Рыбін цар

Глыбока на дне возера ляжыць рыбiн цар. Нiхто яго не бачыў з людзей, а таму й не ведае: рыба ён цi яшчэ хто. Ляжыць ён на дне, раслiнамi вадзянымi, як коўдрай, абгарнуўся i носам сапе. А на паверхню ад яго сапа бурбалкi выскакваюць.

Вясною людзi спусцяцца на ваду, затрубяць — хлыне каламутная вада патокам. Прачнецца рыбiн цар на дне ракi i пачне расчэсваць зялёную барадзiшчу. Зашавеляцца водараслi зялёныя, заскачуць па iх срэбныя маляты — старому i гожа!

Часам сонца прыпячэ — i тады яшчэ тлум цару: выпаўзаюць русалкi грэцца ў затоку, а зноў у ваду патрапiць не здольны. Вядома, дзецi! Плавае ён ля берагоў цалюткi дзень i за ногi iх стуль валочыць. Дасць пару разоў шасцiпалай ручышчай па мяккаму месцу, а потым, каб непатрэбнага рову не было, пачастуе рачым вокам, альбо скрыдлышкам мухi.

Потым лета настае, i рыбiн цар, каб людзей не пудзiць, яшчэ глыбачэй у ваду заточваецца. Ляжа ў вiры i ляжыць.

Улетку русалкi на зямлю выходзяць i лезуць на дрэвы, каб грэцца на месячным святле. Сумна без iх дзеду, падплывае да млына, высуне галаву з вады, i разбягуцца па ёй, цёплай, як сырадой, колы. Глядзiць ён з вiра, чырвоная яго морда вачыма лыпае, шавеляцца вусы. Млын пад месяцам сiнiм святлом адлiвае, цiхi смех з садкоў нясецца. Анi ветрыку, анi гучнага шуму.

Шмат летам працы рыбiнаму цару: павiнуючыся яго загадам, пераплывае рыба з аднаго возера ў другое, з гэтай ракi — у iншую. Харчуецца. Усiм трэба харч i месца для iкрамёту. Але любiць рыбiн цар i дурэць: то жабу ўцiсне ў нерат замест рыбы — весялiся, рыбак, то туды ж сiкоў напiхае. А то кароў, якiя, бызнуўшы, стаяць у вадзе, выдаiць да апошняй кроплi. Але ўсё гэта не ад злосцi. Наадварот, калi галадэча — выкiне ён на бераг груды рыбы, як гэта ў Нарачы калiсь здарылася…

Восень цiха крочыць. Ляжыць рыбiн цар у вiры, а дождж барабанiць па вадзе, як па даху. Прытульна, цёпла. Засынаюць азёры. Зрэдку праплыве лебедзь i пакiне за сабою дарожку святла. Праз яе бачна шэрае, плакучае неба. Вось i апошнi жораў пратрубiў над рэкамi, i тады пачынае цар сваiх рыб у вiры зганяць, тванню накрываць. Цёпла iм, добра! А потым пачынае ў апошнi раз абыходзiць свае масткi. Iдзе пад вадою: шэрая вада, раслiны вадзяныя холад пасцiнаў, рыб няма, ракi ў сваiх пячорах зазiмавалi. Высуне «надворак» галаву: касабочыцца над грэбляю шэрая павiльгатнеўшая млынарня, ляжаць сярод абшараў зялёныя рэдкiя чатырохкутнiкi, грукоча дзесь малацiлка.

Усё схавалi скнары-людзi, сцягнулi ў пунi i клунi, абдзёрлi чыста палi i сады. Нясуцца па нiзкiм небе шэрыя хмары. Глядзiць рыбiн цар на сонныя абшары, а з нябёсаў шэры дождж льецца.

— Бр-р-р, гэтак i змякнуць можна, — i ныр зноў на дно.

Ляжыць у вiры i сумуе. Памерлi палi, памерла рака!

А на яго падаюць бурыя лiсты, твань зацягвае.

Добрай зімы!

Аўтограф пад назвай «Рыбі цар» захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 — 1954 гг.).
Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
Упершыню — у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. — Мн.: Юнацтва, 2000.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 65 — 67.

Яндекс.Метрика