Пан тванны, шляхціц багняны

Балота! Качкарнiк пакрыты рудай сухой травою, а памiж iм чарнее маслянiстая вада. Крапае дробны, дужа цёплы дожджык, i грэюцца пад iм жабкi. Тырчыць па ўскраi калючая асака, жорсткi белавус, сiтняг. Жабак нiхто не пудзiць, i яны нават крэкчуць ад задавальнення.

Але што гэта? Закалыхалася ў адным месцы асака i высунулася стуль хiтрая мордачка. Вусны яе смяюцца, нос пiпкаю i пад iлбом задзiрыстыя рожкi. Гэта балотны чорцiк. Ускочыў на купiну, рукi ў бокi.

— Ану, жабкi, хто я такi?

Адна маладая, не бачыўшая свету жабка кажа:

— Чорцiк балотны.

— Зноў за сваё, — абурыўся той. — Я гэтаму балоту вялiкi гасудар, i вы павiнны мне павагу выказваць. Тытул мой поўны ведаеце? Забылi, гады падкалодныя! Паўтарайце за мною: цар балотны, вялiкi князь нiмярэчны, князь межыточны, магнат тванны, шляхцiц багняны, альховы i сiтняговы, кароль вужыны i водаблышыны, усiх вялiкiх, малых i белых пацукоў уладар.

Складна прыдумаў, але жабкам гэта ўсё запомнiць нельга; у iх мозаку амаль няма. Супыняюцца, блытаюцца. Раззлаваўся тыран, схапiў адну жабку, уставiў сцяблiну ёй i пачаў дзьмухаць без суда i следства. Тая ўжо зусiм як барабан зрабiлася. Жабкi трывалi, трывалi, а потым пачалi бясчынствуючага гасудара лупiць.

Зароў той, пакiнуў жабкам палову хваста i ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў i пачаў слёзы махнатым кулаком выцiраць.

Па справах i пакуты!

Аўтограф захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 — 1954 гг.).
Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
Упершыню — у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. — Мн.: Юнацтва, 2000.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 68 — 70.