Маці ўрагану — Карціна чацвёртая

Вялізная святліца ў карчме Магды Мякенькай. Злева — паліцы з сулеямі і пляшкамі, бочкі. Перад усім гэтым — стойка. За стойкаю — ачаг і дзверы ў кухаварню. У дальнім левым куце — дзверы на вуліцу. Тры акенцы ў задняй сцяне, адно — у правай. За імі роў, валы і над імі драўляныя муры і цагельныя, «бутавыя», вежы Крычаўскага замка. Пад сценамі доўгае «Г» стала, лавы вакол яго. Стаяць дзве-тры бочкі ў якасці дадатковых сталоў. За стойкай Магда, ля яе дудар Яўхім Xмыз. За вялікім сталом сядзяць у кампаніі з куфлямі Поп з Бесавічаў і Поп Антох Крапіла.

Антох. Іцкавічы — цю-цю! Няма іх. Свой у нас цяпер арандатар.

Поп з Бесавічаў. (сербануўшы) А табе што, ойча? Яны, як іудзеі, да цябе, папа, справы не мелі. Ты што пры іх, што пры Храптовічу наліжашся, як папова свіння, дый канец.

Антох. Ну і ты ледзь не кожны дзень п’яны як гразь. Але ты з распусты п’яны. А я — з жаласці да людзей, да парафіян сваіх.

Поп. Мялі, млын. Проста яны, абдзёртыя, табе за хрышчэнне ды адпяванне заплаціць не могуць, вось ты і точыш зубы на Іцкавічаў.

Антох. Бо ў мяне сумленне. Яно не дазваляе з голага ўзяць. А ты як? Ты з сыноў жабрака добрага каня вымагаў за адпяванне. А не было яго, то нябожчыка пахавалі неадпетага, як сабаку. Тры дні людзі на каленях стаялі, пакуль не згадзіўся магілу адпець… за мерку пшаніцы.

Поп. А чаго ты п’еш са мною? Унь як зямля напіўся.

Антох. Гэта ты падсеў. Праўда, людзі?

Магда з Яўхімам. Так… Анягож… Падсеў.

Антох. Падсеў. I лепей бы я з бесам піў, чым з папом, які з Бесавічаў.

Поп. Ой, заклею я твой вобраз.

Антох. Паспрабуй, асёл Валаамаў.

Магда. Цыц!

Яўхім. Не хапала яшчэ, каб папы пабіліся.

Магда. У мяне не паб’юцца. Я іх — жыва.

Яўхім. I праўда. У цябе бойка толькі, пакуль ты не ўмяшаешся. Гэта ж за дзесяць год ніводнага членапсавання.

Антох. Дзіва што. Грудзі — як дзве машыны сценабітныя… Азадак — вось як гэтыя дзве бочкі. А мы што? Мы людзі звычайныя, дзе ўстаяць?

Магда. (улешчаная) Добра-добра. Толькі без бойкі.

Яўхім. Няма чаго сварыцца. I новы арандатар тут, і дзярэ, як свой. I пры тых, і пры ім на азадках нашых як ячмень малацілі.

Магда. Іцкавічам усё заплочана. I хай коцяцца.

Антох. У тым і справа…

Яўхім. …Што не ўсё заплочана. Што яны яшчэ тут і нейкія рэшткі выбіваюць. I як бы гэтыя рэшткі не былі апошняй нашай кашуляй.

Магда. Ветра зваць трэба. Не п’янюгу Васку, а Васіля. Ён ім толькі руку пакажа — жыва нагостраць лыжы.

Поп. Забабоны ерэтыцкія! Язычаскія. Хто гэта, акрамя бога, можа… дотыкам рукі?..

Магда. А ты нас з Лаўрэнам спытай, як войт з Ківаверцаў, нібы ад Перуна, рухнуў.

Поп. За вашыя супрацьзаконныя намеры вас з Лаўрэнам трэба… у вязніцу.

Магда. А ты з намі, ці што, быў, што ведаеш, намеры там у нас або ўжо нешта больш сур’ёзнае? Ці мо ляжаў з намі?

Поп. Цьху, бясоўскае адроддзе.

Магда. (прыўзняла яго за шкірку). Хто тут бясоўскі? Хто з Бесавічаў? Я ці ты?

Поп. Ай, эпіцім’ю накладу.

Антох. У порткі ты накладзеш. Ды кінь ты яго.

Магда. Ужо кінула.

Яўхім. Ай, баба! Ай, баба, як Пярун!

У карчму ўвальваюцца браты Іцкавічы з вартай, Камісар і Павал Цялецкі, крычаўскі «губернатар».

Гдаль. Ай, б’юцца. Ну, як бараны. Ну, як пеўні.

Шмуйла. Здароў, Магда.

Магда. Здаровы былі. Нашто завіталі?

Шмуйла. Скора з’едзем. А пакуль — даўжок за табой.

Магда. Што-о? Які даўжок?

Гдаль. Апошні даўжок перад тым, як новы арандатар даб’ецца таго, чаго мы не дабіліся, і прымусіць гэтую карчму па бервяну разнесці.

Магда. Я-ак?

Цялецкі. А так. Пабудова пры рове. Значыць, бліжэй чым дзесяць сажняў ад замка. А гэта значыць вораг можа яе разнесці і з яе праз роў мост накідаць.

Магда. Калі вораг прыйдзе — ён і за пяцьсот сажняў бярвенні паднясе. Ён не задумаецца і ўвесь горад на мост разабраць. Але верна і тое, што, як вораг прыйдзе, я гэтую карчму сваёй рукой падпалю.

Яўхім Хмыз непрыкметна выбраўся з-за стойкі ў дзверы.

Цялецкі. Добра, пра гэта пасля. А цяпер ты кажы, камісар.

Камісар. (хавае вочы) Доўг за табой, Магда. А які — хай скажа вельмішаноўны пан Гдаль.

Магда. Ой, камісар, не крыві душой. Яны пойдуць — ты застанешся.

Камісар. Ведаю, але… паднявольны.

Гдаль. Семдзесят злотых з цябе.

Магда. Гда-аль!

Гдаль. Вочы мне лопні, скула мне на язык.

Магда. (дастае і кідае на стойку некалькі драўляных планак) Вось насы, біркі. Давай твае паловы. Складзем і паглядзім, што на носе зарублена.

Шмуйла. Няма ў нас ніякіх насоў! Адкуль насы?

За вокнамі ў гэты момант зараўла трывожна дуда.

Антох падпявае

Дуды над хлопцамі выюць трывожна.
Над полем бітвы спявае рог.
Тапчыце зямлю, легіёны божыя!
Наперадзе — вораг! Над вамі — бог!

Цялецкі. Гэта што?

Гдаль. Гэта значыць — хутчэй грошыкі, Магда. Адна ты тут не паддалася са сваёй карчмою. Напаследак — паддасіся.

Поп. Размячыце, размячыце гэты вярцеп.

Магда. Ах ты, выпоўзіна!!

Поп. Хто гэта — божыя легіёны? Тыя галадранцы? I бог наш — з імі?

Антох. Тапчыце зямлю, легіёны божыя!
За вамі ваш край. I з вамі — ваш бог!

Магда. Вось біркі!

Цялецкі. Біркі не папера. Дзе папера?

Магда. Дык былы камісар Гарноўскі ўзяў. Сказаў, што ўсё скасаванае, — і ўзяў.

Гдаль. Гарноўскі? А я такі штó да яго маю?

Шмуйла. Узяў і ўзяў. Што, м ы ўзялі? Рукі нашы адсохні, як мы тыя паперы ад вас забіралі!

Антох. Падстаўны камісар!

Камісар. Змоўч!

Магда. (бярэ, як меч, востры пожаг) Паспрабуйце толькі крануць чаго.

Гдаль. Варта! Вазьміце яе, загаліце ды пасадзіце ў ачаг, калі не адумаецца.

Магда ўзняла пожаг. Антох палез з-за стала на выручку. У гэты момант увальваюцца ў дзверы м яшчане на чале з Вашчылам, Лаўрэнам, Іванам Карпачом, Ільёй, ягоным бацькам, пісарам Бачко і Яўхімам.

Вашчыла. Так, каго гэта тут — у ачаг?

Магда. Мяне. Унь біркі, а ён доўг заплочаны патрабуе, карчму пагражае размятаць.

Шмуйла. Доўг не заплочаны! Паперы дзе? Пра камісара вярзе нешта.

Вашчыла. Ведаем пра даўгі. Той падстаўны камісар квіткі аб уплаце сабраў. А квіткоў тых за ўплочаны чынш было на дзвесце тысяч. Дый знік з імі.

Гдаль. Не чуў пра квіткі. Вінен мне горад дзвесце тысяч. Пакуль не атрымаю — не пайду.

Карпач.. У кішэні яны ўжо ў цябе. Другі раз выбіваеш!

Магда. Біркі засталіся!

Ніхто не бачыць, што поп з Бесавічаў перадае «насы» Шмуйлу і той цішком кідае іх у ачаг.

Карпач.. I той падстаўны камісар даў пісьмовае распараджэнне на абарону жыхароў ад гвалту.

Спыніўся ў дзвярах Вецер з узброенымі людзьмі.

Ілья Карпач.. Але Шмуйла пасля ўцёкаў камісара тую паперу ў прысутнасці мужыкоў падзёр.

Гдаль. Квіткоў аб уплаце няма. I бірак няма.

Ілья. Біркі ў людзей пабоямі паадбіраў.

Магда. Біркі! Дзе мае біркі?

Лаўрэн. (дастае з ачага абгарэлы пучок, узмахнуў ім — на канцы заскакаў агеньчык) Вось яны, твае біркі.

Магда. Бо-о-ожа! Што ж рабіць? Аспіды! Васіліскі!

Лаўрэн. (рушыў з пучком на арандатараў) Нічога! Я ім зараз агнём на мордах уплату той пазыкі выкарбую… Каб памяталі на ўсё жыццё.

Гдаль. Камісар той быў часовы, а я — заўсёдны. I плаціў грошы князю згодна кантракту. Таму калі й душу дастану з мужыка — адказваць не буду.

Лаўрэн. (насоўваецца) А гэта мы паглядзім, галава карэлая! Бачыш, агеньчыку з пекла табе прынёс.

Шмуйла. Гвалт!

Бачко. Камісары гэтыя — толькі расходы!

Ілья. На іх і на світу!

Бачко. I нічога добрага, акрамя гною пасля іх!

Яўхім. Нічога не далі камісары! I надзей не пакінулі!

Ілья. Яшчэ дзвесце тысяч! Не ўратуюць скаргі!

Бачко. Мужыкі! Супраціўляйцеся! Біцеся!

Лаўрэн (паднёс агонь да аблічча Гдаля). Ну-у…

Вецер. Ціха, мужык! Ціха! (Цішыня.) Та-ак, другую шкуру дзераце, манюкі? Вось ён, мужыкі, пачатак пачаткаў. (Спакойна.) Не рабунак, не здзек, нават не біццё. Падман узняў нас на ногі. Адыдзі, Лаўрэн. Ну, давай, Гдаль. Валі адсюль. Чаго адступаеш? (Гдаль паспрабаваў прарвацца да дзвярэй, але Вецер перагарадзіў рукамі калідор з людзей.) Не, браток. Не атрымаецца. Ты адсюль не як сумленны п’янюга выйдзеш, не праз дзверы. Мае людзі сёння ў дзесяці дварах даўгавыя кнігі спалілі. Чуеш, Вашчыла? У растаўшчыка Аляксандра Вуці. I ў іншых растаўшчыкоў знішчылі судовыя рашэнні, паперы па абавязках, закладныя паперы на сенажаці, судовыя рашэнні на права валодання зямлёй, адабранай у бедных. I пазыкавыя абавязкі ў Міхала Аніскевіча, арандатара Моўшы Айзіковіча, у многіх багатых купцоў, і майно адабралі і раздалі. У Старым Стане ў багатыра Галайды аднялі і раздалі майна бедным не менш як на дзесяць тысяч. На жаль, і без ахвяр не абышлося. У Геранімаве купец Міхал Белавіцень, што наваколле разарыў і людзей біў да смерці, уздумаў супраціўляцца. То забілі яго і ягонага цесця Сымона. Не мог я мужыкоў стрымаць. (Да Гдаля.) То няўжо такую гніду пашкадуем? Чаго адступаеш? Не бойся. Замест павольнай нашай смерці ты — адразу. А кнігі твае — у агонь. Не бойся, Магда. Яны твае квіткі ў агонь, а мы іх — у агонь. Вось я сам (працягвае рукі — Гдаль забіўся і нема закрычаў). А мо хай ідзе? Без даўгавых распісак, без грошай, голы? Га, мужыкі?

Поп. Не выпускаць! Вернуцца, агаранскае адроддзе!

Антох. Ды хай ідуць. Нашто адбіраць душу? Сваю маем.

Бачко. Не маюць яны душы.

Антох. Яны не маюць. Мы маем.

Вашчыла. Ладна. Хай ідуць.

Карпач.. Толькі не дзвярыма. Дзверы — для высакародных п’янюг.

Ілья. У вокны хай.

Вецер. I калі вы бліжэй Слуцка спыніцеся — наракайце на сябе. З марскога дна дастанем. Ну…

Тыя пачынаюць выбірацца ў вокны. Сумятня. Цялецкі і Гдаль заселі.

Вецер. Гэй, мужыкі, падмагніце ім. Гэтага — касой прышпорце, а гэтаму — выспятка.

Поле «бою» ачысцілася. Усе пераглядаюцца, і раптам — рогат.

Вецер. Вось. Прынеслі яны нам такі акіян крыўды, такое бяспраўе нязменнае і вечнае, што ўсе здрыгануліся, нават зямля (пошчак капытоў). Хай ідуць туды, дзе іх чакаюць… А мы… нам, мужыкі, трэба трымацца, як мур. Шкоды мы асаблівай пакуль не нарабілі. Значыць, жорстка слухацца загаду, парадак у горадзе трымаць, як у манастыры.

Антох. Крый божа.

Вашчыла. I нікога не забіваць.

Вецер. Так, самі душу маем. Не забіваць.

Поп. А Белавітня з цесцем куды спішаце?

Вецер. Кепска атрымалася. Але ён смертабойнічаў, у людзей майно адбіраючы. Дый тут уздумаў страляць. Не стрымаліся людзі.

Антох. (папу) Ты ўжо не вякай. Божай дабраданасцю гандлюеш, а туды ж…

Карпач.. I праўда. О-ой трымайся, поп з Бесавічаў. Як бы мы цябе не прымусілі замест вядра царкоўнага віна выхлябтаць вядро воцату.

Поп. Ды я што? Я з вамі.

Ілья. Але кнігі пазык у с е спаліць. Дачыста. .

Бачко. I справядлівасць усім.

Поп. I трэба суплікантаў, скаржнікаў паслаць да князя ў Белую Падляшскую. Хай лобам б’юць.

Бачко. I тое праўда.

Вашчыла. Ты і скаргу напішаш. Быць табе пісарам новай рады, бо Вецер, бач, здуру прысягу даў ні да каго не дакранацца, пакуль не пераможам або не памром.

Вецер. Ну даў… Ну здуру.

Вашчыла. А скаргу? Скаргу чаму ж не паслаць. Арандароў няма.

Карпач.. Князь зразумее.

Яўхім. (бярэ дуду) Ох, і жыццё будзе.

Былі ў бацькі тры сыны — ух я!
Ды ўсе ж яны Васілі — ух я!

Лаўрэн. Гэта Вашчыла ды два Ветры.

Яўхім. Адзін козы пасе, другі лапці пляце. А дзе гэта трэці Васіль? Ён якія такія лапці пляце?

Магда. За гэтым шалапутам вока ды вока.

Ужо некаторы час за вокнамі скача нейкі слабы водсвет, які цяпер разліваецца ў зарыва. Пасля далятаюць адтуль лямант, праклёны, гвалт.

Карпач.. Што такое?

Ілья. А гэта ці не трэці браток-Васілёк? Васка Вецер.

Вашчыла. (мужыкам) Ідзіце паглядзіце. I калі што — спыніце брыду.

Тыя пайшлі.

Вецер. (да Ільі) Ты якое права маеш думаць кепска пра майго стрыечніка?

Ілья. Стуліся, Вецер. Пакуль ты купцоў, растаўшчыкоў, глытаёў граміў, пакуль ты распіскі кабальныя паліў — брацік твой, падбухтораны новым арандатарам, нашым, Хрыптовічам, сваёй крыві чалавекам, швэндаўся п’яны па яўрэях, нават бедных, і пагражаў, што вось паліць вас будзем і што вось будзе пагром.

Вецер. Праўда?

Лаўрэн. Так. I казаў, што можа той пагром ад хаты адвесці. I багатыя яўрэі яму грошы давалі.

Магда. I гарэлкай паілі, бо пасылалі да мяне. Ходзіць увесь час як гразь.

Урываецца Бачко, які пайшоў з мужыкамі.

Бачко. Пажар! Жыдоўскі канец гарыць! З вуліцы ў вуліцу. Вецер падпаліў з сябрамі.

Вецер. (ціха) Вось яно. I як жа я не хацеў у бунт, у разбой гэты ісці. Падпальшчыкі цёмныя, забойцы. Абы да гарэлкі дарвацца. Але цяпер… цяпер ужо дарогі назад няма. Цяпер ужо хаця й бляваць хочацца, а — з імі.

Вашчыла. (Ільі і Бачко). Бяжыце, уздымайце людзей. Гасіць. Гасіць, не шкадуючы шкуры.

Поп. А нашто? Цяпер ужо войска ўсё адно прыйдзе. Цяпер — у кулаку трымацца трэба, і на розныя соплі часу няма. Няхай іхнія Суркі над сваімі бебехамі павыюць. (Ён зусім сп’янеў.) «А зэйдэлэ, а бобэлэ! Уй-ю-юй!..» Хрыста нашто распялі?!

Вашчыла. Ціха, поп! Цябе не білі, але я, імем сваіх ста пяцідзесяці бізуноў… Хай розны лёс, хай іншая кроў, але… кажы,. Антох… З пісання.

Антох. …Хай розная кроў. Але перад богам — усе браты на свеце! (Ціха, апусціўшы вочы.) Гэта не з пісання, але гэта праўда…

Магда. Праўда перад тым самым Хрыстом.

Дзверы расчыніліся ад удару Ільёвай нагі. За ім, у атачэнні яго людзей, увальваюцца некалькі растрапаных людзей, а сярод іх моцна пабіты Мендл Кеймах і моцна п’яны, расхрыстаны Васка Вецер.

Вашчыла. Яны што, парсюка смакталі?

Ілья. Бачко з людзьмі гасіць пажар. А гэтых вось граміл узялі. Яны… Мендла Кеймаха білі на горкі яблык. I кузню ягоную хацелі падпаліць.

Лаўрэн. Гэх, пагулялі!

Васка. А гэта што тут? Там жыдоўскі шабас, тут — чарнакніжны. I ўжо што адна вядзьмарка ды ёсць.

Магда. А я вось, калі я вядзьмарка, цябе — ступай!

Васка. I бра-атухна тут! Здароў, братка! Здароў ц-цёплай кампаніі! У карчме седзіцё?.. Ад пажару, ад відовішча такога мяне ўзялі? Ну, добра хаця, што ў карчму. Налі (кідае на стойку жменю манет).

Магда. Я за крадзенае не наліваю.

Васка. У каго крадзенае? У гэтых ІІейсатых разбойнікаў сумленна адабранае!

Магда. Гэта ты ў каго адабраў? У Іцкавічаў?

Карпач.. Іцкавічы зараз далёка. Ім у пэўным месцы агнём пячэ.

Лаўрэн. Гэта ты ў Ёськавых дзяцей узяў, што і сала з’ядуць цішком, калі дасі, каб з голаду не здохнуць?

Магда. У Двойры-ўдавы з падпаленай хаты выцягнуў? Ці вось у гэтага, у Мендла ўзяў? Кеймах, што яны табе зрабілі?

Мендл. (разгойдваецца) О Аданаі! Рукі.

Васка. У крыві твае рукі!

Ілья. У крыві. За шулы трымаўся, у кузню не пушчаў.

Вашчыла. Твае людзі яўрэйскі канец падпалілі?

Васка. Угу, і сінагогу. Дымко-ом пайшла! Лупі-і, Янка, тут табе бог, тут табе п’янка!

Поп. Аб веры дбаеш. Сто грахоў з цябе.

Вашчыла. За веру, праўда, стаяць трэба. А ты як думаеш, Антох?

Антох. Мяне за гэта згнаіць могуць. Але, па-мойму, бог адзін. Толькі імёны розныя. Як маці ў нас «маці», а ў хахлоў «ненька». Імёны розныя, а маці — чыста ва ўсіх адна.

Мендл. Мамеле. Рукі.

Магда. Баляць рукі. Зараз вось…

Дастае чыстую анучу, лье гарэлку з пляшкі на рукі.

Мендл. Рукі. За што яны… з мордамі такімі страшнымі. А халупа гарыць.

Васка. А ад Іцкавічаў вашых нашы хаты не гарэлі? А забітых імі куды падзець? Усё жыццё як вол пад ярмом. Усё жыццё пад плёткай, усё жыццё на мякіне. Усё жыццё нагаладзь.

Мендл. I накрыцца жонцы з дзецьмі няма чым.

Васка. Ну так, усе блохі згарэлі. А што вашы Іцкавічы з нас, як блохі, апошнюю кроў смакталі? Па кроплі. Я ўдосталь не еў. I дзеці мае не елі. Усіх вас, разам з панамі, кніжнікамі, багамазамі, растаўшчыкамі… Дзеці мае не елі!

Мендл. Рукі. Што цяпер без іх мае дзеці есці будуць? Няма нічога.

Карпач.. (з цяжкасцю ўздымае гіру ля стойкі) На, Мендл. (Той нечакана лёгка ўзняў гіру.) Бач ты яе як. Ты ж каваль. Трахні яго гэтай гірай па галаве — і разлік.

Ілья. Галава ў яго вытрымае. Што ёй?

Мендл. (раняе гіру). Не магу… Ай, куды бедным падзецца?.. Уй, калі ж хлеба ніхто за так не дае!.. Рукі.

Вецер. Ну так, рукі. Зусім яны чорныя, рукі. У цябе, Васка, бялейшыя. Дык гэта праўда, стрыечны брат, што ты з багатых жыдоў грошы вымагаў і казаў, што тады пагром адвядзеш?

Васка. А што? Што? З крывасмокаў?! Я не еў з-за іх… каб сытым… Племя ўсё іхняе пад корань!

Вецер. I цяпер пра ўсіх нас будуць казаць, што мы пагромшчыкі і вымагальнікі. I праўду нават над страшнай нашай магілай сказаць не захочуць. Бо збаяцца, каб і іх не палічылі, што яны заадно з галаварэзамі. Хаця яны нават Іцкавічаў не забілі, якіх бы за… ногі павесіць трэба. Збаяцца праўды — і ўсё гэта ты нарабіў. Ты што — і гарэлкай не грэбаваў? Піў з рук аднолькава гэтага вось бедалагі і гэтых вошаў, Гдаля са Шмуйлам?

Мендл. (крыху няўпэўнена). I што? I піў.

Вецер. Беларус абпіваў жабрака і піў падачку з рук ворага?!

Магда. (спалохана). Васіль! Васіль, кінь!

Мендл. I тут яны — за глотку. А мне што рабіць? Сябры мае адзіныя… Рукі.

Вецер. Рукі. У крыві і дыме. Ты прабач мне, Мендл. Я не магу падаць табе рукі. Адзінаму, у каго б я тут з ахвотаю яе паціснуў. Але я магу іншае… Васка! (I тут амаль шэпт узвысіўся ледзь не да грымотаў.) Ты, вось ты… дай я пацісну тваю руку… брат.

Васка і ягоныя людзі задкуюць у кут перад Ветрам, які наступае на іх.

Вецер. Ты пойдзеш гасіць пажар. Ты будзеш ставіць з людзьмі новыя хаты. Ты ніколі не ўцячэш і прымеш з намі самую смерць. I калі ты заб’еш не ў баі, і калі ты хоць раз адбярэш жыццё, вартую жалю страхý або кавалак хлеба ў няшчаснага — тады ты, клянуся, падасі мне сваю руку, брат, і — бог бацька! Вымятайцеся.

Тыя пайшлі, як пабітыя. Маўчанне.

Вецер. Ну вось. Нарабілі лайна — што цяпер?

Ілья. А цяпер, пасля пажараў, чакай кары.

Вашчыла. Усіх узброіць.

Лаўрэн. I мне доўбню… самую цяжкую. Пасля таго, што тут убачыў.

Магда. Куды-ы ты, кіндзюк. Біцца? Ды я цябе падалом замяту.

Лаўрэн. Ну ты-ы. Ты падалом і полк замяцеш. Не ведаю, як на цябе, а на іх у мяне сілы хопіць.

Вецер. Біцца. Цяпер ужо да апошняга. А калі што…

Поп. А калі што, дык за рубеж завадатарам бегчы. Там аднаверцы.

Антох. Куды-ы. Бачко дужа пісьменны. З гасцямі з-за рубяжа гаворыць. На Украіне цяпер казакамі Лізка з Пецярбурга запраўляе.

Поп. Дык вось туды.

Антох. Туды? Там свае мужыкі бунтуюць — што ім да чужых? Там у простых нават солі няма. Там паўсюль адкрыты разбой. Там раскольнікам храмы ломяць і людзі бягуць да нас — уяўляеце? У наша пекла бягуць! — або паляць сябе жыўцом. Там галовы сякуць і языкі рэжуць за адзінае слова. Выдадуць яны завадатараў назад нашаму каралю. Наш кабель іхняй сучкі не ўкусіць.

Карпач.. Тады адно. Узбройвацца. У князя нашага зараз дзве вайны. Адна з «каралём» Славацінскім. Ён яму замак у Славаціне пабудаваў, каралём паставіў і цяпер яму вайну аб’явіў. Усур’ёз, з забітымі. I другая вайна, ужо не цацачная. З Янам Тарлам, ваяводам Сандамірскім, за маёнткі Сабескіх. Тут ужо міжусобная, братазабойчая вайна. Буйных сіл не пашле. Не да нас яму. Можа, і паспеем.

Поп. I пасольства да князя.

Вашчыла. Перапрошваць, што пабілі? А што ж, і перапросім, галава не адваліцца. Бачко з Ветрам ліст напішуць. Каго дасылаць?

Ілья. Бадай што, мяне.

Карпач.. Татка…

Ілья. Змоўч, смаркуль. Дзед твой бурмістрам Крычава служыў. Я — гарматнік. Ты, зеляпан, таксама бурмістр. Служылі мы гораду, не адмаўляліся. Сілы ў мяне ўжо мала, то паслужу напаследак паношанай шкурай.

Вашчыла. Гэта можа быць і сапраўды «напаследак». Хоць і паношаная, а…

Ілья. Дзярмо разграбаць паедзем. А гэтай работы ў новым адзенні не робяць.

Вашчыла. Яшчэ хто?

Лаўрэн. А хаця бы й я.

Магда. Куды, распуста. Абібок. Лоб, як у бугая, а абы яму гультаіць, абы не працаваць.

Лаўрэн. Дровы ў тваю карчму секчы — гэта не работа.

Яўхім. Яна не пра тую работу кажа.

Лаўрэн. Не, дудар, гэта ты ўжо кінь. Яна ў мяне як лава. Хоць каменні кладзі. (Завёў.)

Усе дзеўкі дрэнна йдуць —
Мая дзеўка добра йдзець…

Магда. Э-эх, змоўч, кастаглод. Скажа, як атопкам па балоце гошсне.

Лаўрэн. Кароста ты мая любая. Трэба ісці. А то там наш князь сядзіць, напнуўся, як жаба на купіне. Радзіві-іл!

Вецер. Хто і калі вас разуменню вучыць будзе? Ёсць Мендл — і Гдаль, ёсць той наш пракажоны ў лесе — і наш Радзівіл. А і Радзівілы розныя. Ёсць тыя, што кнігі выдаюць і асвету нясуць у наша дзікае балота — а ёсць і такія, як наш, злачынцы ў светлай княжай кароне.

Яўхім. Не бывае яна светлая.

Вецер. Бывае. Гэта як на якім чалавеку.

Вашчыла. Едуць пасламі да Белай Ілья Карпач і Лаўрэн Каўбаса.

Яўхім. (перакідае дудку на грудзі). Галасы ў адзін. (Цямнее.)

Голас:

На палеткі асірацелыя
Аблятае лісце нясмелае,
Абгарэлае, заінелае,
Каб укрыць раны нашай зямлі.
Веларусь мая белая, смелая
Засылае паслоў у Белую.
Засылае ў Падляшскую Белую
Падлаедаў аб праўдзе маліць.