Ялінка

Ялінку выкінулі за адрыну.
Яна ляжыць ва ўладзе ціхіх дум.
На голкі жоўтыя пушысты, сіні
Злятае снег і навявае сум.
Цяплілі ўчора свечкі ёй вітыя,
А сёння аддалі яе снягам…
Блішчаць дажджу віточкі залатыя,
Забытыя на голках тут і там.
Ляжаць, вядома, нудна за адрынай,
І сумны свет праз снежную імжу.
Адное засталіся успаміны:
Віточкі залацістага дажджу.
Але яна свядома ганарыцца
І доляй, і чарговасцю падзей:
Хай жоўтая, хай ападае гліца —
Яна жыве яшчэ ў душы дзяцей.

Упершыню — «Маладосць», 1957, № 1.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 33.