. Для іх. Бо апошнія ўжо кроплі цярпення…

Госці паволі ідуць у хату.

Лаўрэн. Вось табе, матка, за смеласць жменю медзі, каб унукі былі, як мядзведзі.

Песня:

Аж у нашага свата
Ды сасновая хата,
На двары сады цвітуць,
На стале мяды цякуць.

Усе знікаюць у хаце. Вашчыла ў сваёй бакоўцы адарваўся ад акна, сеў за стол. Нехта ўваходзіць. Чуваць голас Ветра: «Дзе тут госць?» Пасля – іскры ад крэсіва. Запальваецца губа, а пасля каганец.

Вецер. (аслупянеўшы пры выглядзе Вашчылы) Ты? Чаму ж маці не сказала?

Вашчыла. Мусіць, забылася імя.

Вецер. Добра, што прыехаў. А ў мяне шчасце.

Вашчыла. (сумна) Бачу. Няўчаснае шчасце.

Вецер. Што так?

Вашчыла. Твой двор толькі што наведалі Іцкавічы.

Вецер. Мужыкі не пусцілі мяне да іх. Госці.

Вашчыла. Ну вось. А каб не госці, ты, свабодны чалавек, які чысты ад даўгоў, але не мае распіскі аб уплаце, бо верыць, як усе мы, на слова…

Вецер. Ну?!

Вашчыла. Ты, свабодны чалавек, ляжаў бы, адхвастаны да паўсмерці, як сотні людзей у старостве, быдла тваё было б зведзена, хата абдзёртая, як ліпка, і спаленая.

Вецер. Князь збіраецца адабраць арэнду ў Іцкавічаў і аддаць свайму.

Вашчыла. А ты ўспомні свайго. Пятровіча. Лягчэй было?

Вецер. Ну, усё ж свой.

Вашчыла. Угм. Гэта і праўда лягчэй, калі табе родны брат зубы выб’е, а не траюрадны.

Вецер. Цэрквы, прынамсі, бурыць не будуць.

Вашчыла. А папы, за выключэннем самых бедных і простых, накшталт Антоха Крапілы, таксама не нашы, каб ім на вежы сем год гойдацца.

Вецер. Што ты шуміш, Вашчыла? Нам усё ж лягчэй. На захадзе зямлі беларускай паншчына непрыкрытая, а ў нас заплаціў грошы – і ты вольны. Баяцца ўсход занадта чапаць. Мы – на мяжы з Масквой, мы, у выпадку чаго, і да яе.

Вашчыла. А там паншчына горш за нашу. Людзі адтуль да нас бягуць. А што лягчэй, дык зразумей і ты, што ў цябе ўмова з панам, у цябе крыху волі, у цябе ёсць час падумаць. I ясна, што пры такім стане будзе казак, а самастойнаму казаку лягчэй паўстаць, чым рабу. I… меней на гэта трэба прычын.

Вецер. Няма ў мяне на гэта ніякіх прычын.

Вашчыла. Ой-ёй! А Іцкавічы? Іцкавічы, што дзяруць вышэй інвентара? Узялі староства ў арэнду, на водкуп. I грабуць з нас вышэй пісанага, вышэй таго, што народ павінен. Князю мы колькі павінны былі выплаціць? Дык яму самому лень было выбіваць, ён нас гэтым цмокам перадаверыў. А тыя за час арэнды, звыш паложанага інвентара, выбілі і паклалі ў сваю кішэнь амаль мільён трыста тысяч злотых, ды звыш ста дваццаці коп пянькі, ды падаткі, ды адработкі, ды штрафы… Толькі грашыма з чалавека лішніх па шэсцьдзесят злотых у бяздонную, у нясытую гэтую сваю глотку. Гэта не клоп. Гэтыя браткі, пакуль усю кроў не высмакчуць, – не адваляцца. А не заплоціш – б’юць да паўсмерці і да смерці і хаты паляць. А ўцячэш – доўг твой здзяруць з таго, хто застаўся. А яшчэ на вайну аддай. А воінскія пастоі? А жаўнеры, якія рабуюць? Адна харугва Слушкі з нас семдзесят тры тысячы злотых выбіла. Пасля іх, сваіх, як пасля варожай навалы. А скардзішся – б’юць, і ёсць мёртвыя, і шмат калек.

Вецер. Нашто ты мне гэта?..

Вашчыла. Умова парушана – і ўсе абурыліся. Бедным падзёншчыкам трэба жыць, нам, багацейшым, трэба гандляваць. А з кім? З усімі, акрамя арандатараў, клапоў гэтых, забаронена. Вяжа нас рабства, бедных людзей, па руках і нагах. Каму чаго ў нас купляць, калі трыццаць двароў з сотні памірае з голаду, а грошы нясуць не табе за хлеб, а Радзівілу на хлеб, Іцкавічам – чорт ведае на што.

Вецер. Князю на іх скардзіцца. Князь – наш.

Вашчыла. Ну так. Мы бацьку ягонаму належалі, пасля – маці, пасля – сыну. Я скардзіўся. Сто пяцьдзесят бізуноў на маёй спіне і турма. А паршывы Гдаль хваліцца, што «плявала на вас улада, што як дам тысячу або больш талераў, то камісія будзе за мяне, а не за цябе, смярдзючае беларускае быдла».

Вецер. Масковія?

Вашчыла. Там панскае дзікунства без прасвету.

Вецер. Кароль?

Вашчыла. Аўгуст наш трэці? Ён Рэч Паспалітую і Беларусь прапіў, давёў да ручкі. Каралёўская ўлада ляжыць, як п’яная баба за карчмою, і ўсе магнаты, хто захоча, яе топча… Мы ім цікавыя толькі як паўстанем, як сала за шкуру зальем. А тое, што мы кожны дзень, кожную гадзіну бубнім, варочаемся, супраціўляемся – ну, гэта іх не абыходзіць. Пісьме-енныя, вучо-оныя! Што ім да таго, што хлоп думае? Мы – беднае бесславеснае быдла. Мы хлеба кавалка не можам купіць, не паведаміўшы Гдалю са Шмуйлам.

Вецер. Гандаль? Ну ясна. Не вера, не незалежнасць, а прагнасць і своекарысце. Грошы яны ў нашых гандляроў перабілі.

Вашчыла. А што вера? Поп багаты, пакуль не абдзярэ – адпяваць не будзе. Што ж нам, гэткіх умацоўваць? За іх біцца супраць уніі? Няма чаго казаць – варта дзеля такога дзярма ліць кроў лепшых людзей.

Вецер. Што ты мне казані чытаеш? Я ўсё гэта і сам ведаю, а ты не поп і не ксёндз. Кажы проста, чаго трэба?

Вашчыла. (з вялікім значэннем і вельмі важка) Мы пачынаем, Вецер.

Вецер. Толькі Крычаў?

Вашчыла. Крычаў – кацёл з варам. Але не толькі ён. Усё староства. Цярпець больш немагчыма.

Вецер. Хто ды хто?

Вашчыла. Я, Стэсь Бачко, Іван Карпач.

Вецер. Род славуты.

Вашчыла. Род падобны на твой. I стан такі… Ну і яшчэ твой стрыечнік Васка Вецер.

Вецер. Ветрагон, занадта любіць гуляць.

Вашчыла. А ты занадта любіш жыццё. Ну вось, пашлем ганцоў. Ты павінен быць у Крычаве. Ты вельмі пісьменны чалавек, без цябе цяжка. I табе вераць збройнікі і многія астатнія людзі… Мы ім, прабыдлам, сухалом на іх, справім Хмяльніччыну.

Вецер. Пры і м паўстала ўся Беларусь. З намі былі казакі. I ўсё ж нас разбілі. А тут адзін маленькі Крычаў і мужыкі з косамі. Мы немінуча загінем.

Вашчыла. (тужліва) Я ведаю, браце. Ды лепей паступіцца жыццём, чым сумленнем. Ведаю, справа толькі ў часе. Можа, мы не пратрымаемся і месяца, можа, нас хопіць на некалькі год. Ды бывае так, што трэба гінуць. Мы зараз як жабяняты, якіх нават зайцы палохаюць. Нас катуюць, як жадаюць. Памяць іхняя каціная: наторкаюць носам, а яны зноў за тое самае. Хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Трэба ім напомніць, каб асцерагаліся чапаць нас. А мо і перамога? Яны ж прагнілі, як бурак.

Вецер. Што, крывёю Крычава купіць адносны спакой усім?

Вашчыла. Трэба пашкадаваць, трэба дужа пашкадаваць сваю радзіму, Вецер.

Вецер. На ёй зараз цішыня, хай няпэўная. Пашкадаваць – значыць выклікаць вецер. Ураган. Знішчыць гэты няпэўны дабрабыт, гэтае слабае шчасце. I чужое, і… сваё. Ты бачыш, сёння…

Вашчыла. Праз год ці два будуць дзеці. Думаеш, будзе лягчэй? А шчасце? Унь яны вывелі людзей з Ліпічна ва ўрочышча Філазопаўскі грунт і загналі ў дрыгву… з малымі дзецьмі. I смяяліся, калі да іх працягвалі дзяцей. I ты будзеш смяяцца разам з імі… ад шчасця? Будзеш араць, калі яны самое месца вёскі зааралі?

Вецер. А ўздымем бунт – загінуць усе дзеці ва ўсіх вёсках. Усе жанчыны. I мая Надзея таксама. А тут яна смяецца ад зелені, сонца. Бачыш, якая справа. Я абяцаў ёй усё добрае, а аддзячу самым злым. Магілай.

Вашчыла. Ты абяцаў не толькі ёй. За ўсё ў жыцці трэба плаціць, Вецер.

Вецер. Ведаю. Я не баюся… Я проста не магу. Раней мне было ўсё адно. Але тут з’явілася яна. I ўсё стала іншае. Зямля стала прытульная, узгоркі зрабіліся такія сытыя, вочы ў аленяў добрыя… як у яе. Нават кот такі пульхны і мяккі. Калі прыходзіць такое – нельга ліць кроў, нельга несці смерць іншым… і ёй. I чалавек жа створаны для любові, я зразумеў гэта. Для шчасця.

Вашчыла. Шчасця няма. Ваўкі вакол.

Вецер. Ёсць шчасце. Няпэўнае, але вайна знішчыць яго. Людзі загінуць немінуча. Ваўчыная моц, ваўчыная жорсткасць яшчэ не былі дасюль пераможаныя. А тут ёсць свае сцены, зброя ў руках… і яе вочы. Я не магу здрадзіць ёй.

Вашчыла. (пасля паўзы) Сынок, будзь сумленны і не чапай яе. Хадзем. Светлую памяць зберажэ яна пра цябе, пра твой голас, валасы, гэтыя вочы, гэтыя моцныя рукі. (Паўза.) Ведаеш, мы часам павінны ахвяраваць сабой той маці-зямлі, што прыняла ў сябе тваю пупавіну і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў. Але немагчыма жыць без Радзімы, яна ў цябе адзіная, сынок. I ёй плююць у вочы…

Вецер. Я не баюся бітвы. Але ўва мне зараз такая любоў да ўсяго. Ходзіш па цёплай зямлі і павінен яшчэ хадзіць шмат год – а тут схопяць і пераб’юць ногі. Спяваеш, п’еш віно, цалуеш – а тут кладуць у рот жар. I ноч перад плахай – а ёсць змярканні, ранкі марозныя… і трава ў срэбры. I ўсяго гэтага… А-ах!

Вашчыла. (ўстаў) Ну так, ты не баязлівец. Ты давёў гэта. Але хапіла бабы і… Я не думаў, што можа быць чалавек, які ціскае жонку, калі ягоных братоў ціснуць кляшчамі. Які глядзіць у неба, а народ ягоны ў гэты час глядзіць у вочы катам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму пікаю ў бок. Трасца з табою… (Запіхвае пулгакі за пояс.)

Вецер. Вось пулгакі… Пісталеты… Яны нясуць смерць. А я пакахаў. I зразумеў: любоў не можа несці смерць. Стаяць жывыя лясы… Дымяць жывыя хаты… Смяюцца і спяваюць у іх жывыя людзі… Грэюцца на прызбах старыя… Бегаюць дзеці… I на ўсё гэта я праз вашую дурасць выварачу загібель, тло, агонь. I вы і яны будзеце забіваць, рэзаць, граміць, як ашалелыя, а пасля пакінеце вялізныя могілкі. Вось чаму яшчэ я не з вамі, а з жыццём. Людзі, Надзея і я. I, можа, ты скажаш, як гэтым людзям, як мне перамагчы жаданне жыць? Я люблю, ува мне ўсё неба, а ты клічаш загібель… Чалавек створаны для любові.

Вашчыла. Правільна. I адзін такі, што даў сябе распяць за нас, сказаў: «Няма любові большай за тую, як нехта душу сваю паложыць за друзі свая».

Паўза пасля гэтых слоў доўгая і страшная.

Вашчыла. Бывай. Я жыццём рызыкаваў, едучы да цябе. Бачу, дарэмна… Я шкадую таксама, што еў і піў тут… у доме здрадніка… На!

Адчыніўшы дзверы, ён кідае на стол манету – яна заракатала між місак – і выходзіць… Праз хвіліну ўваходзіць Агна Вецер.

Агна. А сыночак, а што ж гэта ён крычаў пра дом здрадніка, гэты вар’ят?

Вецер. Чула?

Агна. Дзіва што. Крычаць, аж у Крычаве чуваць… Што гэта такое?

Вецер. Тое, што ён сказаў.

Агна. Пры тваім бацьку ніхто б не насмеліўся сказаць такое.

Вецер. Чаму?

Агна. Ведаў, што, пасля таго як пакіне нашу зямлю, – не пражыве і хвіліны. I потым… людзям не было прычыны казаць такое.

Вецер. Кінь, матуля. Гэты чалавек… ягоная праўда.

З двара шалёны пошчак капытоў. З месца ўзялі ў намёт.

Агна. Што ж, расказвай тады, як ты зганьбіў сваю хату, сыне.

Вецер. Яны рыхтуюць бунт. Мноства людзей не пойдзе на яго, калі не пайду я.

Агна. Ты даў слова?

Вецер. Я даў слова.

Агна. Значыць, павінен быў ісці да канца. Наш род ніколі не кідаў слова свайго ў гной.

Вецер. Тады я не думаў пра Надзею. А тут зразумеў: жыццё, любоў – варожыя крыві, пагрому, забойству, смерці. Я стаў іншы, а яны ўсё яшчэ не разумеюць: чалавек не павінен пэцкаць рукі ў крыві. I калі ён забівае – ён перш за ўсё забівае сябе.

Агна. Мне зараз кепска. Змяя цябе малога ўкусіла – я адсмактала атруту. Пошасць была – я ўратавала цябе. Зараз ты ведаеш такі верх зямной прамудрасці, як лаціну, а тады казаў, што вецер дзьме, бо дрэвы калоцяцца… I вось… Гэты чалавек, якога я ненавіджу, бо ён не насіў і не ратаваў цябе, кідае нам, Ветрам, такі дакор. Каб ім ягоныя дзеці ў голад давіліся.

Вецер. Не лай Вашчылу.

Агна. А хто вінен, што я яго лаю, што наш агонь зняважылі? Што гэты чалавек праз тваю віну зганьбіў твайго дзеда, бацьку, мяне. Мы – панцырныя баяры. Мы храбрасцю ў войнах здабылі сабе права нікому не цалаваць рукі і насіць меч… I ты яго годна носіш. Чыншавыя сяляне – і тыя не церпяць. Сто год не церпіць гэтая зямля. Забілі калісь войта Мікіту Звягу; пяцьдзесят год назад пабілі харугву Канажэцкага.

Вецер. (іранічна) Ну-у. «Каламі і рушніцамі ў спіны штурхалі і пад нос маскоўскія дулі торкалі».

Агна. I там быў твой дзед. А ў шэсцьсот дзевяноста шостым харунжага вялікага княства Агінскага за разбой іхні разбілі. I там ваявалі Зміцер і Ілья, дзед і бацька Івана Карпача… I твой бацька, зусім малады. I тры гады назад Пжылэнцкага разбілі. I атрад карны Янкоўскага разбілі, аб чым ты і сам ведаеш. I кожны раз людзям рабілася крыху лягчэй дыхаць. А зараз прыціснулі іх, і дыхаць няма чым, а ты…

Вецер. Маці, я проста не магу зараз, пакахаўшы, праліваць кроў. Усё раўно, чыю кроў. Гдаля, Радзівіла, Шмуйлы. Яна святая, бо яна чалавечая. З часам усе зразумеюць гэта, нават яны.

Агна. А пакуль льюць нашу кроў, як ваду.

Вецер. Я не магу сам наклікаць час вялікай крыві. Я шчаслівы і добры, як ніхто.

Агна. Ты ведаеш, як памёр твой бацька? Што ж, час расказаць. Балабановіч угаварыў яго быць сватам да дачкі шатнага ў паляўнічым палацы князя. Бацька сказаў: «Ён накраў золата, а ты – вольная галота». Ну, Балабановіч угаварыў бацьку… на пагібель. Перад ганкам людзі шатнага запатрабавалі ад іх першай ганьбы: зняць шаблі і выпрагчы коней. Бацька адмовіўся. Не трэба было ім ісці далей. Але бацька зірнуў на Балабановіча… і яны пайшлі. I за сталом ім разам паставілі гуся, парсюка з чорнай падлівай і гарбуз. Адмовілі. I ТАК, што лепей бы плюнулі ў твар. I тады бацька сказаў: «Што ж, ад гусей і парсюкоў іншага нельга было і чакаць». Шатны сказаў: «Панцырнікі сватаюцца да шляхты, ганіце іх». Бацька сказаў: «Усе ад Адама. Але я здабыў волю мужнасцю, а ты – распустай свайго невядомага бацькі».

Вецер. Ну так, незаконны сын Радзівіла. Але што мне да гэтых смешных крыўдаў, да прымхаў, да дурных звычаяў? Я вышэй іх. Я люблю жыццё і не хачу ліць крыві.

Агна. Бацька адаслаў Балабановіча па падмогу, а мы рыхтаваліся. А пад ранак маршалак і шатны са шляхтай абступілі і пасля перастрэлкі падпалілі дом. Мяне выцягнулі з агню. А бацька страляў з гэтага вогнішча, а потым пулгакі, пісталеты стралялі ўжо самі.

Вецер. Гэтыя людзі памёрлі. А іншай крыві я не хачу.

Агна. Ратуючы ад хваробы, не ўратавала ад ганьбы. Шкада… Ветры – пасмешышча зямлі.

Вецер. Я не жадаю крыві. Ува мне зараз неба. I я так палюбіў жыццё і Надзею, што трэба баяцца, як бы я не зганьбіў сябе яшчэ горш… Вось схопяць… Ты можаш зрабіць так, каб я не пахіснуўся, каб смяяўся ім у вочы, каб не стагнаў ад успамінаў у апошнюю ноч? Я не жадаю даць ім гэтае ўцехі. Я не хачу чужой крыві і не хачу ліць сваю! Ратуй мяне. Зрабі, каб я не шкадаваў іхняга жыцця і свайго. Ратуй мяне ад ганьбы!

Вецер стаў на калені.

Агна. Усе чамусьці думаюць, што маці ўсё сцерпіць, і таму просяць у яе такое, нібы яе сэрца з жалеза.

Цяжкая паўза.

Агна. Каб не казалі, што мы – ад Іуды. Каб не плявалі нам у твар…

Паўза.

Агна. Добра. Я дапамагу.

Вецер. Хутчэй. Гэта сапраўды страшна, калі на цябе плююць. I страшна ліць кроў.

Агна. Едзь у бок Ківаверцаў. Пасля, па лагчыне, на Зорны Кол ад Вялікага Каменя. З паловы шляху звяртай на Імшаны Яр. Там, дзе ён упадае ў раку, убачыш на адхоне пад вялікім дубам капаную пячору. Прыйдзі зацямна і не палі святла. Т а м – Ч а л а в е к… Будзе гнаць – не ідзі. Скажы яму: «Мне гэта трэба. Я ўсё ведаю і нізавошта не пайду». Не палі святла. Паеш з ім у цемры, а раніцай едзь дадому… Ідзі. Дай табе бог сілы ў апошнюю, у клятую гэтую гадзіну.

Вецер накідае плашч.

Агна. Толькі помні. У самы страшны час… У гэтым лесе… У яры… у гэтай нары без святла – Чалавек. Помні, там Чалавек.

I зноў цемра, і ноч, і шум дрэў, і галоп наўскапыт.

Дрэвы пяюць пад ветрам,
Дождж як варожы свінец.
Конь скача ў дзікія нетры,
Дзе ноч чакае мяне.
I конь безнадзейнасць чуе,
Што схопіць нас у яры…
Як кроў праліваць мне людскую,
Калі Сонца ўва мне гарыць?!
Мне Любові трэба пазбыцца, –
Бо на пласе народ мой ляжыць.
Як мне з раю светлага ў пекла спусціцца?!
Безнадзейнасць!
Безнадзейнасць!
Памажы!
Памажы!
Памажы!!!

Аддаляецца пошчак капытоў.

  1. Калі актрыса ведае лепшыя «сірочыя вясельныя» ці такія, што лепей кладуцца на яго голас, яна мае права, нават абавязана выканаць іх замест прыведзеных тут.