Машэка

Лісце алае засыпае роў,
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восенню мой лясны будан.
Стогнуць пад дажджом старчакі альхі,
І ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, -
Ў ім карэнні – столь, ложак – ліст сухі,
Ні агню няма, ні святла няма.
Ад усіх я ўцёк, ад усіх я збег,
Буйным воласам да калень зарос.
Годы стаялі, быццам белы снег.
Горы панскіх цел мой Дняпро панёс.
Нішчу я паноў, замкі іх палю,
Я ламаю іх векавы бізун,
Помшчу за маю бедную зямлю,
За яе жальбу, за яе слязу,
За тваю красу, за маю любоў,
Што ў пакоях іх кветкай адцвіла…
Дзікі вецер гне раць сівых дубоў.
Ночка нас з нажом, як братоў, звяла…
Я стаю, як корч, ў воўчай скуры ўвесь,
Зліўся з дрэвамі і гляджу на шлях,
Цёмны я увесь, цёмны голы лес,
Толькі два агні свецяцца ў вачах.
Конскі тупат… Там… Бегма ў гушчыню…
Затрашчаць у ноч пад нагой лаўжы.
З дзікім свістам я коні супыню,
І спячэцца пан на маім нажы.
Ранкам на абрыў выцягну яго
І скажу рацэ, што бушуе тут:
“Ты прымі, Дняпро, ворага майго,
Змый з маёй зямлі гэты панскі бруд”.
Лісце алае засыпае роў.
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восенню мой лясны будан.

  1. Упершыню – “Полымя”, 1955, № 7.
  2. Аўтограф – у Літаратурным музеі Якуба Коласа, Ф. 110, с. 76 – 77 [1952 - 1954 гг. ?].
  3. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] – Мн.: Маст. літ., 1987. – С. 39, 40.