У снягах драмае вясна — Частка XVI

Зборы пачаліся даволі позна, у восем гадзін вечара. Аўдыторыя пасля лекцый была душная, ды яшчэ ў гэту вялікую залу ўціснуліся зараз камсамольцы цэлага аддзела. У дадатак да ўсяго згасла святло і давялося запаліць некалькі свечак. Іх няпэўнае святло асвятляла толькі стол, за якім сядзелі некаторыя выкладчыкі, ды некалькі першых радоў. Па столі скакалі, рухаліся вялізныя цені, куткі залы губляліся ў цемры.

Берасневіч сеў з усёй «вялікай камарыльяй» ля правай сцяны. Была Алёнка (на яе твар лёг рэмбрантаўскі цень), сядзеў поруч з ёй Жэнька, калмацячы чуб. Янка, вясёлы і з’едлівы, як заўсёды, жартаваў з Валяй, малюючы на яе карыкатуру. Прымасціўся поруч і Паўлюк. А вось непадалёку і Сяляўка, які чамусьці ўвесь чырвоны; хвалюецца, ці што?

Далей галовы, як качаны на гародзе. Усялякія галовы: рыжыя, чорныя, бялявыя. Яшчэ далей, ля стала, Маркіч на калене перабірае нейкія аркушыкі, гатуецца. Яшчэ далей сядзіць Грушэвіч, з ім Холадаў і Пірагоўскі, выкладчыца замежнай мовы Лунінецкая, прыгожая сумная жанчына.

Ля Маркіча сядзяць парторг курса Паўлоўскі і Марыя Капасевіч. Словам, зборы як зборы, нічога асаблівага. I пачаліся яны млява, і ішлі млява, хоць тэма была: «Паводзіны сапраўднага камсамольца». Выступаў Мікола, расказваў пра справы камсамольцаў аддзела за мінулы год, расказваў і пра будаўніцтва стадыёна. Берасневіч знайшоў, што прамовы ён кажа горш, ніж дзейнічае кіркай. I наогул было нудна. Янка, напрыклад, даўно не слухаў, а пісаў сваю частку калектыўнай «дэкадэнцкай» паэмы, у якую кожны дабаўляў пасільна некалькі радкоў. Паэму вырашылі назваць «Крывапупныя бравэркі». У Янкі радкі атрымліваліся абсалютна ідэальна бязглуздымі і ў той жа час смешнымі. Зацікаўлены Берасневіч глядзеў Янку пад руку.

Духмянiўся завоблачны татэм,

Ныралi нiмфы ў сонечнай клаацы,

I з нечыстот рабіўся смачны крэм.

— Уладзік, а якую рыфму падабраць да слова «сабакі»?

Берасневіч замысліўся, і ў гэты час яму здалося, што нехта голасна паклікаў яго. Ён падняў вочы — на кафедры стаяў Маркіч, энергічна сціскаючы ў руцэ скамечаныя аркушыкі. Выглядаў ён, як літоўскі Пяркун, пасля таго як гэты бог удала разбіў бліскавіцаю янтарны палац: выпрастаўся, твар строгі, жэсты абдуманыя, высакародныя.

— Дык вось я і кажу, што калі мы маем сапраўдных камсамольцаў, дык маем мы і тых, якія пэцкаюць ганаровае званне камсамольца. Сапраўдныя будуюць, вучацца, набываюць веды…

Голас яго дрыжэў ад «хвалявання». I ўсё гэта былі правільныя словы, і Берасневіч сто разоў падпісаўся б пад кожным. I ўсё ж гэтыя правільныя, добрыя словы гублялі нейкую жывую афарбоўку ў вуснах Маркіча. Так бывае, калі п’еш добрую ваду з сальнай шклянкі.

— Хрысціцца занадта размашыста, — сказаў Янка.

— Што? — не зразумеў Берасневіч.

— Я кажу, што ў царкве злодзея лёгка шукаць. Хто вельмі ўжо размашыста хрысціцца — той і ёсць найвялікшы злодзей.

— Чакай ты…

— Гэтае адроддзе псуе нам усю справу! — грымеў Маркіч з дэмасфенаўскімі жэстамі. — Іх не павінна быць у нашых шэрагах! На шчасце, менавіта такіх на нашым курсе няма, але ёсць так званыя «людзі», якія прыбліжаюцца да гэтага свайго ідэалу. Аднаго з такіх я ўжо назваў. Гэта студэнт Берасневіч. Табе, дарагі Уладзік (Берасневіча перасмыкнула ад агіды), трэба вельмі і вельмі падумаць пра свае паводзіны, калі ты хочаш застацца нашым другам, другам сапраўдных савецкіх маладых людзей.

— Чакайце, хлопцы! Што ж гэта ён кажа? — ускрыкнула Алёнка.

— Прашу не перабіваць, — здзекліва сказаў Маркіч. — Гэта трошкі ранавата. I да таго ж вы, здаецца, яму не сваячка?

— Дазвольце мне, — падняў руку ціхі, заўсёды маўклівы студэнт трэцяга курса Аркадзь Чудзікаў. — Можа, я перабіваю, але я… я ведаю таварыша Берасневіча як аднаго з лепшых студэнтаў, як аднаго з лепшых камсамольцаў. Вучыцца ён толькі на «выдатна», быў вельмі добрым камсоргам, які не дазваляў такой агіднасці, якую мы бачым зараз, працаваў сам і іншых прымушаў працаваць і не рабіў ніколі такіх нудных збораў, якія пайшлі пры табе. Ён удзельнічае ў навуковых гуртках. Да універсітэта быў і рабочым. Працуе заўсёды добра. Стадыён пабудаваць — яго ідэя.

Капасевіч раптам звярнулася да Маркіча, і такі воцатны выраз быў на яе твары, што адразу магчыма было зразумець: гэта сядзіць такая дзяўчына, якая, нават пражыўшы дзесяць год замужам, зберагае выгляд і звычаі старой дзеўкі.

— Вы старшыня збораў ці не, таварыш Маркіч, а калі вы старшыня збораў, дык нашто вы дазваляеце расказваць усім вядомую вонкавую біяграфію гэтага таварыша?

— Я скончыў, — сказаў Чудзікаў. — Але думаю, што добрую біяграфію нядрэнна і яшчэ раз праслухаць.

Ён уздыхнуў і сеў.

Берасневіч устаў і ўсё яшчз разгублена сказаў:

— Я, уласна кажучы, не разумею. Чаму дазволілі так, не за рудога сабаку, шальмаваць чалавека? Я, здаецца, учынкамі сваімі не даваў ніякай падставы.

— Каб не даваў, — рэзка сказала Капасевіч, — дык не рабілі б з цябе дрэнны прыклад для сённяшніх збораў. Можа, ты і сёння ўбягіш…

— Ах, якая чароўная мова! — захапіўся Янка.

— I ты таксама, — не ўтрымалася Капасевіч, — недалёка ад яго пайшоў. Глядзі, каб заўтра і ты так не стаяў.

— Чакайце! Чакайце! — кругла і прыемна загаварыў Маркіч. — У нас тут што, зборы ці кірмаш? Калі кірмаш, дык давайце ўсе разам крычаць. А калі зборы, на якіх мы хочам разабрацца ў розных прыкрых фактах нашага жыцця, дык давайце, таварыш Капасевіч, сядайце, і не трэба перадчасна гарачыцца. I вы сядайце, Берасневіч, пакуль ад вас не патрабавалі тлумачэнняў або пакуль не далі слова. Та-ак. Дый рэгламенціка трэба трымацца, а то не елі ўжо сем-восем гадзін.

— Ч-чорт! — вылаяўся Янка. — Якiм бы ён цудоўным жоўтым босам быў у Амерыцы.

Маркіч пачуў гэтыя словы:

— Заклікаю да парадачку. I кажу прама, абражаць нельга.

— Дык ты ж сам…

У аўдыторыі ўзняўся шум. Міколу давялося хвілін пяць біць алоўкам па графіне, пакуль не стала цішыня.

— Ну што ж, — сказаў Маркіч, — ад мяне патрабуюць доказаў. Я не жадаў даваць іх, але зараз, каб мяне не так вінавацілі, не называлі паклёпнікам, я іх дам.

— I няхай Берасневіч адказвае адразу на кожнае абвінавачанне, — сказаў дэкан, гледзячы на Берасневіча са спачуваннем, якое выразна адбівалася ў старэчых добрых вачах.

Маркіч выцер хусткаю потны лоб і сказаў эфектна:

— Не жадаю кідаць у гэтага чалавека брудам… Не, не магу…

— Кажы! — закрычала Капасевіч. — Пачаў, дык кажы!

— Ну добра. Першае, гэты чалавек — нацыяналіст. На маёўцы, у прысутнасці людзей з нашай групы, ён казаў, што адзін народ адрозніваецца ад другога толькі колькасцю. Ён апраўдваў буржуазны нацыяналізм…

— Брэшаш, — выкрыкнуў Янка, — я быў пры гэтай размове!

— Няпраўду кажаш, — узняўся Берасневіч, — ты пашукай у XIX томе ў Леніна на старонцы 204. Там ты адшукаеш менавіта такі «нацыяналізм», які я прапаведаваў. I ты мне такіх думак не прышывай. Я казаў, што часта пісьменнікі забываюцца на тое, што наша літаратура павінна быць усё ж такі нацыянальнай па форме — гэта так. А за абразу можаш атрымаць.

Маркіч ухмыльнуўся:

— Не так гэта ўсё нявінна было, студэнт Берасневіч. А хто крытыкаваў сучасную нацыянальную палітыку? Хто казаў, што ёсць улюбёнцы і занядбаныя дзеці?

Берасневіч глянуў на Паўлюка. Паўлюк збянтэжана знізаў плячыма: было ясна, расказаў не ён.

— Ну што ж, — проста сказаў Берасневіч, — адмаўляцца не буду, казаў. Хіба мала ў нас такіх абураючых фактаў? Я ведаю, гэта «ад лукавага». Міне год-два, і гэтага з ліхтаром не адшукаеш. Напрыклад, антысемітызму.

— Не, ён назваў гэта шкодніцтвам, — захрыпеў Маркіч.

Што было сказаць на гэта? Гэта быў пяцьдзесят другі год, пра Берыя ў той час, як вядома, не чулі, і нават праз год яшчэ Чудзікаў зрэзаўся на іспытах, не ведаючы пытання: «Адзнакі сацыялістычных нацый у азначэнні Л. П. Берыя».

Берасневіч не адказаў нічога, замест гэтага ён спытаў:

— Падножкі ставіш?

— Што ты! — жахнуўся Маркіч.— Слухайце, таварышы, ён лічыць мяне ворагам. Але я пасля збораў падыду да яго, пацісну яму руку, бо зусім не перастаў лічыць яго чалавекам. Я яго люблю, ён мне дарагі, і я хварэю за яго сэрцам сваім.

— «За кого ж ти розип’явся, Христе, сине божий?» — голасна прачытаў Янка радок з Шаўчэнкі. — За Маркіча?

Недзе зарагаталі, але Мікола Касмач, ледзь стрымліваючы ўсмешку, загрукаў алоўкам па графіне:

— Ціха! Выведу, Галавень.

Не ўсміхнуліся толькі ў асяроддзі Маркіча. Каму даводзілася бачыць такі тып людзей, той ведае, што гумару яны арганічна не разумеюць.

Лунінецкая, калі пачула словы Маркіча, упершыню з цікавасцю паглядзела на Берасневіча.

— Дазвольце мне, хоць я даўно выйшла з камсамольскага ўзросту, сказаць слова. Вы, таварыш Маркіч, супярэчыце самому сабе. Калі чалавек, як вы кажаце, нацыяналіст, дык праявы ў нас антысемітызму гэта зусім не яго клопат. Выходзіць, што гэта не нацыяналізм. Што ж гэта такое? Можа, проста патрыятызм, інтэрнацыяналізм, павага да ўсіх народаў?

Маркіч спудзіўся. Ён унікаў спрэчак з выкладчыкамі.

— Добра, магчыма, што мы тут памыляемся. Я буду гаварыць далей. Спачатку я скажу пра тое, што чуў я сам. Ён вінаваціў нашу навуку, казаў, што ў пытанні пра аспірантуру часта ўлічваюцца не веды, не талент чалавека, а блат.

— Гэта не сакрэт, — заўважыў дэкан. — Ёсць у нас і такія выпадкі.

— Няхай так, — выкруціўся зноў Маркіч, — але слухайце далей. Ён казаў, што хуліганства ў нас ёсць таму, што мы не звяртаем увагі на выхаванне людзей, казаў, што хуліганы — гэта дзеці адказных работнікаў, паклёпнічаў на лепшых сыноў нашай краіны. А наконт таго, што ён не любіць нашай рэчаіснасці, гэта ведаюць усе. У інтэрнаце нават паставілі фарс, у якім не без падставы называлі яго «жыхаром шаснаццатага стагоддзя».

Гэтага мала, таварышы, я скажу яшчэ вось што: гэта чалавек, які пагарджае нашай філасофіяй, чытае Ніцшэ і, відаць, бярэ з яго рэакцыйнай філасофіі многае.

Берасневіч, узрушаны і абураны, як кожны, хто чуе, як яго словы перакручваюць і бессаромна хлусяць пра самую яго сутнасць, хацеў было крыкнуць, але ў яго сціснула глотку. Сціснуўшы кулакі так, што пабялелі суглобы пальцаў, ён глянуў на Алёнку. Тая слухала амаль са слязамі на вачах, і з гэтага імгнення Берасневіч раззлаваўся па-сапраўднаму, вырашыў, што змяшае Маркіча з зямлёю, няхай ён толькі скончыць.

— Ён лічыць сябе звышчалавекам, грубы з сябрамі, пры мне сказаў, што не падасць таварышу Галаўню рукі за нявінны жарт. Ён, гэты так званы чалавек, лічыць людзей толькі прыступкамі, па якіх можна падняцца. Гэта добра ведаюць тыя, што сядзяць зараз поруч з ім.

— Хто гэта? — абурыўся Янка. — Мы? Я быў вінаваты, я абразіў яго гэтым ідыёцкім, хлуслівым фарсам… I мы ведаем, што Берасневіч аддасць апошняе сябру, а не…

Касмач зазваніў у графін. Янка сеў на месца.

— Далей, таварыш Маркіч.

— Ён лічыць, што на лекцыі могуць хадзіць адны «шарачкі», што для яго, вялікага, гэта занадта нізка. Мала таго, калі я пачаў размаўляць з ім пра гэта, ён абразіў брутальнымі словамі нашага паважанага лектара, Івана Аляксандравіча Пірагоўскага, злосна кпіў з прафорга Капасевіч, смяяўся над лекцыямі выкладчыка, паважанага таварыша Холадава.

— Якія ты сам называў «курсам гамілетыкі»! — голасна крыкнуў Жэнька.

Маркіч нават не пачырванеў:

— Так, таварышы, такое было. Я не веру ўласным вушам, але было, было. О, каб гэта было выдумкай — як бы лёгка стала ў мяне на сэрцы, як лёгка! Але гэта так. Ніцшэ ён чытае, а вось як ён адказвае на семінары ў таварыша Холадава, гэта чулі ўсе. Ён не хоча, паўтараю, не хоча вучыць марксізм.

Нехта войкнуў. I сапраўды, удар быў жахлівай сілы. А тут яшчэ сунуў свае тры грашы Холадаў:

— Гэта так. Я гэта даўно заўважаў. Энгельса ў памылцы абвінаваціў.

— Дык вось, — загрымеў Маркіч. — Я яшчэ не скончыў, але спытаюся ў вас, ці месца такому чалавеку ва універсітэце і ў камсамоле? Не ведаю, не ведаю, але вырашыць усё, вядома, група.

I ён трыумфальна паглядзеў на пярэднія рады. Студэнты сядзелі збянтэжаныя, а многія, відаць, зразумелі, што ўмяшацца ў справу зараз будзе небяспечна. Таму маўчалі.

— Скажу цяпер пра тое, што я чуў ад іншых. Аднойчы, яшчэ ў мінулым годзе, Берасневіч размаўляў з адным студэнтам і абураўся, што не даюць чытаць буржуазных кніжак. Пасля гэтага назваў нашых людзей цемрашаламі і дзікунамі і абураўся нацыянальнай палітыкай.

— Цікава, скуль ты здабыў такія свежыя звесткі? — спытаў Паўлюк. Вочы яго палалі, зморшчына на лобе яшчэ больш рэзка азначылася. А Маркіч меў выгляд баксёра, які зараз удала накаўтуе праціўніка.

— Ёсць і сведак. Устань, Сяляўка.

Сяляўка ўстаў, вялікая пакута была на ягоным млявым твары. Ён глядзеў на вузкі лоб Маркіча, на тытунёвыя самазадаволеныя вочы і вагаўся, чырванеў, маўчаў.

— Чуў ты гэта цi не?! Праўда гэта цi няпраўда?!

Сяляўка ледзь выціснуў:

— Праўда, але не зусім.

— Праўда гэта ці не?!

— Праўда, але ён…

— Усё, усё ясна, — адрэзаў Маркіч. — Сяляўка мне гэта яшчэ тады сказаў. Факт засведчаны! Цікава, што ён скажа зараз?

Берасневіч падняўся, пабачыў на сабе зацікаўленыя позіркі, глянуў на выкладчыкаў. Відаць, і яны завагаліся, глядзелі на яго з чаканнем, магчыма, нават непрыязна. Ён перавёў позірк на Алёнку і жахнуўся: нават яна глядзела на яго з жахам і гідлівасцю. Ён вінавата ўсміхнуўся і паспрабаваў быў пакласці сваю далонь на яе руку, якая ляжала на стале, але яна адсунула яе.

— Не кранайся, — сказала яна. — Ілгун.

Добра, што было цёмна і ніхто не заўважыў, але Берасневіча як быццам бабухнула па галаве, і рознакаляровыя кругі закруціліся перад вачыма. Замест таго каб казаць па прадуманаму плану, ён сеў на месца.

— Я не буду гаварыць. Ён ілгун, несумленны, нядобры чалавек.

Гэты ўчынак зрабіў тое, што і частка студэнтаў абурылася. Нехта сказаў голасна:

— Што ж гэта ён, лічыць за нізкае адпавядаць нам?

Берасневіч пабачыў зларадную ўсмешку на твары Маркіча, і гэта дало яму сілы.

— Не, таварышы, я не лічу за нізкае адказваць калектыву. Паўтару толькі: ён ілгун. Вы ўсе былі сведкамі маёй размовы з таварышам Холадавым і ведаеце, у чым сутнасць справы. Я не вінаваты.

I ён коратка расказаў пра сутнасць тых сваіх учынкаў, на якія выступіў з рушэннем Маркіч. Растлумачыў пра нацыяналізм, пра абразы таварышаў і ніцшэанства, пра адносіны з Холадавым. Апавяданне было кароткім. Моцны чалавек, ён не мог абараняцца ад несправядлівасці, ужываючы хлусню і забароненыя прыёмы. Да таго ж і Алёнка…

— Н-няма чаго казаць, тактыка, — прагаварыў чырвоны Холадаў, — не прызнаваць сябе вінаватым. Нахабства нейкае.

— Не, гэта не нахабства. Калі я размаўляў, можа, занадта рэзка, дык і таварыш выкладчык мяне абразіў. I я зусім не казаў пра памылку Энгельса, я казаў, што гэта гучыць як быццам памылкова з нашага, сучаснага пункту гледжання, бо марксізм развіваецца, ён не догма. I што сказаць у адказ на беспадстаўныя словы, што я не жадаю вывучаць марксізм? Гэта так бязглузда. Як гэта я магу не жадаць трымаць у руках ключ да гісторыі грамадства? Мяне ведаюць мае сябры, яны ведаюць, як я старанна заўсёды гатуюся да семінараў, яны ведаюць, што я няблага ведаю прадмет. Таварыш Маркевіч, напрыклад, ніколі не крыўдзіўся на мяне за тое, што я хачу думаць, што я разважаю, што я ведаю творы варагоў таксама. I вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ёсць у нас яшчэ цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў, — я кажу гэта проста ў вочы, і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму — гэта яшчэ не нацыяналізм. Я кажу адверта, што люблю. I пра парадак прыёму аспірантаў я казаў, і мяне падтрымаў таварыш Грушэвіч. Адказваць на тое, і што я з пагардаю стаўлюся да людзей — непатрэбна. Няхай скажуць усе, ці быў я дрэнным сябрам, ці схаваў я апошняе, калі ў мяне нешта было? Ніхто не кіне ў мяне камень. Вы гэта зразумееце, а тыя, што наўмысна жадаюць перакруціць мае словы і ўчынкі, тых мае словы не пераканаюць.

Маркіч закруціўся, ён бачыў, што прамова Берасневіча зрабіла ўражанне, што Берасневіча сапраўды ведаюць і любяць, і таму нанёс апошні ўдар, прыгадаў тое, ад чаго толькі Берасневіч і не мог апраўдацца:

— Ты яшчэ пра шкодніцтва раскажы.

Берасневіч ведаў, што няпэўны адказ дасць Маркічу і Холадаву радасць, але не мог прыдумаць нічога. Ён маўчаў. Нельга ж было сказаць, што ён і зараз думае так. Маўчаў і зал, адчуваючы, што ўдар быў смяротным.

Маркіч з трыумфальным выглядам павярнуўся да Сяляўкі, які сядзеў са змярцвелым пакутніцкім тварам:

— Праўда гэта ці не, Сяляўка? Гаварыў ён такое ці не?

Сяляўка ўстаў, крыва пасміхаючыся, паглядзеў на Маркіча, на Берасневіча. Твар яго стаў белым і жорсткім.

— Ну дык як? Як? — дамагаўся Маркіч.

— Падла ты, злодзей! — нечакана загрымеў, несамавіта закрычаў Сяляўка, адразу пераходзячы на віцебскі дыялект. — Такім свінням, як ты, у вочы пляваць трэба! Нашто топіш добрага чалавека, дрэнь?

Таму што чалавек закрычаў так утрапёна ў першы раз за тыя гады, што яго ведалі, усім стала страшна. Усе адчулі, робіцца нешта неймаверна гнюснае, але адчулі толькі на хвіліну.

Звон алоўка.

— Рыгор, навучыся трымаць сябе. Агіднасць якая! Маўчы!

— Няма чаго, Касмач, мне маўчаць! Ты вось зараз і Уладзіку спачуваеш і Маркіча баішся, хвост па ветру! На тваіх вачах чалавека без нажа рэжуць!!! Што ж ты сабе думаеш?

Зноў звон алоўкам.

— Я не буду з табою спрачацца. Маўчы пакуль што, — сказаў Касмач.

…Выступаў пасля гэтага Холадаў і гаварыў разгромную для Берасневіча прамову, гаварыў дэкан, які толькі і сказаў, што ў Берасневіча не ніцшэанства, а самаўпэўненасць.

Справы Берасневіча рабіліся ўсё горшымі і горшымі.

Група маўчала. Маркіча баяліся, бо ведалі: такі здатны на ўсё.

Гаварыў і Паўлюк, гаварыў у лірычным тоне і скончыў на тым, што сказаў: «Не той герой і камсамолец, хто мянціць языком, а той, хто камень над сябрам падтрымае».

Маркіч толькі ўсміхнуўся ў адказ на гзта і сказаў з нядобрай грымасаю:

— Гер-рой. Гэта ён, Берасневіч, яго падвучыў сказаць такое. Бачыце, адны толькі яго сябры і выступаюць.

Чорныя бровы Паўлюка таргануліся.

— Я шкадую, што мы тут, на зборах, у прысутнасці выкладчыкаў. За такія словы ў прыстойнай кампаніі б’юць па мордзе. Гніда ты!

Паўлюка прымусілі пакінуць аўдыторыю за сваю грубую выхадку. Словам, ён яшчэ больш сапсаваў і без таго не бліскучую справу.

Папрасіла слова Капасевіч толькі дзеля таго, каб паручыцца за Маркіча сваім партыйным сумленнем, пасля чаго Маркіч сказаў толькі:

— Я не крыўджуся на абразы з боку такіх людзей, як Берасневіч. У яго ўсё толькі ў асабістых інтарэсах. Ён згадзіўся б, каб правалілася ўся зямля, толькі б быў яго дамок і садок і каханая жонка поруч.

Берасневіч ледзь не крыкнуў, што гэта перакручаныя словы яго ліста, які не дайшоў да Алёнкі, што, відаць, ліст гэты ўзяў Маркіч, але паглядзеў на сухі, невыразны і жорсткі твар Алёнкі і… нічога не сказаў. Каму гэта было патрэбна зараз? Ён усё адно не назаве яе імя, а значыцда, заява будзе галаслоўнай, яшчэ падумаюць, пгго ён гэта зрабіў для таго, каб скампраметаваць Маркіча. Не трэба.

А Маркіч паглядзеў на студэнтаў, зрабіў суровы выраз на твары і сказаў разважліва:

— Ну што ж, справа, здаецца, ясная. У каго будуць якія прапановы наконт студэнта Берасневіча? У вас, Капасевіч?

— Так, у мяне, — засакатала Марыя. — Мне здаецца, што такім людзям не месца ні ў камсамоле, ні ва універсітэце. Берасневіча трэба выключыць з камсамола і хадайнічаць перад рэктарам аб выключэнні яго з універсітэта.

— Ну не, — прабурчэў даволі голасна Янка. — Я чакаў, я ўсё вагаўся, але цяпер бачу, з мярзотнікамі можна ўжываць і забароненыя між сумленнымі людзьмі прыёмы.

Ён устаў і папрасіў слова. Той-сёй загадзя засмяяўся, але хутка ўсмешкі зніклі. У Янкі быў такі надзвычайны твар, што многім стала непрыемна. Вялікі лоб пайшоў зморшчынамі, вочы глядзелі жорстка і суха, і нават сухарлявасць здавалася не камічнай, а велічнай.

— Я доўгі час думаў, — пачаў ён ціха, — выступаць мне або не выступаць. Уласна кажучы, тое, што я зараз зраблю, называецца на мове сумленных людзей подласцю, тым больш што я сам далёкі ад артадаксальнага пункту гледжання ў гэтым пытанні. Але, пакуль я вагаўся, здарылася тое, што можна кваліфікаваць як подласць. Сумленнага, сапраўднага чалавека збіраюцца выключаць. Таму я не вагаюся больш. Подласць дык подласць. З праціўнікам трэба біцца ягонай зброяю. Яшчэ больш узмацніла мае намеры тое, што гэты суб’ект напаў без абвяшчэння вайны, не паразмаўляў спачатку з Берасневічам па-сяброўску, не паспрабаваў пераканаць яго. Значыцца, гэта не ўчынак камсамольца, які дбае пра перавыхаванне сяброў, а нешта накшталт нажа ў спіну.

Ён змоўкнуў на хвіліну. Напружаная ціша стаяла ў аўдыторыі: усе адчувалі, што гатуецца нешта сур’ёзнае. Янка выцер хустачкай рот і спытаў у Марыі Капасевіч:

— Дык значыцца, калі толькі мяне не падвёў слых, ты ручаешся сваім партыйным сумленнем за гэтага чалавека? То-бок за Маркіча, прабачце.

— Ну вядома, я ж сказала гэта.

— I, значыцца, ты ручаешся, што ён не здатны на подласць, што ён нічога не скрывае ад нас, што ён увесь як на далоні перад намі?

— Н-ну, в-вядома, — закруцілася Капасевіч, адчуваючы, што гатуецца нешта нечаканае.

— I гэта добра, — сказаў з ледзяным спакоем Галавень. — Я, між іншым, таксама, як вы ведаеце, член партыі, член партыі ўжо чатыры гады (маю, значыць, роўна ў чатыры разы большую школу партыйнай вывучкі, ніж ты, Марыя), але тут мы прытрымліваемся, на жаль, розных пунктаў гледжання з таварыш Капасевіч. Я лічу, што ручацца партыйным сумленнем за чалавека, якога дрэнна ведаеш, гэта трошкі, я б сказаў, дзіўна і наўрад ці сумяшчальна з прабываннем у радах партыі. Н-да. Ёсць іншыя прадстаўнікі камсамольскіх важакоў. Яны працуюць, адбудоўваюць шахты, вучацца, а не займаюцца плёткамі на зборах. Што ж, нам не пашанцавала, мы трапілі ў месца, дзе такіх выявілася мала. Прыкра, але гэта не значыць, што не ў нашых сілах змяніць становішча.

Ён зноў змоўкнуў, і гэта паўза была таксама мёртвай. Хмары так згусціліся, што ўсе з нецярпеннем чакалі ўдару перуна. А Янка зноў загаварыў усё з тою ж павольнасцю, частымі паўзамі і паважнай грунтоўнасцю:

— Я даўно меў падставу чакаць гэтых збораў, ведаючы некаторыя асаблівасці адносін паміж студэнтамі Берасневічам і Маркічам. Праўдзівей кажучы, адносін Маркіча да Берасневіча. Ведаючы гэта, я схільны быў прадбачыць найгоршае, трошкі ведаючы асаблівасці натуры студэнта Маркіча. У той самы час я папярэдзіў Берасневіча, які, я не скрываю, з’яўляецца маім другам, але Берасневіч сказаў мне, што Маркіч добры, хаця і трошкі дакучлівы чалавек і ні ў якім разе не здатны на подласць. Шкадуючы дзіцячую наіўнасць таварыша Берасневіча, я вырашыў засцерагчы яго ад небяспекі насупор яго рамантычнаму жаданню. За гэтыя месяцы я ўзвёў вакол яго такія-сякія ўмацаванні. Мне хацелася б выкласці тут сутнасць слоў таварыша Берасневіча, якую з такой красамоўнай палкасцю перакручваў тут Маркіч, але думаю, што я паспею зрабіць гэта ў пісьме на адрас партыйнага бюро універсітэта. Партыя разбярэцца, хто тут сапраўдны, неартадаксальны камсамолец, а хто нягоднік вышэйшай маркі. А пакуль што я хачу спытаць, ці ведаеце вы, хто бацька Маркіча? Я ведаю, вы скажаце, што ён быў партыйным работнікам і памёр у 1934 годзе. Праўда, так значыцца ў дакументах, якія таварыш Маркіч здаў ва універсітэт. Я, аднак, не паленаваўся навесці спраўкі, і выявілася, што яго бацька быў арыштаваны ў 1937 годзе і памёр у 1938 годзе. Цікавая біяграфічная падрабязнасць, праўда? Толькі чамусьці яе няма ў нашых дакументах.

I тут голас Янкi нечакана загрымеў:

— Дык чаму ж ён зрабіў такое? Чаму ўтаіў гэта ад нас? Баяўся? Не, проста не верыў нам. А ў нас, між іншым, дастаткова добрыя мазгі, каб зразумець розніцу паміж бацькам і сынам. I ты, Марыя, будзеш яшчэ казаць пасля гэтага, што гэты чалавек перад намі як на далоні, будзеш ручацца за яго сваім партыйным сумленнем? А чым ты паручышся зараз, што ён не ўтаіў яшчэ які-небудзь факт біяграфіі, што ён не кар’ерыст, што ён не топіць Берасневіча з прычыны нізкай злосці. Я добра ведаю гэта, калі-небудзь зразумееш і ты. Ён, Маркіч, ведаў памылкі Берасневіча, якіх у таго не было, яшчэ ў мінулым годзе. Чаго ён не паразмаўляў з ім, не засцярог? Таму што хаваў камень за пазухай да зручнага выпадку? А можа, і зараз толькі таму паспяшаўся, што ведаў, хутка вернецца Маркевіч, які не дасць крыўдзіць сумленнага, удумлівага камсамольца? Ты подла зрабіў, Маркіч. Чаму? Можа, жадаў адвесці ўвагу ад сябе, улезці па трупах іншых у царства нябеснае? Не ведаю. Але ведай ты, у нас заўсёды знойдзецца чалавечая літасць, каб падумаць у такіх выпадках, як твой, нягледзячы на тое, што там было з тваім бацькам, быў ён вінаваты ці не. Няшчасная маці! Няшчасныя дзеці! Але калі гэтыя дзеці забываюць на ўласны боль, забываюцца на ўласнае сумленне, забываюць усё — і топяць сапраўдных людзей, сваіх сяброў, топяць з карыслівай мэтай, забыўшыся, што чалавеку можа быць балюча, — такіх «дзяцей» шкадаваць нельга. Гэта ўжо не людзі, а бруд.

I ён сеў. Цішыня ўсё яшчэ стаяла ў зале, мёртвае маўчанне. На Маркіча жахліва было глядзець, такі разбіты ён сядзеў. Капасевіч сядзела як вылупцаваная. Але Касмач, якога, відаць, пакрыўдзіла прамова Янкі, тым больш што ён сам згадзіўся на тое, каб Маркіч праводзіў зборы, зрабіў Галаўню заўвагу за грубы тон яго выступлення, і гэта надало Маркічу сілы. Разумеючы, што зараз трэба змагацца, змагацца, што б там ні было, ён сказаў з высакароднай мінаю:

— Мой бацька быў дзяржаўны злачынец, подлы чалавек. Я буду даваць тлумачэнні каму трэба з гэтай прычыны. Я зрабіў дрэнна, каюся. Але ж і ён назваў шкодніцтвам тое, што мы любім. Таму я яшчэ раз кажу, яго трэба выключыць.

Але як толькі ён вымавіў слова «выключыць», зборы, быццам абуджаныя, залютавалі:

— Ганьба!!!

— Нам не верыш, скрываеш — і такога патрабуеш.

— Досыць! Накамандаваўся!

— Самага шчырага хлопца…

— Маркіча замест яго выключыць!

— Ну-ну, ты глупства не плявузгай таксама. Усё ж і Берасневіч вінен.

— Трохі заганарыўся.

— Заганарыўся? Лабідуда ты. Дай бог кожнаму так заганарыцца.

— Не абаронім яго, дык Маркіч і нас заўтра выключыць, адзін у камсамоле застанецца… Сам п’ю, сам гуляю, сам кірую, сам выконваю.

Маркіч здзівіўся не на жарты. Зборы як падмянілі. Ён прывык, што апошнія год ці два яны маўчалі мёртвым маўчаннем, удавалася рабіць усё, што жадаў. I вось раптам. I ўсё гэты Янка.

Ён не разумеў, што яго дробязнае, прыдзірлівае, ханжацкае абыходжанне з сябрамі астабрыдла ім, што Янка зрабіў толькі першы ўдар ломам, а далей вада пайшла сама. I вада зрабіла тое, што не мог зрабіць Янка. Мікола Касмач, які быў, нягледзячы на дабрыню, вялікім дыпламатам, доўгі час прыслухоўваўся да крыкаў і пасля, відаць, зразумеў, што Маркіч сваёй прапановы не правядзе, спыніў іх і сказаў з дакорам:

— Цьху! Ну й загнуў ты, таварыш Маркіч. «Выключыць». Ты кажы, ды ведай меру.

I, відаць, прыпамятаў ранейшыя добрыя адносіны да Берасневіча, сказаў:

— Выключаць яго нельга. Калі такіх выключаць, дык хто ў камсамоле застанецца. I з універсітэта -таксама. Скончыць — працай у школе дакажа, хто ён. I я не думаю, каб ён працаваў горш за цябе.

— А павучыць трошкі варта. Я, напрыклад, прапаную даць Берасневічу строгую вымову… з папярэджаннем.

— За што? — голасна спытаў Янка. — За паклёп ілгуна?

— Перастрахоўшчык ты! А раптам усё ж у Берасневіча ў кішэнях гаўбіцы, а пад партаю полк узброеных нягоднікаў «Камплот вызвалення студэнтаў ад хлеба», — буркнуў Жэнька.

Але іх не падтрымалі. Зборы, давольныя тым, што Берасневіч застанецца ва універсітэце і ў камсамоле, на гэты раз не спрачаліся. За вымову прагаласавалі большасцю ў тры галасы.

— Такім у аспірантуры не месца! — паспрабавала крыкнуць Марыя Капасевіч, але гэта была ўжо зусім бязглуздая, злосная выхадка, і яе папрасілі змоўкнуць, хоць многія сапраўды думалі, што аспірантуры Берасневічу цяпер не бачыць як сваіх вушэй.

— Можа, Берасневіч хоча што-небудзь сказаць? — спытаў дэкан. Берасневіч устаў бледны, як крэйда, ад крыўды.

— Вы нядобра зрабілі, таварышы. Радуецеся, што мяне не выключылі? Лепей бы сапраўды выключылі, мне было б лягчэй. Гэта ж паклёп. I вы мне псуяце будучае і адносіны з людзьмі.

— Завёў панiхiду, заплакаў, — заўважыў Маркiч.

Сэрца ў Берасневіча сапраўды плакала, але сказаў ён апошняе слова цвёрда:

— Я не крыўджуся. Але вы пашкадуеце ў душы, што далi волю несумленнаму чалавеку…

Звон па графіне.

— … які зрабіў мне такое з прычын, пра якія я не магу сказаць, але якія я зразумеў. Я ведаю і веру — такія людзі не вечныя ў маім камсамоле, маім, чуеце, маім, што б ні было. I калі гэтых кар’ерыстаў і ханжоў выкінуць з яго — узрадуецца сэрца ва ўсіх добрых камсамольцаў. Так будзе, бо нельга спекуляваць на такіх словах, як «камуна», «камсамол», а такіх, хто ўсё ж спекулюе, такіх не будуць проста выдзіраць з поля (як гэта істота сёння хацела зрабіць са мною), ім проста будуць адсякаць хвост па самую галаву. Я не забуду толькі аднаго: вы сёння маўчалі, некаторыя проста не спрачаліся, хоць ведалі — робіцца несправядлівасць. Вы дрэнна зрабілі, хлопцы, мне сорамна за вас.

Зборы скончыліся хутка і непрыкметна. Сапраўды, многім стала сорамна. Адчувалі, што зрабілі нешта несумленнае. Уладзіслаў паспрабаваў знайсці Алёнку, але яе не было, пайшла дадому. Янка загаварыў з ім — ён адказваў машынальна. Сяляўка падышоў да яго з прабачэннямі — Берасневіч паглядзеў на яго і сказаў:

— Нічога, нічога, хлопча. Ты добры сябра. Толькі рабіся цвёрдым. Сёння яны ледзь не зацягнулі цябе на ўчынак, якога ты мог бы саромецца ўсё жыццё.

I пайшоў у запаветную алею, думаючы, што, можа, Алёнка чакае яго. Але Алёнкі не было і там.

Першае жоўтае лісце каштанаў пачынала аблятаць на алею.