У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы

У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы,
Разгайдалася хмурынак бель,
І спявае пад тугім вятрыскам
Лугавы вясёлы жаўтазель.
Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз.
Любая, ў барах сівых радзіма,
Сын твой нарадзіўся тут і ўзрос.

Упершыню пад назвай «На радзіме» — «Маладосць», 1958, № 4.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 40.

Яндекс.Метрика