Рута ў халоднай расе

Гармонік іграе за клубам.
Водар мурожнай травы.
Чамусьці няма маёй любай,
Чаму, ці не скажаце вы?
У полі, за дальняй брыгадай,
Агеньчыкі зніклі ўсе,
Адзеліся ценем прысады,
Рута ў халоднай расе.
Чакаю адзін да світання.
Нешта яна не ідзе.
Нават лілеі да рання
Заснулі ў цёплай вадзе.
У садах антонаўкай пахне,
І раптам, як гром з нябёс,
Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў,
Напэўна, соллю ў кагось.
Як цяжка мне тут чакаці.
Туман за ракою ўстае.
Стрэльні ты лепей, браце,
У дуб над акенцам яе,
Каб птушкі спрасонак крычалі,
Каб людзі пачулі ўсе,
Каб любая раптам згадала,
Што рута ў халоднай расе.

Упершыню — «Маладосць», 1957, № 1.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 42.