Млын на Сініх Вірах — Карціна другая

Млын на Сініх Вірах. Звініцкія пушчы. Цёплы жнівеньскі дзень ружавее над пушчаю. На пярэднім плане, справа, ціхі поплаў, пакрыты вільготнай зялёнай травой. Амаль на сярэдзіне сцэны некалькі густых кустоў здзічэлага бэзу. Яшчэ лявей таўшчэзны дуб-волат, лісце якога звісае над поплавам, утвараючы зялёны паўзмрок. Дуб вельмі стары, вялікае дупло ззяе ў яго ствале. Пад дубам старая, тоўстая, далоні ў тры, лава, на чурбаках, укапаных у зямлю. Тут жа каменны будынак, дзверы яго адчынены, маленькае акенца забрана кратамі. Віецца сцежка ў глыб сцэны, да млына. За поплавам увесь другі план злева займае рачулка, якая разлілася тут даволі вялікім стаўком і блішчыць пад сонцам. Люстра яе зарасло лотаццю, кугой, дзе-нідзе бялеюць ля берагоў лілеі. Ставок перагарадзіла ўдалечыні зялёная грэбля. Над ёю, справа, бачны шэры будынак млына. За стаўком — густыя кусты каліны над вадою, далей — палоса падлеску, у якім яшчэ стаяць руіны старой карчмы. А далей густыя, цяністыя, зялёныя шаты лясоў. Неба амаль нямое над імі. Зялёна, вільготна. Спяваюць птушкі, даносіцца далёкі гоман млынавага кола. I цішыня толькі падкрэсліваецца гэтым, цішыня стаіць такая, што звініць у вушах. Марыся на траве сядзіць і зашывае нешта, мармыча сабе паднос і зрэдку запявае ўголас:

«Як табе, рачушка, без крутых беражкоў,
Так і мне, дзяўчыначцы, без любага дружка».

Віктар (асцярожна падыходзіць, ціха). Марыська!

Марыся. Віктар, даражэнькі. Ой, якая я шчаслівая. Мне так цяжка бывае, калі ты ідзеш. Усё мне здаецца, што ты ўжо недзе схоплены, забіты.

Віктар. Ну кінь, кінь. Я не з тых, што лёгка даюцца ў рукі.

Марыся. Я ведаю. Але ўсё адно баюся.

Віктар. Нічога, Марыська. Не дзеля сябе аспрэчваем смерць, а дзеля тых, што ўладараць над нашым сэрцам, нельга ж прымірыцца з тым, што яны загінуць. Нічога, у апошняй бойцы перамогуць каханне і любоў.

Марыся. Нейкі ты дзіўны сёння, Віця… Ты лепей раскажы, што ў горадзе?

Віктар. Ат, месяц як там немцы і месяц як там робіцца няведама што. Думаеш, усе тыя, што крычалі пра перамогу, і зараз крычаць. Сядзяць, як бараны, па хатах… паразмаўляем пра іншае, Марыся.

Марыся. Што ты?

Віктар. Я не ведаю, што са мною робіцца, не магу гэтага растлумачыць. Уся мая энергія перайшла да кагосьці іншага, ніяк не магу пазбегнуць адчування пустаты. Нішто мне не лезе ў галаву, акрамя аднаго, і гэта адно ўсю маю душу запаланіла. Не то я, што раней, іншым уяўляю сабе свет. Балюча мне, але самы боль мне вялікі — радасць і таямніца. Ты мяне не разумееш?

Марыся. Не.

Віктар. Ну дык вось (бярэ яе галаву ў далоні, цалуе). Вось і ўсё. I можаш зараз рабіць са мною што хочаш. Усяго сябе, з усёй душой аддаю. I якая мне справа да ўсяго, калі ты са мною, лепшая мая. Усё гэта сон, гэтыя спрэчкі, бойкі. Шкода, што праходзіць маладосць пад гэты надакучлівы акампанемент. А ты мяне кахаеш?

Марыся. Я цябе даўно кахаю. Я чула, што не трэба так адразу казаць. Маўчаць, так будзе мацней. Але я баюся цябе пакрыўдзіць, перарваць тонкую ніць. Нашто мне мучыць цябе, каб было мацней? Я ж цябе таксама кахаю, я цябе не паўкрыджу. За Андрэя ты не крыўдзішся? Я яго вельмі люблю. Ён сябра з дзяцінства.

Віктар. Не, за Андрэя я табе даўно дараваў. Я яго проста шкадую.

Марыся. Не трэба, ён таксама вельмі добры. Іншы раз мне здавалася…

Віктар. Пачакай. Слухай цішыню. (Цалуе ёй рукі.) Мне другі раз здаецца, што ўсё гэта сон, гэтыя выбухі. Расплюшчу вочы — і будзе ціхі дзень, акно адчынена, ты яшчэ спіш.

Уваходзіць Асінскі.

Асінскі. Да вас можна сюды, моладзь? Дзень добры, Віцька. Як справы ў горадзе?

Віктар (незадаволены). А трасца яго бяры і разам з немцамі.

Асінскі. Цю-у, здурэў дзяцюк! Ты якія гэта словы гаворыш, га?

Віктар. Я і на самай справе, Ім бы барыкады будаваць, а яны сядзяць ціхутка, як мышы. Што я ім дапамагаць хавацца буду, ці што? Мяшчане! Тыранія дробязяў. А дробязяў гэтых у жыццё чалавеку напхана, як сардынак у бляшанку. Адзін гіне, а другому пляваць — у яго мазалі. Дый не так ужо там жахліва, як я думаў. Камендантам нейкі Адлерберг. Я думаў, што будуць паліць і на кожным ліхтары вешаць, — аж ціха ўсё. Лётчыка нашага падбілі, упаў за горадам, а калі немцы прыехалі, дык яго ўжо нейкая падла абрабавала. Ну, гэты Адлерберг і кажа, што вы, — свінні, сваіх герояў не паважаеце. Вярнуць вопратку і ўсё, што забралі з самалёта, інакш вёску спалю і ўсіх пад корань. Праз пяць мінут усё прынеслі, цалюткае. Тады яны лётчыка пахавалі і далі над магілаю салют: «Глядзіце, як шануюць нямецкія героі гонар героя рускага». А таго, хто рабаваў, Трубайлу нейкага, забралі з сабою, але, кажуць, не забілі. Што ж, годны, рыцарскі ўчынак.

Асінскі. Глупства ты вярзеш. Такія для нас яшчэ больш небяспечныя, чым адвартыя гады. Але ж мярзота якая! «Ру-ускаму гер-рою!» А мы сваіх гадуем. Адаслаў ужо другі абоз з мукой. Комам стане ў іхняй глотцы наш хлеб. А што яшчэ чуць? Як Дзюбка?

Віктар. Адкрыў краму і зараз прагарае. Што праўда, знайшоў выхад: робіць са спарахнелае драўніны ідалаў. Купляюць. «О-о, беларусішэ калёрыт! Еўрапейскія папуасы!» Дзюбка гэты яшчэ! Турак нейкі.

Паўза.

Ну, мне час. Трэба зноў у горад. Я там занёс да вас што трэба, Цыкмун Пятровіч.

Асінскі (павярнуўшыся спіною). Добра. Можаш ісці.

Віктар (карыстаючыся, што Цыкмун не бачыць, ціха). Бывай, мая каханая (цалуе ёй руку).

Асінскі (усё яшчэ стоячы спіною). Гэх, усім бы ты добры быў, Віця, ды вось толькі не ўмееш ты з сучаснымі паненкамі абыходзіцца. (Павярнуўся.) Ты б гэта зараз пеўнікам падскочыў, дыгнуў ножкаю, вусы падкруціў, падставіў руку абаранкам і па-французску : «Куркуле-муркуле альфоне ролле».

Віктар (змрочна). Гэта не па-французску.

Асінскі. Нічога, яны ўсё роўна не зразумеюць. Яны толькі па-тутэйшаму, яны высуванцы.

Віктар. Слухайце, Цыкмун Пятровіч, кінулі б вы, праўда, гэтыя вульгарныя выразы, гэты вульгарны дыялект.

Асінскі. Што, па-французску лепей? А чаму? Чым не французская мова: «Марылён трэ, Сымон целяпасэ, Сідар рэ пужрэ?» Чаму «рэ пужрэ» — добра, а «рэпу жрэ» дрэнна? Не бачу розніцы. Значыцца, і мова нічым не горшая за французскую. Не, браце, як ты не вучыся — усё адно будзе ў цябе «дзе» і будзе «ру» і «г» будзе грубае, хоць ты па-італьянску брашы. Як калісьці «культурныя» семінарысты казалі, калі ім прапанавалі тытуню (націскаючы на р): «Бла-га-да-ру, я не куру, ваша табака — дрань, трапкай ваніць». Толькі сорам адзін будзе і сабе і людзям. (Сур’ёзна.) I я табе кажу, хлопча, дрэнна ты скончыш, калі будзеш сваё лаяць. (Адышоў да будынка.)

Віктар. Гэта ўсё ўжо ўстарэла, пяцьдзесят год як стала глупствам.

Марыся. Віця, пакінь, пакінь зараз жа. Гэтага ты не смееш чапаць. Я ведаю, ты жартуеш, але з гэтым — і зараз — не жартуюць. Гэтага я не дазволю… нават табе.

Віктар. Так, я сапраўды пажартаваў, дрэнна пажартаваў (да Марысі, ціха). Даруй мне за гэта, любая.

Марыся. Чакай мяне, любы.

Віктар. Чакаць? Ну да, як жа… чакаць. Я вельмі кахаю цябе. Я буду чакаць… Але бывай. Бывайце, Цыкмун Пятровіч!!!

Асінскі не адказвае, Віктар выходзіць. Некаторы час ціха, толькі чуваць кумканне жаб. Потым з’яўляецца Андрэй, перапэцканы мукою, пасталелы.

Андрэй. Цыкмун Пятровіч, я спыніў працу. Малоць няма чаго.

Цыкмун. Ну што ж, на сягоння пашабашым. Ты еў хаця што-небудзь, сынок?

Андрэй. Нічога, я зараз пайду, мне трэба наведацца ў Чарнабогі. Нешта зноў рука баліць.

Цыкмун. Казаў табе, не цягай такія мяхі. Гэтак няцяжка і грыжу зарабіць. Адпачывай. На млыне я дараблю.

Цыкмун выходзіць. Андрэй і Марыся сядзяць, апусціўшы вочы.

Андрэй. Што з табою, Марыся. Мне балюча глядзець на цябе. Нейкая ты сумная, як асенні дзень. Ці не магу я табе дапамагчы чым?

Марыся. Не, Андрэй, тут і ты мне не дапаможаш. Смутна ў будучым. Але дзякую, ты добры друг. З табою дзяўчыне спакойна і не страшна.

Андрэй. Сумны камплімент. Я б жадаў, каб табе са мною не было спакойна. А страшна? Няхай іншыя страх выклікаюць, я чалавек просты.

Марыся. Мне заўсёды добра з табою, Андрэйка. Ты добры. Але ад сапраўднага чалавека, ад Георгія-перамаганосца мала ў табе ёсць чаго.

Андрэй. З табою… з табою быць грозным, гордым? Нельга ж так.

Марыся. Аднак вось па Віктару адразу можна бачыць, што гэта за чалавек. Нязломны, сумленны.

Андрэй. Ат, Віктар. Што пра яго казаць. Не варта.

Марыся. Чаму ты яго не любіш? Гэта несумленна. Ён ніколі дрэнна пра цябе не кажа. А гэта дрэнны спосаб спадабацца мне: лаяць таго, хто мне дарагі. За што ты яго?

Андрэй. Я кахаю цябе… Я так кахаю цябе, што дыхаць не магу, няміла мне ўсё без цябе, жыцця няма.

Марыся. Андрэй, дарагі, не пакутуй… Дарагі ты мой, стары сябра мой. Можа, усё было б іначай, каб я не сустрэла яго, лепшага чалавека на свеце. Ён верны, ён верна будзе кахаць мяне. Мы вырашылі пажаніцца, як толькі скончыцца вайна. Табе цяжка, але такое лепей ведаць адразу. Не сумуй толькі, сябра. Не трэба.

Андрэй. Мне абы толькі ты шчаслівай была, здаровай, вясёлай. Я, вядома, бервяно, куды мне да такой, як ты. Але я цябе кахаю, я не вытрымаю, калі з табою здарыцца што. Таму я не магу крывіць душою. Іншы, можа, маўчаў бы, каб на яго не думалі, што ён гэта з нізкіх пачуццяў, з рэўнасці, з зайздрасці. Але па мне хоць бы хто быў, толькі не ён. Не люблю яго. Несур’ёзны ён. Сэрцам адчуваю — дрэнны ён.

Марыся. А можа, проста зайздрыш? Розуму зайздрыш, прыгажосці яго. Сорам!

Андрэй (пабялеў, устае). Кепска ты мяне ведаеш. Урачыста кажу, ад думкі маёй не адступлюся, не дам зглуміць тваё жыццё. А там будзь шчаслівай з кім хочаш. Я цябе кахаць заўсёды буду, і дай табе бог быць шчаслівай з іншым. А я моўчкі кахаць буду ці мёртвым прыцягнуся да цябе і другі раз памру. Будзь шчаслівай, жыві, радуйся. Як я цябе кахаю, няхай столькі і шчасця табе будзе з іншым… Бывай.

Амаль бяжыць. Марыся разгублена глядзіць услед.

Марыся. Не трэба! Андрэй!

Андрэй знік.

Што ж гэта атрымалася? Што я гэта яму сказала, не герой, але сэрца добрае, але ж шчыра мяне кахае! Ох, што ж я нарабіла!

Уваходзіць Цыкмун.

Цыкмун. Чаго гэта ты божкаеш так? Андрэя шкода? Мне таксама. Што ты яго мучыш?

Марыся. Не ведаю. Раслі разам, разам з «баранчыкамі» ў лугі хадзілі, разам лазілі ў садкі за яблыкамі. А зараз я не ведаю, такая я маленькая, такая дурная… Віктар з’явіўся, добры, разумны, на Андрэя не злуецца.

Цыкмун. Вось гэта і дрэнна. У наш час былому саперніку косці б пераламалі, а тут (перадражнівае) «не злуецца».

Сядае поруч з дачкою.

Ходзім мы з табою, дачушка, па нажы над ямаю, кожную хвіліну можам кувырнуцца і тады — зацягнуць нам вяроўкамі шыі. Выбірай чалавека сапраўднага, каб было чым успомніць кароткі век свой… I ведаеш, чаму мне Віктар твой не падабаецца? Таму што наш чалавек, не чыноўны па бацьку, а трымае сябе, як шляхцюк. Мы яго высунулі, нашай воляю ён стырчаў, як пузыр на вадзе, і адразу забыўся, скуль ён і хто. Сапраўдны начальнік, вось як Каляда, заўсёды просты, а гэты спачатку адгарадзіўся ад нас кабінетнай сценкаю, а зараз імкнецца адгарадзіцца сваёй надзвычайнасцю. Ну няхай ён надзвычайны, няхай яму ўсе абяцалі будучыню не абы-якую, але ўсё ж сапля ён у параўнанні, — ну, хаця б, з такім чалавекам, як Купала, а я Купалу бачыў, сам з ім размаўляў. Просты ён быў: і паразмаўляць з чалавекам, і паспачуваць, і, галоўнае, паслухаць чалавека, і выпіць нават з ім. Прастата чалавечая — вялікая справа, такога чалавека з усіх бакоў іншыя падпіраюць, ён як сасна ў бары, а той, хто адгараджваецца, той адзін у полі пад вятрамі. I папомні мае словы, той, хто вось так адгараджваецца ад людзей, рана ці позна хрупне ў спіне і зваліцца, бо ў адказны момант у душы сваёй, у сваім народзе не адчуе падтрымкі. Гэта, дачушка, тая кантора, скуль вярбуюць дрэнных людзей.

Марыся (амаль са слязамі). Ах, татка, ну нічога, нічога я не ведаю! Цяжка мне! I яго я не ведаю, і вас не ведаю… і сябе…

Пры апошніх яе словах з-за будынка з’яўляецца Тэкля Каваль з кошыкамі цераз плячо, асцярожна ставіць іх на лаву. Яна даволі высокая, з прыемным тварам і добра збераглася для сваіх гадоў. На ёй цёмная вопратка з белым фартукам. Гаворыць рэзка і ўладна.

Тэкля. А хто з нас ведае сябе. Ніхто не ведае.

Марыся Цётухна!

Цыкмун Здарова, Тэкля. Нешта даўно я не бачыў цябе.

Тэкля. А табе, бацюхна, і бачыць мяне не трэба было. Ты на дзеўку лепей глянь, да слёз давёў. Чаго ты яе пілуеш, стары грахаводнік?

Цыкмун. Лепей зараз няхай паплача гадзіну, чымсьці потым век плакаць.

Тэкля. Ты ўжо маўчы. Я вам прынесла тое-сёе. Ідзі там разбярыся. (Цыкмун пайшоў. Тэкля прысела да Марысі.) Фу-у! Запарылася. Але стары конь трымаецца, пакуль на нагах. Дык што ж гэта ты так разрумілася? Што з табою?

Марыся. Сэрца маё неспакойнае, цётухна.

Тэкля. Гэта дрэнна. Але што паробіш, заўсёды так было ў чалавека, што спакою яму не было. А ты плюнь. Колькі я сябе памятаю, заўсёды мужыкі адзін аднаму глоткі перарывалі, заўсёды ў вайну гулялі. I яшчэ зараз вайна сапраўдная, неспакою ў сэрцы быць не павінна. Раней, думаеш, спакайней было на сэрцы? Вось як у мяне пайшоў мужык на вайну, не пайшоў — павялі, засталася я адна, з дзяцьмі дробнымі. Колькі слёз было, колькі нястачы! (Прыглядзелася, кажа іншым, сур’ёзным тонам.) I каханне заўсёды было не мёд. Сусед мой, Кандрат, я яшчэ дзяўчынкаю была, ажаніцца хацеў на дзяўчыне з суседняга пачынка. I ўсё добра было, пакуль ягоны бацька з бацькам нарачонай на мяжы не папароліся граблямі да смерці з-за зямлі. Або яшчэ, Базылёвых ведаеш? Дык вось, Янка Базылёў хадзіў да Анэлі з вёскі Казлы, а яе аддалі за суседа. Янка на вяселлі напіўся і лёг на снег, сухоты жадаў зарабіць. Не зарабіў, але пальцы на руках адрэзалі, стаў калекам. I шмат яшчэ такіх невясёлых гісторый было. Так што, калі ты пакутуеш, дык гэта глупства. Цяжкі наш лёс: не ведаем мы дня ані часа. Ніхто ж не забараняе табе цяпер выбіраць таго, каго жадаеш.

Марыся. Ды не, цётачка. Я сама не ведаю, чаго мне цяжка. Можа, таму… (схлусіла), што зубы вось баляць.

Тэкля. Ну, гэта нічога, гэтаму гору мы дапаможам. Пажуй маўнкорань, і ўсё як рукой зніме. I наогул, травы вывучы, хоць некаторыя, гэта патрэбна. Давай вось я табе першы ўрок дам. Гэта што?

Марыся. Баражоўка.

Тэкля. Так, яе трэба даваць, калі чалавек на лёгкія захварэе і адхаркнуць не можа… Тут і алцей дапамагае. А вось гэта чабор, таксама лёгачная трава. А там унь чарнакорань, пакладзі пад падлогу — мышэй не будзе ў хаце. Вось так яно й вядзецца на свеце, амаль кожная трава на якую-небудзь карысць. А замовы — глупства. Адна толькі замова дапамагае і якраз ад зубоў. Хочаш дапамагу?

Марыся. Давайце ўжо.

Тэкля (шэпча). Зара-зараніца, сонца — светлая маці, дапамажы памагаці. На моры-акіяне, на востраве Буяне стаіць камень, на тым камені жарства, над той жарствою дуб зялёны, пад тым дубам ваўкі выюць… Каб жа ж і ты выла так ад зубнога болю.

Марыся (засмяялася). Здаецца, дапамагло, цётачка.

Тэкля. Ну ай добра. Глядзі, дзетухна, не сумуй. Гэта ўсё пройдзе. А галоўнае, як раней спявалі:

Праўда, праўда ў свеце,
Праўды не ўзыскаці, праўда ёсць.
Як цяжка дзеткам без маткі пражыці,
Так цяжка свету без праўды пражыці.

I перад гэтай Праўдай нашай, нашы маленькія праўдачкі — глупства… Цыкмун, дзе ты там?!

Цыкмун (выйшаў з-за будынка). Чаго табе?

Тэкля. Я пайшла. Вось што я толькі табе скажу. Уначы, хлопча, не працуй, гук па ветры і да нас далятае. Праўда, той, хто не ведае, не здагадаецца, але лепей не трэба. Немцы ходзяць па пушчы. Я й то чакаю, што вось-вось да Чарнабогаў дабяруцца.

Цыкмун. Добра. Ты б папярэдзіла нас на такі выпадак.

Тэкля. Не ведаю. Я хоць і старая, але мне жыццё не абрыдла, вельмі ўжо лезці на ражон не буду, мы пра гэта не дамаўляліся.

Пайшла. Цыкмун сеў ля Марысі на траву.

Цыкмун. Трэба табе, пэўна, Марыська, перабірацца глыбей у лес, да Каляды.

Марыся. Ты што, татка, жартуеш? Кіну я тут цябе і справу, чакай яшчэ. Вось што, ты мне лепей раскажы нешта старое-старое, каб такі ж час, як наш, каб героі былі, каб усё на карту ставілася… Даўно мы з табою ўжо не размаўлялі.

Цыкмун. Што б табе расказаць? Хіба што пра гісторыю белага воіна.

Марыся. Раскажы.

Цыкмун. Добра. Вось закуру толькі… Дык вось, было гэта дзвесце год таму. Яшчэ больш страшная навала прыйшла на нашу зямлю, але мы выстаялі, як выстаім, вядома, і зараз. Мы — каменныя. Але было цяжка, вялікае пала гора… Па начах білі гакаўніцы недзе па-над Сожам-ракой і нешта палала, палала… палала…

Заслона

Яндекс.Метрика