Матчына душа

Ноч прыйшла да зямлі на спатканне,
Захад скончыў агнём палаць,
І дубы ў малочным тумане
Веліканамі ціха стаяць.
Бач, агеньчыкі вёскі далёкай,
Бач, на ростані ўзняўся курган.
Явар сумны і адзінокі
Пахіліў задумёны стан.
Кветка тут уначы расцвітае,
Водар мяккі пялёсткі льюць…
І яе па роднаму краю
«Кветкай матчынай» людзі завуць.
Я крануў яе ціха рукою —
І пялёсткі спеў завялі,
І паўсталі вакол чарадою
Ўсе паданні роднай зямлі.
Вось карона ў рацэ заблішчэла,
Хтось плыве, як туман, на вадзе,
Па дарозе, ад месяца белай,
Цар змяіны кудысьці паўзе.
Цені ў лесе бягуць. Цямнее.
І ў чароўнай лясной гушчыні
Праімчаўся кудысь, як завея,
Ян Прыгожы на белым кані.
Нехта зблытаў на росных палянках
Сцежкі ўсе ў недасяжны край.
Як далёка, далёка каханка!
Сто гадоў шукай ды шукай.
Недзе лье яна чыстыя слёзы,
Спавівае ўвесь замак сон,
І Буран на сухой бярозе
Сцеражэ яе ля акон.
Над зямлёю зарніцы мільгаюць,
І здаецца, што гэта не гром,
А нячыстую раць пабівае,
Пакаціла цудоўным мячом.
І не вецер раве-нарастае
І ламае галлё на дубах,
А асілкі дубы змятаюць,
Каб да сонца расчысціць шлях.
І пялёсткі гучаць трывожна,
Бо мінуўся спеў забыцця.
Казкі новыя, казкі грозныя,
Небывалыя казкі жыцця.
Ўспамінаю косы, і вілы,
І над замкамі жаркі агонь,
Безымянныя ў лесе магілы,
І няволі цяжкі палон,
Волі нашай крывавыя роды,
Катаванні і здзек варагоў,
Барацьбу і пакуты народа,
Неўміручую душу яго,
І паўстанні, паўстанні бясконцыя,
І замучаных кроў на раллі,
І, нарэшце, шчасце і сонца,
Што сышло на нашы палі.
Вы, што маці душу забылі,
Без яе пажадалі пражыць,
Што вы варты без гэтай магілы,
Без каліны на роднай мяжы?
Без дубоў, што ў тумане млеюць,
Без расы на роднай траве?
Павяртайцеся! Вецер мацнее!
Маці кліча, кветка заве!
Для яе я павінен, я мушу
Неўміручыя гукі схапіць,
Ўзяць у рукі «матчыну душу»
І на вершы яе пераліць.
Запісаць старыя паданні,
Усё, што думаў і што жадаў,
І легенды, што на кургане
Сумны явар мне праспяваў.
Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны,
Пераліць на свае аркушы
Казку мудрую,
Простую песню,
Кветку матчынай чыстай душ
Упершыню — У кн.: Матчына душа.

  1. Аўтограф на рускай мове «Ты теперь у теплого моря» з прысвячэннем С. М.-к і паметай: 18 июля 54 г. Ночь — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ).
  2. Аўтограф пад назвай «Прадмова да песні. Прысвячаю С. М.» — У Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь (ЦДАМЛМ РБ), Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 129, с. 13 (1955 г. ?).
  3. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 52 — 53.