У снягах драмае вясна — Частка X

Гэта была звычайная рыбалка, з жой не прывозяць рыбы, але затое прывозяць загарэлыя рукі, мазалі на далонях і добры настрой. Паехалі на цэлую ноч. Дзяўчаты «начавалі» адна ў адной, а хлопцам, вядома, не трэба было і прасіцца. На рацэ, вышэй ад горада, знайшлі добрае месца і высадзілі на яго з двух чаўноў «пірацкі дэсант». Янка падсучыў порткі, высадзіў усіх на бераг, выцягнуў чаўны на сухое месца і, граючы на губах нейкі марш, павёў хлопцаў за сушняком. Хутка запалала вогнішча, бо ўжо ноч спусцілася на зямлю. Берасневіч і Паўлюк хутка зрабілі з брызенту нешта накшталт індзейскіх вігвамаў (Берасневіч цярпець не мог без патрэбы ламаць на будан зялёнае галлё) і перацягнулі туды ўсё, што магло намокнуць. Жэнька адразу пайшоў лавіць рыбу, каб толькі з’явіцца цераз дваццаць хвілін і сказаць:

— Не клюе, трасца на яе на тым і на гэтым свеце.

Сяляўка разбіраў прыпасы, выкладаючы тое, што магло спатрэбіцца, на газету. Дзяўчаты ўзяліся за свае справы: Янкава Марыя і Паўлюкова Святлана пайшлі гатаваць ежу, Алёнка і Валя проста пабрылі да ракі.

Ноч была цёмная (месяц тымі начамі ўставаў позна), зрэдку ў вадзе гучна біла рыба, крычаў недзе ў полі, за вербалозамі, няўсыпны драч і гэтым толькі падкрэсліваў бязмежную цішыню. Было ціха і трошкі сумна на сэрцы. Ціха граў на гітары Паўлюк, дзяўчаты слухалі яго. Тут жа, ля вогнішча, спрачаліся Жэнька і Янка, а Сяляўка сядзеў і слухаў іх з сонным выглядам, напаўразявіўшы рот.

Берасневіч выйшаў з кустоў, трымаючы ў адной руцэ калкі пад чайнік, а ў другой — сякеру. Заліты чырвоным сяйвам вогнішча, ён вельмі нагадваў бронзавую статую.

Янка падняў на яго вочы і ўсміхнуўся:

— Глядзіце, Рабінзон Круза або, яшчэ лепей, Зверабой. Так бы мовіць, Тарзан на ўлонні прыроды. І што вы думаеце, некаторым падабаецца. Як у адной кнізе водзываў у кіно было напісана: «Пяць разоў глядзела другую серыю „Тарзана“. Мужчыны! Я вамі пагарджаю!!!»

— А яшчэ што там было напісана? — змрочна спытаў Берасневіч.

— А яшчэ там была аб’ява: «Мяняю жонку тыпу „Джэн“ i цешчу тыпу „Кракадзiл“ на малпу тыпу „Чыта“». Але гэта яшчэ не самае галоўнае. Там яшчэ нейкi разумны чалавек напiсаў: «Жонка! Хаця ты i сем разоў глядзела „Тарзана“, але ўсё адно дура».

На Янку немагчыма было злавацца, і таму Берасневіч спытаўся толькі:

— Пра што спрэчка была?

— Ат, спрачаліся пра літаратуру. Дзе межы паміж нацыяналізмам і патрыятызмам, — адказаў Паўлюк.

— Дык гэта проста. Няхай ты хоць як хвалі сваю Радзіму, узнімай яе хоць да нябёс, — пакуль ты паважаеш другія народы, ты патрыёт. Напрыклад, Шаўчэнка і яго верш «Каўказ».

— З-загнуў, — сказаў Янка. — Чаму ж гэта ў некаторых людзей наконт гэтага іншая думка?

— Бо дурні, калі не горш. Вядома, мне сваё падабаецца больш чужога, і тут нічога дзіўнага няма. А некаторыя, — ледзь пахваліш сваё, — пачынаюць гвалт крычаць. Я лічу, што гэта глупства. Кожны народ робіць сваю справу і існуе дзеля нейкай мэты на зямлі.

— Ідэалізм слінявы.

— Ды не, ты не зразумеў, — пачынаў гарачыцца Берасневіч. — Ну вось, напрыклад, Герояў Савецкага Саюза на Беларусі, скажам, многа, а ў сванаў, скажам, адзін. Гэта зусім не значыць, што адзін народ больш мужны за другі. Трэба ўлічыць, што адзін народ у некалькі мільёнаў, а другі ў некалькі тысяч. Або Нарвегія. Маленькі народ, мае сабе ў кожнай галіне мастацтва па генію. У літаратуры — Ібсена, у музыцы — Грыга. А хто скажа, што ён менш варты пашаны, ніж французы, у якіх гэтых геніяў як грыбоў.

— Гм, — з’едліва сказаў Янка. — А я вось нядаўна чытаў, што Лабановіч у Коласа ледзь не крыміналіст.

— Брэшаш, такога не маглі напісаць.

— Слухай. Цытую: «Такія настроі ў той час не хавалі ў сабе асаблівай (Янка зрабіў націск на слове) небяспекі». Гэта пра абуджэнне яго нацыянальнай самасвядомасці. Значыцца, усё ж такі некаторую небяспеку хавалі.

Берасневіч сумна махнуў рукою:

— Мне здаецца, аўтар гэтага артыкула сам не верыў у тое, што пісаў. Чаму, напрыклад, абуджэнне самасвядомасці Італіі пры Гарыбальдзі або Русі пры Пушкіне — станоўчая з’ява, а абуджэнне самасвядомасці Лабановіча — толькі што «не хавае ў сабе асаблівай небяспекі». Логікі няма. I, мне здаецца, дзеля нейкіх невядомых патрэб гэты чалавек адышоў ад прынцыпаў Леніна. Памятаеце, Ленін казаў, што ў такіх абставінах абарона Бацькаўшчыны — гэта абарона дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць сярэднявечча. Вось яно як.

— Дзе гэта ён казаў? — недаверліва запытаў Сяляўка.

— Пашукай у дзевятнаццатым томе… І я яшчэ вось што скажу: самасвядомасці гэтай у нас — ой як не хапае. Не ведаем ні мовы, ні гісторыі, ні фальклору. Так што такія аўтары робяць дрэнную паслугу сваёй радзіме. А патрэбна, каб усе народы зрабілі ўсё, шго магчыма, каб праз паўтары тысячы год людзі ўспаміналі: «Вось былі калісьці беларусы. Многа зрабілі, чэрці, для светавой культуры не менш, ніж французы альбо рускія ці італьянцы».

— Паслухайце, — умяшалася раптам Валя. — Проста аж сядзець немагчыма. Калі ў вас гэтыя спрэчкі скончацца? Прыехалі на раку, ноч такая, вогнішча — а яны ўсё пра палітыку. Штрафую за гэта цябе, Уладзік, на якую-небудзь казку.

— І то праўда, — сказаў Берасневіч. — Штраф прымаю. А зараз лепей бульбы напячы, дальбог.

Месяц устаў над ракою, заліў святлом блакітныя пяскі на беразе, праклаў на вадзе залатую дарогу некуды далёка, у шчасце. Заснаваліся вербалозамі цені і казкі. Пачала крычаць перапёлка недзе ў зялёных жытах.

І здарылася дзіва: тысячы светлых срэбных месяцаў рассыпаў месяц у хмызах, прасякнуў ваду і дайшоў да дна глыбокіх віроў, абудзіў ад сну вірлавокіх самоў і нават іх прымусіў марыць пра нешта, паводзячы вусамі.

Нават самам не спалася ў гэту ноч, не кажучы пра людзей. І лес стаяў за спіною расісты, срэбны, дыхаў халадком і таямнічымі начнымі гукамі.

Салоўка заспяваў. У гнёздах птушыных ціхая буркатня, і разважлівы дрозд прыкрыў сяброўку крылом: ад прастуды.

Якая цішыня! Якая вялікая цішыня!

Яны адышлі берагам метраў на трыста і зараз павольна плылі да затокі, на беразе якой палала вогнішча.

Цёмна-блакітная вада, і ў гэтай вадзе светла-блакітныя рукі Алёнкі. Яна плыве нявольным брасам. Вось ён дагнаў яе.

— Адпачнем трошкі, — сказала яна цёмнымі вуснамі на блакітным твары.

Берасневіч падплыў трохі бліжэй, падклаў ёй руку пад галаву, і яны навольна паплылі па цячэнню ракі.

Ляжалі на вадзе, якая песціла іх мяккімі лапамі. Целы іхнія ўсплывалі, калі яны рабілі ўздых, і, каб не было нязручна, ім давялося нават дыхаць толькі разам.

Затока пад месячным сяйвам. Доўгі час, усё жыццё будзеш ты, чалавек, памятаць момант найбольшага шчасця, момант, калі нават дыхаеш адным дыханнем, калі адчуваеш, што ты — гэта яна. І чаму, чаму так рэдка, чаму толькі раз ці два ў жыцці бываюць такія імгненні, імгненні зліцця ў адно нават да самага дыхання?

Нашто жыццё раскідвае потым людзей і ўзнікаюць непаразуменні, звады і боль?

На доўгі час, навекі запамятаеш ты гэта.

…I пасля дзевяць постацяў сядзелі ля агню. Пусты чаннік. Плыве папяросны дымок. За вогнішчам цемра. Бронзавыя рукі, бронзавыя твары. Не, не бронзавыя, быццам з расплаўленага золата адлітыя твары. І нейкая асаблівая глыбіня ў вачах.

Гучы, гучы, старая казка.

Берасневіч кажа, і словы яго гучаць таямніча. Вогнішча, рукі ламаюць сушняк, месяц над ракой.

Вось ужо ўзялі Яліну вужакі, пасадзілі ў човен, заплецены белай лілеяю, павезлі па азёрах, павезлі па межытоках, прывезці да выспы, у змрочны замак вужынага караля. Каралева вужыная! Ужо табе светлай травы не таптаць, ужо табе кароўку ў лугі не ганяць. І маці тваёй на вяселлі не будзе, як быццам мёртвая яна.

Ляцi, ляцi, салавеечка,
На той свет па матухну.

І салаўёў няма каля замка. Толькі вужакі ды балотныя агні плаваюць. Тут і сонейка не свеціць, тут і ноч кожны дзень. Адпрасілася Яліна дадому. Кажа ёй кароль: выйдзі кожны ранак на бераг, спытай у хваль…

Калi жыў ты, калi чуеш ты,
Як заву цябе, змарнелая, -
Пырснi, пырснi з вадзяных глыбiнь,
Расплывiся, пена белая.
Калi ж вочы твае ясныя
Не глядзяць на свет, яскравыя,
Пырснi, пырснi з вадзяных глыбiнь,
Пена алая, крывавая.

Пена алая выплывае, — браты караля забіваюць. Не трымай мяне, светлая маці, і ты не пакінула б у бядзе сына свайго.

— Не кахала!.. Не кахала… — шуміць над вірам сухая вольха. Ляжыць на дне пад вадою замест вужакі прыгожы юнак у залатым поясе, у срэбнай світцы.

— Зачараваў мяне злы чараўнік і сказаў, што спадуць чары, калі пакахае мяне, вужаку склізкага, самая прыгожая дзяўчына на маёй зямлі. Зніклі чары… Забіты я, але без жалю паміраю. Кахаю я, кахаюць мяне. Праз боль немінучы, праз агні гаручыя, праз смерць ад мяча прайшло каханне. Не паблякла, а агнём заззяла. То й слава яму. Плыне, плыне срэбная рака, гарыць, гарыць вогнішча. Праз усё пройдзе каханне — не заржавее, не сатрэцца. А месяц свеціць і снуе, снуе казкі.

Цішыня! Цішыня! Блакітныя з чорным карункі тчэ ў вербалозах месяц. Сядзяць людзі, слухаюць казку плячом да пляча, наіўныя і мудрыя, як першыя людзі на зямлі, як Адам і Ева.

Усё знікла вакол, толькі вечны месяц, вечная рака, вечнае каханне, вечныя словы казкі, і вось толькі зараз упершыню запаліў чалавек агонь.

Месяц! Месяц!