Трошкі далей ад Месяца — Дзея чацвёртая

Зноў гасціная, зноў шафа з «яшчурам». Але на гэты раз дзверы ў сталовую расчынены. Бачны сервіраваны стол. Гарыць люстра. У сталовай мітусіцца Ганна Вадзімаўна. Янка блытаецца ў яе пад нагамі. Англійскія часы адзванілі дзевяць гадзін.

Ганна. Бог ты мой, дзевяць гадзін. Бяскішкіны зараз прыйдуць. З ног збілася. А Альжбета як знікла куды.

Зноў дзвэнкаюць відэльцы і нажы.

Ганна. Янка, ты не ведаеш, прыйшла няня з царквы?

Янка. Даўно. Яна ў сваім пакоі сядзіць.

Ганна. Пакліч ты яе.

Янка. Стукаў — не адказвае.

Ганна. Што за фантазіі?!

Янка. Фантазіі старых людзей трэба паважаць. У старых больш нічога не застаецца.

Ганна. Хто табе гэта глупства сказаў?

Янка. Ты.

У гэты момант у гасціную ўвайшла Альжбета, апранутая, у хустцы. Яна нясе сак. За ёю Сяргей цягне чамадан і вузел.

Альжбета. Нясі, Сярожа, уніз. Таксі чакае. Праважаць мяне не трэба. Я ў сястры буду. Захочаш — адшукаеш.

Сяргей. Бабулечка, даруй мне. Ты да мяне пяройдзеш жыць. Пачакай трошкі.

Альжбета. Я чула, Сярожа. Ты даруй, я чула тваю размову з Наташай. Але я не пайду да цябе. У маладых сваё жыццё, нашто ім аглядацца на шкарлупіну, з якой яны вылупіліся. Дзякуй табе за сэрца добрае, суцешыў ты мяне.

Сяргей. Але я, я не магу. Ты мне бліжэй за маці. Яна не ўсё так зразумее.

Альжбета. Грэх, Сярожа. Не смей так, я раззлуюся. Маці — яна маці.

Сяргей. Слова гонару, толькі год пачакай. Я ўзаб’юся на ногі. Я настойлівы. Я кажу — значыць, усё будзе.

Альжбета. (усміхаецца). Ну, праз год, магчыма, і я вам спатрэблюся. Ідзі, сынок, ідзі.

Сяргей нясе рэчы. Альжбета агледзелася, уздыхнула.

Альжбета. Ганна, хадзі сюды.

Ганна Вадзімаўна ўвайшла ў пакой, пляснула рукамі.

Ганна. Францаўна, што гэта з вамі? Куды?

Альжбета. Да сястры.

Ганна. У госці? А як жа дзень нараджэння Сярожы?

Альжбета. Назаўсёды.

Ганна. У чым справа? Чым я цябе пакрыўдзіла?

Альжбета. Не мяне. Я і памерці думала тут, але не магу. Сярожанька сёння ледзь жыцця не рашыўся з-за Алесевых гешэфтаў. Сярожаньку не дам крыўдзіць. Сябе не шкадуеце — пашкадуйце семя сваё.

Ганна. (плачучы). Хіба я вінна? Столькі год разам… з ім. I ты мяне не шкадуеш.

Альжбета. Шкода цябе, ды не так, як сябе. Угавары свайго, каб жыў, як чалавеку належыць, строга. А то навучыўся, гіцаль, ад гэтага Бяскішкіна, набраўся, як сабака блох. (Паўза.) I табе параду дам. Уходзь і ты, Ганна. Лахі пад пахі і далей ад граху.

Янка. Бабуля, бабуля, а я як? Што ж я?

Альжбета. Толькі цябе і шкада, малы ты мой, светлае маё золата.

Увайшоў Сяргей і стаў за спіною Альжбеты, якая лашчыць Янку. Альжбета павярнулася.

Альжбета. А, і ты ўжо тут. Я цябе, Сярожанька, спіною чую. Будзе з табою дрэнна, а ў мяне за трыдзевяць зямель сэрца разарвецца.

Янка. (плачучы). Хоць пра хлопца мне даскажы. Пра хлопца не дасказала.

Сяргей сядае на падлогу поруч з Альжбетай, якая сядзіць на зэдліку. Нянька абняла хлопцаў.

Альжбета. Дык вось…

Янка. (усхліпваючы) Трошкі далей ад месяца і бліжэй сонца.

Альжбета. Што ты, пачатак казкі даўно скончыўся. Дык вось, у хлопчыка не было нічога. Але ён не баяўся, ён быў храбры хлопчык. Ён біўся, ведаў і паражэнні. I ўсё ж ён перамог, бо ён быў мужным. Ён стаў слаўным, вызваліў бацькоў і ажаніўся на каралеўне. (Устае.) Бывай, Гануся.

Ганна. (плачучы) Што мне рабіць? Ён бацька маіх дзяцей, ён загіне без мяне. (Абняліся.)

Альжбета. Які з яго толк, калі ён яшчура на шафу паставіў… Хай пазбавіцца ад яго — зрабі так, дачушка ты мая. Бывай, сынок, бывай, мой родны. Не праважай мяне, Сярожанька. Я прыйшла сюды, калі цябе не было. Адна. I я пайду адна, быццам цябе няма. Так мне лягчэй. (Яна ідзе не аглядаючыся. Хлопнулі дзверы.)

Янка. (заліваючыся слязьмі) Гэта ты, Сяргей, гэта ты ўсё. Брат яшчэ. (І ён стрымгалоў бяжыць у сталовую.)

Ганна. Асірацелі мы, Сярожа. I ты пойдзеш?

Сяргей. Мама, добрая мая. Ты не ўсё разумееш, але так трэба, трэба.

Ганна. Чаму, сынок, я ўсё разумею. Была калісь і твая маці разумнай. Ідзі, калі трэба. Сынáм — свае дарогі.

Сяргей. (абдымае яе) Родная мая, добрая, я проста бачу, што вы зрасліся з ім, — не адарвеш без крыві. Мне было цяжка адарвацца, а табе… Але я прашу цябе… Там лісты да яго. Зрабі так, каб ён мог глядзець у вочы людзям. I Янку, Янку беражы. Гэта расце такі чалавек!

Ганна. Гэта расце другі Сярожа. I таму Сярожа вельмі любіць брата… Але Сярожа не павінен забываць бацькі.

Сяргей. Матулька, як я магу забыць?! Я — гэта ён, яго рукі, яго вочы, яго сэрца.

Ганна. Ты вельмі падобны на яго. Ён быў такім год дваццаць таму. Сынок, жыццё жорсткая штука — гэта нават я сваім маленькім розумам разумею. I не так розумам, як любоўю да вас.

Званок у дзверы. Маці пайшла адчыняць.

Сяргей. Толькі б вытрымаць. Яшчэ гадзіна.

У перадпакоі смех, галасы. Уваходзяць маці, Алесь Пятровіч, Бяскішкіны.

Алесь. Вечар добры ў хаце засватанаму кавалеру. А дзе Вярыга?

Ганна. Пайшоў па справах, ты ведаеш, па якіх.

Алесь. Ага, цік-кава. А павараціся, сын. Што гэта ты так сціпла апрануты?

Бяскішкін. Не вопратка красіць чалавека. Малады, зграбны, як таполя, нашто яму… Ну, віншую, Сяргей, жадаю сто год, грошай гару…

Бяскішкіна. Віншую, Сярожанька… У-у, такі дуся смешны. Ганна Вадзімаўна, вы не верце, што ён святым глядзіць, яму дзяўчаты на бульвары спатканні прызначаюць.

Бяскішкін. Чоткі на руцэ, а дзеўкі на вуме. Зна-аю я такіх.

Ганна. Ну хопіць, хопіць, праходзьце. Сядайце на канапу.

Сяргей застаецца твар у твар з бацькам.

Алесь. Чаго ты так глядзіш, сыне?

Сяргей. З імі ўсё ж… Як увайшлі, дык па пакоі быццам торбу з удодамі пранеслі.

Алесь. Дасціпны занадта стаў. Пабывай спачатку на кані і пад канём, а там ужо мяркуй аб людзях.

Сяргей. Татка, яны ж дрэнь!

Алесь. А ты што за станавога кучара кум, каб старэйшых судзіць. Глядзі, Сяргей.

Сяргей. Занадта змяніліся вы. Не думалі пра «старэйшых», калі ў семнаццаць год палкáмі камандавалі.

Алесь. (уздыхнуў) Гэта, сыне, было і прайшло. Была калісь і мая праўда, ды заржавела.

Сяргей. Бацька!..

Алесь. Нічога, нічога, сынок, ідзі. Наташа не прыйдзе?

Сяргей. (суха) Я нікога не зваў.

На канапе ідзе жвавая размова.

Бяскішкіна. Гэта жах, што робіцца! Кватэра перайшла яму ад незаконнага бацькі, і малады чалавек, пасля яго смерці, прыйшоў у маральнае разлажэнне. Такія выбрыкі пачаліся! Ён не хоча ведаць нас, чытае толькі гістарычныя раманы. Да яго ходзяць жанчыны… I хоць бы каханне, гэта, ведаеце, жанчына заўсёды даруе. Але ў іх спрэчкі. I аб чым? Аб праўдзе ў паэзіі.

Бяскішкін. Не дадумаў нябожчык бацька. Тады трэба было лупіць смаркача, як упоперак лаўкі мог легчы. А зараз позна. Распусціўся народ, невядома, што толькі будзе!

Алесь. А Альжбета дзе, сынок?

Сяргей. Альжбета пайшла з дому. Яна не хоча болей тут жыць.

Алесь. (уражаны, але спраўляецца з сабою) Што, яшчур ёй абрыднуў?

Сяргей. Не, людзі.

Галаснейшай робіцца размова на канапе.

Бяскішкіна. Але пляменніка я забыць не магу. Падумайце, ледзь сфарміраваўся чалавек, не ведае, што такое каханне, і чытае кнігі пра нацыянальны інтэрнацыяналізм. I ў раманах мова ідзе, — як бы вы думалі, пра што? Пра тое, як татарскі хан папрасіў у нейкага князя Фёдара жонку на памяць. Якая разбэшчанасць! I яшчэ пра нейкіх дзекабрастаў. Што за звер такі, дзе-ка-браст.

Сяргея перасмыкнула.

Алесь. Што з Альжбетай, Ганна?

Бяскішкіна. Ну скажыце, магла б гэта я папрасіць у нейкай жанчыны на памяць мужа?! Не і яшчэ раз не.

Ганна. Яна… пайшла. Мы… потым пагаворым. Я не хацела раней.

Бяскішкін. Нарэшце, даўно пара. Зажылася, стары стаў збан.

Бяскішкіна. Прыйдзе і наш час, усе пойдзем «пад вечны своды». I пра нас скажуць: «Маўр зрабіў сваю справу». Божа, як усё хуткаплынна!

Сяргей. Няньку не чапайце… прашу вас.

Бяскішкіна. Божа мой, Сярожанька, я ведаю, у цябе чулае, рамантычнае сэрца. Але ж ты інтэлігентны чалавек! Што можа ў цябе быць агульнага з гэтай мужычкай?

Сяргей. Гэта мужычка выхавала старэйшага брата. Яна калыхала яго калыску і плакала над яго магілай. Яна насіла мяне. У яе рукі, як кара. Не чапайце яе!

Бяскішкіна. Божа, я і забыла, што ў цяперашняга пакалення такая жыцценароднасць.

Алесь. (яму вельмі сорамна) Вы памыляецеся, Любоў Трахімаўна. Яна ёсць не толькі ў іх. (Нязручная паўза.) А ты, Сяргей, не надзімайся, а лепей заводзь музыку. Марш!

Сяргей. Добра.

Гучыць музыка. Ганна прыносіць паднос з бакаламі.

Ганна. Вып’ем, пакуль тое, за нашага хлопца.

Усе чокаюцца і п’юць. Весялей гучыць музыка. Увайшоў Вярыга і глядзіць на кампанію.

Сяргей. Максім Канстанцінавіч, вы! Як я рад.

Алесь. Давай да нас. Што будзеш піць? Віно? Ці, можа, праствейн?

Вярыга. Дзень добры. Я не буду піць, Алесь.

Алесь. (падазрона) Чаго?

Вярыга. Сэрца дурыць. Расхваляваўся сёння.

Ён упарта не заўважае працягнутай рукі Бяскішкіна.

Ганна. А справы як?

Вярыга. Буду працаваць тут. Еду на поўдзень вобласці. Там завод будуецца.

Бяскішкін. Будуецца ўсё. Эх, каб быць маладзейшым!

Вярыга. «Гадуем!», «Будуем!» На табе, Сяргей, падарунак. Ведаеш, што такое?

Сяргей. Н-не.

Вярыга. Рэліквія майго бацькі. Сёння быў у аднаго са старых сяброў і ўзяў. Мне ўсё адно не патрэбна.

Сяргей. А што такое?

Вярыга. «Матка жыцця», компас, якім у нас год дзвесце таму карысталіся. Бачыш, у выглядзе храма. Пляскаты.

Бяскішкіна. Божа, нашто гэта дзіцяці?

Вярыга. Компас — не галоўнае. Бачыш, на сценках тры фігуркі і каля кожнай надпіс: «Вока прамое, вуха прамое, язык прамы — кроч смела».

Сяргей. А што гэта на далоні ў чалавечка, які круціцца?

Вярыга. Хрызапраз. Яны верылі, што калі ён пры чалавеку, — чалавек адрознівае здрадлівых людзей сярод добрых. I сам заўсёды чысты.

Сяргей. А як насілі?

Вярыга. Насілі на шыі. Бачыш, ланцужок.

Сяргей. Дзякуй вам, вялікі дзякуй.

Вярыга. Гэта табе дзякуй. I даруй, Сярожа. Сёння я еду, гэта табе… ад мяне…

Сяргей надзявае «матку» на шыю, пад сарочку, уздыхае. Вярыга сеў і адразу як сагнуўся.

Вярыга. Сёння друг расказаў мне гісторыю, пра якую лепей мне было не ведаць.

Ганна. Што такое?

Вярыга. Выявілася, што ў гісторыі са мною сапраўды быў данос… Ты шчаслівы, Сярожа, што зараз гэта немагчыма, што гэтага ніколі больш не будзе… А я бачыў гэты дакумент. Подпіс малазнаёмага, але ўсё ж знаёмага чалавека. Ён тады працаваў на маім заводзе, быў эканамістам.

Ганна. Бо…! (Асеклася, глянуўшы на Алеся.)

Бяскішкін. Глупства нейкае. Усё прайшло… пакінем.

Вярыга. Не, гэта не глупства. Пад дакументам подпіс: «А. Бяскішкін».

Цішыня.

Вярыга. Крыўдна не гэта. Крыўдна нават не тое, што гэты чалавек жыве. Жыць павінен кожны. Мне не было б лягчэй, каб з ім нешта здарылася. Крыўдна другое: ён смярдзіць, ён атручвае і збівае з дарогі маіх сяброў, ён робіць так, што чыстыя юнакі не хочуць жыць… Ён усё яшчэ паскудзіць, гэты чалавек. Ён карыстаецца тым, што некаторыя стаміліся і вырашылі жыць для сябе… Вораг маіх сяброў, вораг чалавечай чысціні…

Бяскішкін. Хлусня! У вас няма права…

Вярыга. Я не хлушу. Ніколі.

Бяскішкін. Я таксама грамадзянін! Права няма…

Вярыга. Права на праўду заўсёды жыве.

Бяскішкін. Што ж гэта такое? Ганна Вадзімаўна!

Ганна. Бог з вамі, Авар’ян Аркадзевіч. Я недалёкая жанчына, але…

Бяскішкін. Алесь, што ты?..

Алесь Пятровіч глядзіць у другі бок.

Бяскішкін. Ну, добра, ну, добра. Гняздо злодзеяў умывае рукі.

Сяргей. Маўчыце!!!

Бяскішкін. Нічога. Гэта так не абыдзецца. Не ўсіх добрых людзей ваўкі паелі. (На жонку.) Маўчы, дура! Пачакайце, будзе яшчэ вам!

Вярыга. (шэптам) Прэч, прэч, нізкі вы чалавек.

Бяскішкін моўчкі заспяшаўся да дзвярэй. За ім жонка. Цішьшя.

Грукнулі дзверы. Усе маўчаць, прыгнечаныя.

Ганна. Альжбета сказала б: «Крычаць, аж у Крычаве чуваць». Божа, Божа!

Паўза.

Вярыга. Вось да чаго дайшло, Алесь… Ты разумееш, пакуль нічога не змянілася — мне нельга тут быць. Бывай, браток. (Ідзе. Каля дзвярэй спыніўся.) Я вельмі люблю цябе. Я шкадую цябе… I люблю.

Выходзіць. Цішыня. I раптам Сяргей упускае на падлогу крэсла.

Сяргей. Што ж гэта такое?! Да чаго дажылі?! Якімі вачыма на нас глядзець? Дом пусцее!

Алесь. Маўчы, чуеш! Для цябе ўсё…

Сяргей. Не магу! Гандляры ў храме! Няма сілы, сну… пры адной думцы аб тым, што ваша гнілая любоў да грошай можа ўсесціся на сэрцы, на чалавечнасці, на волі, на пяшчоце нашай. Зажэрліся! Сорам людзям у вочы глядзець. Яны працуюць, а вы… вы жарэце.

Гучная поўха пралунала ў пакоі. Сяргей глядзіць на бацьку дзікімі вачыма, кулакі яго сціскаюцца.

Ганна. Сярожа!

Але вочы Сяргея ўжо згаслі. Ён павярнуўся, пайшоў у свой пакой і замкнуў за сабою дзверы.

Ганна. Ты ўпершыюо ў жыцці ўдарыў хлопца… Якраз тады, калі ягоная праўда. Я недалёкая жанчына, але гэта… гэта брыдка, Алесь.

Алесь. А хто спытаў, як жыве чалавек, што ён думае, як цягае шкуру на гэтых дарогах?! Я вінен! Я друг Вярыгі, і я падружыў з Бяскішкіным, я салдат — і падружыў з Бяскішкіным, я салдат — і я закрыў вочы на тое, што падначаленыя крадуць. Я не гандляр — і я атрымліваў камісійныя. Хто спытаў у мяне, што думаў і як пакутваў я? Я, я, я вінен! Я мярзотнік, а ўсе святыя. (Грукае ў дзверы. Голас яго гучыць дзіка і жаласна.) Сяргей, Сяргей, адчыні! Адчыні мне! Расчыняюцца ж дзверы перад усімі. Маўчыш? Сярожанька! Што ты ведаеш аб жыцці… Маўчыш? Ну добра. Вы, што кідаеце чалавека на дарозе! Сволачы! Сволачы! (Амаль хістаючыся, ён ідзе з пакоя.)

Ганна. Алесь!

Бразнулі дзверы.

Ганна. Курчыць яго. А што разумець у жыцці? Жыві сабе і менш думай і спадзявайся. (Заплакала.) А сэрца як на дзве паловы разадралі. Хто вінен? За што? За што пакутваюць бацькі? За што дзеці? Як нарогам па полі… Вялізны разор правялі.

Ціха з’яўляюцца ў дзвярах Вярыга і Наташа.

Наташа. Цёця Ганна. Мама. Не плачце.

Абняліся і плачуць разам.

Вярыга. Я пабачыў Наташу ў пад’ездзе. Чакалі разам. Толькі што Алесь прабег, без шапкі. Каб ён не выйшаў — давялося б да заўтрашняй раніцы чакаць.

Ганна. Чаму?

Вярыга. Сэрца баліць, Ганначка, друг мой стары. Не кідай гэтага чалавека. Ён добры, ён заблытаўся толькі. Цяжка было ісці прама. Зрабі, каб ён ажыў, каб я мог прыехаць зноў.

Ганна. Паспрабую, родны. Але што я магу? Я жанчына, ды яшчэ і…

Вярыга. У цябе сэрца. I гэтым сэрцам ты разумней за нас.

Наташа. Сяргей!

Дзверы ў пакой Сяргея адчыніліся. Сяргей на парозе.

Сяргей. Пачакайце хвіліну. Мама. Хадзі сюды.

Ганна ідзе да яго.

Вярыга. Ну што, смялей у дарогу. А я вось так і не знайшоў дачкі. (Паўза.) Наташа, будзь ты мне замест дачкі, а Сярожка замест сына. Пераязджайце да мяне.

Наташа. Дзякуй вам. Але ён хлопчык з кажушанага рукава. На мароз, на добры мароз!.. Яно добрае і суровае, жыццё! Мы будзем працаваць, як валы. Нічога, абы разам.

Вярыга. А дапамагаць вам часам можна?

Наташа. Не трэба. I ён не возьме. Яму зараз трэба толькі самому, каб шчыра глядзець у вочы.

Вярыга. А летам хоць можна вам да мяне прыехаць?

У яго такі самотны выгляд, што Наташа сумелася.

Наташа. Гэта можна. Абавязкова прыедзем.

Вярыга. I лічыць мяне блізкім можна?

Наташа. Можна… тата.

Вярыга. Ну вось… вось, значыць, як.

З пакоя выходзіць Сяргей з маленькім чамаданам. На ім старое паліто.

Ганна. Ты хоць бы новае апрануў.

Сяргей. Не магу, матулечка. Бывай, мая родная. Даруй за ўсё, мая прыгожая. А Янка дзе?

Але дзверы ўжо расчыняюцца. Янка робіць некалькі крокаў да Сяргея.

Янка. Гэта ўсё ты! Гэта ты на бацьку…

Сяргей. Развітваемся, Янка.

Янка. Я пакуль што не магу яшчэ адлупцаваць цябе, але хутка я вырасту, і тады я так, я так цябе адлупцую.

Сяргей. А я не магу пакуль што ўзяць цябе з сабой, але хутка я стану зарабляць, і тады я абавязкова вазьму цябе… абавязкова.

Янка. Я хутка вырасту, і…

Сяргей. Янка, братка, набі мяне. Ну… зараз.

Янка кідаецца на Сяргея і ўвесь калоціцца ў яго руках.

Янка. Сярожа, Сярожа, Сярожа.

Сяргей. Бывай, мой братка, бывай, мой малы чалавек. Бывай, маці.

Вярыга. Гэта мае дзеці. I твае, маці… Помні, што я прасіў. Ён вернецца да нас. Ён абавязкова вернецца.

Выходзяць. Сцэна пусцее. З рэпрадуктара ціхая музыка. Потым з перадпакоя вяртаецца Ганна, несучы Янку.

Ганна. Нічога, Яначка, нічога. Я не Альжбета, але я таксама раскажу табе казку, як жылі людзі трошкі далей да месяца і бліжэй да сонца. Яны вельмі цікава жылі, гэтыя людзі.

Панесла Янку ў сталовую. Зноў пуста. Зноў музыка. За вокнамі пачынае падаць густы сіні снег. У пакой нячутна ўвайшоў Алесь Пятровіч. Валасы яго мокрыя. Падышоў да дзвярэй Сяргея, хацеў пастукаць і апусціў руку.

Алесь. Ціха, як быццам усе памёрлі. Пусты дом. Хлопчык меў рацыю.

На парозе сталовай стаіць Ганна і глядзіць на мужа.

Ганна. Адны мы засталіся, Алесь.

Алесь. Дзе Сяргей?

Ганна. Пакінуў дом.

Алесь. Так, зразумела. Усё зразумела… Снег за акном. Зіма. (Ён падыходзіць да шафы.) Дзесьці жывуць такія яшчары. Ходзяць на шасці лапах… (І раптам хапае вазу і з усёй сілы б’е яе аб падлогу.) На табе, дрэнь!

I падае ў крэсла. Ганна падыходзіць да яго, гладзіць па галаве.

Ганна. Нічога, усё міне. Зараз усё будзе добра. Яны пройдуць, гэтыя дні. Яны пройдуць. Яны вельмі-вельмі кароткія, гэтыя зімнія дні.

За акном падае снег.

Заслона