Сіняя-сіняя…

Апошнія вершнікі з крыкам і гартанным лямантам адхлынулі за дзюны і праваліліся, зніклі за імі, як жоўта-белая лава… Як вада… Не, як апошнія языкі самуму.

Настала цішыня.

Ён ляжаў на пяску, гэтай разагрэтай, нясцерпна гарачай патэльні. Ад дзюнаў яго аддаляла нізкая, у палову сажня вышынёй, паласа: разбураны мур борджа. Тут усё было разбурана: муры, дзве халупы для людзей і стайні. Над крыніцай варушылі калючымі крыламі дзве пальмы. На такіх бываюць найлепшыя фінікі «дзеглатнур». Яны маціцовыя, як поласць дняпроўскай ракавінкі. Найлепшыя фінікі.

Толькі не тут.

Бо крыніца заплывае. Бо мур ужо разбураны з трох бакоў, і ён ледзь паспеў нацягаць плітняку і зрабіць у адным з куткоў яшчэ два невялікія муры, свой маленькі бордж, наводдаль ад вады і дрэў. Зрабіць прыстанак для іх у яго не было часу. І гэта была сапраўды патэльня, і ён ляжаў на распаленым пяску, а руля ягонай стрэльбы была яшчэ гарачэйшая за пясок. Перад ім, на пяску, каля самай грады дзюнаў, ляжалі ў нежывой паставе два вярблюды, аднагорбыя мясцовыя драмадэры. Адтуль часам патыхала смуродам: вярблюд дрэнна пахне, калі некалькі дзён не п’е. Вельмі дрэнна пахне.

Трохі наводдаль ад жывёл ляжаў чалавек у блакітнай доўгай блузе і шараварах, перацягнутых у таліі чырвоным поясам. Як і пры жыцці, галава, рот і нос таргві былі пад белым пакрывалам. Бачныя былі толькі вочы. Дакладней адно вока, бо другое разам з паловай аблічча танула ў пяску. Гэтае вока глядзела. Яно было, як жывое, чорнае і драпежнае.

Ён не хацеў страляць па туарэгах. Але другія суткі без вады гэта ўжо занадта. Спачатку ён страляў па вярблюдах, гэта павінна было пераканаць таргві ў тым, што ён не хоча ім зла, хоць яны і нападаюць.

Вунь той, што ляжыць там, упаў з забітай жывёлы і не кінуўся ўцякаць. Таргві самыя смелыя людзі пустэчы. Гэты самы проста ўзяў і пайшоў на яго, узняўшы меч. Валюхаў нязграбна, як качка, і дзіўна размахваў рукамі: таргві дрэнна ходзяць, зусім як маракі.

Бог на сваім высакародным мехары, гном на пяску.

Дзяўчынка закрычала так страшна! А таргві як адурэў, і быў ужо зусім блізка, і мог уварвацца з мячом ці кінуць дзіду. Дзяўчынка крычала.

…І вось цяпер чалавек ляжыць нерухома. Круглы шчыт са шкуры антылопы адкаціўся ўбок. Правая рука з каменным бранзалетам з серпенціну адкінута. Нясцерпна зіхацяць на поясе і шыі амулеты. А меч, што адляцеў амаль да ног, абутых у вярблюджыя поршні, блішчыць у пяску, як струменьчык вады.

Нават у мёртвага ў яго высакародная пастава. Чырвоны плашч на шырокіх плячах, як заламаныя крылы. Напаўзакрытае белае аблічча, магутныя ногі. І меч ззяе ўбаку, як струменьчык вады. Рыцар часоў агульнага гандлю, чыгуначных спекуляцый і шыбеніц. Чалавек, які здольны з’явіцца не там, дзе яго чакаюць, а там, дзе ён хоча. Жах пустыні. Граза схватак. Уладар пяскоў. Труп.

…Дзяўчынка варухнулася за спіной.

— Адхаліб, піць.

— Пачакай, Джаміля, сказаў ён шорхлым голасам. Пацярпі. Дам, калі будзе зусім дрэнна.

Ён адчуў роспач. Узвысіў шорхлы голас і крыкнуў па-арабску тое, што ўжо крычаў сёння, можа, дваццаць разоў і што цяпер, пасля злашчаснай сутычкі, зусім не мела сэнсу.

— Таргві! У імя Аманаі, у імя Аджэн! Ідзіце да крыніцы!

Пустыня маўчала. Яна не верыла. І яна мела рацыю.

«Веру. На добрай дыстанцыі ружэйнага стрэлу».

Ён не збіраўся страляць, але яны гэтага не ведалі. Яны атакавалі і ён забіў аднаго. Веры не было.

І яшчэ не было вады. Не было ў тых, за дзюнамі, бо яны баяліся куль. Не было і ў яго. І вось ён ляжаў, як сабака на сене. Сам не мог піць і не даваў ім.

Нічога не было. Быў толькі бордж, ушчэнт разбураны два гады назад. Была распаленая патэльня, дзяўчынка і ён.

І тут, пад мурамі борджа, ён павінен быў скончыць свае дні. Пятрок Ясюкевіч. Былы беларус, былы гімназіст Віленскай гімназіі, былы студэнт, былы паўстанец, былы вандроўнік, былы ўдзельнік геаграфічнай экспедыцыі Каміла дэ ла Брысака.

Былы чалавек.

Бо тут ляжаў жывы труп. Труп у падзёртай вопратцы і з неабмежаванай колькасцю набояў для штуцэра. Труп без радзімы, без ежы, без вады.

І побач з жывым ляжаў труп.

Вада была там, ля кубы магілы якогась мусульманскага святога, таксама даўно разбуранай, з разнесенымі ўшчэнт мурамі. (Французы, калі тут яшчэ быў пост, хавалі ў ёй порах.)

Да вады нельга было дапаўзці: знялі б, прынамсі, з чатырох кропак. Брысак, звар’яцеўшы ад смагі, не ўлічыў гэтага, а таргві нядрэнна стралялі.

Петраку было шкада Джамілю. У белай сукенцы і чырвонай блузцы з шырокімі рукавамі, з белым брудным каўнерыкам, у аксамітным уборы, які вельмі нагадваў беларускую вясковую намітку, толькі што быў збіты набакір. Малая сядзела і смактала палец. Глядзела на пляшку з вадою.

Нічога, малая, раз смокчаш палец значыць ёсць сліна. Значыць, усё яшчэ не зусім дрэнна.

— Пасмакчы каралі, дзяўчынка. Бачыш, колькі там горнага крышталю?

— Нашто, адхаліб?

— Ён заўсёды халодны, шорхлым голасам сказаў Пятрок. Твае продкі з Карфагена ў самую лютую спёку студзілі рукі аб крыштальныя шары. Яны лічылі яго скамянелым льдом.

— Што такое лёд?

Ён паціснуў плячыма.

— А дзе гэта Кар-фа-ген?

— Вёрстаў пятнацаць ад Туніса.

Дзяўчынка была чароўная. Тоненькая, з доўгімі чорнымі вачыма. Носік правільны, трохі таўставаты, як заўсёды ў бербераў, тонкія ўсмешлівыя вусны, доўгая шыйка. Усміхалася. Можа, завучана, бо ў сем’ях шэйхаў з дзяцінства вучаць валодаць абліччам. А можа, і шчыра, бо з ім нічога не баялася.

Павінен быў падысці караван. Можа, заўтра, а можа, і паслязаўтра. Але яшчэ два дні на сонцы ён не вытрымае. Яму пяцьдзесят два гады. За гэтыя два дні ён пастарэў на пятнаццаць. Так, ва ўсякім разе, яму здавалася. Вочы былі каламутныя і чырвоныя ад неймавернай спёкі і сляпучага святла. А калісьці былі чыстыя, як раса на валошках.

«У гімназіі дзяўчынкай дражнілі», успамінаў ён з абыякавай усмешкай. Што б яны цяпер сказалі, былыя сябры?

Збітыя чаравікі, падзёртыя нагавіцы, белая на лапатках і пад пахамі кашуля, апаленыя сонцам рукі і грудзі, бялявая парасць на шчоках, зблытаныя ад пылу, залацістыя некалі, а цяпер пасівелыя валасы, набрынялыя павекі. Вочы зусім як у туарэгаў, у «пакрытых таргві». Многія з іх слепнуць пад старасць.

Таму што вочы выпальвае звер, які і цяпер ляжыць і вартуе яго, Петрака, які дзесяць год дыхае яму ў вочы сваім пякучым страшным подыхам.

Вялікая паўночная Сахара.

Ён дастаў запісную кніжку. Падумаў хвіліну. А потым паставіў на апошнім чыстым аркушы дату:

«25 ліпеня 1880 года».

За яго спіною быў разбураны бордж, а яшчэ далей плато, спрэс укрытае жвірам, галькай і абломкамі крэменю, самая бязлюдная і прапашчая частка пустыні. Нешта накшталт пляжа, калі можна ўявіць сабе пляж даўжынёю на сто вёрст. Людзям, якія прыйдуць сюды за імі, каб шукаць ваду і іхнія тленныя астанкі, не варта шукаць там.

Але наперадзе дзюны, дзюны, вялікая краіна дзюнаў, зрытая там-сям ярамі і вaдзі, сухімі лагчынамі.

І ён запісаў:

«Людзі, калі вас толькі панясе сюды пекла, толькі на поўдзень, толькі туды». Падумаў і закрэсліў. Людзям ягонага колеру скуры няма чаго рабіць на поўдні, у чужой краіне.

«25 ліпеня 1880 года. У цяні 40, на сонцы, дзе мы, 62. Тэмпература глебы 24. Нас засталося двох. Са мной Джаміля, васьмігадовая дачка шэйха з Уед-Рыра. Вакол туарэгі. Пяць дзён таму назад яны напалі на Уед-Рыр і тры ночы гналі нас па пясках. Загінуў шэйх з сям’ёю і ўсе ўдзельнікі экспедыцыі. Загінулі ад дзід і смагі. Падзякуйце за гэта ўраду, які блытае навуку і вайну, які скупіцца на разведчыкаў і пасылае замест іх медыкаў, батанікаў і гідраінжынераў. Учора загінуў Брысак. Напэўна, не дажыву да раніцы. Малю як аб апошняй літасці: дзіця, мабыць, пагоняць у рабства, і напэўна, на поўдзень. Выкупіце! Мая пенсія за год у Гадамесе. Малю вас!.. Гэта апошні мой запіс».

Ён загарнуў кніжку ў брудную насоўку, прысыпаў пяском да самай сценкі, а на сценцы надрапаў вострым каменем крыж. Калі будуць аглядаць месца апошняй бітвы здагадаюцца, мабыць, што раз крыж, то пад ім павінна быць нешта пахавана. Таргві не здагадаюцца: яны не хаваюць пад крыжам.

— Што ты робіш, адхаліб?

— Не звяртай увагі, сказаў ён па-арабску. І нікому не кажы пра гэта. Тут наш паратунак. Што б ні здарылася, тут наш паратунак.

— Амулет?

— Амулет.

Дзяўчынка глядзела на яго з-пад доўгіх загнутых веек вільготна і сумна, чорнымі дзівоснымі вачыма. І крыштальныя каралі блішчалі зусім як яе вочы. Толькі вочы былі чорныя.

«Тыповы берберскі твар, падумаў Пятрок. А калі ўжо казаць шчыра, самыя чыстыя берберы таргві. Ці не дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх?»

Ён успомніў, як яны адстрэльваліся і як маўклівы шэйх страшна закрычаў, калі адсеклі галаву нашчадку. Хлопчык упаў. Шаўковыя шаравары на дзіцячых ножках трапяталі на ветры, а ў пантофель з чырвонага саф’яну паступова наносіла пясок, бо пантофель зваліўся з ножкі.

Шэйха потым прабіла дзідай. Жонка ягоная несла дзяўчынку. Высокая жанчына ў доўгай чырвонай гандуры, яна прыкрыла Джамілю краем белага пакрывала, нібы вэлюм быў самай надзейнай абаронай. Магчыма, гэта было і так, бо ён, Пятрок, страляў, прыкрываючы іх, а калі азірнуўся жанчына ляжала ніцма, і крыві не было відаць толькі таму, што гандура была чырвоная.

А вершнікі імчалі на драмадэрах, гайдаючыся, як дзівосныя птушкі. І дроцікі ляцелі роем, і жанчына была мёртвая, а дзяўчынка засталася.

Дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх.

Урэшце, што дзіўнага? Хіба на ягонай радзіме не было таго самага? Брат паўставаў на брата, бацька на сына. А што рабілі з мужыкамі? А што з паўстанцамі? А што з афіцэрамі, калі спаймаюць? Загінуў Мацкявічус, загінуў Пацябня, Кастуся Каліноўскага павесілі, Загорскі бадзяецца невядома дзе і, можа, загінуў, маёр Кавецкі расстраляў паўстанца Волгіна.

Паршывая зямля! Кaты і рабы!

— У цябе дрэнныя думкі, адхаліб? дзяўчынка смактала каралі.

— Сядай да муру, нямытыя вочкі, страшным агрубелым голасам сказаў ён, тут яшчэ лапічак ценю.

— Чаму нямытыя?

— Дык чорныя ж.

У яго, Петрака, ніколі не было ні жонкі, ні дзяцей. Гэтая паганая навалач там, на так званай радзіме, літасціва пазбавіла яго неабходнасці даваць ім на хлеб. У яго былі толькі жанчыны. Светлавалосыя ў Андалузіі; легкадумныя з Тэнерыфа; сонныя турчанкі з вузкіх вуліц Галаты; вольнанароджаныя жанчыны Гадамеса з мацерчатым чырвоным шарыкам на лбе; маўрытанкі з Феца і Танжэра.

Там былі гарматы і шыбеніцы. Тут жанчыны. Усё абрыдла, і ён уцёк сюды збіраць расліны, мераць нікому не патрэбную зямлю, разведваць мясцовасць, у якой потым, праз трыццаць год, калі ягоныя косткі пабялеюць на сонцы, як мармур, стануць бурыць артэзіянскія студні.

І знойдзе тут свой канец. І ўсюды на зямлі адна нудзьга і марнасць марнасцей.

Толькі шкада Джамілі. Лёс судзіў яму адзін дзень пабыць бацькам. Ён ніколі не быў бацькам.

Смага зрабілася нясцерпнай. Ад усеўладнага святла, ад знішчальнай гарачыні распухла і стала бронзавай скура. Засвярбелі спіна, карак, рукі, бакі. Ён ведаў, гэта высыпала на іх спякотная восыпка.

Амаль аслеплымі вачыма ён глядзеў, як варушыліся ў слюдзяным трапяткім паветры султаны альфы, дрын і тамарыск усе скурастыя, сухія ад звону, калючыя, як скура акулы, і шорсткія, як наждак.

Якая яна, вада? Ён не помніў, якая яна на радзіме. Ён помніў, якая яна бывае тут. Саланаватая, з серавадародным пахам у балацявінках велічынёй з далонь, чыстая у калодзежах. Цемнаскурыя руара з касты ртасаў-ачышчальнікаў усё жыццё чысцяць студні. Па чарзе, з малітвай, ныраюць у ваду і сядзяць там часам да чатырох хвілін, а потым выходзяць і цягнуць скураное вядро з глеем і каменьчыкамі. Чатыры хвіліны ў вадзе!

Во каб гэта быць ртасам!

Але ён не ртас. І перад ім не калодзеж, а дзюны і гміра дарожны знак, складзены з каменняў. І яшчэ пясок, да якога нельга дакрануцца голай далонню. І ўрэшце неба. Неба, якое ўсё мацней адлівае пякельнай смяротнай і трывожнай барвай.

У гэтай барве няма ўжо ні дзюнаў, ні неба, ні гміры толькі пекла і смага. У гэтым пекле ўсё ж ёсць жыццё: і для фенека рыжага звярка пустыні (вунь ён крадзецца праз гамаду да крыніцы, вясёлы і аблавухі, як першакласнік), і для чубатага пустыннага жаўрука, і нават для брыдкага варана з ягоным тлустым, зямлістым тупым целам.

Усім воля. І фенеку, і жаўруку, і варану. Волі няма толькі для людзей. Як добра быць ртасам! Чатыры хвіліны ў ледзяной, глыбіннай, жывушчай вадзе!

— Хочаш піць, маленькая?

Узняла доўгія загнутыя веі:

— Хачу, адхаліб.

Глытае, закінуўшы галаву. Ён прымушае сябе глядзець убок.

— А ты, адхаліб?

— Не хачу.

— А што будуць піць бацька і маці, калі прыйдуць?

— Я ж табе сказаў адпачнуць і прынясуць вады.

— А таргві?

— Бацька прывядзе людзей… Ты сядзь у мой цень.

Дзяўчынка перапаўзла ў цень ад ягонага вялізнага цела і прыціхла.

Так, усім воля. Нават таму вунь варану, які цягне між дзюнаў сваё тлустае цела.

Волі няма толькі для людзей. А тут дарогу заступілі таргві.

Уласна, чаму? Калі ён прыйшоў сюды пасля ўсіх сваіх бадзянняў, многія таргві сталі яго сябрамі, і ён сярод іх быў «адхаліб» славуты лекар. І вочы ягоныя былі зоркі Ітран, а душа сонца, Тафука. Ён ніколі не баяўся хадзіць сярод іх з сябрам, Ган-Аджэнам.

Ган-Аджэн чуў пах вады за пяць вёрст. Ён клаў свайго мехары і вывучаў чужы вярблюджы след.

— Гэта ехалі не свае, адхаліб. Бачыш, памёт драмадэра? Яны і не ведаюць, што памёт гэта паліва. Гэта маўры. І сярод іх быў белы. Бачыш, ён мачыўся стоячы. Чакай, вунь там яшчэ сляды, свежыя, пахнуць. Тыя людзі ішлі з пустыні і выйшлі на дарогу першага каравана праз гадзіну… Ідуць за імі. Не наганяюць. Адсюль да Туфата… Гэ-э, яны прыйдуць у Туфат уначы, калі маўры і белы палягуць спаць. І яны не спяшаюцца, хоць іхнія мехары даўно не пілі… Папомні маё слова, адхаліб, заўтра мы даведаемся, што ў борджы Туфат выразалі маўрытанскі караван, а за белага просяць выкуп.

Ган-Аджэн быў толькі звычайны член свайго племя, але нюхаў ён лепш за сабаку, хоць увесь нос, рот і ніжняя частка твару былі ў яго вечна завешаныя.

Гэтыя не выпусцяць. Ён ведаў.

Як здарылася, што ён стаў ворагам таргві? Вельмі проста: з’явіліся ўзброеныя французы.

Чорт пабяры! Ён ведаў і любіў французаў і ненавідзеў іх цяпер за разбой.

Ён любіў таргві і цяпер біўся супроць іх.

Ён ведаў высакародства людзей і вечна змагаўся і на радзіме і тут.

Лёс?

У таргві ў дзяцінстве, пакуль не паспее абпаліць сонца, таксама белая скура. Але яны помсцяць усім, хто белы скураю. Маюць рацыю.

Таму што белыя прыходзілі, і гвалцілі, і стралялі, як ашалелыя. Таргві бедны народ. Шацёр, ды вярблюды, ды антылопы ў пясках, ды трохі посуду.

А пры сабе шчыт, ды дзіда з чатырма зазубінамі на лязе, ды шабля, ды пара дроцікаў. І яшчэ пістонная стрэльба і дзве маленькія торбачкі са скуры. У адной зброя, у другой мука з рознага збожжа, жменя фінікаў ды жавальны тытунь.

І бурдзюк з вадою, і душа, і замест буды ў дарозе толькі зоры над галавой. Бедны народ! І на іхнія пяскі таксама знайшлася лапа.

Харошы яны народ! Непарушна сумленны, рыцарскі, верны слову. Яны не ведаюць, што такое хлусня, крадзеж.

Але і ў іх рабства. Не ўнутры племя, не. Проста яны робяць набегі на поўдні Сахары, а потым вядуць палонных у Біскру. Джамілю, хутчэй за ўсё, чакае гэткі самы лёс. І таму ён, Пятрок, страляе, замест таго каб даць забіць сябе, бо жыццё даўно стала непатрэбным цяжарам і, што датычыць гэтай ягонай паношанай скуры, яму ўсё роўна.

— Адхаліб, дай вады.

— Трошкі патрывай… ясачка, шорхлым голасам сказаў ён. Вазьмі во гэты сухі яблык. Ён аддзяляе слінку. Пажуй, лягчэй стане.

Дзяўчынка ўзяла і з цяжкасцю пачала жаваць. Спачатку як не сваім ротам, а потым усё смачней і смачней. Адхаліб казаў праўду. Яна толькі не ведала, што і сушаных яблыкаў у яго больш не было.

Туарэгаў не трэба было вінаваціць. Яны прыглядаліся да розных рэлігій. Спачатку да ранніх хрысціян і навучыліся інкруставаць зброю крыжамі, потым да юдаістаў і зведалі, што чужыя багі няўмольныя, потым да магаметан і навучыліся гандляваць рабамі. І ўсё ж яны вераць у неба Аджэн, у вольнае неба, а не ў вар’ята бога.

Яны вольны народ, а іх гоняць у ярмо, каб былі, як негры ў Старой Біскры, як апатычныя і вялыя маўры Сеціфа і Туніса, якіх столькі ганялі, што ім ужо ўсё адно.

«Як людзям на маёй радзіме…»

Ах, як тады ззяў Дняпро, калі яго, амаль непрытомнага, выносілі з кола ворагаў адпушчаныя камандзірам палонныя. Звычайныя хлопцы аднекуль… А, ды не ўсё хіба адно адкуль… Выратавалі аднаго з ворагаў у адказ на высакароднасць.

Усё адно, такая смага… Застрэліцца б… Нельга… Побач гэты камячок…

Адзін дзень трэба пратрымацца. А раптам здарыцца дзіва?

Спёка рабілася нясцерпная. Пустыня маўчала ў барвяным зарыве. Ён фізічна адчуваў, як гэта зарыва піло з яго ваду.

Паспрабаваў плюнуць не было сліны.

— Адхаліб, глыні вадзічкі.

— Бадай, трэба глынуць.

Ён прыклаў рыльца пляшкі да вуснаў, прапаласкаў рот і… вада нібы выпарылася ў роце. Больш было нельга. І ён страшэнным намаганнем волі аддзёр ад вуснаў гарачае рыльца.

Пятрок ляжаў, схіліўшы галаву, прыпаўшы шчакою да прыклада, а перад невідушчымі вачыма ўставалі, плылі, мяняліся дзіўныя праявы.

Вось стаяць яны на ўзлессі. За спіною вільготны шолах лістоты, а наперадзе гарматы, што вывяргаюць смерць. Вось пагоня, і ён уцякае берагам чорнай балотнай ручаіны… А вось плошча ў Санта-Крус. Вось пасля бою пеўняў птушак нясуць за галовы з арэны, мёртвых. І металічныя шпоры на іхніх нагах драпаюць зямлю. А хлопчык змывае кроў з арэны вядром вады… А потым маўрытанскія мячэці ў Танжэры, і ваданосы з казлінымі бурдзюкамі праходзяць паўз іх і звоняць у свае званочкі. Колькі б ні піў плаціш адну ачaву.

Жабрак не плаціць нічога.

…І негрыцянкі, што гандлююць малаком у порыстых збанах. Малако заўсёды ледзяное, бо малочніцы паліваюць збаны ледзяной вадой.

…Пад сонцам, што нясе жыццё і смерць, варушыцца стракаты кірмаш. Фігі, камякі вострых прыпраў, масла, фарбаванае ў аранжавы колер, мяккі саф’ян, кошыкі валоскіх арэхаў… Негр мые ногі ў жолабе фантана… А калі ў Дагамеі прыносяць ахвяру сонцу, чалавек радасна скача з высокай скалы ў мора, у абдымкі цудоўнага, сіняга, прахалоднага, іскрыстага бога.

Не, вяртання не будзе. Вялікая Афрыка забрала яго ў палон. У шэрым цараванні смерці, між пірамідаў, між вялікім Хеопсам і вялікім Хефрэнам ён падумаў аднойчы аб радзіме і аб яе лёсе і гэта быў пачатак канца.

Маленькая краіна, уся пісаная гісторыя якой налічвала восемсот год, з якіх трыста сама не ведала, хто яна такая. Вартыя жалю спробы нешта зрабіць, некуды кінуцца. Спробы дзеяння, падобныя на валтузню верабейкі ў веніках. Лухта і марнасць марнасцей!

Ну і што? Ну, нават каб і адолелі чыгунную сілу? Каб адступіўся цар? Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл. І мізэрная, нязначная думка чалавека побач са сфінксам, побач з ноччу і цішынёй, побач з вялікім цараваннем магіл.

Калісьці, вычытаўшы ў старадаўняй кнізе пра Усяслава: «Шастакрыльцы! Сыны Белабога! Наперад!» ён разрыдаўся ў скураную вокладку.

Ну і што? Многія тысячагоддзі стаяў сфінкс, пакуль не крыкнуў гэтыя словы бязведамны князь бязведамнай краіны. І вось ужо няма князя, няма ягонага сэрца і думак, а сфінкс стаіць. І вакол труны.

Усяслаў памёр, і хлопцы памерлі, і край, і сам ён, Пятрок, вось-вось памрэ. А сфінкс будзе глядзець і глядзець у ноч сляпымі вачыма з чырвонага граніту. Ягоныя вочы пацямнелі ад дыму войнаў, ад начнога змроку, ад відовішча мільёнаў мёртвых. Царствы і рэспублікі працякалі па твары зямным, і нічога не змянілася.

Ён, Пятрок, сядзеў тады пад сфінксам і радаваўся, што рана ў грудзях прывяла яго ў пустыню, дзе чыстае паветра, да сфінкса, у Афрыку, дзе ён цяпер і застанецца.

А тады месяц усплыў над пяскамі, і аблічча сфінкса стала зялёнае, як малахіт, а вусны расцягнуліся далёка ў бакі, нібы стварэнне знарок пакінула іх у сумнай і памяркоўнай да зла зямнога ўсмешцы.

Калі, што было яму да таго, што ён, Пятрок, разам з сябрамі біўся і сплываў крывёю, што многіх павесілі? Ён столькі бачыў такога.

І ўсё адно, усё адно ж наперадзе магілы і пяскі, што заносяць руіны царстваў. Каму лягчэй ад вартых жалю чалавечых намаганняў?

…І так, праз усмешку сфінкса, стары ўсходні ад атруціў яго.

Спякота стала нясцерпная, смага пякельная. Галаву гваздзілі тысячы малаткоў. Пятрок заплюшчваў вочы, але святло катавала і праз павекі. Нібы вар’ят, мастак пырскаў на свет пурпурам, барвай, атрутнай зелянінай. Колеры рэзалі, пілавалі, таўклі.

Смерць прыходзіла не ў дабратворнай цемры, а ў шаленстве фарбаў і колераў, у расплаўленых плынях чыгуну, у пырсках палаючага фосфару, у вар’яцкіх патоках крыві і вадкага золата. Ён дыхаў цяжка і горача і адчуваў, як вяла замірае сэрца. Вяла і няўхільна, бо яно не магло гнаць па жылах адчувальна густую кроў. А смерць наступала і наступала ў пагрозным і страшным святле.

Смерць у ліпені. Смешна, што ліпень! Дзе тут ліпы? Тамарыск ды вайя. І пустыня наперадзе. Якія ўжо там ліпы!

…Цвітуць ліпы. Якая прахалода! Вялізныя, раскошныя, усе ў вясёлкавых россыпах рос. У чысцюткай сцюдзёнай расе, у звоне пчол.

Але там таксама рабства і народ, які здрадзіў паўстанню і не хоча думаць ні аб чым, акрамя кішэні. І няма ўжо сілы змагацца.

…Іх прыціснулі тады да Доўгай Кручы. І гарматы раўлі, вырываючы мяса, вырываючы людзей, сеючы змрок. А людзі сыпаліся са стромы, падалі ў ваду Дняпра, у сіне-зялёнае прадонне, імклівае і халоднае, аж казытала ў жываце. Вада несла трупы і жывых. А гарматы раўлі. Вось адна гахнула зусім побач.

Пятрок расплюшчыў вочы. Не, гэта не была гармата. Проста грымнуў і разваліўся на дзве паловы вялікі камень непадалёку ад яго. Раскалоўся пад прамымі промнямі пякельнага сонца. Славуты «крык сонца» арабаў. Нават камяні не вытрымліваюць.

Дзяўчынка зусім асалавела ад гарачыні, і ён зноў сеў, каб уласным целам зрабіць ёй цень.

Сфінкс меў рацыю. Усё знікае, і борсанні пакаленняў ля яго вартыя жалю.

…Падпалілі трыснёг ля балацявіны, каб вярблюда не ўкусіла змяя. І агонь яшчэ шыпеў дзе-нідзе, а драмадэры ўжо кінуліся праз яго, і, плюхаючы, па пахі ўлезлі ў ваду, і пілі, пілі, пілі. І смурод патрывожанага імі серавадароду плыў хвалямі. А людзі капалі ямы ля берага, каб вада тачылася праз пясок, і пілі, пілі, хоць вада смярдзела, як пратухлае яйка. Гэта было два гады назад, калі яны з Брысакам паміралі ад смагі, ідучы да котлішча Тайбе.

Сцежкі. Сцежкі. Пагойдваецца вярблюд. Угору, уніз, направа, налева. Горш, як карабель у дробны зыб. І на гарбе бурда і тэліс з вярблюджай воўны, і механічна, як здані, ідуць у моры спапяляючага святла вярблюды…

Афрыка, каханка мая! Ты забіваеш мяне!

Тысячы блакітных і барвовых змеяў пад Танжэрам.

Змеі і ў сухіх травах. Рагатая змяя, аспід-змяя Клеапатры. Але і тут са змеямі можна змагацца… Араб грэе над вогнішчам бубен… Ракоча нагрэтая скура… Стары плюе ў пашчу змяі, і тая кусае яго, а яму нічога… І ён глядзіць ёй у вочы, і травінка не падае з яе галавы, калі яна, зачараваная, ляжыць на зямлі… І ён закопвае змяю і скача на гэтым месцы, а потым адыходзіць на дзесяць крокаў і грае на дудцы, і змяя выпаўзае з зямлі да яго ног.

Тут можна было змагацца нават са змеямі. Не тое што на радзіме.

Тут, прынамсі, была барацьба. І берберыйскі леў ішоў зараснікамі алеандраў, акацый і вербаў на чалавека. А чалавек ішоў на звера.

А ўначы чалавек сядзеў у засадзе ля загона для быдла, і чакаў, і слухаў стыхійнае, як далёкія грымоты, вурчанне звера ў зарасцях.

«Тор-р, тор-р-р, тор-р-р-р».

Гукі набіралі сілу, як грамавы молат, варочаліся ледзь не над галавою, як гром. Леў ішоў, і нават цыкады сціхалі, пачуўшы раскаты рыку.

«К-ха, к-ха, нібы ў паміраючага, хрыпіць у грудзях, а потым: Р-ра-тор-р, р-ра-тор-р», з перападамі і ўзлётамі, з хрыпам, стогнам, раскатамі і кашлем.

І палёт цела над агароджай, бязгучны палёт, і сустрэчны ўдар стрэлу, нібы сцёбнулі смяротнай пугаю. І канец. І ён ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты.

З ільвом можна было змагацца. Не тое што там, на радзіме, з шакаламі ў мундзірах. Тыя джаляць, як аспіды.

Не, ён не пойдзе адсюль. Яна, вялікая Палюбоўніца, узяла яго. Назаўсёды. Яму не вярнуцца назад, таму што ў Палюбоўніцы подласці няма, яна толькі забівае. Таму што ён чалавек без радзімы.

— Адхаліб, нясмела спытала дзяўчынка, ты адкуль?

Танюткія, як пруцікі, бронзава-чырвоныя ад сонца рукі сціснулі пляшку з рэштай вады.

— Ты лепей папі, параіў ён.

Апошнія кроплі. Гэта ўсё. Канец. Праз некалькі гадзін канец. Праз некалькі дзён іхнія трупы высахнуць, як косць.

— Дзякуй, адхаліб, сказала дзяўчынка, праглынуўшы ўсё, што заставалася на дне. Ты раскажы мне, адкуль ты. Дзе ляжыць твая зямля? Мне трохі сумна.

Яна яшчэ і патрабуе.

— Ды што табе сказаць? Мая зямля далёка адсюль. Яна непрыгожая і вельмі бедная. Ты бачыла жыхароў пячор у Бені-Зяльтане? Пад зямлёй людзі, козы, авечкі, куры. Нішто не змянілася з біблейскіх часоў… Дык вось, нас таксама загналі пад зямлю.

Яму было цяжка гаварыць. Рот і глотка былі нібы з наждаку.

— Зусім пад зямлю? звонка спытала яна.

— Ну, не зусім, а так…

— А якая яна, твая зямля?

— Я ж кажу: каменні, каменьчыкі, камяніскі, камяні. І ўсё гэта россыпам на зямлі. І яшчэ балоты. Вялікія балоты.

— І вада горкая, як у Тайбе?

— Не, вада салодкая. Толькі рудая, бо настоена на травах… Тайбе маленькае, а нашы балоты цягнуцца ледзь не сто гамадаў за намі.

— О-о! прыкладала яна да шчок далонькі. Як жа вам пашанцавала! І колькі ж гэта вярблюдаў можна з іх напаіць, пакуль не застанецца гразь?!

— Гм, тысячы тысяч, і яны ніколі не вып’юць.

Яна глядзела на яго недаверліва, і ён паправіўся:

— Ну, можа, і менш.

— Якія вы шчаслівыя. Падумаць толькі, колькі ж гэта балот! І людзі з іх п’юць?

— Не, людзі гэтым грэбуюць, як «пакрытыя» вярблюджым мясам. Людзі п’юць з крыніц.

— І доўга трэба ісці ад адной да другой?

— Найбольш гадзіну. Часам толькі некалькі крокаў ад адной да другой.

— А між імі пясок?

— Не, між імі трава. Як у аазісе ля самай студні.

— І, значыць, уся твая зямля, адхаліб, зялёная?

Яму не хацелася гаварыць пра так званую «сваю зямлю», але так дзяўчынка лепей забывалася пра смагу. І таму ён гаварыў, нібы каменьчыкі ў глотцы варочаў.

— Зялёная. А калі вясной глядець з узгоркаў, то нават сіняя.

— Сіняя? захоплена спытала яна. Сіняя-сіняя?

— Сіняя-сіняя, сказаў ён.

Не казаць жа дзяўчынцы, што гэтую сінюю зямлю залілі крывёй, выпалілі. Што яна чырвоная і чорная.

— А вярблюды? спытала яна.

— У нас замест іх коні.

— А фінікі?

— У нас замест іх яблыкі.

— Гэта лепей, сказала яна. Ад фінікаў хочацца піць. А яблыкі сакаўныя.

Ясюкевіч даўно ужо, з вялікай трывогай, чуў недзе далёка, за змрочным чырвоным гарызонтам, а потым бліжэй і бліжэй нейкія дзіўныя гукі, спявучыя, перарывістыя, нібы залатое пілавінне падала на срэбны шчыт. Нябачны хор маленькіх, з пясчынку, чалавечкаў цягнуў сваё «а-а-а-а». Спачатку весела, потым сумна, да болю, потым нібы з адчаем і галашэннем.

Што гэта было? Звінелі званочкі на дняпроўскім поплаве? Спявалі сірэны між падводных губак ля камяністых, амытых сіняй вадою скал?

І раптам ён з жахам, ад якога ўпала сэрца, зразумеў. Спявалі пяскі. Спявала сваю песню, летучы на крылах пясчанай навальніцы, Смерць.

І раптам голас пяскоў нібы нехта адсек, і знемаганне разлілося над усімі, а жах распасцёр свае крылы, таму што далягляд ужо зацягнуўся чырвона-чорнай смугой.

Закурылася верхавіна дзюны. А потым і другія, ніжэйшыя, пачалі струменіць у небе дымныя языкі. Шэрыя, яны паступова рабіліся бурымі, а потым чорнымі, цягнуліся вышэй і вышэй, да чырвонага, нібы к заходу, шара ў вышыні.

На ўсім абшары пяскоў варушыўся чорны тысячалапы павук, нібы выпускаючы ўгору дрыготкія шчупальцы, каб спаймаць імі сонца. Цякучыя, зменлівыя, агідна жывыя, яны паўзлі і паўзлі з вяршынь, згіналіся, варушыліся, паўзлі вышэй і вось ужо амаль спляліся да сонца, а потым рыўком спаймалі яго.

Дыхаць было нельга. Пятрок зняў верхнюю кашулю і захутаў ёю галаву дзяўчынкі.

— Прыхіліся галавою да муру, каленкі ўгору.

Ён падторкнуў ёй пад бакі вярблюджую бурду. Даваў магчымасць трохі дыхаць, калі занясе пяском. Голую шыю ярасна, як шрот, секлі пясчынкі.

«Смерць, падумаў ён і не адчуў ніякага болю… Смерць, Афрыка». Два словы зліліся ў адно і патанулі ў знікаючай прытомнасці.

«Бяры, вялікая чараўніца, я не кіну цябе! Мне няма куда ад цябе. Хіба што туды, дзе гвалт, і шыбеніцы, і зверства, якому няма мяжы, і прыбіты народ… Да д’ябла… Я застануся. І ты прынікнеш да мяне і вып’еш мяне. Літаральна вып’еш. Хутчэй бы!»

Ён зірнуў на дзяўчынку і ўбачыў чорнае вока, што з-пад далоні глядзіць на яго. Знізу і збоку.

— Сіняя-сіняя? з радасным недаверам спытала яна.

— Сіняя-сіняя…

Да д’ябла! Усё адно вялікая Афрыка ўзяла ягонае сэрца. Вялікая, магутная, сонная, і страшная, і пагрозлівая, калі часам устае. Сэрца. Другая радзіма.

— І балоты сінія? спытала дзяўчынка.

— І балоты сінія. Захутай галаву.

Яна захутала. Смешны маленькі камячок, кокан, з якога ці вылупіцца яшчэ дарослы матыль. А з кокана глуха:

— І вада сіняя?

— І вада.

Ён схіліў галаву. І тут яго раптам нешта стукнула. Вада! Самум! Самуму яшчэ няма. Толькі верхавіны дзюнаў лятуць у неба і ловяць сонца. Але тыя, за дзюнамі, яны ж, напэўна, ужо рыхтуюцца. Напэўна, ляглі, напэўна, ахуталі галовы. Ах, чорт! Рызыкнуць апошні раз? Стаўка верная смерць, на якую яму напляваць. Выйгрыш жыццё для дзіцяці. Першаму навучыў яго сфінкс. Другому? А чорт яго ведае што!

— Ляжы ціха, сказаў ён. Абяцай мне, што не будзеш варушыцца. У імя неба!

— У імя неба, сказала малая. Дык сіняя-сіняя?!!

— Сіняя, сказаў ён і, захапіўшы пляшку, скокнуў цераз мур.

Ніхто не стрэліў. Дый дзіва што, калі «яд паветра» быў ужо зусім блізка і ў небе стаялі ўжо не языкі, а чорныя слупы пяску.

Пятрок дакладна заўважыў напрамак на ручным компасе. Потым аддзёр рукаў ад сарочкі і, апусціўшыся на калені, завязаў нос і рот.

Дыхаць адразу стала цярпіма. Пясчынкі калолі да болю ў голую руку. Быццам тысячы іголак.

І тады ён бегма прыпусціў у напрамку да дзвюх пальмаў. Яго несла як на крылах, і ўсё адно ён бег, задыхаючыся, топчучы закарэлымі чаравікамі пясок і жвір.

— А-а-а-а, шалёна выў пясок, нібы імкнуўся знішчыць усё жывое. Ён цяжка, да болю, гэхнуўся грудзьмі аб мур вакол калодзежа дапамог вецер. Аж паветра вырвалася з лёгкіх.

Кожную секунду чакаючы спіною стрэлу, ён прывязваў да скуранога рэменя, побач са скураным вядром, сваю пляшку. Яму здавалася мала. Ды яно і сапраўды мала. Самум можа дапамагчы, але самум і знішчыць. Хай вядро нагадвае торбу і яго можна зашмаргнуць усё адно «подых смерці» за гадзіну можа выпіць усё, што ні ёсць у ім.

Мяшок пакутліва доўга не тануў. А вакол гучаў ужо не стогн, а рык. Імчала нешта бязлітаснае, вялізнае, ад зямлі да неба.

Ён пацягнуў рэмень, адчуваючы цяжар і пакутлівы боль, бо кроплі падалі ў глыбіню студні. Падалі. Падалі. Лепей бы яны падалі ў перасохлы рот. Рызыкуючы кожную хвіліну атрымаць кулю між вачэй, ён рэзка прыўстаў і выхапіў вядро з каменнай трубы. Чароўна цяжкае, мокрае, сцюдзёнае. Як пацалунак. Не было рацыі цягнуць яго поўнае. Давядзецца паўзці, расплюхаеш. А астатняе вып’е «яд паветра». І ён, стаўшы на калені, сабою прыкрыўшы ваду, з лікаваннем сарваў з твару павязку і прыпаў да вады са стогнам і прагай, як да вуснаў. Да вуснаў адзіна каханай, якой у яго так і не было. Не было, але ён ведаў, што гэта бывае так.

Першыя глыткі адбіліся болем у глотцы. Але вада кацілася ў глотку і, здавалася, нават ціха звінела, як струмень фантана ў крыштальны кубак. І ён піў, піў, піў, а над ім імчалі хамары пяску самум піў разам з ім.

Потым ён абмыў павязку вадою з пляшкі і зноў напоўніў пляшку з вядра. Ён радаваўся гэтаму, бо з пляшкі нічога не вып’еш.

Заставалася яшчэ палова. Не менш як дваццаць пляшак. І тады Пятрок з цяжкасцю адарваўся ад студні і пайшоў у напрамку, які ён заўважыў.

Павязка адразу высахла. Ён успомніў, як дыхалася ў тую хвіліну, калі абмываў яе. Як у напаленай печцы, куды нехта магутнай помпай наганяе пясок. Цяпер хоць пяску не было. Была проста печка. І ў левай руцэ быў зашморгнуты і перахоплены рукою ніжэй зашмаргі скураны мех. І ў жываце цяжка боўталася вада.

Іхні з Джамілёй закутак раптам знік. Шум пяскоў напоўніў свет. Пустыня стагнала і калацілася, падымаючы ў неба з кожным уздрыгам усё новыя і новыя пласты сваёй паверхні.

Ён стаў на калені і папоўз. Але і так яго раз-пораз згінала да зямлі. Тады ён папоўз лежачы. Дыхаць было немагчыма. Ён поўз з заплюшчанымі вачыма і толькі зрэдку, праз далонь, ля самых вачэй, глядзеў на дрыжачую стрэлку.

Некалькі разоў яго ссоўвала назад, як чарапаху, як бязважкі лісцік дрэва. Ссоўвала разам з пяском. Але ён поўз і поўз.

Ён плазаваў, адчуваючы, што памірае.

Апошні кашмар прыйшоў раптоўна. Ён ляжаў і сутаргава соваў нагамі, а нехта прыклаў да ягонай галавы вялізную далонь і лёгка, як чалавек, што не дае паўзці сляпому кацяняці, затрымаў. Пятрок торгаўся так хвілін пяць а можа, вечнасць? торгаўся, абліваючыся халодным потам, пакуль не зразумеў, што гэта канец дарогі, што гэта не далонь невядомага, а іхні закутак, іхні маленькі бордж.

Тры разы вецер зрываў яго з муру, аж пакуль яму не ўдалося перакуліцца ў яго. А там ён адшукаў рукамі напаўзасыпаны горбік, паклаў побач з ім цёплы ўжо мяшок, а сам лёг побач, захутаўшы мяшок і галаву краем тэліса з вярблюджай воўны. Вычысціў пясок з вушэй, заткнуў іх і сціх.

Пясок імчаў над імі, паступова заносячы ўсё і ўся.

І Пятрок адчуваў, што сэрца ягонае як не выскачыць з грудзей. Ён напіўся і не адчуваў смагі, але глотка яна ўжо высахла. Яе, здавалася, пакрыў суцэльны балесны струп. Нешта падступала павольна-павольна. Як сон. А потым нібы нехта дзьмухнуў на свечку. І стаў змрок.

…Ён ачуняў раптам, адразу ж усвядоміўшы і небяспеку, і самум, і стрэлы з-за дзюнаў. А ўсвядоміўшы сеў, скінуўшы з сябе тоўсты слой пяску.

Была цішыня. Паветра ачысцілася. І толькі нібыта разам з вызваленым сонцам, якое спускалася за далягляд, асядала на зямлю чырванаватая смуга. Зацененыя бакі дзюнаў былі ліловыя, на баках ліловы колер пераходзіў у бэзавы, а на вяршынях, на якія клаліся апошнія промні, гарэла, паступова цьмянеючы, вадкае золата. Пустыня свяцілася, як сумная згасаючая вясёлка.

Пятрок ведаў: з пачаткам ночы яны могуць прыйсці зноў. І ён паспешліва пачаў прыгаршчамі высыпаць пясок са свайго маленькага борджа. Вызваліў месца, дзе яны ляжалі, націснуў на мяшок: амаль поўны. І ўрэшце адкапаў з пяску маленькі запылены кокан. Адсунуў краёчак спіць. Вейкі падрыгваюць. Доўгія, згінастыя. Пакруціў галавою: хай спіць, пакуль спадае гарачыня і пакуль яшчэ не захаладала нанач.

Ён дастаў мяшочак з прыпасамі і пералічыў іх. Узяў дзве жмені мукі і замясіў іх на кроплі вады, разам з сушаным мясам. Паклаў фінікі. Нічога, пад’есці можна, а смага амаль не мучыць уначы.

— Матыль-матыль, нa мукі, за гарою тры ваўкі, сказаў ён, успомніўшы сваё маленства.

Матыль рухам галавы рассунуў тэліс і, толькі паказаўшы сонцу аблічча, расплюшчыў вочы.

— Сіняя-сіняя? прамармытаў матыль.

— Сіняя-сіняя, нібы ў даўнюю гульню гуляючы, сказаў ён. Еш.

Дзяўчынка прыпала да пляшкі.

— Ты не пі многа, папрасіў Пятрок. Уначы будзе холадна. А сам падумаў, што ўначы будзе ці не занадта горача.

Пылок асеў. Разам з сонцам. Чыстае зеленаватае неба, трохі расплаўленае з аднаго боку, бяздонна распасціралася над пяскамі.

— І тамарынд там сіні?

— Тамарынду там няма, сказаў ён. Але там ёсць лясы. Нешта накшталт гэтых пальмаў, толькі зялёныя да паловы. І там іх як зор на небе.

— А яны сінія?

— Бываюць. У месячныя ночы… І тады яны стаяць спакойна, а пад ветрам шумяць.

— А што ёсць яшчэ?

— І яшчэ ёсць рэкі.

— Што гэта?

— Ты ведаеш, што такое Іхархар?

— Ведаю. Шырокая сухая лагчына.

— Ну вось. А там лагчына шырынёю ў тры Іхархары. Толькі не сухая, а поўная вады. І вада гэтая не стаіць. Яна плыве, грукоча, цурчыць або проста і плаўна рухаецца наперад. Удзень на ёй гуляе сонца. Уначы ў ёй адбіваюцца зоры.

Яна маўчала, нібы абдумваючы нешта. Першая зорка загаралася ў зялёным небе. Зорка не міргала такое чыстае было паветра над маўчаннем Сахары.

— Ты дарослы, сказала Джаміля, і мне няможна гаварыць такое даросламу. Але мне здаецца ты хлусіш. Такога не можа быць на зямлі. Ты гэта, напэўна, каб мне было весялей. І яшчэ таму, што бацька так доўга не ідзе… А твая зямля, напэўна, проста пясок, дзе няма і лужыны. Сорам табе хлусіць. Людзі пустыні ніколі не хлусяць.

— Я не хлушу, сказаў ён. Ты ж бачыла міраж? Гэта паветра прыносіць яго з іншых краін, дзе шмат дрэў і вады. Каб дзеці верылі. Ты ж бачыла? Рэкі, а над імі дрэвы.

— Гэта міраж, як дарослая, сказала яна.

І тады ён стаў на калені.

— Слухай, сказаў ён. Імем гэтага неба, тваім жыццём, тым, што я сёння зрабіў, я клянуся табе, што ўсе мае словы праўда. Што сапраўды ёсць на свеце і балоты, і крыніцы праз кожны дзесятак крокаў, і рэкі і лясы, і такая зямля, што ўся сіняя.

Яна доўга маўчала. Ён чакаў.

— Я б хацела туды, сказала яна. Пэўна, гэта і ёсць рай Алаха. Чаму ж ты пайшоў адтуль, адхаліб?

— Мяне выгналі злыя ворагі.

— Я б такога ніколі не аддала, ціха сказала яна.

— Таму што ты ведаеш пустыню.

— А ты?.. Не, я не аддала б..

І тут гэтыя словы нібы нешта адпусцілі ў ім. Нібы прарвалася нешта даўняе, даўкае, гнятучае. І ён заплакаў. Бязгучна. Толькі слёзы каціліся па шчоках.

— Раскажы, ціха сказала яна. Значыць, і гэтыя… рэкі… Значыць, і яны сінія?

— І яны сінія, гартанна сказаў ён. Іх многа. А між іх стаяць лясы. І лясоў таксама многа. І паміж дрэў бяжыць многа ручаін. А замест пяскоў там паплавы, і на іх многа рознакаляровых кветак, а над кветкамі арка-вясёлка. А часамі на ўсё гэтае падае снег… Ты не ведаеш, што гэта снег. Ён падобны на белую воўну, што падае з нябес. На белую воўну з мільёнаў мехары.

— А ён бывае сіні?

— Бывае. Калі гарыць над ім месяц. Зірні, там усходзіць месяц.

Месяц сапраўды ўсходзіў над пустыняй. І яна была пад месяцам бясконцая, як неба. А над ёю гарэлі, амаль не міргаючы, тысячы зор.

Яна ляжала перад ім, бязмежная, як жыццё, азораная, залітая празрыстым святлом. Свяцілася кожнай дзюнай, нібы адлітай з таго ж крышталю, што і вочы малой. І ўсё гэта было бязмежнае, усеабдымнае і ўсёпаглынальнае, як час, як жыццё, як чалавек, як далёкая… далёкая… далёкая…

Дзяўчынка глядзела на яго, як на таго, хто з’явіўся з казкі. Абхапіла калені ручанятамі, паклала на іх падбародак, схіліла галаву. І ў яе ўскінутых трывожных вачах, як тысячы светлячкоў, адбіваліся зоры.

— Раскажы, ціха папрасіла яна.

І ён расказваў. І паступова знікала вымушаная беднасць мовы, знікаў некуды семнаццацігадовы душны праклён, знікала чыгунная туга. Ён расказваў, і перад абмытымі вачыма, далёкае, жывое, уставала тое, што ён тысячы разоў бачыў і адначасова нібы пазнаваў першы раз.

Крыжы на ростанях, вёскі ў барвяных каралях арабін, чырвоная шыпшына ля дарог, начлежныя коні ў тумане. Балоты, імшары, балоты. Мястэчкі сярод сініх лясоў, мосцікі над начнымі ручаінамі.

Сінія-сінія-сінія паплавы.

— Я б хацела туды.

— Ты паедзеш туды, сказаў ён.

— Добра, перарывіста сказала яна.

Пятрок захутаў яе і паклаў пад мур. Хай сабе паспіць. Стаяла цішыня.

— Сіняя-сіняя, сказала Джаміля.

І адразу замурлыкала. Ціха-ціха.

Ён сядзеў над ёю і пазіраў, як яснее над бязмежнасцю трапяткая смуга чароўнага ззяння.

Недзе там, за пустыняй, за морам, была другая зямля. І ён не мог без яе. Яе не было тут, але яна была.

З атлусцелымі панамі, з бяздушнымі ўладарамі душ, з хлуснёй, са спаласаванымі мужыкамі, з апляванай, забароненай мовай.

Але яшчэ і з паплавамі, і з сінімі вербалозамі на берагах рэк. Няхай няшчасная, няхай забітая і абылганая, але свая, найлепшая ў свеце, сіняя, чыстая, як першае каханне, да якога не прыліпае ніякі бруд, як бы ён ні цягнуўся.

Джаміля думала, што ён з’явіўся з казкі… Гэта праўда… І трэба ратаваць казку, пакуль яна казка, а не пустыня. Трэба біцца за яе нават з самім д’яблам і памерці на яе зялёных лугах, прыгажэйшых за ўсё на зямлі.

Вяртанне. Толькі вяртанне. Няхай там нікога няма. Камусьці трэба пачаць.

Ён вытрымае тут і два, і тры дні. Ён вытрымае тут… колькі спатрэбіцца. Ён не можа не зрабіць гэтага. Таму што ён не можа аддаць у рабства кудысьці на Чад або ў Танжэр, у другі канец вялікай нявольніцкай дарогі, гэты камячок жывой плоці, які вярнуў яму радзіму.

Радзіму, якую таксама нельга аддаць.

І нават калі заб’юць, ён памрэ з думкаю пра дзяўчынку і з думкаю пра яе, багацейшы, чым за ўсе семнаццаць пустых год.

«Сіняя-сіняя…»

А над бясконцасцю, шырэй за якую ён зараз быў, ляжала нерухомае, урачыстае і невымоўна пакутнае святло.

За градою дзюн пачулася чыстае плясканне мазолістых вярблюджых ног.

  1. Упершыню — «Беларусь», 1964, № 9.
  2. Першая публікацыя ў кнізе: Караткевіч У. Чазенія: Аавяданні і аповесць. — Мн.: Беларусь, 1970. — С. 54 — 75.
  3. Перакладзена на латышскую, балгарскую мовы.
  4. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 276 — 297.