Балада пра паўстанца Ваўкалаку

Апошняя ноч над зямлёю.
Каля мяне, як цень,
Праходзіць да вадапою
Вольны лясны алень.

Заўтра нічога не будзе.
Ляжу ў яры ля ракі.
Куляю срэбнаю ў грудзі
Звалілі мяне паюкі.

У полі абшар шырокі,
А тут і вільгаць, і цень.
Няма прасторы для вока…

Лісце аб’еш, алень!

Біўся з панамі нямала,
На ўсіх наганяючы жах,
Часамі — і без кінжала,
З адною злосцю ў руках.
Дабрацца б да родных межаў,
Пабачыць бы новы дзень…
Дай глянуць на свет бязмежны,

Лісце аб’еш, алень!

Мне ж не зламаць рукамі,
Я ж не магу стаяць,
А там на гары, за кустамі,
Родная хата мая…
Сястра сядзіць пад калінай,
Абляпілі «маскалікі» пень…
Зрабі прасвет у галінах,

Лісце аб’еш, алень!

Каб хату пабачыць бедную
І неба, дзе бусел ляціць,
Каб могілкі мог я ўгледзець,
Дзе маці мая ляжыць.
Пад мядовыя гівала гукі,
Патаемны крык леляка
Склала каравыя рукі,
Чакаючы з пушчы сынка.
Апоўдзень над тымі капцамі
Сыта бубніць авадзень…
Зламай крушыну рагамі!

Лісце аб’еш, алень!

Знімі мяккімі губамі
Пярсцёнак з рукі маёй.
Там, пад старымі дубамі,
Хата пад новай страхой…
Ад пана адбіў дзяўчыну,
Ад пана на белым кані…
Схавалі мяне яліны,
Хмыз, лесавыя пні.
А ў сэрца другі ёй убіўся,
Пакорлівы, добры, святы.
Я бачыў і адступіўся, —
Што возьмеш з авечак ты?
Зрабіў я, што пан у іх новы
(Й таго «Кабыздохам» завуць),
Дапамог канём і каровай,
Няхай сабе ў міры жывуць…
Пярсцёнак жанчыне ў маністах
Аддай і пра смерць не крычы.
Хай будзе сумленне чыстым!
Хай спіць спакойна ўначы!
Цяпер і маніць не трэба,
Як слабасць да сэрца дайшла:
Больш солі,
больш хлеба, больш неба
Патрэбна яна была.
І толькі волі вялікай
Я б за яе не аддаў…
Зацкаваны… Магутны… Дзікі…
Як я яе кахаў!
Пабачыць бы любыя вочы,
Пакуль не пакрыў мяне цень.
Не абмінай!
Варочай!
Лісце…
Аб’еш…
Алень!

Упершыню — «Полымя», 1956, № 9.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 37 — 39.