Стаю ўначы ў завіруху

Стаю ўначы ў завіруху -
Аддаўся наплыву мар.
Ноч уважная слухае,
І вецер гайдае ліхтар.
Што са мною — не знаю.
Сэрца трывогу б’е.
Кахаю?
Здаецца, кахаю.
Напэўна, кахаю яе!
Клянуся зарою вяснянай
І тым, што міне зіма, -
Няма ў мяне іншай каханай,
Іншага друга няма.
Кахаю… у хустцы і ў косах,
Ў завею і летні гром,
Кахаю абутую й босую,
З кнігамі і з сярпом.
З ёй — радасць, адному — гора.
На гэтым цвёрда стаю.
Ноч крочыць,
І чуюць зоры
Клятву маю.

Упершыню — «Полымя», 1956, № 9.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 23, 24.