Маленькая балерына

Яе любілі ўсе.

Маленькая, танюткая, чымсьці падобная на дзяўчо ў свае васемнаццаць год, яна выклікала ў кожнага мужчыны, нават слабага, імкненне абараняць яе. Не было на свеце нічога больш падманнага за такое імкненне, таму што ў гэтым гнуткім целе жыў, у патэнцыі, мужны дух змагара і майстра. Кожны душазнаўца мог бы заўважыць у яе сэрцы будучыя якасці сапраўднай Жанчыны: імкненне кахаць і быць каханай, тонкі розум, рэдкую для кабет дасціпнасць, уменне адшукаць бліжэйшы і верны шлях да свайго шчасця.

Але ўсё гэта яшчэ драмала ў нетрах яе істоты, як невыразная праява таго, што павінна было прыйсці ў будучым. Бясхмарнасць і безабаронная яснасць заклікалі да кожнага аб убіранні каменняў з дарогі гэтага слабога кацяняці.

І мужчынам было прыемна гэта: адчуваць сябе лепшымі, моцнымі, справядлівымі і гожымі поруч з ёю.

Яна яшчэ не ведала навальніц. Гэта адразу можна было заўважыць па выразу шэрых вачэй, якія шырока і даверліва глядзелі на свет, па шчырай, трохі нястрыманай, хутчэй юнай, чым жаноцкай, усмешцы. Уся яна была суцэльнай адданасцю людзям, і душа яе раскрывалася насустрач кожнаму чалавеку з чаканнем аднаго толькі дабра.

Гэта было так відавочна, што нават кіраўнік харэаграфічнай студыі пры оперным тэатры, грубы, як буйвал, і тоўсты, як морж, Нісоўскі, народны артыст рэспублікі, імя якога яшчэ зусім нядаўна грымела па ўсёй Еўропе, склікаў аднойчы танцораў «мужэскага полу» і зрабіў ім «накачку», ён, які цэлымі днямі толькі і рабіў, што грукатаў лаянкай, як пузыр з гарохам.

Каб вы ў мяне ведалі, з кім маеце справу, фанфароны. Дзяўчына ўсім верыць, горнецца да ўсіх… Як сланечнік… і калі хто паспрабуе гэтую веру — галаву адкручу. Усё адно ў вас ногі разумнейшыя за гэты прыдатак… А вы чаго там усміхаецеся, Клявін? Я гэту вашу брыдкую прыказку ведаю: «Пажывём — пабачым». Дык вось, першы крок у гэтым напрамку будзе вашым апошнім крокам на маёй сцэне. Суцяшайце Лядоўскую, яна, пасля трэцяй пластычнай аперацыі, сустрэне гэта не без прыемнасці… І вам у сэнсе будучага будзе карысна.

І прыбавіў:

Мы павінны берагчы яе ілюзіі. Яна — талент.

А потым выбухнуў:

Чаго морду вароціце? Што я вас, не ведаю? Занадта ў вас бурхлівае, мякка выслоўліваючыся, віраванне гармонаў… Банда павіянаў, а не студыя.

Клявін пакрыўдзіўся. Пакрыўдзіліся і астатнія. Таму што ніхто і без слоў Нісоўскага не мог пакрыўдзіць «маленькую». Але Нісоўскі ў новай іпастасі быў такі незвычайны, што ўсе, аслупянеўшы, не выказалі нават позіркам сваёй крыўды.

Потым усе разышліся. Нісоўскі пайшоў у буфет і, седзячы за келіхам шампанскага, бурчаў свайму сабутэльніку:

Не ў тым справа, што такіх таленавітых, магчыма, з часоў Рамо не было… Справа ў тым, што яна так шчыра , так аддана глядзіць на свет… І гэта ў нашы часы… Нясцерпна!

А Клявін, цыбаты малады чалавек з вельмі прыгожымі нагамі і вельмі, пакуль што, вузкімі грудзьмі, Клявін, якога падазравалі ў тым, што ён вялікі «бабнік», пайшоў плакаць у камізэльку свайго сябра, скардзіцца на грубасць «таленавітага і разумнага» настаўніка. Потым ён накіраваўся да выхаду, сустрэўся ў калідоры з «маленькай» і сказаў ёй з дрыжаннем у голасе:

Бачыце, маленькая, вылаялі мяне за вас. Наш мегапатам думае, што як ён усім грубыя словы кажа, дык і мы можам грубасці вам казаць.

Потым ён раптоўна суцешыўся. Глыбока і перарывіста ўздыхнуў, прапанаваў:

Давайце, Ніна, я хоць чамаданчык вам да трамвая паднясу. А то вы нешта сёння бледнаватая. Стаміліся, відаць.

Ён ішоў поруч з ёю, цыбаты, няўклюдны, нягледзячы на ўсю танцорскую грацыю, і толькі тут стала ясна, што не такая ўжо яна маленькая — звычайны жаночы рост, што ўражанне мініяцюрнасці — ад кволай і пяшчотна-тонкай яе постаці.

На вуліцах Масквы дворнікі зграбалі ў люкі карычнева-брудны, падобны на расталую арэхавую халву, снег. З-пад гурбаў цяклі ручаіны, і сонца скакала ў іх, трапляючы часам вострым праменьчыкам у вочы прахожага і прымушаючы яго весела чхаць.

Вы любіце вясну, Віця? — спытала яна.

Вельмі, ён пачырванеў, яна мудрая… і легкаважная.

Як Моцарт, сказала яна.

Клявін ішоў з ёю, пагойдваў чамаданчык, кідаў наўскос позіркі на пасмачку валасоў, што выбіліся з-пад берэта, на прымружаныя ад сонца вочы, і яму, упершыню за апошнія месяцы, стала добра жыць.

Веташным завулкам яны выйшлі на Варварку (вырашылі ісці пехатою) і аж закрылі вочы, так нясцерпна

ярка, куды ярчэй сонца, палаў перад імі ў блакітнай вышыні купал Івана Вялікага.

Нават бруднаватая Масква-рака сёння здавалася сіняй, увабраўшы ў сябе столькі блакітнага неба, колькі магла змясціць.

На рагу аднаго з будынкаў перад Вялікім Каменным мостам вісеў намаляваны на палатне плакат: рука ў калючай рукавіцы трымала за глотку маленькага разлезліка з надзвычай подлай мордай. Разлезлік торгаў ручанятамі, дарэмна імкнучыся вызваліцца.

Невядома было толькі, нашто на такога плюгаўца ўся рука: дастаткова было б шалабана — і садухі.

Праходзячы паўз плакат, Клявін цяжка ўздыхнуў і апусціў вочы. Яна пачула гэта, цікнула краем вока на плакат і сказала:

Сапраўды жахліва, Віця. Што мы ім зрабілі, што яны кожны дзень ідуць на дыверсіі, нават у вёсках атручваюць студні?

Не ведаю, унікліва сказаў Віцька.

Столькі радасці вакол. Святла. Вясны. А яны… хоць бы адзін разумеў, што людзі хочуць, каб іх пакінулі ў спакоі.

У легкаважнага Віцькі папоўз па шчоках буры румянец. Ён ускінуў падбародак і, відаць, не стрымаўшыся, сурова сказаў:

Дзядзьку Івана арыштавалі… Тры тыдні таму.

Што?! — у яе зрабіліся шырокімі вочы. — За што?

Не ведаю. Ведаю толькі адно: ён заўсёды любіў дзяцей. Як ніхто.

Так, яна ведала гэта і сама. Прыязджаў дзядзька Іван — і ў Віцькавай кватэры стаяў вэрхал. Дзеці і ён перагортвалі ўсё дагары нагамі. Ён умеў строіць з сябе тыгра, спяваць салаўём, голасна рагатаць, прывозіць дзецям падарункі — усім, хто быў другам Віцькі або яго суседам, умеў швэндацца з дзецьмі па садах, заапарках і кандытарскіх, умеў маляваць карыкатуры на самураяў. Дый чаго ён не ўмеў? Жыцця ў ім было — на дзесяцёх.

Не ведаю, сурова сказаў Віцька, але ён браў Зімні, быў арганізатарам паўстання ў Смаленску, быў у Першай Коннай. Ён усёй Чукотцы нёс асвету. Калі ён не камуніст, дык хто тады камуніст?

Супакойся, папрасіла яна.

Ён добры камуніст. І я нікому не паверу, што ён хацеў аддаць Далёкі Усход японцам… Вось што… А калі ты верыш — ідзі далей адна і не размаўляй са мною больш.

Віцька памаўчаў і дабавіў:

Я… амаль давёў цябе дахаты.

Ён быў выхаваны хлопчык.

Віця, ціха сказала яна, чалавек можа змяніцца. Але ты супакойся. Я не веру, што Іван Мікалаевіч мог зрабіць гэта. Паверу наконт многіх, але наконт яго — ніколі. Тут відавочна судовая памылка. У ёй разбяруцца.

Клявін апусціў веі.

Так, сказаў ён, вядома, разбяруцца.

Ён не сказаў — і яшчэ не мог сказаць, што дзядзька памёр у турме тыдзень таму. Ад запалення лёгкіх.

Ён не сказаў. «Маленькую» ўсе шкадавалі.

Ты не хвалюйся так. Усё-ўсё будзе добра.

Бывай, сказаў Віцька.

Ты не зойдзеш да нас?

Не, сказаў ён, бывай.

Яна глядзела яму ў спіну і дзівілася: Віцькава постаць была зусім дарослай, не такой, як месяц таму.

Яна верыла ў тое, што ўсё абыдзецца; на дварэ ж была вясна, а жыццё ва ўсіх было наперадзе. І таму, падыходзячы да свайго дома, яна адчувала сябе так, быццам амаль нічога не змянілася на зямлі.

Іхні дом узвашаўся над будынкамі Замаскварэчча сяміпавярховым гмахам. Калісьці адзін з Ціт Цітычаў зразумеў, што двухпавярховыя асабнякі — гэта не галоўнае, нават у гэтай частцы горада, што будучае ляжыць у даходных хмарачосах. Так з’явіўся на свет дом Ніны: зялёны фасад у стылі «мадэрн», высокі дах, фігурыстыя вокны.

На астатнія тры муры мадэрну не хапіла, яны былі з чырвонай цэглы, пацямнелай ад куродыму і часу.

І зусім ужо цёмны быў унутраны двор, куды выходзіла адно з вокан іхняй кватэры. Цёмны, падобны на студню двор.

Яна ішла дваром. Прамяні заходзячага сонца падалі на яе постаць, на попельныя косы, закручаныя вакол галавы, на чамаданчык, сціснуты ў худзенькай руцэ.

Ля параднага стаяў Антон Набатаў, мужчына год пад сорак у капелюху набакір, пакурваў, глядзеў на «маленькую» вузкімі вясёлымі вачыма. Ніна ведала, Антон чакаў жонку: кожны вечар яны разам ішлі кудысь, бо Антон любіў музыку, смех, гасцей, наогул жыццё.

А, Тэрпсіхора, нязлосна сказаў Антон. — Ну, як паскокваецца?

Нічога, дзядзька Антон, скачам.

Пад чыю дудку?

— Пад дудку Нісоўскага.

Ну, гэта яшчэ не самае горшае.

Жонка Антона выйшла з параднага, на хаду разглядаючы ў люстэрка нос.

Бачыш, Ніначка, шэптам сказаў Набатаў, далей носа нічога не бачыць.

«Маленькая» ўсміхнулася. Яна любіла Антона.

А жонка Набатава пабачыла ўжо іх і загаварыла нейкай незвычайнаю гаворкаю (яна была з поўначы, паморка):

Ніначка, любушка. Дык гэта ты тут з маім бэйбасам размову вядзеш? Прыходзь заўтра да нас. У Антона нараджэнне. Будзе твой улюбёны струцаль з макам.

Прыйду.

І абцасікі маленькай балерыны заляскаталі па сходах, трохі запавольваючы хаду ў канцы кожнага пралёта.

У хаце яна распранулася, адкроіла сабе лусту хлеба з сырам і з нагамі забралася на падваконне. Надыходзілі добрыя дні. Цяпер яшчэ не дазваляюць трымаць вокны расчыненымі. А праз месяц яна будзе вось так сядзець на акне, вецер будзе дыхаць у скроню, а з двара будуць далятаць галасы дзяцей. А вецер будзе гартаць старонкі кніжкі, засыпаць радкі белымі суквеццямі бэзу, што стаіць у гарлачы. Божа, хоць бы хутчэй! Хоць бы хутчэй жыццё!

На каленях у яе ляжала кніга Эцьена Баэсі ( «маленькая» думала, што ёй лепш чытаць сур’ёзныя кнігі), але яна зараз не глядзела ў яе.

Сонца спусцілася зусім нізка, пафарбавала Замаскварэчча ў апельсінавы колер, прыкрасіла нават самыя старыя, самыя аблупленыя будынкі. Чырвоныя муры барокавай званіцы непадалёк наліліся густым барвяным полымем.

Загрукатаў трамвай у Кліментоўскім завулку.

І гэта ўсё было Замаскварэчча, радзіма, любы куток, дзе ўлетку так квітнеюць ліпы, дзе ў паўкруглых вокнах мансард вечарамі ідзе сваё жыццё, дзе гуляюць дзеці ля доміка Астроўскага.

Усё яшчэ павінна было быць: музыка, якую яна любіць больш за ўсё, кнігі, якія з такою пяшчотай бяруць цябе за руку і вядуць у свой свет, мора, якое яна неадменна пабачыць.

І, магчыма, каханне. Аднойчы пад гэтым самым акном спыніцца вечарам Паэт. У яго будуць доўгія залацістыя валасы, блакітныя, як мора, вочы. Ён будзе апрануты ў чорны строгі гарнітур. Ён будзе станісты і ў дзесяць разоў прыгажэйшы за Блока. Выявіцца, што ён пабачыў яе ў тэатры і цэлых два месяцы хадзіў па вуліцах Масквы, каб натрапіць на яе след. І вось знайшоў.

Ён возьме яе за руку і скажа…

Што ён скажа, «маленькая», па маладосці год, дрэнна ўяўляла сабе, але яна ведала, гэта будзе нешта такое гожае і цёплае, што бывае на зямлі раз у стагоддзі.

Яна дала сабе слова, што не будзе крыўдзіць яго. Толькі спачатку трошкі павагаецца, каб ён напісаў аб ёй і аб сабе самую лепшую на зямлі паэму.

Чамусьці яна ніколі не спаймала сябе на думцы, што яна надае Паэту некаторыя рысы Віцькі. Віцька быў глупствам, Віцька быў свой, хатні, яму можна было апусціць за каўнер сняжок (гэта называлася «мора Лапцевых»), пакпіць з яго ў кампаніі.

… Познім вечарам яна, паклаўшыся ўжо ў ложак, зноў успомніла пра Віцьку. Сон краўся да яе вачэй, і таму ўсё дзённае здалося простым, лёгкім, не вартым увагі. Яна засмяялася, падцягнула калені бліжэй да падбародка, скруцілася, як котка, у сваім утульным ложку.

Усё, усё, усё добра. Усё будзе, будзе, абавязкова будзе добра.

І як правалілася ў мяккі свет, дзе жылі сны.

Яна не чула, як пабеглі па столі адбіткі фараў аўтамабіля, як ён спыніўся ля параднага (і святло спынілася на сцяне, непадалёк ад галавы «маленькай»), не бачыла, як з аўто вылезлі людзі і зайшлі ў пад’езд.

І яшчэ не бачыла яна таго, як людзі выйшлі з пад’езда і разам з імі выйшаў Антон Набатаў. Павярнуўся да дзвярэй і з пяшчотай сказаў камусьці:

Я скора вярнуся, любая… Не плач…

Яна нічога не чула. Яна спала.

…Антон паехаў у далёкую камандзіроўку. Але жыццё не змяніла сваёй плыні. Былі маленькія гароты, былі маленькія радасці. Радасцяў было больш.

А скора прыйшла і вялікая радасць. Нісоўскі аб’явіў ім, што за выключныя поспехі некаторыя з хлопцаў і дзяўчат атрымалі права ўдзельнічаць у канцэрце, што адбудзецца ў Крамлі… Гэта былі дзівосныя дні, усе гэтыя дні падрыхтоўкі: мітусяніна, бязладныя гукі музыкі ў розных канцах будынка і, нарэшце, зборы.

У машыне Ніна апынулася разам з Віцькам. Цемра машыны пахла пылам і парфумай, слізгала насустрач шумлівая вуліца, раўлі клаксоны сустрэчных машын. Але Віцька рабіўся больш і больш змрочны, назіраючы за вясёлым патокам людзей.

Як справа з Іванам Мікалаевічам? — спытала яна.

Віцька глянуў на яе твар і пабачыў на ім такі ззяючы, такі шчаслівы выраз, пабачыў такія даверлівыя вочы, што толькі глуха кашлянуў.

Адпусцілі, змрочна сказаў ён.

Вось бачыш, я ж казала табе.

«Маленькую» ўсе шкадавалі…

Канцэрт быў у Георгіеўскай зале, вялізнай, белай з золатам. Усе сцены залы былі ў прозвішчах: тут запісвалі імёны поўных георгіеўскіх кавалераў. Пэўна, тут было і прозвішча дзеда, каб толькі быў час адшукаць яго сярод тысяч іншых.

Але часу на гэта не было. Часу наогул нінавошта не было. Таму што трэба было выступаць. І Нісоўскі нерваваўся з таго, што ў кагосьці нешта не да ладу было ў гарнітуры, і яшчэ з таго, што ў гэтай чортавай зале дрэнны рэзананс, гукі глухнуць, набягаюць адзін на адзін, а дзяўчаты маладыя і могуць зблытацца.

Гледачоў было не вельмі многа, і «маленькая» амаль не хвалявалася, тым больш што выступала яна ў кардэбалеце, вяла танец Кавы са «Шчаўкунчыка». Весці, праўда, цяжка, але ўсё ж гэта толькі кардэбалет.

І раптам сэрца яе ўпала ад радасці і, адначасова, ад страшэннага жаху. З дзвярэй, што злева ад часовай сцэны, выйшаў Ён, тысячы разоў знаёмы па партрэтах і ўсё ж зусім не такі.

Ён ціха сеў на бліжэйшае крэсла і падрыхтаваўся слухаць.

Дзяўчаты, як пабачыла «маленькая», нічога не заўважылі. І гэта дапамагло ёй узяць сябе ў рукі, пераадолець дрыжанне ў каленях.

«Дзяўчаты не павінны заўважаць, падумала яна, іначай саб’юцца, будуць хвалявацца, усё атрымаецца горш».

Яна перахапіла позірк Нісоўскага, зразумела, што ён думае пра тое самае, і непрыкметна кіўнула яму галавой.

Першыя гукі ўступу, зманліва-салодкія, шчымяча-томныя, пралуналі пад скляпеннямі залы. І «маленькая», не спяшаючыся, ведаючы, што ў сябровак, як ва ўсіх, хто выступае першыя разы, стаіць перад вачыма ружовы туман і яны нічога не бачаць, павяла на сцэну гнуткі, карычневы з золатам ланцуг.

Сама яна, у адрозненне ад іх, бачыла ўсё. Яна магла быць вельмі разважлівай і валявой, гэтая маленькая балерына.

Яна ведала, што накладная смаляная каса будзе віцца так, як захоча гаспадыня, што яе танюткія, як сцяблінкі кветак, рукі зараз выгінаюцца ў знямозе і здаюцца сапраўднымі жаночымі рукамі, што шакаладныя з золатам шальвары не схаваюць рухаў яе ног.

І сапраўды, выдаваў яе хіба што толькі жывот, вузкая палоска якога бачная была пад шальварамі, зусім яшчэ дзяўчачы, худзенькі жывот.

Чалавек — яна бачыла гэта — глядзеў на сцэну «звычайнымі» вачыма. Але потым прыйшло захапленне танцам, якое можна параўнаць толькі з натхненнем паэта, і тут яна не заўважала ўжо нічога. Яна не ўбачыла, што якраз з гэтай хвіліны змяніўся позірк чалавека, што сядзеў у крэсле, змяніўся, стаў зацікаўленым, расчуленым і нейкім нязвыкла добрым.

А Нісоўскі з захапленнем глядзеў на яе і шаптаў сам сабе:

Разумніца… Не разгубілася… Разумніца мая.

А сам думаў:

«Гэта будзе больш, чым Тальёні, больш, чым Істоміна… І ўсё ж гэта не яе амплуа. Ёй бы Адэту, Лебедзя».

Калі яны зніклі са сцэны, калі іх тройчы зноў выклікала на сцэну авацыя, «маленькая» заўважыла, што чалавек апладзіруе і глядзіць на яе. Сумненняў быць не магло. Менавіта на яе.

Яна не ведала, што была кранаючай у сваёй маладосці і сонечнасці, што яна танцавала надзвычай добра. Яна ведала толькі, што ўсё хораша, усё як мае быць.

Калі яна пераапранулася ўжо ў звычайны, вельмі строгі англійскі гарнітур і стаяла ў баку ад сцэны, да яе падышоў шырокі чалавек з невыразна-мужным тварам, які ўвесь, здавалася, складаўся з выступаючага падбароддзя і глыбока праваленых сініх вачэй.

Ён пакланіўся ёй і, цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў чатыры словы, быццам каменне варочаў:

З вамі хочуць паразмаўляць.

І яна здагадалася, хто хоча паразмаўляць, і ўзрадавалася гэтаму да ўзнёслай, лікуючай хвалі ў грудзях.

Нічога не заўважаючы вакол, вось калі з’явіўся ружовы туман, яна пайшла поруч з шырокім чалавекам у заднія рады крэслаў, адкуль усміхаўся ёй правадыр радзімы.

Бліжэй. Бліжэй. Бліжэй.

Дзень добры, дзяўчынка, сказаў ён.

Дзень добры, бязгучна адказала яна.

Сядайце тут, ён паказаў ёй на месца поруч.

Дзякуй вам.

Ён быў самы гожы і прыемны з усіх. Нават тое, што (як яна заўважыла раней) ногі ў яго былі карацей за тулава і, седзячы, ён здаваўся больш манументальны, чым на самай справе, падабалася ёй.

«Як Гётэ», падумала «маленькая».

У яго былі сівеючыя валасы, прамы нос, твар, трохі крануты воспай, і прыжмураныя вочы, ля якіх трывала ляжалі гусіныя лапкі зморшчын.

Як вас завуць?

Ніна.

Ніна… Добрае імя, Ніна… Наша.

Я ведаю.

Ну, як вам падабаецца тут?

Вельмі.

Яна нічога не заўважала, акрамя гэтага аблічча злева. І яна была такой шчаслівай, што, здавалася, яшчэ хвіліна — і сэрца разарвецца, не ў змозе вытрымаць гэтага.

Вы ведаеце, што вы вельмі таленавітая?

О… што вы! Мне проста хацелася станцаваць як мага лепш.

Нашто?

Мне хацелася, каб вам было весялей і лягчэй. Мне здалося, што вы трохі сумны, і мне стала шкада. Вы, напэўна, вельмі стаміліся, працуючы.

Яго аблічча яшчэ больш памякчэла. Ён быццам упершыню заўважыў яе.

Вы, напэўна, добрая, Ніна?

Не ведаю.

На сцэне пачалося «Балеро» Равэля, у якім Віцька іграў галоўную ролю, раўніўца. У палымяна-чырвоных бліках імчаліся па сцэне постаці, палка-трывожны іспанскі танец гучаў смяротнай страсцю.

Добра танцуе, сказаў ён.

О… вы не ведаеце, які ён таленавіты. Самы таленавіты з усіх.

Вы танцуеце лепш.

О не, не. Ён самы лепшы.

Дык вы яшчэ й зайздрасці пазбаўлены, задуменна сказаў ён. — Што ж, магчыма, і так.

І раптам па-змоўніцку падміргнуў ёй.

А што, калі мы па сканчэнні танца ўцячэм ад іх? Тут зараз сумна будзе. Выйдзе Табалеўскі і пачне тоўстым голасам пра віно спяваць.

Як хочаце, ціха сказала яна.

Яны сапраўды ўцяклі. Усталі і нячутна выйшлі з залы, пайшлі пакоем, у які, як на двор, выходзілі старыя сходы, упрыгожаныя двума львамі.

Хочаце паглядзець на палаты старажытных цароў?

Вельмі. Я ніколі не бачыла.

Яны пайшлі сходамі ўгару. Наверсе «маленькая» азірнулася і пабачыла шырокага чалавека, які таксама выйшаў з залы і глядзеў ім у спіну, засунуўшы рукі ў кішэні шэрага пушыстага гарнітура. Ён зрабіў выгляд, што выйшаў проста пакурыць.

Пацягнуліся церамы, нізкія, з малюсенькімі вокнамі, з цёмнымі распіснымі скляпеннямі столі. Усё пахнула нежылым: грубкі з кафлянымі седзякамі, крэслы, абіўка якіх здавалася пыльнай.

Ну як, усміхнуўся ён, хацелі б вы жыць «па-царску»?

Што вы, жахнулася яна, тут, напэўна, ніколі не праветрывалі, а я люблю паветра, сонца, люблю пайсці басанож у лугі. І каб нікога не было вакол.

Так, уздыхнуў ён, гэта добра… басанож.

Прыязджайце да нас, узгарэлася «маленькая», у нас дача напаўпустая, сад і рачулка цячэ зусім празрыстая, усе каменьчыкі відаць. Вы любіце казінае малако?

Калісьці любіў.

Да яго толькі трэба прызвычаіцца. І потым ужо нават самае лепшае малако ад каровы здаецца нясмачным… Сапраўды, прыязджайце.

На жаль, гэта не заўсёды залежыць ад мяне, дачушка.

Чаму? Сабрацца і паехаць. Гэта кожны можа.

Ён усміхнуўся.

Цяпер яны ішлі былой царскай апачывальняй. Смешна было бачыць крэслы і лялечна-маленькі ложак пад балдахінам.

Пэўна, і ногі выцягнуць нельга было, сказала «маленькая».

Так, жылі не вельмі.

У самым настроі гэтых пакояў, у вузенькіх пераходах паміж імі, у нізкіх скляпеннях было нешта трывожнае. «Маленькая» ўздыхнула:

Ім, пэўна, вельмі страшна было тут жыць. Кажуць, у Івана Грознага некалькі жонак атруцілі.

Яна не заўважыла дзіўнага выразу яго вачэй і казала далей:

І, ведаеце, мне яго шкада. Такі моцны, усе перад ім схіляюцца, а жыў заўжды ў такіх пакоях. Вакол — ворагі. За кожным выгібам можа чакаць чалавек з кінжалам … Бр-р.

Памаўчала.

І нашто ўсё гэта было ім? Незразумела. Лепей за ўсё жыць, калі нічога не хочацца, акрамя работы і мастацтва. Ды яшчэ каб усе цябе любілі.

Гэта праўда, ціха сказаў чалавек.

Калі яны зноў спусціліся са сходаў, шырокі мужчына ў шэрым гарнітуры ўсё яшчэ стаяў там.

Гэта мой Стораў, сказаў спадарожнік «маленькай», бачыце, стаіць, баіцца, каб ніхто не адкусіў ад мяне кавалка… Ну і астабрыд ён мне.

А ён нічога сабе, здаецца добрым.

Ён? — Спадарожнік хмыкнуў. — Ну, гэта вы ўжо ад занадта вялікага даверу да жыцця.

Ён стаў перад дзвярыма залы.

Ну вось мы і прыйшлі. Я думаю, вы не апошні раз тут, пабачыце яшчэ ўсё. Вы вельмі харошая, Ніна, і мне здаецца, ваш лёс — радаваць талентам і шчырасцю людзей.

І сказаў Стораву:

Запішыце. Гэта дзяўчынка будзе таксама цяпер выступаць у нас.

Паглядзеў на «маленькую» добрымі вачыма.

Бывайце. Да скорай сустрэчы.

…Так пацяклі далейшыя дні. Чалавек не забыў сваёй прапановы. Цяпер «маленькая» выступала амаль на ўсіх канцэртах. І ён заўсёды знаходзіў час пагаварыць з ёю, спытаць, як яна жыве, якія ў яе поспехі. Аднойчы нават паклаў ёй руку на галаву і пяшчотна пагладзіў попельныя валасы.

«Маленькая» пачала заўважаць, што ў студыі ставяцца да яе больш уважліва і насцярожана, з падкрэсленай ласкавасцю. Ёй гэта было непрыемна. І толькі адзін Нісоўскі па-ранейшаму, нават больш груба, грукаў палкаю аб падлогу з-за самай недарэчнай яе памылкі.

З вас нічога не атрымаецца, калі так пойдзе далей… Памрэце пад плотам.

Як быццам гэта быў самы звычайны канец для жанчыны: смерць пад плотам.

Нісоўскі лаяўся дарэмна. Ён і сам адчуваў гэта. «Маленькая» ўступала ў росквіт таленту. Талент і яна здаваліся цяпер адным паняццем. Яна танцавала так, што нават у відалых і таму скептычных знаўцаў з’яўляўся цёплы агеньчык у вачах.

Ад канцэртаў была і яшчэ адна карысць: відавочна павесялеў змрочны за апошні час бацька. І ўсё ж яна вельмі стамлялася ад іх і аднойчы нават паспрабавала адмовіцца ад аднаго запрашэння. Тады бацька, упершыню ў жыцці, накрычаў на яе. Пакрыўджаная і непаразумелая, яна паехала, а потым, уначы, бацька прасіў у яе прабачэння ледзь не са слязьмі на вачах.

Больш яна не адмаўлялася, хоць там яе цікавіў толькі чалавек з гусінымі лапкамі ля вачэй, да якога яна, нягледзячы на амаль бязмежную любоў і павагу, адчувала часам невыразнае пачуццё шкадавання. Яна не ведала, адкуль гэта. Ён быў проста самы лепшы чалавек на свеце, і ёй было яго шкада.

А на канцэртах былі заўжды амаль адны і тыя ж людзі. І ўсе хутка ўжо ведалі яе і віталі з усмешкамі.

«Маленькую» ўсе любілі.

Так прайшоў год. Усё тая ж сонечнасць вызначала яе, і яна не стамлялася радаваць сваёй шчырасцю людзей. І кожнаму хацелася, пабачыўшы яе, расчуліцца і чымсьці дапамагчы. Відаць, бываюць людзі, якія адной сваёй прысутнасцю каталізуюць у навакольных дабро.

Была ў «маленькай» і крыўда. Яе пачаў пазбягаць Віцька Клявін. Пры сустрэчах стрымана ківаў галавою, а калі мог — імкнуўся завараціць кудысьці ўбок. Яна не разумела, у чым справа, злавалася на гэта, некалькі разоў спрабавала пагаварыць з Віцькам, але ён адказваў адно:

Што ты! І не думаў. Табе здалося.

А ў вачах яго быў амаль фізічны выраз крыўды і тугі.

Бадай што толькі тут «маленькая» зразумела, як не хапае ёй Віцькі, яго адданых вачэй, яго маўклівага кахання, яго не заўсёды разумных жартаў. Зразумела, але нічога не магла змяніць.

Аднойчы яна — у каторы ўжо раз — удзельнічала ў канцэрце. На гэты раз яна танцавала «Паміраючага лебедзя» Сен-Санса. І зноў чалавек сядзеў збоку, на сваім звычайным крэсле, і глядзеў на яе.

Яна адчувала, што танцуе лепш, чым калі-небудзь. І калі пачалі паміраць апошнія гукі, калі яна схілілася і пачала нікнуць, яна краем вока пабачыла, што ён паднёс хустку да вачэй.

Белыя пульхныя пачкі закрылі ёй ногі, ніца і бязвольна схілілася яе худзенькая аголеная спіна. Падобная здалёк на беласнежную кветку, яна «памірала», і кола святла, звужаючыся, асвятляла нарэшце толькі дзіўнай прыгажосці кісць рукі, якая ледзь варушылася і здавалася апалым пялёсткам белай ружы, у якім знікае жыццё.

Апладысменты на гэты раз ледзь не разарвалі стрыманую залу. І гэты чалавек апладзіраваў ёй разам з усімі, не імкнучыся стрымаць слёз.

Пасля канцэрта, пасля банкета, на якім ён сядзеў поруч з ёю, ён сам выйшаў правесці яе да машыны.

Было позна. Масква засынала. Бяссонна гарэлі чырвоныя зоры на шпілях веж. Зрэдку даляталі з-за муроў гудкі спозненых аўтамабіляў. Ніна ішла поруч з ім, і да яе чамусьці прыйшлі думкі аб Клявіне. Яны былі цёплыя, гэтыя думкі. Захацелася ўзяць буйную Віцькаву галаву, прыціснуць да грудзей і сказаць нячутна некалькі слоў суцяшэння, каб дзіцячая крыўда знікла з яго вачэй.

Яны падышлі да машыны, і тут чалавек здзівіў яе.

Сядайце… Бадай, і я з вамі сяду, праводжу вас дахаты.

Што вы, сказала яна, нашто я буду адбіраць у вас дарагі час?

Ён усміхнуўся:

Што ж, вы думаеце, я ніколі не сплю і не адпачываю?

І хоць «маленькая», выхаваная на хрэстаматыях, думала менавіта так, яна сказала:

Не, вядома. Але мы ўжо на дачы, гэта вельмі далёка.

Тым лепш.

Ён сеў з ёю і пачаў раскурваць люльку, вядомую ўсім у краіне.

У першую машыну сеў суровы Стораў з ротам, падобным на вузкую шчыліну, у заднія машыны таксама селі людзі.

Картэж рушыў. Вузкая чорная машына, у якой сядзелі «маленькая» і Ён, вылецела з брамы Баравіцкай вежы і памчала па Валхонцы, мякка зашалахцела шынамі па асфальце.

У чырвоных успышках люлькі яна бачыла яго жарсткаваты профіль, ссунутыя бровы, халодны выраз вачэй. Потым ён паглядзеў на яе, і гэты выраз адразу змяніўся, стаў нейкі асабліва мяккі, амаль кранаючы.

Больш ніколі не танцуйце лебедзя, глуха сказаў ён, вам нельга.

Чаму?

Вам нельга гінуць. Нават на сцэне. Вы поўная жыцця, сонца, вы шчырая да гэтага неба і гэтых людзей. І я не ведаю, ці прыходзяць калі-небудзь дрэнныя думкі ў вашу галоўку.

Часам прыходзяць.

Не веру, сказаў ён.

Яны ехалі па Вялікай Пірагоўскай. Цьмяна чырванелі ў цемры муры Навадзевічага манастыра і важка бялеў сілуэт сабора.

Калісьці вы будзеце вялікай, маленькая балерына. Але я не думаю, што нават тады вы будзеце няшчырай… Мне лёгка з вамі… як з нямногімі… Старому добра быць сярод такіх, як вы.

А старэйшыя? — спытала яна.

Сусед спахмурнеў:

Ім мала каму можна верыць, Ніна. Чалавеку нельга верыць пасля дваццаці пяці. Але вы не такая. Але вы не будзеце такой. І я вельмі шкадую, што ў мяне няма яшчэ адной дачкі. Такой, як вы.

Чаму шкадуеце?

Таму што вы абуджаеце ў кожным веру ў людзей.

Вакол ужо мільгалі пералескі, свяціліся ў цемры, як свечкі, ствалы бяроз. Пругкі вецер, насычаны добрымі пахамі ночы, біў у твар.

Добра, сказаў ён.

Вы ведаеце, сказала «маленькая», пазаўчора я прачнулася ўначы і думала пра вас. За вокнамі былі дрэвы і ноч, і мне стала шкада, што вы не бачыце гэтага, седзячы ў гэтых старых мурах. І мне так чамусьці стала шкада вас, што я нават трошкі паплакала.

Чалавек апусціў цяжкія бровы, быццам імкнучыся прыкрыць імі вочы.

Машына звярнула ў дачны пасёлак, хутка прамчала спячай вуліцай, прамінула бярозавы гай на адхоне і спынілася ля форткі.

Тут было толькі пяць дачак, наводшыбе, і кожная трохі наўздалёк ад другой. Дача бацькоў Ніны была ўглыбіні, за садам; па сцяжынцы да яе было метраў трыста.

На яе дзіва, спадарожнік таксама вылез з машыны.

Я праводжу вас да ганка.

Што вы?! — спужалася яна. — Не трэба. Вы і так былі такі добры і ўважлівы.

А калі вас тут хтосьці пакрыўдзіць на гэтай сцежцы?

Што вы, тут і бярозы свае.

А я ўсё ж пайду.

Ён ішоў поруч з ёю, і яна баялася так, што падала сэрца, баялася за яго. Ці мала засталося тых, не дадушаных калючай рукавіцай? А раптам што-небудзь здарыцца? Тады яна не даруе сабе.

Але чалавек, здавалася, нічога не заўважаў, ішоў і з насалодай дыхаў цёплым начным паветрам, настоеным на ласкавым паху бяроз.

Які мір, сказаў ён. — А стома ўсё мацней, дзяўчынка.

Вам трэба мора, многа паветра , добрых людзей вакол.

Людзей? Магчыма… Каб гэтыя людзі ўсе былі як вы.

Ён памаўчаў крыху і раптам спытаў:

Ёсць у вас жаніх?

Ёсць, раптоўна сказала яна.

Яму пашанцавала. Хто ён?

Той хлопец, што тады танцаваў «Балеро».

Прыгожы хлопец… Харошы?

Харошы. І вельмі дурны. Наіўны, з пяшчотай адказала яна.

Гэта добра. Наіўныя не носяць у сэрцы зла… Будзьце шчаслівая з ім. Я дапамагу, каб вы былі разам… І, калі запросіце, прыйду на вяселле.

Абавязкова… абавязкова, сказала яна, я нават не ведаю, за што, за што вы такі добры да мяне.

Пакіньце, сказаў ён, ніякі я не добры.

Яны спыніліся перад дачай. Вокны ўжо ўсе былі цёмныя. Над садам, над дахам будынка панавала ціша.

Ну, давайце развітаемся, сказаў ён. — Я не буду заходзіць. Не трэба турбаваць людзей.

«Маленькая» ўжо зусім была пайшла, але раптам павярнулася да яго.

Я вас прашу, я вас вельмі прашу, усхвалявана сказала яна, не думайце, што людзям нельга верыць… Вы не думаеце гэтага шчыра, вы не можаце так думаць!

Чалавек стаяў і глядзеў на яе з прытоенай усмешкай.

Дык можна? — спытаў ён нарэшце.

Можна, упэўнена выдыхнула яна. — Яны добрыя.

Добра, сумна сказаў чалавек, бывай, дачка, спі спакойна… І не плач па начах за старых людзей.

Ён павярнуўся і пайшоў да форткі. «Маленькая» глядзела на яго, і шкадаванне аб гэтым чалавеку, які ішоў у ноч, зноў сціснула ёй сэрца.

А чалавек выйшаў з форткі і сутыкнуўся са Сторавым. Той стаяў, сціснуўшы вузкі, як шчыліна, рот.

Раён даволі падазроны, сказаў Стораў.

Што, не нажэрліся? — даволі дабрадушна сказаў чалавек.

Стораў паглядзеў на яго з адданай пачцівасцю і суха — гэты тон, як ён лічыў, найбольш адпавядаў яго місіі вернага ахоўніка — сказаў:

Справа, вядома, не аб арышце. Справа аб ахове. Вы ведаеце, яны заўжды рады ўчыніць зло тым….

Тады чалавек таксама звузіў вочы і насцярожана абвёў позіркам суседнія будынкі.

Так, сказаў ён і даказаў за Сторава, тым, да каго я добра стаўлюся… Рабі, як лічыш патрэбным, прыглядзіся… І каб з гэтай галоўкі ніводнага воласа ад чыёйсьці рукі. Зразумеў?

Машыны рушылі. Ён сядзеў на заднім сядзенні і цяжка думаў. Потым думкі перайшлі на ўспаміны. Успомнілася Грузія, якой яна была пяцьдзесят год таму, калі ён, дзесяцігадовы, упершыню па-сапраўднаму адчуў вясну. Яна была прыўкраснай. Яна была такой і потым, калі ён быў юнаком. Успомніліся Горы, плынь Ліяхвы, буйнае квіценне ткемалі на схілах гор.

Свеціцхавелі ўстаў перад яго вачыма, ясны, узнесены да нябёс у месячным сяйве. Сэрца ляцела насустрач яму… Так, тады таксама была вясна. А зараз яна для іншых, для гэтай дзяўчынкі і для яе хлопца.

На хвіліну ён падумаў, што аддаў бы ўсю ўладу за некалькі год маладосці. Улада не прыносіла шчасця. Нават любоў людзей была ад няведання… А гэтая, як сланечнік, уся для жыцця, якога ў яго скора не будзе. Дзяўчо павінна жыць і быць шчаслівым, і тады, магчыма, яшчэ адзін з нешматлікіх успомніць яго дабром.

Чалавек ехаў начнымі пералескамі, потым ускраінамі, чалавек, якога ўлада ўзвяла да неверагодных вышыняў, улада, якую ён змяняў бы ў гэтую хвіліну на сціплую хату ў бярозавым гаі і на такую вось дачку. Ён ведаў, што ён хоча гэтага толькі ў гэта імгненне, але яму не хацелася думаць, што гэта так.

Са скверыка ля варот Навадзевічага выйшла пара. Рука хлопца ляжала на таліі дзяўчыны. Машыны праляцелі паўз іх.

Так, вясна. Шчасце ўсіх. Ён не пакіне дзяўчынку з яе хлопцам. Ён ведаў — лёс многіх на яго сумленні. І на хвіліну неспакойная думка варухнулася ў яго галаве:

«А можа, я наогул нарабіў занадта?»

Але ён адразу загасіў гэтую думку.

«Нічога. Для астатніх маё імя — сцяг. І за яго яны пойдуць праз агонь і ваду… Для будучыні».

Думка суцяшала, і ён задрамаў у машыне, гэты цяжкі, грузны чалавек, падобны ў гэтую хвіліну на соннага сапсана, чалавек, які не меў ужо ні шчасця, ні кахання, ні веры, ні радасці аддацца добрым пачуццям другім, ні даверу да людзей — нічога. Акрамя бязмежнай улады, роўнай якой яшчэ не было на зямлі. Ён не ведаў, што ўладараць і над ім, штучна пераконваючы ў зламыснасці навакольнага свету, падтрымліваючы жах перад усім і веру ў тое, што чужую руку адвядуць ад яго дзесятак адзіна верных, адзіна адданых.

Ён драмаў, апусціўшы на грузнае цела ацяжэлую галаву.

…У ліпені «маленькай» далі партыю Адэты.

Устрывожаная такім хуткім узлётам, нічога не разумеючы, яна паспрабавала спытаць у дзвюх сябровак, чаму яны не глядзяць ёй у вочы, але пад час размовы, уніклівай і слізкай, раптам спынілася, зразумела. І тады выбухнуў скандал. Яна прыляцела прад светлыя вочы Нісоўскага і на поўны голас пачала крычаць:

Не хачу! Не трэба!

Нісоўскі, даведаўшыся, у чым справа, завёў яе ў свой кабінет і ўпершыню ў жыцці накрычаў.

Ён грукаў палкай у падлогу і крычаў, увесь чырвоны, наліты крывёю ярасці:

Гэтага патрабаваў я… я… я!!! Разумееш?! І толькі подлы чалавек можа падумаць, што я зрабіў гэта, каб дагадзіць камусьці! Я нікому не хачу дагаджаць, я нікога не баюся! Я стары, і ў мяне нікога няма, акрамя вас. Няўжо ты думаеш, што я даў бы табе партыю, каб думаў, што ты бездар? Прэч з вачэй, няўдзячная дрэнь!

Ён затупаў нагамі і раптам паваліўся ў крэсла амаль без прытомнасці.

Яна плакала, прасіла прабачэння, стоячы перад крэслам на каленях, цалавала яго старэчыя рукі, укрытыя ля запясцяў рэдкімі вяснушкамі.

Ён апрытомнеў, узяў яе галаву за скроні, пагладзіў попельныя валасы.

Не трэба, не трэба, мая дзяўчынка. Я ведаю, ты таксама была абражаная. Гэткія дуры, гэткія петыя дуры… І як ты магла так пакрыўдзіць сябе і мяне?

«Маленькая» казала, давячыся ўсхліпамі:

Нясцерпна, Пятро Пятровіч… Ён вельмі харошы да мяне. Як да дачкі. Але што рабіць, калі ён усіх, хто вакол, робіць няшчаснымі? Толькі тым, што ён поруч.

Нічога, нічога, гладзіў Нісоўскі попельную касу.

І што ён мог яшчэ сказаць?

І Віцька мяне пазбягае, вырвалася ў яе крыўда.

Нісоўскі ўзяў яе галаву і ўважліва паглядзеў у вочы.

Так… Яму горка, Іван Мікалаевіч памёр у турме. А ён быў яму бліжэй за бацьку.

Калі?

Тады. Вясной. Ён нядаўна выпадкова даведаўся аб падрабязнасцях.

Ужо не плачучы, яна ціха сказала:

А мне нічога. Няма, відаць, даверу.

Стары выціраў ёй вочы сваёй хусцінкай. Скончыўшы з гэтым, ён ціха спытаў:

Ты пакахала, дзяўчынка? Ты ўся свецішся ім. А я, дурань, пагражаў адкруціць яму галаву. Ідзі. Усё будзе добра.

Калі яна выйшла, стары пастаяў хвіліну моўчкі і раптам сціснуў кій.

Аб Віцьку я, здаецца, пераламаю калі-небудзь палку. На трэскі.

…З Клявіным яна некаторы час не размаўляла, унікала яго. Хадзіла па студыі халодная і вонкава спакойная. А ў самой горача падала сэрца, калі яна бачыла хлапечую постаць Віцькі і яго сумныя вочы. А потым, калі крыўда прайшла, пакрыўдзіўся ён.

Нісоўскі толькі галавою хітаў, гледзячы на гэта.

А ў «маленькай» разрывалася сэрца. Жахліва, вядома, тое, што здарылася з дзядзькам. Але той, той, што праважаў яе да дзвярэй дачы, хіба ён вінен у гэтым, хіба ён падпісаў гэты жахлівы загад? Не, ён не мог ведаць гэтага.

…У снежні ў Вялікім тэатры павінен быў адбыцца юбілейны канцэрт. Нумароў было многа. «Маленькая» вяла свой нумар у пары з Клявіным-Зігфрыдам. На канцэрт павінен быў прыехаць і Ён; яна ведала, што Віцька зноў будзе глядзець у бок вялікай ложы злоснымі вачыма, і ёй гэта было непрыемна.

Віцька стаяў ужо за кулісамі ў белым з золатам убранні Зігфрыда. Смешны хлапечы Зігфрыд з доўгімі прыгожымі нагамі, худы і сумны.

І раптам яна вырашыла. Яна падышла да яго і з усмешкай глянула ў вочы. Ён адвярнуўся, натапырыўшы чапялою ніжнюю губу. Нікога не было вакол, і таму яна не пакрыўдзілася.

Пагаворым, Віця.

Ён маўчаў.

Ты што, зусім не хочаш быць са мной?

Ён маўчаў.

Ну скажы хоць слова.

Віцька сказаў гэта слова, трасучыся ад стрыманага абурэння:

Я не магу дараваць яму Івана. Я яго ненавіджу.

«Маленькая» паклала руку на яго валасы.

Віця, умольна сказала яна, ён няшчасны, як толькі можа быць чалавек.

Віктар маўчаў. І тады яна сказала:

Віця, я кахаю цябе. Вельмі. Да канца. Вельмі верна і аддана. І пакорліва.

Ён не мог больш утрымацца.

Абняў яе за стан, споўз уніз — не, не споўз, упаў, як падстрэлены, і затросся ля яе ног ад сухіх стрыманых рыданняў.

Не магу, не магу без цябе.

Яна прысела на кукішкі, паклала далонь яму на галаву.

Ну што, мой родны, ну што, мой каханы?

І ўсё знікла. Засталіся толькі кулісы і бялявая галава, што трэслася ад гора, прынікшы тварам да яе ног.

…Канцэрт вось-вось павінен быў пачацца, калі «маленькая» па апладысментах, што ўспыхнулі ў зале, здагадалася: прыехаў Ён.

Яна адразу ж прынікла да вочка, зробленага ў малінавай завесе, і пабачыла чырвоную з золатам залу, стракатую гурму людзей і Яго, акурат насупраць сябе. Ён з’явіўся ў ложы і з усмешкай абводзіў вачыма ярусы.

Зала віравала. Авацыя трэсла сцены. Узбуджаныя выгукі ляцелі пад столь, да ззяючай люстры. Не апладзіраваў толькі ланцужок людзей у шэрых, як у Сторава, гарнітурах, што сядзеў у апошнім радзе партэра.

Авацыя грымела ў зале. «Маленькая» праз вочка глядзела на гэты трыумф, і цеплыня расла ў яе грудзях.

«І такога можна ненавідзець? Чаго ж тады апладзіруюць людзі? Не, пакуль Ён тут, добры да яе і да Віці, вялікі, цёплы — усё яшчэ будзе добра на зямлі».

Авацыя сціхла нарэшце. І амаль адразу на авансцэне, залітай агнямі, заспяваў шматгалосы хор. Магутнымі раскатамі загрымелі галасы.

Спявалі аб Ім.

Спявалі аб тым, як шырока разлілася яго слава, як спяваюць песню аб ім усе народы зямлі, як дрыжаць перад яго імем ворагі.

Урачыстыя гукі, падобныя на язычаскі хор перад статуяй невядомага бога, поўнілі залу, а Ён сядзеў у ложы і з годнасцю глядзеў на сцэну.

Узмывалі ўгору галасы. Спявалі аб велічы. Аб сіле, аб славе, якой ужо не можа змясціць зямля.

Чараванне гэтай музыкі здольнае было выціснуць на вочы гордыя слёзы. І «маленькая» адчувала іх і ганарылася, што яна толькі частка той сілы, якая цягне людзей да гэтага чалавека.

Да самых вышыняў мажора ўзляталі галасы. Спеў біўся ў сцены і столь. Грымеў язычаскі харал.

«Маленькая» здольная была зараз кінуцца да Яго, каб у адзіным крыку выкрыкнуць сваю любоў.

Грымеў харал.

І таму яна зусім не здзівілася, калі хор змоўк і ўвесь натоўп, усе, хто запаўняў партэр, кінуліся да ложы.

Крыкі захаплення зліліся ў роў, не, не ў роў, у стогн, які вырываўся з соцень грудзей, як з грудзей аднаго чалавека. Уздзетыя рукі, закінутыя галовы, далоні, дрыжачыя ў паветры. І пад усім гэтым стогн захопленых выгукаў.

Яна не адразу зразумела таго, што здарылася далей. Насустрач бягучым да ложы ўстаў ланцужок людзей у шэрых гарнітурах.

Наэлектрызаваная музыкай, ахопленая масавым псіхозам гурма наляцела на яго.

Роў. Крыкі. Слёзы захаплення.

Напэўна, слёзы захаплення і парыў не былі прадугледжаныя інструкцыямі. Магчыма, нават людзі ў шэрых гарнітурах спужаліся. Яны, якія сеялі жах перад замахамі, самі ўрэшце паверылі ў сваю здань. Сярод лікуючага натоўпу мог знайсціся адзін з «гарматай» у кішэні. Выбух энтузіязму мог быць небяспечным.

«Маленькая» зразумела гэта потым. Зараз яна толькі бачыла праз сваё вочка рукі, працягнутыя да ложы.

І таму яна не паверыла сваім вачам, калі пабачыла, што ланцужок шэрых людзей пачаў адштурхоўваць тых, што лезлі наперад.

Пярэднія, можа, і рады былі б стрымацца, але ззаду напіралі іншыя. Крык захаплення каціўся над галовамі. І тады шэрыя, зразумеўшы, відаць, што стрымаць націск будзе цяжка, пачалі біць пярэдніх, адганяючы іх назад.

Пачалі нязлосна, але потым пах бойкі ўдарыў у нос. Пярэднія непаразумела крычалі, закрываючы твары, але іхнія крыкі губляліся сярод агульнага ляманту захаплення.

«Зараз ён заступіцца, хвалявалася „маленькая“, зараз ён скажа. Ён не зможа глядзець на гэта».

Яна бачыла грэблівую складку пад яго вусамі, ведала, што ён зараз… зараз спыніць гэтую агіднасць.

«Маленькая» закрыла на хвіліну вочы, а калі зноў прыўзняла пушыстыя вейкі, яго не было, ён знік з ложы.

Але людзі не бачылі гэтага. Крык ірваўся з глотак, і невядома было, чаго галасуюць пярэднія: ад болю ці ад

захаплення. Невядома было, чаго цякуць па іхніх тварах слёзы: ад энтузіязму ці, можа, ад таго, што іх б’юць.

І тады «маленькая», адчуваючы, што здарылася нешта непапраўнае, што ўвесь яе маленькі свет любові да гэтага чалавека даў трэшчыну, раптам сціснула далонькамі скроні і разрыдалася так нясцерпна і несуцешна, як можна рыдаць толькі на мяжы юнацтва, калі жыццё ўпершыню пакрыўдзіць цябе.

Яна плакала ў кутку так, быццам душа яе разрывалася на кавалкі. І гэта было сапраўды так. І па-сапраўднаму жахліва было глядзець на яе мокрыя веі. Яна плакала аб гэтых людзях, аб ім, што памёр у яе сэрцы, аб Віцьку, які так пакутуе. І аб сабе плакала яна, аб сваім даверы і чысціні.

Калоцячыся ў рыданнях, яна адчула спіною чыйсьці пільны позірк і павярнулася.

Стораў стаяў непадалёк і глядзеў на яе халоднымі жорсткімі вачыма. Стаяў і глядзеў, больш нічога.

Але яна не магла ўтрымацца і плакала, і гэта было як развітанне з маладосцю.

Стораў глядзеў на яе ледзянымі празрыстымі вачыма. Потым дзіўная, упершыню за ўвесь час, што яна яго ведала, усмешка расшчапіла яго вузкі, як шчыліна, рот. Расшчапіла і згасла.

Ідзі, дзяўчынка, сказаў ён, ідзі. Табе нельга глядзець на гэта. Гэта не для тваіх вачэй. Ідзі ў прыбіральню, адплачся там… Ну.

Яна павярнулася і пайшла, як параненая, адчуваючы спіною халодны позірк яго вачэй.

Роў радасці і захаплення гучаў у зале.

А ў пустой прыбіральні горка плакала, паклаўшы галаву на грымёрны стол, маленькая балерына, якая пераставала быць маленькай. Рыданні глуха адбіваліся ў пустым пакоі.

У кастрычніку сорак першага, цераз паўтары гады пасля гэтых падзей, яна добраахвотна пайшла на фронт і гераічна загінула пад час апалчэнцкай атакі на танкі.

Міна выбухнула занадта блізка ад яе маленькага сэрца.

  1. Машынапіс захоўваецца ў перакладчыка Васіля Сёмухі, з аўтарскімі праўкамі і паметай: 1 мая 1961 г.
  2. Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
  3. Упершыню на рускай мове (аўтапераклад): «Неман». 1987. № 8.
  4. Упершыню на беларускай мове: «Маладосць». 1988. № 1.
  5. Апублікавана ў кнізе: Уладзімір Караткевіч. Творы: Проза. Драматургія. Публіцыстыка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996.
  6. Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 389 — 412.