У шалашы

Міхал ледзь паспеў дабегчы да шалаша, калі неба раскалолася папалам і ў ірваную расколіну лінула такое сляпучае святло, што захацелася сесці на зямлю.Разам са святлом з расколіны вырваўся сухі кароткі трэск, быццам нехта зламаў над галавою дрэва.

Хлопец кінуўся ў чорны створ шалаша, зачапіўся аб нешта і сеў на салому.

— А каб цябе, каб, — плюнуў ён.

Бліскавіцы секлі неба так часта, што можна было разгледзець усё ў шалашы: саламяны ложак, зэдлік, кошык з бульбаю, кацялок на падлодзе, вязку цыбулі і старую ватоўку, што вісела каля ўваходу.

Вартаўніка не было: можа, абходзіў сад, а мо сядзеў у другім месцы.

Міхал высунуў галаву і, калі чарнільны змрок зноў успыхнуў святлом, пабачыў злева нешта падобнае на невялічкую пуньку: сцены з жэрдзя, саламяная, грыбам, страха.

«Яблыкі восенню насыпаць, ці што?» — падумаў ён.

І адразу адчуў далёкі, упэўнены, усё нарастаючы шолах дажджу. Пры святле кароткай маланкі вырасла на фоне недалёкага лесу серабыстая сцяна, насунулася, наляцела, прыціснула ўсё вакол.

Міхал раззлаваўся на самога сябе.

«Вось і трапіў на станцыю. А казалі ж, каб заначаваў. Яно і праўда — пасля дваццаці вёрст трэба было. Але ж да станцыі заставалася толькі пяць кіламетраў. Ну вось і начуй — не ў сваякоў, а ў невядомым шалашы».

Дождж, відаць, распачаўся на ўсю ноч.

А салома між тым размаўляла з дажджом. Над самай галавою чулася лёгкае булькаценне і сухое патрэскванне звяшкі — мышынага гарошку.

Свежы вільготны вецер уварваўся ў шалаш, і дыхаць стала так лёгка, быццам ты толькі што нарадзіўся на свет.

Салома размаўляла з дажджом.

Не, гэта ўжо не салома, гэта сапраўдная ціхая размова далятала аднекуль: відаць, з суседняй пунькі. Мяркуючы па галасах, размаўлялі дзве жанчыны: адна ў гадах, другая мо маладзейшая.

Міхал не зварухнуўся. Хай балбочуць пра свае сакрэты. Ён усё адно не пабачыць іх, і яны назаўсёды застануцца для яго незнаёмкамі, ціхімі галасамі, якія прыйшлі з цемры і ў цемры знікнуць.

— Што ж мне рабіць, цётачка? Я ж так кахаю яго…

— А ён і глядзець на цябе не хоча. Учора зноў біўся. Адзін трох хлопцаў пабіў.

— Самі вінаваты. Прыставалі да яго сябра, а той слабы хлопец.

— Што казаць, — голас пажылой раптам памякчэў, — удалы юнак, бацькавіч, але…

— Але, ваша праўда, не хоча ён на мяне глядзець. Як мне цяжка! Гляджу на яго вочы, нахабныя, сінія, дзёрзкія. Чуб — салома такая бывае, трошкі ржавая. І рот вечна смяецца. Такі ён мне прыемны.

Міхал скінуў пінжак, лёг на спіну і закурыў. А маладая вяла далей.

— Ніколі я не думала пра гэта. Але не хачу саступаць. Хачу для яго быць… Абняў ён мяне аднойчы, выпадкова, проста так…

— Глядзі, дзеўка, — сказала пажылая, — так вось наша сястра і гіне.

— А я і рада б загінуць, ды ён, як вецер…

Міхал ціха паўтарыў яе апошнія словы… І тут было няладнае каханне. Ды што да гэтага яму?

«Вось цякуць кроплі, — думаў ён. — І я такая самая кропля. Яны, зліваючыся, утвараюць крыніцу, раку, мора. Ім усё адно, з кім зліцца. Але мне патрэбна толькі тая кропля, адзіная, з якой мы разам нарадзіліся ў зямной глыбіні.

Галасы сціхлі — можа, таму, што вецер налятаў парывамі, хапаў, нёс, кідаў у розныя бакі завесы дажджу. Рабілася халаднавата.

А тады, паўтара месяца назад, быў такі цёплы летні дзень! І Кіеў са сваімі будынкамі, каланадамі, залатымі купаламі, здавалася, плыў кудысьці насустрач поўным, як вымя, аблокам, насустрач сонцу і цеплыні.

Каштаны разгарнулі зялёныя ветразі. На ўскраінах горада сходкі вялі ад хаты да хаты, варыўся на цаглінах абед, надуваліся ветрам, як рыбацкі сак, кашулі на вяроўках, чулася паўдзённая бойкая гаворка.

І вецер гнаў і гнаў вулкамі таполевы пух, высцілаў ім, як сівай коўдраю, зямлю. Хлапчукі кідалі ў пух запалку, і ён выбухаў, як порах, на метр у кожны бок. І адразу, за хвіліну, гэта месца зацягвалася зноў сівой покрыўкай.

Ён быў у Кіеве на экскурсіі і выпадкова забрыў у лаўру, дзе грэцкі арэшнік гладзіў твары прахожых лапчастым лісцем. У зеляніне стаяў старажытны, маленькі, як лялька, храм Спаса на Берастове. Міхал паглядзеў на яго паласатыя сцены (вузенькія, на два пальцы цагліны і слой цамянкі шырынёю ў далонь) і зайшоў у сярэдзіну, спусціўся ўніз па прыступках. Храм не вытрымаў цяжару год і, як Святагор, улез па калені ў зямлю.

У сярэдзіне храма было пуста і халаднавата, бы ў склепе. А праз акенцы віднелася гарачая, напоеная сонцам лістота. Там быў поўдзень, спякота, лянівыя крыкі пеўняў…

Было так ціха, што не хацелася ісці, і Міхал стаяў каля вельмі непрыгожага надмагільніка Юрыя Даўгарукага і думаў, што князю не пашанцавала. І помнік няважны, а тут яшчэ і саркафаг зрабілі такі, што толькі пужаць дзяцей.

— Вось дзядзька са скрынкі ўстане — ён табе!..

Ох, лепей бы не Юрый заснаваў Маскву, а хто-небудзь іншы! Тады не ставілі б гэтага надмагільнага саркафага.

Усе няшчасці для Міхала пачаліся з яго.

Таму што непадалёк стаялі тры хлопцы і дзяўчына. У дзяўчыны былі моцныя, як у хлопца, ногі, а рухі такія, быццам яна гуляла ў лапту: рэзкія, спрытныя, гожыя. І галава пасаджана на шыі так, што валасы заўсёды адкінуты назад. Тварык шчыры, жважы, як у дзіцяці, і вельмі разумны. А вочы, ох, якія вочы!

Міхала толькі здзівіла, што хлопцы яе нейкія цельпукаватыя, з чорнымі, нячышчанымі пазногцямі. І глядзяць яны на яе без усялякай пачцівасці і папросту клічуць Мар’яшай.

А сам ён толькі зірнуў і адчуў, што прапаў.

Мар’яна між тым злёгку штурхнула аднаго з хлапцоў далонню ў лоб.

— Лёвачка, Лёвачка, гэта ж трэба такі кабак на плячах мець? Шукаць трэба было.

— Ну а каб нават і адшукалі касцяк, што тады? — апраўдваўся ён. — Як даведаліся б?

— А як Яраслава пазналі? — спытала замест адказу яна.

— «Яраслаў бысць хром», — прабасіў другі юнак, у акулярах.

— Ды яшчэ па белай пляме на чэрапе, — жвава падхапіла яна. — След мяча. Неяк і гэтага пазналі б.

І тут Міхал не вытрымаў. Страшна было нават падумаць, што дзяўчына знікне некуды — і канец. Таму ён падышоў і глухім, бы ў бочку, ненатуральным голасам спытаў:

— Прабачце, хіба дакладна невядома, дзе пахаваны князь?

— Ну так, так, — загарэлася яна. — А хіба вы не ведаеце?

У Міхала быў выгляд чалавека, які праглынуў лом.

— Не ведаю, — сказаў ён, — я толькі паляўніцтвазнавец.

— А мы археолагі, — усміхнулася яна, — зараз тут, з украінцамі разам, працуем.

— Цікавая ў вас праца, — шчыра сказаў Міхал.

— А ў вас?

— Таксама. Але ў вас яна асаблівая: скарбы шукаць, закінутыя гарады.

Усе пырснулі. Толькі яна надзвычай уважліва глядзела на яго:

— Гэта не так прыгожа. Вы што, ніколі не бачылі раскопак?

— Не. Але вельмі хацеў бы.

— Хлопцы, — рашуча сказала яна, — бяром яго з сабой. Хочаце з намі?

— Вельмі, — загарэўся ён.

— Тады едзем. На Борычавым Узвозе пракладалі траншэю і натрапілі на цікавыя рэчы. Нас там чакаюць.

— Горача, — заныў Лёвачка, — піва хачу. Паспеем.

— Леў Пятровіч, — яна заклала рукі за спіну, тонкія рукі з залацістым пушком каля локцяў, — я думаю, з вас ніколі не выйдзе акадэмік. І не толькі акадэмік, а нават чалавек. Наш знаёмы імкнецца павысіць свой узровень, а вы… Фу, якая негасціннасць!

І ўсе паехалі. Відаць, Мар’яна была добрым завадатарам.

У трамваі Міхал сядзеў поруч з ёю і расказаў, па яе патрабаванню, аб тым, хто ён такі, ці надоўга тут (на два дні) і як палююць на лісіцу ў нары (з факстэр’ерам).

А ветрык гуляў яе валасамі, лашчыў твары ўсіх, сваволіў у лістоце каштанаў, прыгаршчамі кідаў на рукі дязўчыны залатыя плямы.

Так Міхал, нечакана для самога сябе, папаў ад саркафага на раскопкі.

Э-ех, князь, князь, што ты са мною зрабіў!

На раскопцы было вельмі пыльна і горача. Усе хлопцы працавалі ў адных трусах, і Міхала таксама прымусілі распрануцца.

Булыжнік на ўзроўні вачэй блішчаў так, што вачам было балюча. І дзівосным караблём плыў над галавою блакітны, белы і залаты Андрэеўскі сабор.

Але Міхал больш глядзеў на дзяўчыну, якая пэндзлем і гнутаю голкай вельмі старанна ачышчала ад глеістай зямлі нейкую рэч.

Усе людзі падабаліся Міхалу. І адзін тоўсты чалавек, відаць, вялікая шышка, але таксама ў трусіках, ляпаў Міхала па плячы.

Такія слаўныя хлопцы былі гэтыя археолагі!

І раптам Міхал заўважыў, яе сінія халаднаватыя вочы, узнятыя на яго.

— Бачыце, Міхал, ёсць такія знаходкі, пра якія ніхто і дагэтуль не ведае, што гэта. Дорага дала б я, напрыклад, каб даведацца, што гэта такое. Але мне ніхто не скажа.

Лёвачка ў папяровай касцы (ён стаяў над траншэяй, як Банапарт) з’едліва сказаў:

— Мар’яша, абяцанне помніш?

І ўсе загулі:

— Абяцанне… Абяцанне…

— А што, — сур’ёзна сказала яна, — і сапраўды пацалавала б таго, хто б растлумачыў.

— Не спадзявайся, родненькая, — прытворна ўздыхнуў Лёвачка, — калі будзеш чакаць тлумачэння, так і памерці табе нецалаванай.

— Пакажыце мне, — сказаў міхал і пряцягнуў руку.

Пальцы яго, калі ён браў рэч, сутыкнуліся з пальцамі Мар’яны, і ён адчуў сябе так, быццам нейкая стрэмка мякка ўвайшла ў яго сэрца, напоўніўшы хваляваннем.

У Міхала ў руках была невялічкая штучка з рога: круг, перасечаны, перпендыкулярна па плоскасці, квадратам. І ў тым і ў другім былі прабітыя невялічкія дзірачкі. Мала таго, было прасвідравана нават месца перасячэння плоскасцяў, на ўсю даўжыню.

Міхал сядзеў на кукішках і моршчыў лоб. Усе глядзелі на яго, большасць з усмешкаю.

— Кінь, Міша, — сказаў Лёвачка, — гэта галава яшчэ спатрэбіцца для вырашэння праблема аб месцы, дзе паміраюць сланы.

Кругом відны былі ўсмешкі. Белазубыя, шырокія. І яшчэ панавала цішыня.

— Ведаю, — вельмі проста адказаў Міхал.

Нехта войкнуў.

— Што? — уся падаўшыся ўперад, спытала Мар’яна.

— Жыццё дрэнна ведаеце, археолагі, — зларадна сказаў Міхал, — каб ведалі добра, дык не давялося б вам думаць, ад якой бочкі гэты шпунт.

— Не здзекуйцеся, — сказала яна. — Для нас вельмі важна. Што гэта?

— Я ж і кажу: «шпунт». Праўдзівей, дзіцячая цацка. Дзеці і цяпер ёю гуляюць. У некаторых вельмі глухіх вёсках Палесся. Бяруцца тры бутэлькі з гарбуза. У адной дзірка круглая, у другой — квадратная, у трэ-

цяй — крыжападобная. І трэба зрабіць для ўсіх адзін шпунт, каб праз яго можна было напіцца з бутэлькі. І тады робіцца такая вось фігура.

— Ну добра, — сказаў Лёвачка, — ну квадрат, ну круг. Але дзе ж тут крыж? Нешта я не разумею.

— Галава яшчэ спатрэбіцца, калі акадэмікам будзеш. Кінь, Лёва, — сказаў Міхал.

І павярнуў прадмет так, што відны былі толькі бакі плоскасцяў.

— Вось табе і крыж. І дзірка, праз якую напіцца можна.

— Ч-чорт, як гэта я не здагадаўся, — пачухаў патыліцу Лёва.

— А дзеці палескія здагадаюцца. Ды і ў старажытным Кіеве, відаць, здагадваліся. Прагрэс.

— Апошні ўдар, — адмеціў нехта і задаволена зарагатаў.

Лёвачка схіліў галаву да пляча.

— Ну хлопцы, ну хлопцы, ну Міхал! Гэта ўжо забаронена: ляжачага не б’юць.

Агульны рогат заглушыў яго словы.

А яна глядзела на Міхала здзіўленымі і сур’ёзнымі вачыма.

— Каб вы толькі ведалі, Міхал, якую вы важную справу зрабілі.

— Глупства, — сказаў ён, — проста гэтыя палескія дагэтуль не далі ніводнага археолага.

— Як ваша прозвішча?

— Дарскі.

— А што, — ціха сказала яна, — «цацка Дарскага». Нядрэнна гучыць. І дадала: — Знойдзены дзве шыферныя прасніцы, каралі-«лімонкі» і адна «цацка Дарскага». Не, Міхал, вы ўсё ж малайчына. Гэта нас бог звёў.

Лёвачка зухавата стаяў на краі траншэі, абапіраючыся на рыдлёўку. Рот да вушэй, вочы хітрыя.

— Ты зубы не загаворвай, — прыжмурыў ён адно вока, — ты абяцанне выконвай.

— І сапраўды, — сказаў хлопец у акулярах.

— Абяцанне! Абяцанне! — загулі ўсе.

Зноў вакол блішчалі зубы, асабліва белыя на запыленых сонцам абліччах.

Потым ён перавёў вочы на дзяўчыну. Яна трохі зніякавела. Абое глядзелі адно на аднаго.

— Я думаю, сказаў Міхал, — Мар’яну Юр’еўну не трэба прымушаць. І лавіць яе на слове не варта. Яна пацалуе сама — каго захоча і калі захоча. І гэта будзе цудоўны чалавек, лепшы на зямлі. Яна кепскага не абярэ.

— Брава! — сказаў таўстун.

У трусіках і чырвонай з чорным каўбойцы, ушчэнт спалены сонцам, ён нагадваў афрыканца.

— Брава! — паўтарыў ён. — У наш век заняпаду рыцарскіх адносін вельмі прыемна чуць такое. Хвалю, малады чалавек!

Урэшце, нікуды Міхал не паехаў. Ні праз два дні, ні праз тыдзень. Ён адстаў ад групы і ўвесь водпуск правёў з гэтымі людзьмі. Яны вельмі спадабаліся яму, а ён — ім. Таму што ён быў вельмі кампанейскі і просты хлопец…

Міхал павярнуўся на бок і сціснуў далонямі скроні.

«Ах, божа мой, божа мой», — застагнаў ён.

Дождж усё шумеў і шумеў за саламянай страхою. Лёгкія подыхі ветру даносілі водар абмытай лістоты, горкі павёў палыну, востры пах мяты.

Дождж… Менавіта так дождж шумеў тады, калі яны ўдваіх хадзілі паркамі па беразе Дняпра.

Шырокія сходы царскага палаца, бела-блакітныя муры, мокрыя дрэвы, кручаны струмень фантана, агні ліхтароў у начных шатах.

Дождж мацнеў і мацнеў. Яны ледзь паспелі дабегчы да пустой ракавіны для сімфанічнага аркестра і схавацца туды.

Слабае святло падала на падлогу, блішчалі мокрыя рады пустых лавак. І ветрык, такі, як цяпер, патыхаў з мокрых клёнаў.

— Холадна… — здрыганулася яна.

Ён накінуў ёй на плечы свой пінжак. Пінжак спаўзаў, і яму давялося прытрымаць яго рукою. Адчуваў пад далонню яе худыя моцныя плечы. І, неспадзявана для сябе, прыгарнуў яе да грудзей.

Аднойчы Міхал бачыў дзікую казу, якая папалася ў пастку. І вочы ў той казулі былі такія, як цяпер у гэтай дзяўчыны.

Яны прасілі яго, малілі — не чапаць, пусціць яе. І ён не вытрымаў, пусціў…

Пасля яны пачалі дурэць, разыгрываць перад пустымі лаўкамі, перад мокрым паркам, у якім не было ніводнага чалавека, сцэну з нейкай пышнай трагедыі.

— Вазьміце меч, — замагільным голасам стагнаў Міхал, — і мне прабіце грудзі. Клянуся пасівелай барадой і ўсёй гарэлкай у скляпах — вы любая і ясная…

— Прытым, — смеючыся падказвала яна, я вам не веру. У рыцараў палескіх ёсць у вачах жахлівая спакуса, каварства нізкае, падступнасць слоў. Яны хітруюць, і яны чаруюць. Яны даверлівых дзяўчатак крадуць і ў Турцыю султанам прадаюць.

— Ну, гэта паклёп, — не вытрымаў Міхал. — Мы такія людзі, што ў нас сабакі з-пад носа хлеб крадуць. Нас саміх у Турцыю прадаць можна.

І яны зарагаталі. Дождж перастаў. Толькі дрэвы ўсё яшчэ скідалі на жвір буйныя кроплі.

Яны выйшлі ў парк. І тут, ля агароджы стадыёна, яна выпадкова дакранулася плячом да яго пляча.

Пастка замкнулася зноў. Ён абняў яе і пацалаваў у дзіцячыя прыпухлыя вусны.

— Успомніў усё ж пра маё абяцанне, — прашаптала яна. — Злапамятны ты.

Пацяклі дні. Праца, дзе яго ўжо лічылі сваім, кпіны Лёвачкі, добры і трошкі зайздросны позірк таўстуна, дняпроўскі пляж, звон тугога мяча ў паветры. І яна, то задыханая і ружовая, з занесенай для ўдару па мячы рукой, то ціхая і пяшчотная, з адбіткам начных ліхтароў у вачах…

Аднойчы яны правялі ноч на вадзе. Проста так, селі і паехалі начным параходам.

З берагоў далятаў рэзкі голас драча, які недарэчна пераймаў цвыркуна, даносіла пахі водарасцяў і нагрэтых за дзень кіёўнікаў. Калі параход набліжаўся да берага, ясна чуліся ўсплёскі хваль аб бераг, журботныя і сонныя галасы начных птушак. Недзе далёка, па курсу парахода, гарэла нізкая сіняя зорка. Стоячы на носе парахода, яны плылі проста на яе.

— Не ведаю, сказаў Міхал, — што ў тваім сэрцы. Але маё поўнае. Мне больш нічога не трэба. Ёсць зямля, спрацаваныя мускулы, зорка і ты.

Яны ўжо ведалі, што былі першыя адно ў аднаго.

— Ты доўга будзеш кахаць мяне? — яна прынікла да яго плячом.

— Не ведаю, — проста адказаў ён.

— Чаму?

Ён маўчаў, потым сказаў не то жартам, не то сур’ёзна:

— Час смерці невядомы кожнаму з нас. Таму я і не ведаю, колькі год кахання дадзена мне…

Яны плылі і плылі… І бясконцы быў шлях да сіняй зоркі.

А потым быў світанак. Сонца выплывала з-за пяскоў і лазы левабярэжжа. І хвалі былі зеленавата-блакітныя. І на адзін кароткі момант самыя грабянцы іх успыхнулі крывавым, трывожным, а потым апельсінавым агнём, быццам там вось-вось павінен быў вынырнуць нехта прыгожы, пранікліва-пяшчотны, той, што прыносіць на зямлю вечную цеплыню і радасць…

— З пены народжаная, — ціха шапнуў Міхал, і яна зразумела.

Ах, дождж, дождж!.. Як магло здарыцца, што Міхал адзін тут, у шалашы? Як забыць тую размову ў начным скверыку каля Залатой Брамы?

— Ты сам разумееш, Міхал, я не магу з табою ехаць.

Яна сказала гэта жаласна і ціха, і плечы яе задрыжалі.

— Я ж кахаю цябе.

— Я кахаю больш. І я не еду не таму, што тваю месца заўсёды ў глушы. Я з табою і ў пустыню паехала б. Але ў меня таксама праца. А ў пушчах раскопак не вядуць, хіба што выпадкова. Абое мы з табою цыганы, але вандруем рознымі дарогамі. І бадай што нам цяжка сысціся. Я гнала ад сябе гэтыя думкі, я суцяшала сябе тым, што вось яшчэ застаецца ўвесь твой водпуск за два гады. Вось сорак дзён… Трыццаць… Сем… Цяпер хлусіць больш нельга, засталіся тры дні.

Вялізны рыжы кот пераходзіў непадалёк алею, замачыў лапы і грэбліва атрапаў ваду з лайкавых пятак. Гледзячы на ката, Міхал ціха сказаў:

— Як жа нам звесці дарогі?

— Пераходзь да нас. Ты ж так зацікаваўся працай. Будзеш пакуль што рабочым, брыгадзірам… Потым скончыш завочна інстытут. Табе ж толькі дваццаць тры гады.

— А ты ўжо скончыла. Практыкуеш. Быць мне вечна тваім падначаленым.

Ён падумаў, што яна і зарабляць будзе больш, але ўголас сказаў:

— Мне будзе нязручна…

— Фу, дамастрой які! — сказала яна. — Пакінь, мы ж сучасныя людзі.

— Не кахаеш ты мяне…

— Міхалка, дарагі. Я вельмі люблю свой шлях, мне нельга без яго, я без яго памру. Водар зямлі… Сонца… Аліўкавыя старыя камяні. Знаходкі. Боль у плячах. І вечная думка, што вось адкапаеш, ускрыеш нейкі склеп, а адтуль выпырхне песня, старая, забытая на зямлі…

Яна глядзела на пабітыя вякамі камяні Залатой Брамы, на шыльды «Гастранома» і «Марожанага» за імі, але Міхалу здавалася, што яе вочы бачаць далёкі, неабсяжны стэп, стэп і імклівыя цені палавецкіх коннікаў.

— Я таксама люблю сваю працу. Мяне таксама вучылі, трацілі грошы.

— Ты не вельмі любіш яе, калі ўспомніў пра грошы. Тут жа ты не будзеш гуляць. Усё адробіш…

— Я не магу. Я таксама прырос сэрцам…

— Ну, будзеш займацца як аматар, кнігі пісаць. Натураліст паўсюль на месцы. Пабачыш фауну Азіі, Крыма, пустынь, гор, а не толькі Беларусі. А жыццё дажываць будзем там, дзе ты хочаш, дзе-небудзь на Бярэзіне. Ты напішаш вялікую кнігу пра свае вандраванні. Ну, пашкадуй ты мяне. Не магу я іначай.

Дождж. Кроплі навесілі на дзверы шалаша бісерную фіранку.

Чаму ён не згадзіўся? Правільна не згадзіўся. Ён мужчына. А яна, відаць, мала кахала яго, калі не захацела ехаць з ім разам.

І помняцца толькі заламаныя рукі, трывожныя вочы ў змроку і голас:

— Міхал, любы мой. Аднаго толькі хачу: каб ты хоць у дзіцёнку, у сыне, быў поруч са мной. Каб падобны… Каб заўсёды… Што ж мне рабіць, калі я кахаю цябе?

Яны вырашылі расстацца. Якія цяжкія былі апошнія дні! Утрапёная пяшчота, рукі, якія абдымаюць так, што, здаецца, можна вырваць з іх чалавека толькі з жыццём…

Яны яшчэ казалі, што ўсё не скончана, што яны ў кожную вольную хвіліну будуць ляцець адно да аднаго, што будуць пісаць, але кожны ў глыбіні душы ведаў — гэта канец. Таму што яны не даруюць адзін аднаму гэтага нежадання ахвяраваць у імя друга сваёю дарогай.

Горкія дзіцячыя вусны, пасмачка валасоў, рух цела, як быццам дзяўчына гуляе ў лапту.

Што вам трэба? Чаго вы кожную ноч плывяце з цемры?

Міхал не змог вярнуцца на старое месца працы, адкуль ён ехаў насустрач шчасцю толькі два месяцы назад, а узяў разлік і раздаў рэчы, вырашыўшы перабрацца ў другі запаведнік.

І вось у дарозе дождж. Да станцыі пяць кіламетраў. І дзве дарогі. Адна з іх на ўсход: там Мар’яна раскопвае гарадзішча…

Але ён на паедзе на захад. У пушчу.

Дождж шалеў. Ён паласаваў зямлю, як градам, біў па лісцях, бушаваў у лужынах. І з гэтых лужын, з паветра, з лісцяў — адусюль даносіўся нізкі, нібы ўсхліпы, несамавіты гук. Бледныя далёкія маланкі распаўзаліся па дрэвах чырвоным агнём.

І зноў стаў чуваць голас з пунькі. Міхал лёг на жывот, нацягнуў пінжак на галаву. Яму не хацелася слухаць. Усё адно канец, усё адно нічога не патрэбна, усё адно не будзе шчасця ні заўтра, ні паслязаўтра.

Ніколі! Дарогі ляжаць у розныя бакі. Яна не кахае…

Але недалёкі голас пажылой не так лёгка было заглушыць:

— Кажаш, не кахае. А ты чакай. Глупства… Ты вось паслухай, што ў мяне было з маім Алесем. У Паволжы голад быў — елі траву. А нам, бежанцам, і таго горш. І тады Алесевы бацькі і мае паехалі на радзіму. А тут такая завіруха пайшла, ніхто нічога не разумее. Апынілася я ў сваёй вёсцы, у Літве, а ён у сваёй, у Польшчы. Паміж намі — мяжа. Толькі і можна глядзець, як ён каровы ганяе па ржэўніку. Зусім блізка.

Ён мне не падабаўся з дзяцінства. Вечна такі, быццам яго сабакі шкамуталі, вечна зубы выскаляе. Яршысты нейкі, злы. Аднойчы, ну зусім так, як твой, біўся адзін з чатырма… Гады праходзілі. І часта бывала: ён на адным баку рачулкі пасе, а я на другім. Прабіла аднойчы нагу на ржэўніку, сяджу, плачу. Чую, гукае ён:"Гэй, трыпутніку прыкладзі«. Праз некалькі дзён прыйшла на пашу — матляецца на лазовай галіне белая анучка. Я падышла — пад кустом лапцікі ляжаць, акуратненькія такія. А ён з таго боку зубы выскаляе. Пераплываў, чортаў сын. А маглі ж падстрэліць… І так добра сплёў, хоць ты квас імі пі.

Я тым часам добрая дзеўка выгадавалася, хоць снапы вазі. І ўвесь час заўважаю: вылуплівае ён на мяне вочы. Так і пайшло.

Калі ведаем, што нікога няма блізка — часам словам перакінемся.

Потым ён стаў гаварыць, што я вельмі яму падабаюся. А я ў адказ толькі пасмейваюся:

— Што ж з таго? Хіба з табою на гулянку пойдзеш?

У вас паны, у нас «попасы». І вось яна — мяжа.

Узімку адночы сабраліся на папрадухі, спяваем. І раптам ён — шусь у хату.

Хлопцы хацелі былі яго набіць. Няма чаго нам, маўляў, «палякаў» гэтых літаваць. Ды я ім так сказала, што яны адразу змоўклі.

— Дурань, — кажу Алесю, — цябе ж заб’юць.

— А я назнарок такую ноч выбраў, — і смяецца. Зубы прадае. — Дуйка мяце. Дулю яны сляды заўважаць.

Танцавалі. Я яму шчыра сказала, што ён мне не патрэбен, што мне такімі хоць платы падпірай. Не верыць.

— Ты, — кажа, — усё маніш. Не можа гэтага быць, каб я не падабаўся.

І сказаў, што прыйдзе за мною, што няма яму ад мяне дарогі. Прызначыў ноч.

І толькі пайшоў, узнялася страляніна.

Так мы і згубілі адно аднаго. Потым — вайна. Я сувязной была.

Ну і закруцілася карусель. Немцы ганяюцца за партызанамі, партызаны за немцамі. І вось аднойчы прыходзіць перад світаннем чалавек. Глядзіць, усміхаецца.

— Не пазнаеш? — кажа.

Я глянула — божа мой, Алесь. Зарослы, жорсткі ўвесь нейкі. Але глядзіць з-пад калматых броваў весела. Выявілася, што ён таксама сувязны. І даведалася я, што нічога ён не забыў, што па-ранейшаму ажаніўся б, калі я не супроць.

А мяне як чорт які за язык торгае. Не хачу, і ўсё. І так цягнулася ўсё з год. Як ён ні прасіў мяне, якіх слоў ні казаў — не хачу. Кошчыны гульні — мышчыны слёзкі.

І вось аднойчы з’явіўся ён да мяне позна і не паспеў да раніцы пайсці. Вырашыла я схаваць яго ў старой бульбяной яме на гародзе. Там не знойдуць.

Я пажартавала яшчэ:

— Не крыўдна табе будзе цэлы дзень хату і мяне бачыць?

— Самы смак, — кажа.

І нанёс чорт у гэты дзень немцаў. Пачалі лавіць людзей для адпраўкі ў Германію.

Мяне ўжо і ў калону былі загналі, ды я неяк вырвалася і канавай, канавай, а потым ля платоў да сваёй хаты. Але заўважылі мяне здалёк — і за мной. Я скочыла на двор — і на гару.

А ён з ямы ўсё гэта бачыць.

На гары ў нас салома ляжала. Зашылася я ў салому за комінам і сяджу.

Чую — шукаюць. Ператраслі ўсё ў хаце. Рыпяць прыступкі, — лезе нехта па лесвіцы. Стаў, дыхае цяжка.

— Вайбе, — кажа выходзь.

Я сяджу як мыш пад венікам. І раптам аўтаматная чарга проста па саломе. Каб не комін…

А тут нехта на двары заліўся, як ганчак на зайца.

— Ай-я-я-яй, ай-я-яй. Вось ён! Вось ён!..

І чую, той, хто страляў, скаціўся з лесвіцы. Ушчалася страляніна. Раздаўся выбух.

Я зірнула ў шчыліну. А гэта мой Алесь выскачыў з ямы — і бегчы, як ліс, каб адцягнуць паляўнічага ад нары. Ён і гранату кінуў.

Бяжыць, бяжыць па роўным полі, а яны па ім страляюць.

Ён у хмызах знік, а пра мяне яны забыліся. Загэркалі нешта па-свойму і пайшлі.

Потым я кінулася па следу і знайшла яго ў раўчуку. Вочы пяском зацярушаны, кісць левая на жылачках вісіць.

Дацягнулі яго бабы да хаты. Ён руку памацаў і кажа:

— Рэжце…

— Далі мы яму самагону і адрэзалі мускулы, на якіх рука вісела. Потым, калі апрытомнеў, я схілілася над ім:

— Алеська, добры мой, дарагі.

— Нічога не бачу, — кажа ён глуха.

— Алесь, любы ты мой. Будзеш бачыць.

А ён павярнуўся да сцяны і глуха так адказаў:

- Не хачу я цябе бачыць. Ідзі…

Вядома, ён лічыў, што калі з ім такая бяда, дык не яму пра мяне думаць. Куды, маўляў…

А я толькі вуснамі яму да шчакі:

— Даруй ты мне… Я ж вельмі цябе кахаю. Ты такі мой добры, такі жаданы.

І вось з таго часу мы разам. Выхадзіла я яго ў атрадзе. Праз некаторы час пачаў ён бачыць. І такое мне было шчасце — нічога, здаецца, не трэба больш.

— Як жа так, цётка, — спытала маладая, — і дагэтуль добра пражылі? У вас жа небагата? І дзяцей многа?

— Глупства, — паблажліва адказала старэйшая, — жывём. Ён са мною — і досыць.

Міхал уздыхнуў. Гэтыя людзі разважалі іначай. Ён закурыў другую папяросу. Жанчыны змоўклі. Відаць, паклаліся спаць.

Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны. І пад шум дажджу Міхал непрыкметна заснуў.

Сніўся яму стэп, астравок таго стэпу, што трапляецца ўжо на поўдні Беларусі. Шырокая пыльная дарога, колкія промні сонца. На ўзвышшы, усе ў чырвоным марыве і самі чырвоныя, стаяць людзі з рыдлёўкамі. І раптам ён чуе здзіўлены вокліч. Нехта бяжыць да яго з узгорка.

— Вярнуўся! Вярнуўся, — задыхаецца яна.

Яе рукі бяруць чамадан…

— Хлопцы! — крычыць яна. — Ён вярнуўся! Ён з намі!

А сама прыціскаецца да яго.

— Не, — кажа ён, — я толькі паглядзець. Я мужчына. У мяне гонар.

І вось гасне, робіцца сумным яе аблічча. Ён разумее, што гэта яна, але не пазнае яе рысаў. Чужая, зусім чужая, — а калісь свая, — яна стаіць каля яго. Знікае…

Міхал застагнаў у сне, хапаючы пальцамі паветра. А яна ўсё знікае. Знікла. І стэп быў той самы, але трывожны, як перад навальніцай. А людзі на ўзвышшы расплываліся ў чырвоным марыве.

Гэта было так жахліва, без яе, так жахліва, як ніколі не было наяве. Ён прачнуўся ад жаху і сеў, увесь дрыжучы.

— Мар’яна! — крыкнуў ён, як толькі сон адпусціў яго горла.

Была ціша. У шалаш свяціла сонца. Кожная зёлка, упрыгожаная нізкай кропель, красавалася, зіхацела.

Міхал не помніў, як ён схапіў чамаданчык, як выкаціўся з шалаша.

Дымела мокрая чорная зямля, праменні купаліся ў лужынах, яблыні стаялі ў мокрай знямозе, раскашавалі. А на ліпы і хмызы было балюча глядзець.

І пырхала, пералятала з галіны на галіну, з дрэва на дрэва ў хмызы і зноў на дрэва ўзбуджаная да вар’яцтва малінаўка. Спявала, ажно сад звінеў:

— Разумееце, разумееце, разумееце?! Разумееце, сонца ёсць. Яго зусім не зжэрлі! Яно ёсць! Ёсць!!!

Далёка, садам, ішлі дзяўчына і мажная кабета, якую схілілі не гады, а праца. Яны аб нечым размаўлялі.

А малінаўка звінела і звінела:

— Сонца ёсць!.. Ёсць!..

І пад гэты спеў Міхал шпарка пакрочыў да дарогі. Ён плюхаў па лужынах, слізгаўся і ўсё паскараў крок.

Дарога звярнула да ракі, пайшла берагам. А свет увесь ператварыўся ў сімфонію гукаў, іскраў, пахаў.

«Я абавязкова ўсё раскажу, — думаў Міхал. — Усё будзе добра. Каханне не адступае, яно не адступае ніколі. Я пераканаю яе ці яна мяне — хіба не ўсё роўна? Хіба дрэнна стаць рабочым на раскопках? Паліцца пад промнямі, глядзець у яе вочы, цалаваць яе, гарачую ад сонца, калі за курганам згасае заранка і цені ад узгоркаў імчаць полем, як скіфскія коннікі?»

Рака ўся млела пад сонцам, прымаючы ва ўлонне сонечную цеплыню.

Каля берага плыў у чаўне дзед, самы лепшы з усіх дзядоў на свеце, сівы, лысы. Такі добры дзед.

І Міхал махнуў яму рукою і крыкнуў голасам, які сарваўся ад радасці:

— Лавіць табе не пералавіць, дзед!

І гэты дзед адказаў праз зубы, не таму, што быў мо не ў гуморы, а таму, што трымаў ў роце шнур:

— Хадзі шчасліва, сынок.

Гэта быў такі добры дзед, проста незвычайны!

Міхал засмяяўся ад радасці і пакрочыў дарогай. Свет, сонечны, іскрысты, як хвост паўліна, ляжаў перад ім.

З-за далёкага, зіхатлівага лесу паказаўся дымок, бы там хто піпчыў люльку, а потым даляцеў прызыўны гудок цягніка.

  1. Упершыню — «Маладосць», 1960, № 5.
  2. Першая публікацыя ў кнізе: Караткевіч У. Блакіт і золата дня. — Мн.: Дзяржвыд. БССР, 1961.
  3. Перакладзена на рускую, украінскую, польскую мовы (?).
  4. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 180 — 196.