Прыклад

Віця ішоў, не спяшаючыся, па школьным двары і думаў пра новага дырэктара. «Міхаіл Васільевіч малады яшчэ, а які важны, ні з кім не вітаецца, не заўважае нікога, нават Наталлю Данілаўну, хоць тая заслужаная, а ён не».

А вось і Наталля Данілаўна, лёгкая на ўспамін. Тут як тут. І Віця важна прайшоў міма настаўніцы, нават не гледзячы ў яе бок.

Наталля Данілаўна спынілася.

— Чаму не вітаешся, Віця? Гэта што ж, мода цяпер такая?

— Я проста вас не заўважыў… Заўтра абавязкова павітаюся, — запэўніў ён, хаваючы вочы ад насмешлівых позіркаў таварышаў.

— Ты яшчэ сёння не павітаўся!

— Дзень добры, Наталля Данілаўна, — сумна адказаў Віця.

— Дзень добры, Віця.

Паглядзець у вочы настаўніцы Віцю цяжка. Можна і не глядзець: ён адчувае яе насмешлівы позірк. Апраўданне сабе знаходзіць хутка.

«Міхаіла Васільевіча яна не спыніць, не прымусіць павітацца. А мяне можна, я не дырэктар», — думае ён, скіроўваючы ўбок, каб пазбегнуць непажаданых сустрэч. Але тут якраз праз школьны двор насустрач яму ішоў дырэктар, няспешны, важны і горды. І раптам бачыць, як Міця, яго сябар, зняў картуз, пакланіўся дырэктару, але той прайшоў міма, не глянуўшы на яго.

Бачачы гэта, Віця глытнуў паветра і, не вітаючыся, прайшоў міма дырэктара. Ён заўважыў, як у таго перасмыкнуўся твар, здзіўлена ўскінуліся бровы. Азірнуўся і сустрэў позірк Міхаіла Васільевіча, накіраваны на яго.

Празвінеў званок на ўрок. Віця ішоў па калідору, звысоку пазіраючы на вучняў, што спяшаліся ў класы. Ён сціскаў у руцэ папяровы шарык, усё што засталося ад лістка з карыкатурай на яго, сарванага ім з класнай дошкі. Шарык упаў на падлогу. Трэба падняць, але не хацелася парушаць урачыстага цырыманіялу шэсця, якое давалася нялёгка. І тут жа навісла над ім, як хмара, цётка Клава, прыбіральшчыца:

— Падымі.

Здзіўляючыся самому сабе, Віця толькі прыпыніўся на секунду — абыякавым позіркам глянуў на твар цёткі Клавы і пайшоў далей.

— Лайдак! — раптам закрычала цётка Клава, схапіла яго за каўнер і пацягнула па калідоры. Ля кабінета дырэктара яна спынілася, дзверы былі прыадчынены. І выйсце было знойдзена — цётка Клава ўпіхнула туды Віцю.

— А, гэта ты, — сказаў дырэктар і, пазіраючы на цётку Клаву, сказаў:

— Добра, добра, Клаўдзія Іванаўна, я разбяруся, ідзіце.

Дырэктар працягваў глядзець убок. Здаецца, забыў, што ў кабінеце не адзін. У ім не было звычайнай важнасці, і гэта Віцю асабліва ўражвала.

Віця ўважліва разглядаў дырэктара, занятага сваімі думкамі. Міхаіл Васільевіч выглядаў бездапаможным. На твары застыла грымаса пакрыўджанага чалавека, быццам зараз не Віцю, а яго самога за каўнер увапхнулі ў гэты кабінет.

— Што ты нарабіў? — спытаў дырэктар строга.

— Нічога, упала паперка, а я не падняў.

— А са старэйшымі не вітаешся чаму?

Віця сумеўся, але дырэктар чакаў адказу.

— Можа, з кім не вітаўся… каго не заўважыў… — няўпэўнена адказаў ён.

— Каго ж ты сёння не заўважыў? Мяне, Клаўдзію Іванаўну, каго яшчэ?

— Наталлю Данілаўну…

— Так!.. Але кагосьці ты ўсё ж заўважыў?

— Сёння нікога, — прызнаўся Віця.

— Навошта табе ўсё гэта? — зноў, моршчачыся, спытаў дырэктар. — Чаму б табе не падняць паперку? Цяжка было? Рукі, нябось, не адваліліся б? Ну, адказвай. Чаго маўчыш? Сумеў нарабіць, сумей і адказаць.

Віця смела паглядзеў на Міхаіла Васільевіча. Ужо не спачуванне — пратэст выклікалі ў яго словы дырэктара.

— Міхаіл Васільевіч, — пачаў ён ціха, але цвёрда, — у вас жа ніхто не пытаўся, калі вы… таксама…

— Як ты са старэйшымі размаўляеш? — павысіў голас Міхаіл Васільевіч. — Хто я, па-твойму?.. — і ён раптам грукнуў кулаком па сталу і грозна крыкнуў:

— Адказвай, хто?!

Віця маўчаў. З апаскай пазіраючы на Міхаіла Васільевіча, ён перамінаўся з нагі на нагу і непрыкметна адступаў да дзвярэй. Засцярога была не лішняй. Маўчаў і дырэктар, не адводзячы грознага позірку ад Віці. Потым сказаў, звяртаючыся невядома да каго:

— Адкуль гэта ў цябе? Хто цябе гэтаму вучыць? У школе ці дома?

— Сам вучуся… — неахвотна адказаў Віця і, падумаўшы, дадаў:

— Іван Сцяпанавіч і Наталля Данілаўна вучылі, дома вучылі…

— Выхавалі на сваю галаву! Пачакай, дарагі, я з цябе ўсё гэта выб’ю. Бачылі вы? Ну і дзеці пайшлі! Навучы, выхавай такога, калі ён ужо больш за цябе разумее. Я ў твае гады такім дзёрзкім не быў. Ідзі, — нарэшце сказаў дырэктар, — і няхай гэтая размова паслужыць табе добрым урокам.

Перш чым пайсці ў клас і растлумачыць настаўніку прычыну спазнення на ўрок, Віця выбег на школьны двор , з усіх сіл пабег, уяўляючы, што даганяе Міцю, свайго лепшага сябра, які, несумненна, з самымі добрымі намерамі піхнуў яго сёння раніцай партфелем. Дагнаў, узнагародзіў таварыша такой жа адчувальнай, але, на жаль, уяўнай аплявухай і гэтак жа ўяўна кінуўся бегчы ад яго.

Ён бег назад, да школы, гатовы вытрымаць новыя непрыемнасці.

Упершыню — «Настаўніцкая газета», 1979, 26 снежня.
У кніжныя выданні не ўваходзіла.
Набор зроблены па публікацыі ў газеце. — С. 4.

Яндекс.Метрика