Маці ўрагану — Карціна пятая

Зала для прыёмаў, «тронная» зала ў палацы Гераніма Радзівіла ў Белай. У пярэдняй сцяне, справа, стральчастыя ўваходныя дзверы. Высокія вокны высока і ад падлогі, а пад імі — канапы, лавы і крэслы. На прыступках каля левай сцяны, на ўзвышэнні, крэсла самога князя, вышэйшае за ўсіх і сапраўды нечым падобнае на трон. Насупраць яго, у правай сцяне, гарыць камін і каля яго стаіць высокі экран. Вісяць габелены і зброя, стаяць у прасценках латы. Зала таму робіць дзіўнае ўражанне: сумесь параднай залы і кардэргардыі. Князь сядзіць на высокім крэсле, побач, на ніжэйшым — Аліцыя Гайдаловіч. Іхняй «канфідэнцыяльнай» размове аніяк не перашкаджае прысутнасць Капітан а Аддзялу Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя, і палкоўнікаў Данаван а і Пястжэцкага.

Радзівіл. Ды не магу я з та-табою ажаніцца, ду-ду-душка.

Аліцыя. Але чаму ж?

Радзівіл. Ла-ладна, жо-жонка ўцякла. Шлюб ра-разарваны. Але ж яна была да-дачка Сапегі і жонкі ягонай з-з Браніцкіх. Прыйдзе час — ва-вазьму новую. З такога ж высокага дому.

Аліцыя. I тая ўцячэ. Бо і жанчыны з гэтых дамоў такія, халодныя, як рыбы. Дый ты.

Радзівіл. Цы-цы-цыц!

Аліцыя. Два мокрыя палены не гараць. Сухое патрэбна — тады яшчэ сяк-так.

Радзівіл. Гэта ты — сухая? Гм.

Аліцыя. Прынамсі, магу прьшусіць цябе варушыцца.

Радзівіл. I мне ад жа-жанчыны патрэбна паслушэнства. Безагаворачнае, ду-душка.

Аліцыя. Ну н-не. Са мной не атрымаецца. Жыць замкнёнай і толькі чакаць, што часам з’явіцца муж і пан. Гаварыць няма з кім. Толькі праз вокны глядзець на вязняў і асуджаных. Крыкі слухаць.

Радзівіл. А ш-ш-ш-то? Найлепшыя спевакі пры маім двары.

Аліцыя. Ціха, людзі ж тут.

Радзівіл. Гэта не людзі.

Аліцыя. У цябе ніхто не людзі. Сам святло гасіш, сам дзверы запіраеш.

Радзівіл. Бо не ха-хачу, каб іншы бачыў тое, што належыць мне (паказвае на яе).

Аліцыя. Ага, значыць, усё ж людзі. Глядзяць.

Радзівіл. А гэта я-я-якасць не толькі лю-людзей, але й быдла.

Аліцыя. Якая табе розніца, калі на мяне, скажам, пёс паглядзеў?.. Угм. Толькі й ёсць у цябе, што зайздрасць, а толку што? Не палац, а турма. Паноў за стол — ніколі. У нясвіжскіх Радзівілаў чалавека на тым канцы стала ў твар цяжка пазнаць.

Радзівіл. Нясвіжскія мне не ўказ. Я-я-яны адну сабачую мову змянілі на другую, польскую, таксама сабачую.

Аліцыя. А што ў цябе не сабачае?

Радзівіл. Ня-ня-нямецкая. Там, у Нямеччыне, парадак, там законы, там — войска, там — мова, там — людзі… Дойч хайт… Дойч тум… Нямецкі побыт. Нямецкі дух.

Аліцыя. А сам у тым нямецкім, як я. Як той парыжанін, што Парыжа ў вочы не бачыў, Пляцеш — дык унь у палкоўніка Данавана, немца, вушы вянуць. Таксама мне, немец. Такі ты немец, як і Вайберхельд, як Вайберфройнд, Вайберфайнд1 , ты і не немец, ты і не паляк, а тутэйшае…

Радзівіл. Нун гут… Іх геборэ вурдэ ін штадт Веlаjа. Ваlorussia. Абер… а ідзі ты да д’ябла! А шляхта за ма-ма-маім сталом — прабач. Яны павінны ведаць месца, душка. Я па-па ўладзе больш чым кароль. I вось таму мне з табою ісці ў касцёл не выпадае. (З пагрозаю.) Не па са-сабе дрэва ломіш. Я ка-ка-ка-кароль! Толькі пакуль не ка-ка-каранаваны! Я й падаткаў не плачу. Я самому каралю сказаў: «Мам войско венкшэ ніз Жэчпосполіта, готув естэм служыць нем ойчызне — дам е крулёві, але податкув жадных не заплацэн»2. Вось. «Маю войска большае, чым Рэчпаспаліта, гатовы служыць ім айчыне — дам яго каралю, але падаткаў ніякіх не плачу».

Аліцыя. Яўрэям ты іх плоціш, бо лень самому займацца. Болей, чым каралю, плаціў бы. (Убок.) Ладна. Ты не ажэнішся, але я з цябе ўсё магчымае выцісну, мерын. А тады заікайся хоць па-нямецку, хоць на мове сваіх пастухоў.

Радзівіл. (ужо супакоены, задуменна) Вось бачыў сон. Сяджу бым і бачу — перада мною бым на троне кароль сядзіць. Наша бяссілая морда. Аўгуст трэці Фрыдэрык. I хачу бым я ўстаць перад ім, а ні-ні-ні-як не ма-магу. Варажбітка ска-ка-казала, што гэта нейкая дзяржава пасодзіць мяне на польскі пра-прастол. Пасля — вайна будзе, скінуць мяне з трона. Але я… я… я па магілу буду ганарыцца — я і зараз ганаруся, што бы-бы-быў польскім каралём. (Прыасаніўся.) Ве-ве-вельмішаноўны пан канцлер дзяржавы, пан Піліп Каршук, та-так бы мовіць мі-міністр замежных і ўнутраных спраў… Гэй! Прывядзіце канцлера, Пястжэцкі (той пайшоў, Радзівіл — да Аліцыі). З табой больш размовы няма. Змоўч!.. Ох-х, цось мі глова болі.

Пястжэцкі вяртаецца. З ім Каршук і Іцкавічы.

Радзівіл. Што, бушацкія морды. Так бессаромна грошы вы-выбівалі, што да бунту дайшло? Колькі лішняга ўзялі?

Гдаль. Сонца наша найяснейшае! Дальбог жа анічога не ўзялі.

Радзівіл. Бра-брашы! На што ж бы-было водкул, арэнду браць, калі сабе выгады няма?

Шмуйла. Ды толькі каб вам клопату не было. А вам лягчэй. А нам — прывілей на гандаль.

Радзівіл. Павешу за ногі. Колькі тысяч у кішэнь паклалі? Дзесяць? Пятнаццаць? Ды я ж не супраць. Трэба ж і вам на кугель і рыбу?

Гдаль. Дваццаць тысяч… I палову з іх на каленях падносім вам, Саламону мудраму нашых дзён… Шмуйла, дай распіску.

Шмуйла ўкленчвае і працягвае распіску.

Радзівіл. Мабыць, крыху больш. Ла-ладна, чорт з вамі.

Гдаль. Бралі болей, сын сонца. А чаму?

Радзівіл. А чаму?

Гдаль. Каб я граў у вашыя карты, то сказаў бы: вось наш козыр. Падманшчыкі, вашамосць.

Шмуйла. Шкуру мала здзерці. Манюкі.

Гдаль. Народ разбягаецца, то яны цішком іхнія валокі, іхнія землі прыбіраюць да рук, а падаткаў вашай мосці за іх не плоцяць. Укрываюць ворныя валокі ад вас, гаспадара. I ў лесе зéмлі цішком аруць і грошай не плоцяць, бо тыя валокі ў інвентар не ўлічаны.

Шмуйла. Пан-князь у лес не палезе. А мы палезлі. А ў лесе паўсюль патаемныя пасекі і борці, няўлічаныя папасы, гарбузы ў бур’яне на палянах. Музікі! Падманшчыкі! Бушацкія морды!

Радзівіл. А бунт?

Шмуйла. А грошы недаплочаныя князю? Мы іх выбівалі, і за гэта ў бунце ледзь не загінулі.

Радзівіл. Як кулаком пад дых. Ну не, скаржнікаў гнаць, упартых — вешаць. Канец справе скаргаў… Чорт, галава разломваецца.

Каршук. Там дэлегацыя скаржнікаў з Крычава. Два чалавекі, княжа.

Радзівіл. Павесіць!

Аліцыя. А можа, яны не са скаргай.

Радзівіл. Добра, гэтых яшчэ выслухаю. Але хай пастаяць, пачакаюць. I вы пачакайце… Можа, я вам і падмагну вярнуцца. Толькі — не-не-не да таго мне ц-цяпер. У мяне са Славацінскім вайна з Тарлам — усобная вайна. I… хто там яшчэ, Каршук?

Каршук. Сяржант фон Швальбе ўцёк.

Радзівіл. Як? Не паляк? Курляндзец? З іх-іх-іхнім безварнуковым паслушэнствам? Ве-ве-ведаючы мя-мяне сýум домíнум вíтэ эт нéціс, як па-пана свайго жыцця і смерці? Куá субдзíтус, як падданы, ве-ведаючы, што яго чакае? Ад мяне, дзе ў во-войску ад салдата да ге-генерала мова нямецкая? (У страшным гневе.) Сто… дзвесце… тысячу пагоні за ім. Спаймаць! Дзе б ні схаваўся — той палац або кляштар спаліць!.. Пястжэцкі — пяцьсот чалавек!

Пястжэцкі. Слухаю (выходзіць).

Радзівіл. Капітан Аддзялу Гран Мушкецёраў… Дзвесце… У пагоню. Калі паспеў уцячы за мяжу — да тых двароў патрабаванне: выдаць. Хоць бы і ў рымскага папы!

Капітан. Ія… Абер іх глаўбе, князь…

Радзівіл. Ты мне не глаўбай. Іначай будзеш мець кіёў у спіну.

Капітан. Ія (выходзіць).

Радзівіл. Та-а-ак. Ш-ш-шт-то яшчэ? Галава, халера, як гарбуз.

Каршук. Ваша светлая велькаяснавяльможнасць. Кароль Славацінку просіць пардону ў іх яснавяльможнасці.

Радзівіл. Падумаем. Забава, што праўда, зацягнулася. Ну, збудаваў я яму замак… пяцьдзесят тысяч каштаваў. Ну, аб’явіў яго ка-ка-каралём. Я лі-лічаныя двары сусвету лічу ро-роўнымі сабе, дык ён зазнаўся.

Каршук. Дазволю нагадаць — гэта м ы яму аб’явілі вайну.

Радзівіл. Капітана! Пястжэцкага!..

Тыя ўваходзяць. Капітан мяце пер’ямі капялюха падлогу. Увогуле ўвесь этыкет — жахлівая пародыя на этыкет пры двары «караля-сонца» і нямецкім двары.

Капітан. Ваша яснавяльможнасць, людзі дасланыя.

Пястжэцкі. Мае таксама.

Радзівіл. Дакладвайце аб штурме Славацінку, капітан. Замак…

Пястжэцкі. Замка таго ўжо амаль няма. I ў іх і ў нас забітыя, параненыя.

Капітан. Мы замак атачыць і падступіць. Тыя страляць…

Радзівіл. Па-нямецку!

Капітан. Холь ін дэр Тойфель! Ферфлюхунг! Гешворэнэр Файнд…

Радзівіл. А, чорт, яшчэ горш! Канцлер, скажы яму — хай брэша па-тутэйшаму, а будзем лічыць — па-нямецку.

Капітан. Ваш закляты вораг замак выхадзіць і біцца. То яны нас, то мы іх.

Радзівіл. Падпалілі?

Капітан. Ія.

Радзівіл. Час канчаць. Досыць ужо з ім дыпламатычных зносін і вайны. Артылерыю, штурм, сам на чале. Узяць у палон. Судзіць. Асудзіць на-на-на смерць.

Пястжэцкі. Ваша яснавяльможнасць! Караля! Які прыклад?!

Радзівіл. Так. Караля нельга. Я яму… дарую. Уласкаўлю. I — вось што я зраблю! — вярну яму свабоду і дзяржаву.

Пястжэцкі. Вялікі і мудры!

Радзівіл. Ты не хвалі. Ты да-да-давай пра бойку, пра вайну з Сандамірскім ваяводам.

Пястжэцкі. То ест правдзіва война за маёнткі Сабескіх. Война домова. Воевода Сандомежскі Ян Тарла, як сьвіня, пшэпрашам…

Радзівіл. Ой, ды кі-кінь ты гэтае свінства. Валі па-хлопску, а хай лічаць, што па-польску. А то галава баліць, цяжкая, як жлукта поўнае. Не даходзіць па-польску.

Пястжэцкі. Даслаў на яго дзве харугвы. Хай трывожаць. Пасля выступлю сам. Гэта — сапраўдная вайна. I мы ім хрыбты зломім… А што з галавою?

Радзівіл. Напіўся ўчора… Пробашча Пёкура сюды… Ох, галава ты мая, галоўка, кадоўбец божы.

Уваходзіць Пёкур.

Пан пробашч Бельскі. Нашто ты мяне ўчора напаіў, свіння такая?

Аліцыя. Ты ж не п’еш.

Радзівіл. Гэты здолеў упаіць.

Пёкур. Але, пане муй. Што там было? Палова вядра крупніку, кварта кмяноўкі ды пляшка пітнага мёду! Што гэта на дваіх здаровых драбаў?

Радзівіл. І ў пляшцы чатыры кварты. Вось сядай зараз за стол і пішы… Пяро яму. Ох, макітра ты мая! З піяньствем вальчыць тшэба. Змагацца.

Пёкур. Пішу. «Без жаднай клеменцыі маёй, яком Радзівіл…»

Радзівіл. Так. Так. Піяньствам ба-ба-бавёных се, яко не жолнерскім і негоднім сьвінім налогем, не іначей як батыжкамі каралі.

Пёкур. I па-хлопску тое самае. «Тых, хто п’янствам бавіцца, як не салдацкай і нягоднай, свінскай распустай, не іначай як батагамі караць…» Апахмяліцца б табе, княжа.

Радзівіл. Трэ… ты-ты-ты што гэта тут?! Тут закон прынялі, а ты з апахмелкай.

Пёкур. Пакуль не падпісаў — гэта ж не закон? Ну дык выпі, а пасля падпішы. Гэта зручна. Пазабівай ворагаў, а пасля выдай закон: забойства караецца смерцю. Але зваротнай сілы закон не мае. I людзям страх, і табе спакайней.

Радзівіл. Ладна. Дапісвай…

Пёкур. Дапішу: «Жэбы тыле веле кропель…» Тут ужо я, як ксёндз. Калі вып’е, то «каб столькі шмат кропель, каб столькі д’яблаў, што пры скананні бяруць с в а ю душу, бачыў…». А ты ўсё ж пахмяліся… Там Грабоўскі, пасол ад брата твайго Марціна-Мікалая чакае. Вось ты з ім аб богу пагавары дый выпі.

Радзівіл. Што такое Грабоўскі?

Пёкур. Фаварыт. Выканаўца ўсіх ягоных збродняў. Загадае Марцін — падсудка брэсцкага Грабоўскі заб’е ў карчме. Падюбоўніцу князеву па яго загаду задушыў. Забіў шляхціца Кукаўскага з жонкай — вясёлы такі чалавек. Маёнткі падпальвае. Наконт сялянскіх двароў падпаленых і мужыкоў забітых — і не кажу. Цяпер хваліцца, што заб’е брэсцкага гараднічага. А братка твой, княжа, з розуму з’ехаў. Верыць у перасяленне душ, алхімік, каменя філасофскага шукае. Ні пра што, акрамя баб, гаварыць не можа, людзей забівае. Перайшоў у юдаізм. Рабіны вакол. Суботу спраўляе. Ну, па-свойму ён правільна разважае. Яму ж невядома, які бог на небе, дуралому. Калі наш — ён крыж пакажа, а калі іхні… Ён і жанчын святых не пасаромеецца.

Радзівіл. Звар’яцеў братка.

Пёкур. Угу. I самае горшае — замест мёду і гарэлкі п’е пейсахоўку. Гэта ўжо зусім з розуму трэба з’ехаць. Ніякага параўнання — гэта і мурону ясна.

Радзівіл. Так, гэта ўжо канцы. Увесці Грабоўскага. I крычаўскіх сюды!

У залу ўводзяць Грабоўскага, Ілью Карпача і Лаўрэна. Грабоўскі ідзе да «трона».

Грабоўскі. Чалом табе, яснавяльможны, ад не менш яснавяльможнага брата Марціна-Мікалая — недатыкальны пасол ягонай дзяржавы Грабоўскі.

Радзівіл. Ну, недатыкальны ці не — гэта мне меркаваць. Унь узброеныя вакол. Як у Берліне. Кожнай раніцы пры-прычасаныя і напудраныя, як да-да шлюбу.

Грабоўскі. Яны вакол. Але я — пасярэдзіне. Непрычасаны і ненапудраны. Але ўзброены. I шлюб мой — забойства па загаду майго пана.

Лаўрэн. Бач ты, забойства ў золаце.

Iлья. Змоўч!

Радзівіл. Цік-кава. Ану, тыя, што вакол. Зброю нагала!

Капітан, Пястжэцкі і Данаван стаюць у пазіцыю, агаліў шаблю і Грабоўскі. Б’юцца. Пасол з цяжкасцю, але абяззброіў двух першых. Данаван знемагае.

Данаван. Ферфлюхтэ вайсрусішэ швайне! Саксонія, наперад!

Радзівіл. Надзверны!

Вартавы каля дзвярэй прыяднаўся да Данавана. Ім з цяжкасцю ўдалося прыперці Грабоўскага ў кут. I тут Лаўрэн нечакана падхапіў выбітую шпагу мушкецёра і напаў на ўсіх трох, як ураган. Пацясніў.

Iлья. Ты што робіш, патаўпешка?!

Лаўрэн. А я ім пакажу, як нашы б’юцца. (Выцесніў тройку за дзверы, кінуў шпагу сярод залы.) Ваша яснавяльможнасць. (Прыдурваецца.) Не сячыце галавы. Не мог стрываць, што немцы так над чалавекам адной з вамі крыві пацяшаюцца. А мы ж вашы падданыя. А мы ж за вас у агонь і ваду… і сячыся во як умеем.

Тройка апасліва заходзіць. Пабітыя стаяць у цэнтры залы. Лаўрэн адышоў да Ільі. I тут ксёндз Пёкур шэпча на вуха князю, паказваючы на вартаўніка.

Пёкур. Той самы. I трэба, каб бачылі. I крычаўскі хам бачыў і вывады рабіў.

Радзівіл. То-то-той. Ану, сюды (еартаеы падыходзіць). Ты-ты-ты што ўчора казаў?

Вартавы. Паночку, па-па-паночку, дальбог.

Радзівіл. Такога слімака толькі вешаць… Ты што сказаў? Калі я ўчора, спатыкаючыся, ад пана пробашча вяртаўся… цужэсь ты по…по…ведзял?

Аліцыя. Ну ўсё, шыбеніца.

Вартавы. (з мужнасцю адчаю) Поведзялэм то, цо правда — нігдым Вашей Мосьці піяным не відзял, венд жеклэм, же велька ксенця Мосьць сьпілэсь сен як сьвіня і жэбы то бедны чловек так зробіл…

Радзівіл. Кажы і для тых. Каб разумелі.

Вартавы. (гераічна) Сказаў праўду. Сказаў сябру, што ніколі Вашай Княжай Мосці п’яным не бачыў, дык сказаў… Бач, упіўся Ваша Княжая Мосць, як свіння, а каб гэта бедны чалавек так зрабіў, то яго б павесіў і…

Радзівіл. (перарваў) О-ох… До… до…добжэсь васан поведзял, естэсь васан сержантэм… Для вас, хамы: «Добра васпан сказаў, быць васпану сяржантам».

Нечаканы сяржант. Бу-бу-бу-буду.

Гайдук падносіць Радздвілу паднос з кубкам, той машынальна п’е, скрывіўся. Пасля сяржанту.

Радзівіл. Бач, з радасці заікацца стаў, як я. На гэты раз дарую. Але як камандуючы будзеш заікацца — павешу.

Гайдук узяў кубак, на хаду абмахнуў крысо князю.

Радзівіл.А ты што тут усё ля мяне цярэшся? По цо ту — тутай ходзіш?

Гайдук. Хцэн быць завшэ на ўслугах Вашай Ксёнжэнцэй Мосьці, венц естэм му на відоку.

Радзівіл. (з глухім гневам) Хочаш быць у мяне на вачах. Варта! Узяць яго і на дуб у двары.

Гайдук. (крычыць) Ваша! Ва-а-а-ша! (Яго пацягнулі.)

Радзівіл. (наўздагон). Тэ-тэраз, вацпан, бе-бендзеш мі завшэ на ві-ві-відоку. Ты зараз, вацпан, будзеш заўсёды ў мяне на вачах. (Супакойваючыся, да Грабоўскага.) Чаго просіць брат, пасол?

Грабоўскі. Просіць аб прадажы таго каня.

Радзівіл. Сказаў, што прадам. I нашто тое пасольства ганяць?

Лаўрэн. Ваша яснавяльможнасць. За што вы? Даруйце беднаму дурному чалавеку.

Радзівіл. Ды ты што-о?

Iлья. (выглянуўшы ў акно) Позна, Лаўрэн. Унь ужо ён вісіць, як груша.

Радзівіл. Тваё шчасце, крычавец. Іначай бы я загадаў я м у павесіць ц я б е. Ён бы паве-е-есіў. Ён бым це жыця не пардоновал. Ён бы не злітаваўся.

Iлья. Ну так. Ён в аш слуга.

Радзівіл. Ну, пасол, што яшчэ?

Грабоўскі. Пляткараць пра ўзаемныя вашы падкопы.

Радзівіл. Пра ўсіх так. Лю-удзі-і.

Грабоўскі. То, каб выказаць вам сваю прыхільнасць, панскі брат пасылае вам скаргу ад крычаўскіх мяшчан на яго імя (падае грамату).

Радзівіл. А пры чым тут Марцін?

Грабоўскі. А яны просяць, каб ён адмаліў у караля Крычаўскае староства пад сваю ўладу.

Радзівіл. Ну, адмоліць? А я караля не паслухаюся. ПІто далей?

Грабоўскі. А далей, каб адбіў іх у вас.

Радзівіл. Ну, х-хай па-паспрабуе.

Грабоўскі. Ён не хоча. I выдае іх галавой, перадае вам скаргу, даводзячы тым сваю да вас зычлівасць.

Радзівіл. Гм… Ды… ды вось і я-я-яны тут. Што, хлопі, хочаце, каб мой брат вас у мяне адбіў?

Iлья. Ён вам далёкі брат. З другой галіны, няродны.

Радзівіл. Ну, дык ці хо-хочаце?

Лаўрэн. Пасля гэтай бязвіннай шыбеніцы (паказвае ў акно) — хочам.

Iлья. Ды ты што?!

Лаўрэн. Так. Яшчэ Людовік, кароль польскі, прысягаўся, што не будзе чужаземцам аддаваць старостваў і гарадоў. А ты каму аддаў? Іцкавічам драпежным?

Iлья. Чакай, Лаўрэн, дай я. (Падае князю грамату.) Там усё ёсць.

Радзівіл. А ты словам скажы.

Iлья. (ён таксама рашыўся). Каралі і князі мелі намеснікаў-старостаў. Яны не толькі баранілі замкі княскія, не толькі старажылі спакой зямлі, але і каралі гвалт, крадзёж і разбой. А гэтыя? (Паказвае на Іцкавічаў.) Яны могуць твой замак у Крычаве — памежны, заўваж! — абараніць? Яны, калі прыйдзе гвалтаўнік, гонару жонак сваіх не абароняць. Мала таго, іхнім гонарам адкупяцца. Яны могуць старажыць спакой зямлі? Яны могуць толькі біць слабейшых і бяззбройных. I ці могуць яны караць гвалт, крадзёж і разбой, калі самі гвалцяць і рабуюць?

Лаўрэн. Права мяча старое замянілі правам бізуна. А нам лепей меч, чым бізун, лепей плаха, чым стайня.

Радзівіл. А калі раней ста-стайня, а пасля — пла-плаха.

Лаўрэн. Калі вачам сваім не верыш — спытай у гэтых вось сваіх, як ім ад мяне перапала. I ў нас шмат такіх.

Радзівіл. Новае права Польшчы датычыць.

Iлья. А ў нас зараз, вашым дбаннем, паўсюль Польшча.

Грабоўскі. Дазвольце мне, княжа, іх павесіць, саслужыць вам.

Гдаль. Басякі-і! Падманшчыкі!

Шмуйла. Княжа, сонца наша, аддай іх нам галавою. Аддай.

Радзівіл. Пачакай з шыбеніцай. Я вось ім лепей Іцкавічаў вярну. Што бу-удзе! А то яны да браціка дужа хочуць. Ты, пасол, раскажы мне, як там брацік?

Грабоўскі. Ды што. Гаворыць пра перасяленне душ.

Радзівіл. Ну гэ-гэ-гэта даўно. Ён мне раз сам сказаў, што нос у яго ве-вельмі доўгі, і таму ў мінулым жыцці ён, відаць, быў куліком. А ў будучым жыцці будзе сланом, на якім вялікі першасвяшчэннік бу-будзе ездзіць па Ерусаліме, а калі зноў вернецца ў чалавека, то сядзе на першасвяшчэнніка, які будзе аслом за свае грахі. Я ў яго пытаю: «А чым жа я стану?» А ён мне: «Кабаном за любоў да га-га-небнага дзярма». Дурны брат зусім…

Аліцыя. (ціха) Ды не, не такі ён і дурны.

Грабоўскі. Ходзіць у сінагогу. Вывучыў ужо, дрэнна, старагебрайскую і жаргон.

Пёкур. Гэта ён выбраў найлепшую рэлігію. А службу хрысціянскую прагнаў.

Грабоўскі. Рабіны вакол. Кожную пятніцу збіраюцца ў князя на борурухі, ядуць лапшу, шчупака і кугель.

Радзівіл. Пры-прыдуркаваты брат.

Грабоўскі. Шыбеніца кожны дзень цёплая.

Радзівіл. Гэта лухта!

Грабоўскі. I кошэры і шабасы дакладна выконвае. А на шабасах сядзіць у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі.

Пёкур. Божа! Ён бы яшчэ пад лапсердакам каўчэжац са святымі мошчамі насіў!

Радзівіл. (Іцкавічам). Тут не да Крычава. Тут брат здурэў, а вы, морды, са сваімі мужыкамі.

Лаўрэн. Божа! Каб ён гэта сапраўды нас адбіў — да каго б трапілі?

Iлья. Беларусам заўсёды шанцуе.

Радзівіл. Ён бы, вас адбіўшы, жыва Іцкавічаў, вось іх, вярнуў, і тут бы вам літасці не было.

Лаўрэн. Тут бы тады і вам усім літасці не было.

Радзівіл. Ого! А што, можа, мне і вярнуць іх вам? Пад канвоем палкі ў тры? Га?

Iлья. Вярні, княжа. Палкі нам — раз плюнуць. А яны? Ты ведаеш, колькі яны вышэй паложанага сабе ў кішэнь узялі?

Радзівіл. Ведаю. I чаму ўзялі — ведаю. Частку — аддалі.

Ілья. Паўтарамільёна яны сабе ўзялі.

Радзівіл. Ко-колькі?

Ілья. Паўтарамільёна.

Радзівіл. (злавесна, аж усё сціхнула). Та-ак.

Гдаль. Ваша яснавяльможнасць! Ой, не вер!

Шмуйла. Маняць! Маняць!

Радзівіл. Не, не маняць. Та-ак. Ты, Пястжэцкі, зоймешся справай брата. Узяць! У жа-жалеза! У яму пад вежай. А то рас-рас-пусціліся з-з-занадта! Каб усіх яўрэяў пад замком, пакуль братца ў яму не кіну. Каб з ніводным з іх словам не па-паспеў пе-перакінуцца! Я-я-я стакрот гэта ўсё выб’ю. Я-я-я сінагогі вашы дымам пушчу. Прэч з вачэй!

Іцкавічы кінуліся ў дзверы.

Радзівіл.Абселі! I брата абселі і мяне! (У ярасці.) Усіх дымам пушчу. I з вамі, што іх абагацілі, мужыцкія морды, тое ж будзе. (Прыпадак ярасці страшны.) За рабрыну іх на крук! На палю! Узяць!

Данаван, Пястжэцкі і Капітан набліжаюцца.

Iлья. (спакойна) А яшчэ Радзівіл. Ніякай велічы. Іншыя Радзівілы ваююць, пракудзяць, кнігі выдаюць.

Лаўрэн. Крычыць, як рэзаны бугай. Іншыя Радзівілы — баявыя пеўні, а пан — кураня. Зносак.

Радзівіл. Агнём! Агнём выпалю.

Iлья. (грымотным голасам) Хай вось тут кабеціна выйдзе.

Аліцыя. Чаго, я пагляджу.

Iлья. Ну што ж. Хай паглядзіць, калі цікава. (Цягне экран да каміна.) Чакалі доўга, то назапасілі.

Радзівіл. Агнём!

Iлья. Назапасілі. Знойдзецца на ваш агонь наша вада.

Стае за экран, з-за якога хутка засычэла і рванула пара. Iлья выходзіць, падцягваючы порткі. Усе стаяць збаранелыя.

Пёкур. Ды… ды што гэта? Ды… бог жа бачыць. (Сам сабе.) А ўрэшце, якога толькі растуды ён, бедны, на гэтай зямлі не бачыў.

Iлья. (паказвае на Радзівіла) Чалавек стварыў бога па сваім вобразе і падабенстве.

Аліцыя. Геранім. Князь. Што тут пры мне робіцца?! (Пайшла да выхаду.)

Лаўрэн. (ціха) Гэх, валіць, як ступа. Дрэнна йдзе.

Аліцыя. (учула) Князь! Яшчэ й абражае. Ён, хамуйла гэты, сказаў, што я дрэнна йду.

Радзівіл. (блізкі да ўдару) Ш-ш-ш-што?!

Лаўрэн. Пано-очак! Велькая вашамосць. Яна ў вас да таго ж і глухая. Дык я басам скажу, што шэптам сказаў:

Усе дзеўкі дрэнна йдуць,
Мая дзеўка добра йдзець.
Мая дзеўка добра йдзець:
Круціць задам, як мядзведзь.

I тут Радзівіл няўмела і зусім нечакана разрагатаўся. Нават крыху істэрычным смехам. I тут зарагаталі ўсе.

Аліцыя. (трохі ўлешчаная) Бач ты… Эх, князь. Такі спектакль смехам сапсуў.

Радзівіл. (рагоча) Ні-ні-ні-нічога. Паслоў не за-забіваць. Ідзіце, мужыкі. Я разгледжу ваш ліст. Адпраўце іх. Але глядзіце, калі па-па-падзецеся не пасламі, ды пад дрэнны настрой.

Лаўрэн. Які ж гэта ў вас, паночак, дрэнньі настрой, калі гэты называецца добры?

Ідуць да дзвярэй.

Радзівіл. Але ве-едай сваё месца, горад! Калі што — канец вам.

Iлья. (заўважыўшы дыван перад дзвярыма, да Лаўрэна) Бачыш хаднік? Мужык! Бушацкая морда! Ты дзе? У палацы! I куд-ды ты прэш? Куд-ды ідзеш? Выцеры ногі, хамуйла!

Выціраюць ногі і выходзяць. Усе ашаломлена глядзяць ім наўздагон.

Радзівіл. (з нечаканым спакоем). Гэта больш сур’ёзна, чым я думаў. Вы займіцеся мужыкамі, а я… Не, здурэў браток. Ты пойдзеш з палком саксонцаў туды, на Крычаў, Данаван.

Данаван. Ія. Іх хабе генуг. Іх трэба аўфс Хаўпт шлаген. Нагалаву разбіць.

Радзівіл. Ты запамятай іх, Данаван. Не, паслоў забіваць не будзем. Але як Крычаў выкажа непакору — разбіць. Завадатараў на палю. I тады паслы хай паглядзяць… Вядзі кірасіраў, Данаван. А не справішся — у дапамогу пойдзеш ты, Пястжэцкі.

  1. Сэрцаед… аматар жанчын… жанчынаненавіснік.
  2. Польскія цытаты даюцца ў вымаўленні пачатку ХVІІІ стагоддзя. Гэта не памылкі, а так тады казалі.