Млын на Сініх Вірах — Карціна сёмая

Прайшоў месяц. Вялікі завозны пакой у млыне на Сініх Вірах. Пад падлогаю боўтае моцна і віруе вада. Сцены моцныя, з тоўстых бярвенняў. Злева, ля самага краю сцэны, ляжыць стары жарон, за ім ложак, засланы самаробным тканым пакрывалам. Далей — столік. 3 правага боку ляжаць мяшкі жыта, вядуць сходы на гару, ляжыць чамусьці вялікі абярэмак сена. Столь над сенам шчалястая, і сонца б’е стуль на сена светлымі палоскамі. Проста перад гледачамі шырокія, як у пакгаўзах, адчыненыя дзверы. Праз іх відаць далёкі лес, вербы над люстэркам вады, частка грэблі. Толькі што прайшоў дождж, са страхі падаюць кроплі. Вечарэе. У млыне поркаецца Марыся. Віктар сядзіць на ложку.

Віктар. Чамусьці ты мяне нават не пацалуеш.

Марыся. Часу няма. I капрызы твае мне апрыкралі.

Віктар. Я сёння не буду. Я хачу спытаць: ты мяне кахаеш?

Марыся. Ну, кахаю.

Віктар. Тады ты павінна пайсці са мною, тут небяспечна. Мне апрыкраў твой фіктыўны шлюб, гэты дурань, які жыве тут. Кінем усё гэта. Зямля ўся крывёю залілася, нашы на поўдні бягуць. Планета звар’яцела, усё гіне. Пойдзем проста ў лес і там, у нетрах, збудуем хату. Няхай б’юцца, няхай глоткі грызуць — што нам да гэтага залітага крывёю, знявечанага сметніка. I не торкай мне, як панацэю ад усіх няшчасцяў, свой народ. Я кажу, зямля звар’яцела. Разумныя павінны пайсці ад вар’ятаў.

Марыся. Ведаеш, мне здаецца, што ты тады, падчас замаху на Трубайлу, не дарэмна захварэў. Мужны такога не скажа, ён застанецца апошнім і будзе біцца, бо пакуль існуе і б’ецца ён — існуе гонар яго народа.

Віктар. Ты… Ты… Разумееш, што ты такое сказала?!! Ты думаеш ці не? Я па-ранейшаму да Дзюбкі хаджу, я аціраюся тут, хаця тут, на млыне, часта бываюць Швальбе, Ільзенвельдэ, Ранцоў, хаця тут іхніх дзотаў, як грыбоў. I ты мне кідаеш такі дакор!

Марыся (спакойна). Не крычы, давай пагаворым. Я кахаю цябе, але ты мучыш мяне. Я вельмі няшчасная. Думаеш, мне не хацелася б кахання, не хацелася мець дзяцей? Я год марыла пра тое, каб проста паплысці з табою некуды на чаўне і не думаць, не думаць пра ўсё, толькі пра цябе. Але нельга, сорамна глядзець у вочы галодных, у вочы страчаных, сорамна глядзець на знявечаны лес у дратах. А ты арганічна не разумееш гэтага. Месяц таму я думала, выцягні з мяне душу, мучай, зневажай, але будзь чалавек. Будзь чалавек, і тады я хоць на край свету за табой. А потым нешта памёрла ў душы. I ты мне дарагі, але чужы. Андрэй лепшы, ён не крычыць, а робіць сваю справу. I хоць я не пакахаю яго, я, здаецца, кіну і цябе кахаць.

Віктар. Та-ак, бачу да чаго яно хіліцца.

Марыся. Не плявузгай! Сам вінаваты. Мог бы пашкадаваць хоць раз тое, што, як святыню, насіла ў сэрцы, — каханне да цябе. Не пашкадаваў. Ты заўсёды быў жорсткі, як маланка. I вось, здаецца, прытупілася каханне маё. Падумай, Віця, дарагі мой, падумай, да чаго ты ідзеш, пашкадуй хаця мяне, калі сябе не хочаш!

Паўза.

Пацалуй мяне. Можа, хоць тады растане сэрца тваё.

Віктар. Прабач, мне здаецца, што ты памылілася, я не льдзіна. Я і адзін пражыву. Але думаю, што ты яшчэ пашкадуеш. Я зраблю так, што ты пашкадуеш. Шчасця з ім не зведаць табе.

У дзвярах з’яўляецца сілуэт чалавека. Гэта Каляда.

Марыся. Таварыш Каляда!!!

Каляда. Я. Вырашыў наведацца, як вы тут маецеся. Што чуць?

Марыся. У сваім краю, як у раю. Але вам тут нельга! Тут немцы, сёння нават камендант прыехаў.

Каляда. Ат, нічога, мне неадменна трэба было. Вы памятаеце, мы закапалі ва ўрочышчы хлеб і зброю. Зараз прыйшла крайняя патрэба. Добра, што вы тут, Віктар. Трэба праверыць, ці можна туды будзе пад’ехаць заўтра з вазамі, ці няма там нямецкіх пастоў.

Віктар. Добра, я пайду.

Марыся. Толькі будзь асцярожным.

Віктар пайшоў.

Каляда (сеў на жоран). Уначы вывезем, калі ўсё будзе добра. А вам трэба будзе сапсаваць млын і — прэч… Сігнал яшчэ не забыла? Калі небяспека — кугакай савою… Наш чалавек будзе спяваць жаўруком, гэта значыць, хутка дапаможам. Ціха тут. Я калісь у такіх мясцінах на глушцоў любіў паляваць. Змрочны лес, павуцінне, спявае глушэц. Так ціха, толькі кроплі падаюць… Не, нашу лясную волю не прадамо.

Марыся. Ціха! Не, гэта Андрэй.

З’яўляецца Андрэй, здароўкаецца з Калядою, сеў.

Ці еў ты хаця, Андрэйка? Зусім ты сябе не шкадуеш.

Каляда. Ну як, муж з жонкаю? Як жыццё?

Андрэй. А, дрэнь жыццё. Налезла іх тут. Ва ўрочышчы як мурашнік ад іх.

Каляда. Як ва ўрочышчы? Туды толькі што Сміхальскі пайшоў.

Андрэй. Ат, д’ябал! Гэты абавязкова напорацца. Будзе ісці, як на парадзе.

Каляда. Швальбе не вельмі дакучае.

Андрэй. Швальбе — жывёла. Жыве і помсціць сабе і іншым за тое, што паслужыў таму, у што не вельмі верыць.

Каляда. А ты, я чуў, таксама добры, ніколі перад ім шапкі не знімеш. Вераб’і ў тваёй шапцы, Андрэй, ці што?

Андрэй. Гэта яму занадта добра будзе.

Каляда. I то праўда. Значыцца, жывеце зараз поруч з фашызмам. Ну і як?

Андрэй. Брыдка. Некаторыя з іх прыгожыя словы кажуць, а на самай справе…

Каляда. Як кажуць, галоўку чэша, а за коску — скуб!

Блізкія стрэлы.

Андрэй. Далібог, напароўся. Таварыш Каляда, трэба ўцякаць. Давайце, давайце. Пойдзеце рэчышчам, там не так небяспечна.

Каляда. Марыся, можа, разам пойдзем?

Марыся. Не, я з Андрэем.

Андрэй апранае на Каляду сваю вопратку. У гэты час з’яўляецца Сміхальскі.

Сміхальскі. Сарвалася справа… Стралялі.

Андрэй. Чаго ж ты бег сюды? Чаго ты наогул бег? Падводзіш млын, камандзіра! Ёлуп! А калі ў іх сабакі?

Здалёк чуваць брэх сабак, усе заціхлі.

Уцякайце, таварыш Каляда. Уцякайце хутчэй. Рэчышчам! Там вада! Па вадзе. Па гэты бок грэблі. (Выпхнуў Каляду з дзвярэй.) Направа. Там адхон. Пайшоў! Будуць крычаць — не звяртай увагі.

Сміхальскі (паціху). Ну добра, я табе пакажу ёлупа. Я пакажу, як хцівасцю сваёй адбіраць яе ў мяне. Дый ты паплачаш, Марыська. Я здрэйфіў тады, але я, хаця і раб, не дазволю вам смяяцца. Раб жыве, калі чалавек памірае.

Сміхальскі хутка лезе на гару. Звонку чуваць крык: «Эй, млынар!»

Андрэй. Ціха, Марыська. Займайся сваёю справай. Трэба будзе іх затрымаць.

З’яўляецца Швальбе, Ранцоў, Адлерберг, Ільзенвельдэ, два салдаты.

Швальбе. Эй, млынар! Хто быў? Хто толькі што бег?

Андрэй. Не ведаю. Можа, я? Я толькі што прыйшоў.

Ільзенвельдэ. Я толькі што бачыў гэтага чалавека на шостым пункце, ён не мог быць ва ўрочышчы.

Андрэй. А больш нікога не было. Нядаўна, праўда, былі два салдаты.

Швальбе. Хто яшчэ?

Андрэй. Можа, жонка мая? Але яна нікуды не хадзіла, з самага ранку тут.

Швальбе. О-о! (Рыўцом саджае Марысю на ложак і глядзіць на падэшвы.) М-м, не, падэшвы сухія. А ва ўрочышчы мокра. Не, не яна.

Андрэй. Пан, не чапайце яе. Напэўна, вам было б непрыемна, калі б так паводзіліся з вашай жонкаю.

Швальбе. Ого! Шчасце ваша, што ў вас добрая біяграфія і рэкамендацыі. Хто тут быў яшчэ?

Андрэй. Я не бачыў. Праўда, тут праходзіў чалавек, але ён павярнуў берагам, па той бок грэблі. А больш нічога не бачыў.

Швальбе. Абшукаць.

Салдаты абшукваюць млын і сцягваюць з гары Віктар а.

А гэта хто? Хто гэта?

Андрэй. Я думаў, што пан камендант ведае. Гэта наш падсыпка, ён ужо два тыдні, як тут. I маёр Ранцоў гэта ведае, ён яго бачыў.

Ранцоў. Так. Мне здаецца, Швальбе, што вы заблыталіся. Трэба хутчэй гнацца за тым чалавекам.

Андрэй (паціху). Цяпер не дагоніце.

Стрэлы. Убягае салдат.

Салдат. Гер маёр, там чалавек на гаці напароўся на нашых. Адстрэльваецца і паціху адпаўзае багнішчам.

Ранцоў і Адлерберг з салдатам выбягаюць.

Швальбе. Та-ак. Але я бачу, што ў гэтага падсыпкі бегаюць вочы.

Ільзенвельдэ. Пакіньце, Швальбе. Ранцоў жа сказаў.

Швальбе (ціха.) Нічога, гаўптман. Я трошкі разбіраюся ў людзях, я сам бачу, хто ён, але пара ляпасаў не пашкодзіць. Калі не, мы кінем яго і пойдзем за тым. Нічога страшнага… (Уголас.) Да таго ж, глядзіце, мокрыя ногі.

Марыся (пра сябе). Божа, забыў зняць боты.

Андрэй маўчыць.

Швальбе. Фрыц, дапамагай, расцягнем яго трошкі.

Пачынаюць збіваць Сміхальскага.

Марыся (даволі голасна). Віця, любы, дарагі. Трымайся! Мацуйся! Я хацела, каб ты кінуў гаварыць тыя словы. Каханы мой! Трымайся!

Віктара б’юць, потым кінулі. Сміхальскі акрываўлены, вопратка парваная.

Швальбе. Нун, падсыпка. Куды хадзіў? Хто гэты чалавек? Можа, ведаеш?

Віктар (імкнучыся трымацца з годнасцю). Я бачу, ад вас нічога не схаваеш. Якая карысць маўчаць? Усё адно рана ці позна. Дык лепей рана, не будзеш потым інвалідам. Я ведаю, хто гэты чалавек, і ведаю пра ролю гэтых людзей, што стаяць тут.

Стрэлы здалёк.

Швальбе. Глядзіце, гаўптман, нечакана пашанцавала. А я збіраўся на гэтым і скончыць. Дзіўна, першы раз бачу, што нехта з іх загаварыў. Ну кажы.

Віктар. Той чалавек, што ўцёк, гэта старшыня гарвыканкома Каляда, памочнік вядомага Дубоўскага, зараз кіруе асобным атрадам, а гэта сын Дубоўскага-Лаўрановіча, а тая — гэта яго жонка. Яны працавалі ў млыне ўвесь час партызаншчыны.

Швальбе. О-о! Цікава!

Марыся. Віктар! Віця! Што ты робіш! Ві…

Андрэй. Пакінь яго, не трэба… Здраднік.

Віктар. А вы сляпыя краты, эмбрыёны.

Андрэй. Ты быў камсамольскім важаком. Відаць, такія, як ты, толькі ў гадзіну шчасця ідуць за Камунай. Здраднік!

Віктар. Я вышэй за вас, я вышэй і за такую абстракцыю, як здрада. Я казаў, што вы пашкадуеце.

Марыся (непаразумела). Я ж цябе каха… (Рэзка.) Я цябе ненавіджу!

Увайшоў Адлерберг.

Адлерберг. Пфе, Швальбе, што гэта ў вас за мясная крама? Памыйце рукі.

Швальбе. Цягніце сюды арыштаванага!

Адлерберг. Арыштаванага? Прабачце, зараз сюды прыцягнуць Ранцоў і чатырох салдат. Ён скакаў па балоту, як конік, і страляў, як Матэо Фальканэ. Павіншуйце мяне, я жывы, і ён таксама жывы.

Андрэй уздыхнуў. Швальбе адвярнуўся ад Адлерберга.

Швальбе. Ну што ж, калі яны хаваюць звесткі пра партызан у сэрцы — я вырву іх разам з сэрцам. Шульц, Кёніг — рыхтуйце прылады. Там, на гары. (Салдаты цягнуць на гару Марысю, Андрэй барукаецца з тымі, хто трымае яго. Яго схапілі за рукі.) Зараз яе прыпаляць агеньчыкам. На бэльку яе! Кажы, ты, кажы!

Адлерберг. Калі скончыце таркведамстваваць, Швальбе, абавязкова памыйце рукі. Інакш будзе непрыемна працягнуць вам руку.

Пайшоў. Ільзенвельдэ пайшоў быў за ім.

Швальбе. Гаўптман, сядзіце тут. Вам прыказвае старэйшы афіцэр.

Здаўлены крык з гары. Андрэй зарыдаў горлам. Швальбе кідаецца да яго і пачынае трэсці за рэбры.

Кажы хутчэй! Дзе брыгада, дзе атрад Каляды? Інакш, яна ўжо ніколі не будзе прыгожай.

Андрэй. Жывёла! Не дачакаешся.

Салдаты сцягнулі з гары Марысю, яна з акрываўленым тварам.

Швальбе. Ну, кажы ты, кажы, іначай я зараз закатую твайго мужа.

Марыся. Андрэйка, сапраўдны муж, дарагі, даруй мне за гэтага мярзотніка, за гэтага здрадніка. Зараз і ты гінеш… з-за мяне.

Швальбе. Кажы, іначай яго павядуць.

Марыся. Здраднік! (Швальбе дае знак, Андрэя ўсцягнулі на гару.)

Швальбе. Зараз ён будзе крычаць, маладзіца. Вельмі будзе крычаць.

Стогн з гары.

Кажы зараз жа, дзе партызаны, дзе інсургенты?

Марыся. Здраднік.

Швальбе. Яму выкруцяць рукі, яго зробяць інвалідам, і сёння яшчэ нічога, а вось што я вам прапаную заўтра.

Стогн.

Марыся. Андрэй, любы, маўчы! Не шкадуй мяне!

Швальбе. Дзе інсургенты? Дзе Каляда?

Марыся. Здраднік! I ты, грубая падла… я маўчу.

Швальбе б’е яе, яна падае. Салдаты сцягнулі ўніз Андрэя. Ён хістаецца на нагах.

Швальбе. Бачыш, яна ляжыць. Я зраблю такое дзесяць разоў — і тады яна памрэ. А ты, пакуль што, будзеш жыць. Адказвай!!!

Андрэй. Эх, пан Швальбе, пан Швальбе! Як вам толькі не ганебна. На месцы вашага начальства я б у тры шыі пагнаў вас з працы. Год у нас, і так дрэнна ведаеце нашых людзей. Сталая істота, а крычыць, тупае нагамі, як дурное дзіця, якое хоча па малой патрэбе. Сорамна! З дзяўчынамі ваюеце, хутка да немаўлят дойдзеце. Карыстаецеся сілаю.

Швальбе б’е Андрэя ў твар.

Ну вось бачыце, стаю. На дзяўчыну сілы хапіла, а тут — не. Нашых людзей кулакамі, сілаю — не пераканаеш. Яны такіх свалачуг, як вы, за тысячу год ой колькі бачылі. I ніхто іх пакуль што не спудзіў да смерці.

Швальбе б’е зноў.

Ну, шчанюк, шчасце тваё, што мяне за рукі трымаюць. Я б табе даў раз, і былі б садухі — і ксяндза зваць не трэба, не тое што ты, авечая смерць.

Швальбе. Яшчэ раз кажу, дзе хаваюцца гэтыя бандзюкі?

Андрэй. Эх, камісар, камісар. У сябе ты быў папіхачом, хлопам, а тут з’явіўся ў чужую хату някліканы, няпрошаны, і вось тыраніш гаспадароў, з дзяўчынкамі ваюеш, паклаў ногі на наш стол, выгнаў гаспадара ў лес, ды яшчэ й бандзюком яго абзываеш. Несумленна! Хто ж пасля такіх слоў выходзіць бандзюк, га?

Швальбе. Я перад табою красамоўстваваць не буду. Адно я абяцаю: скажаш — дам жыццё і табе і жонцы, не скажаш — заб’ю. I яшчэ перад смерцю пекла здасца табе раем. Вось.

Андрэй. Так, мы хочам жыць, мы разумеем вартасць жыцця лепей, як такая амёба, як пан камісар. Але нас, відаць, выхоўвалі ў духу прыстойнасці. I мы добра ведаем, што калі грамадская адкрытасць — гэта дабрачыннасць, дык за Юдзін грэх, а асабліва перад такімі разлезлікамі, як вы, мала таго што нам плюнуць у твар, мы яшчэ і паважаць сябе перастанем. Так што з прапановамі вашымі ідзіце ў другое месца: мы нашым гонарам пастаўлены ў становішча, якое не адпавядае вашым жаданням.

Ільзенвельдэ (ціха). I вы не бачыце шматкаляровасці зямлі, якую збіраецеся пакінуць, не ведаеце, што акрамя чорнага і белага колеру, у якія вы фарбуеце свет, існуюць і іншыя?

Андрэй. Па вашым тоне я бачу, што вы не зусім тое, што гэты гадавец. Пакуль яшчэ не позна, зразумейце, што ў белым колеры, у нас, па законах фізікі, змешчаны ўсе колеры зямлі, а вы чорны колер, нават і не колер, а проста адсутнасць святла, смярдзючая яма, бруд.

Швальбе (дае Андрэю ляпаса). Хто кажа пра гэта? Дзікун? Скіф?

Андрэй (пагардліва). Ваш метад пераконвання вы, напэўна, лічыце метадам культурнага чалавека, не скіфа, не дзікуна? Так, мы на такі ўчынак, біць звязанага, не здатны — мы, скіфы.

Марыся застагнала, села.

I біць дзяўчынак мы, скіфы, таксама не можам, слабых дзяўчынак з мужным сэрцам, галубак з ільвіным сэрцам. Мы ведаем, у іх слабыя костачкі — хрупні — і няма. Таму мы лашчым іх, абараняем, носім на руках. Напэўна, у гэтым і ёсць розніца між такімі культурнымі людзьмі, як вы, і такімі скіфамі, як мы.

Марыся (абдымае калені Андрэя). Муж мой! Я ганаруся табою.

Швальбе. Круціце яму рукі, круціце! Я дачакаюся хвіліны, калі ён будзе скавытаць ад болю!

Андрэй. Не, мы не тыя, што скуголяць. Мы сталі людзьмі. Мы сталі відушчымі, а вы, як тысячу год таму, ходзіце ў ідэйных шкурах. Тых, што сталі відушчымі, не загоніш у цемру, тыя, што ўваскрэслі, не паміраюць. Мы не дачакаемся хвіліны, калі будзеце скуголіць вы, але мы верым, вы будзеце скавытаць, як пабітыя сабакі, будзеце лізаць ногі нашы, бо вы толькі на гэта і здатныя. Перад намі — Камуна, перад вамі — магіла ганебна страчаных. Таму так памерці, як паміраем мы, вы не зможаце, — не!

Швальбе. Маўчаць!!!

Ільзенвельдэ. Пан камісар, пакіньце гэтых людзей. Забіце іх, але не катуйце. Вы бачыце, з імі нічога нельга зрабіць.

Швальбе. Маўчыце і вы. Я пераламаю гэтым паршыўцам косці!

Андрэй. А душу нашу зламаць нельга. Хто можа пахваліцца, што ён зламаў душу Адама новай зямлі, рускага, беларуса, — не такога, як гэты шчанюк, — сапраўднага чалавека. Нас у багне тапілі — мы заставаліся жыць, нас прыгняталі пад варожай пятой — мы жылі і паўставалі, у нас адбіралі мову — мы спявалі нашы песні, на нас ішлі навалаю — мы адказвалі Піленамі, Крутагор’ем і Грунвальдам, нас знішчаюць зараз — мы знішчаем вас. Сцеражыцеся, ёсць канец і нашаму цярпенню, цярпенню добрых, а калі пачынаем мы — свет саступае нам дарогу, адзін варты тысячы і рэкі нашы сплываюць чужынскай крывёй. Не выпрабоўвайце цярпення нашага. Я сказаў! Чуеце?

Швальбе (выцірае пот). Д-добра. Ён зараз знаходзіцца ў стане экзальтацыі. Я пагляджу, ці так ён будзе адказваць заўтра. Адвядзіце іх у гэты пусты свіран, пастаўце самую моцную варту. Іх не навучылі мае кулакі — іх навучыць апошняя бяссонная ноч. I запамятайце, калі не перадумаеце, дык з першымі праменнямі сонца вас будзе чакаць страта. Добра?

Андрэй. Дарэмна стараецеся. Адказ будзе той жа. Наш хлеб — гэта горкі хлеб, хлеб з крывёй і мякінай, але мы ганарымся… Мы простыя, мы нечыноўныя, мы — соль зямлі. Думаю, што гісторыя з гэтым млынам кажа сама за сябе: колькі гераізму з аднаго боку і колькі мярзоты — з другога.

Марыся. Мы не мяняем нашых думак па дзесяць разоў на дзень.

Швальбе. Пабачым, што вы скажаце, калі загаворыць у час роздуму жаданне жыць.

Андрэй. Жаданне жыць? Вы называеце жыццём жыццё здрадніка? Дзякуй вам.

Швальбе. Маўчаць!

Андрэй. Рота нам не замажаце. Вам, Швальбе, позна, вас чакае мыла і вяроўка, але вы, гаўптман, падумайце над тым, што значыць уцягнуць нашага чалавека ў мора гневу. О, які пярун грымне над вашай галавою, калі ўстане на ўвесь рост мой народ!

Швальбе дае знак. Андрэя і Марысю павялі. Швальбе ідзе за імі. У пакоі засталіся Ільзенвельдэ, Віктар, салдат.

Швальбе. Фанатыкі! Зараз зламіць іх для мяне пытанне жыцця.

Віктар. Марыся! Андрэй! Даруйце мне! Я здраднік! Я Каін!

Пайшлі не адказаўшы.

Ільзенвельдэ (ціха). Яны бы не паміралі так, каб не ведалі чагосьці.

Салдат. Дазвольце спытаць. Што рабіць з гэтым чалавекам?

Ільзенвельдэ (абыякава). З гэтым… чалавекам?.. Расстраляйце тут жа, зараз, ля грэблі. Падла можаце выкінуць у багнішча, я не пратэстую. Як кажа прымаўка гэтага народа: «Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць».

Віктар (цвёрда). Пачакайце, я ведаю яшчэ аднаго, я трьмаў з ім сувязь.

Ільзенвельдэ (тым жа тонам). Я не жадаю чакаць. Мы — чума, але ёсць яшчэ ў некаторых нямецкае сумленне. Расстраляць! Эх ты… Такіх людзей.

Заслона