Заяц варыць піва

Туман плыве з нізіны сівы
Над нівай голай і пустой.
«Глядзіце, заяц варыць піва», -
Жартуюць людзі між сабой.
А я відушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць з ячмяню.
Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай варыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок.
І піва заяц варыць густа,
А на закуску — бурачок,
Трава, заечая капуста,
Галін асінавых пучок.
З зайчыхай вып’юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
«Цвіцела морква» завядуць.
Пабачыш — не гані з абсады,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасць
Перад халоднаю зімой.

Упершыню — «Полымя», 1956, № 3.
Аўтограф — у лісце да Ю. К. Гальперына, сябра У. Караткевіча, ад 07.10.1955.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 18, 19.