Верабей, сава і птушыны суд

Ну вось, давай мы з табой сядзем ды паслухаем, што было калісь. Гэта расказаў мне дзед. А майму дзеду — ягоны дзед. А таму дзеду — яшчэ ягоны дзед. А дзеду нашага дзеда расказалі іншыя разумныя людзі. Так што ўсё гэта праўда.

У тыя даўнія часы птушкі жылі такой самай дзяржавай, як і людзі. Ад дзяржавы той засталася толькі памяць, бо нішто не вечнае на свеце. Але некалі яна была. Былі там свае птушыныя аркестры, свае школы, свае птушыныя суды. А цяпер, сёння, усё птаства толькі слаба-слаба помніць пра тыя часы.

I жыў у той дзяржаве такi сабе шэры верабей. Як i цяпер, шукаў зернейкi, цвыркаў летам i мерзнуў зiмою. I быў такi самы нахабны, як зараз. Толькi што ў тыя часы ён не скакаў адразу абедзвюма ножкамi, а хадзiў, як людзi. Адной лапкай — другой лапкай. Левай — правай. Левай — правай. Раз — два. Раз — два.

Хадзіў сабе і спяваў:

Я — вясёлы верабей,
Я — арол-верабей,
Вельмі смелы верабей,
Верабей,
Верабей,
Вера-
Вера-
бей!

Вельмі добры верабей!

І трэба ж было так здарыцца, што гэты верабей правініўся. І правіна тая была — глупства. Але і зараз некаторыя птушкі за яе плоцяцца.

Проста была вясна. Цёпла. Зелена. Паветра салодкае. І вырашыў верабей не ляцець дадому на крылах, як ашалелы, а прайсціся, пагуляць. І нанесла тут на яго слаўную сямейку. Сітавак. Тых, што хвастамі трасуць. Ідуць перад ім па алеі і хвастамі махаюць. Ну, тата і мама-сітаўкі не так махалі. Затое маладая сітаўка трэсла хвастом за траіх. А які прыстойны верабей гэта вытрымае?! Спытайце ў кожнага вераб’я. Ніякі.

Вось i наш верабей не вытрымаў. Размахнуўся крыльцам i ляпнуў сiтаўку па хвасце. Пагарачыўся.

Сiтаўкi шкодныя былi. Iм падставiць другому ножку было, як табе яблык з’есцi. Пайшла скарга арлу. Слова за слова — сабраўся птушыны суд. Вадзяны бугай — суддзя, удод — пракурор, шчыгол — адвакат, чыжык i чачотка — прысяжныя. Кепскi быў выбар, бо чыжык хацеў з чачоткаю ажанiцца i думаў таму пра ўсё, як яна.

Шчыгол яму раду радзіў,

Нелукаву, просту:

«Бяры сабе чачотачку.

Яна твайго росту».

А чачотка была ўсёй душой за сітаўку, бо і тая і другая былі аднаго поля ягады.

І вырашыў птушыны суд, што трэба злавіць вераб’я і за гэткае ягонае свавольства прыкладна пакараць.

Спалохаўся верабей і ўцёк. А ўсё птаства — за ім. Як хмараю, неба закрылі.

Бачыць верабей, што не ўцячэш. Угледзеў дупло i шмыгнуў у яго. Сядзiць, нiбы ў крэпасцi.

Пачалi птушкi ў дупло лезцi.

Але верабей быў хітры. Выбраў такое дупло, што дзверы былі якраз на яго зроблены. Ні большыя, ні меншыя. Малая птушка палезе, то ён з ёю лёгка справіцца і выкіне. А большая аніяк не пралезе. Хіба што адну дзюбу прасуне.

Валтузіліся-валтузіліся птушкі. Бачаць, сілаю вераб’я ў ягоным замку не возьмеш. Значыць, трэба браць крэпасць зморам.

Паселi вакол i чакаюць. Захоча верабей есцi i пiць — сам вылезе.

Чакалі-чакалі. Аж тут пачала падаць на зямлю ноч. Захад гасне. У лесе ўсё шэрае робіцца. Пасля цямнее. А птушкам уначы належыць спаць. У цёплым гняздзе, як табе ў цёплым ложку. Галаву пад крыло, як ты ў падушку. Ды і свішчы сабе дзюбай, як ты носам.

Вочы ў птушак зліпаюцца. Пазяхаюць птушкі. Але як пойдзеш спаць, то верабей уцячэ.

— Трэба вартавога паставіць, — дадумаўся ўрэшце коршак.

— Каго? — працывікала сінічка.

— Хто ўначы не спіць. Хто ўначы не спіць, — заліўся шчыгол.

— Ляляка. Ляляка. Казадоя. Казадоя, — зашчабяталі ўсе.

— Н-ну-у, н-ну-у, — прагудзеў вадзяны бугай. — Ма-лы, малы! Са-ву! Са-ву!

І тут усе вырашылі, што лепей за саву нікога не знойдзеш. Уначы не спіць — раз. Ноччу лепей, чым днём, бачыць — два.

А сава ў той час была зусім без пер’яў. Голая, як абскубеная курка. Жоўтая. Худая. Выгляд сараматны і гнюсны. Кепска ёй было жыць. Удзень горача, а ўначы холадна.

І таму сава абурылася.

— Не буду я вартаваць, — сказала сава. — Мала што я ўначы не сплю і добра бачу. Усе птушкі ў пер’ях, ды яшчэ ў цёплым спаць будуць. А я, сірата, адна сярод усіх, голая, як палец, ды яшчэ і вартуй. Холадна. Не буду.

— Ну паслужы адзін раз грамадзе, — сказаў удод.

— Не буду я дбаць пра грамаду, — забубніла сава. — Яна пра мяне не дбае.

— Дык што ж рабіць? — спытаў коршак.

— А вось што, — сказала сава. — Калі хочаце, каб я ў вартаўніках хадзіла, то пашыйце мне кажух.

— Як? — спытаў шчыгол. — Што ж нам, авечак ісці лупіць?

— Птушыны кажух. Скіньцеся кожны па перку і аддайце мне.

Узрадаваліся птушкі. Адно перка — глупства. З аднаго перка не абяднееш і не ўзбагацееш. Аддай яго ды ідзі спаць.

Скінуліся па адным пяры і зрабілі саве дзівоснае футра. А паколькі ў кожнай птушкі свой колер, то і апярэнне ў савы з таго часу рознакаляровае. Ёсць пер’і жоўтыя, ёсць бурыя, ёсць рыжыя і шэрыя, белыя і чорныя.

Разляцелася птаства спаць. Села сава перад дуплом. Вартуе. Не спіць. Глядзіць на ўсе вочы. А ў лесе хораша. Месяц вялізны. Усё, нібы ўдзень, відаць.

Выгляне верабей з дупла — сядзіць сава, брыда гэткая. Гараць савіныя вочы, яе дзве залатыя поўні. Яму ўжо і есці хочацца, вераб’ю. Высуне галаву — пільнуе сава, гнюснасць такая. Аж плача верабей.

Тым часам днець пачало. А совы ўдзень нічога не бачаць, спяць. Пачала сава кляваць дзюбай. Пачалі ў яе вочы зліпацца. Нібы хто іх мёдам намазаў.

А птушкі заспалі. Такая ў лесе раса халодная. Так цёпла ў гнязде. Ну, яшчэ хвіліну паспім. Ну, яшчэ другую.

Выглянуў верабей — спіць сава. Дзень на дварэ, ды яшчэ з непрывычкі размарыла яе ў цёплым кажусе. Верабей чакаць не стаў. Выбраўся з дупла і давай лататы.

Толькі праз гадзіну дабудзіліся птушкі савы. Глянулі ў дупло, а вераб’ём там даўно і не пахне.

— Ах ён, нахаба! Ах ён, бусурман, бессаромныя вочы! Ну i ты, сава, добрая! Не падпiльнавала, так? А нашто ж тады мы па перку скiдалiся?!

— А вы чаго праспалі? — спытала сава.

— Добра, яшчэ пагаворым, — закрычалі птушкі. — У пагоню! Хапаць вераб’я!

Ганяліся яны за вераб’ём цэлы год і неяк усё ж злавілі. Хацелі спачатку пакараць яго тым, што звязаць яму крылы. Але потым раздумалі. Прападзе верабей. І калі чалавечы суд павінен трымацца за чалавечнасць, то птушыны павінен трымацца за птушынасць. Таму звязалі вераб’ю не крылы, а ногі.

І стаў з таго часу верабей скакаць адразу дзвюма ножкамі.

А саве ўсе птушкi i да гэтага часу анiяк не могуць дараваць, што яна праспала. Надта ўжо сваiх пер’яў шкада.

І вось варта саве раніцай не дабрацца да дупла і заснуць недзе пад ялінай ці кустом, — тут усе птушкі навальваюцца на яе цэлай хмарай, скубуць ды крычаць:

— Аддай маё пер’е! Ад-дай маё пер-р-р’е!

Не верыш — спытай у старых людзей, у паляўнічых, якія гэта на свае вочы шмат разоў бачылі.

І хаця сава і суцяшае сябе, што арол ды сокал яе не чапаюць, а скубуць яе, бязвінную, адны вароны, сарокі ды пахучыя ўдоды — дрэннае гэта, па-мойму, суцяшэнне.

Дробязь тая — самае гэта нікуды не вартае на свеце. Лепей ужо з арлом схапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і не скублі.

…Адзін толькі верабей, нават і цяпер, жыве сабе і не шманае. Ну, ногі скруцілі. Падумаеш, бяда вялікая. Скача сабе на абедзвюх адразу ды заліваецца:

Я — вясёлы верабей,
Я — арол-верабей,
Вельмі смелы верабей,
Верабей,
Верабей,
Вера-
Вера-
бей!

Упершыню — у кн.: Казкі. — Мн.: Маст. літ., 1975.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 477 — 481.

Яндекс.Метрика