Архангельскае

Лістападаўскі вецер над паркам пахмурым.
Халадзее рака, як лязо мяча,
У мармуравых німфаў гусіная скура
І прыгонны адчай у глыбокіх вачах.
На газонах барвянае лісце размокла.
Золкі лёгкі туман ахутвае луг,
І Ахіл у абдоймах сціскае Патрокла:
Не ад ран, а ад палак канае друг.
Вар’яцею, здаецца: чую і бачу,
Пад галінкамі чорных, як туш, дубоў
Дзесяць гожых пастушак манерна скачуць.
Пастаральная песня. Вясна. Любоў.
З балюстрады за іхнім лёгкім палётам
Назірае праз сетку яловых лап
Падагрычны стары з праваленым ротам,
Вальтэр’янец, юрлівец, татарскі сатрап.
Прыгажосць яму лаўрамі чэрап вянчае,
Ён Лукул, Петроній, Цэзар і Крэз.
Ён стварыў гэту казку на чорным адчаі,
На Парнас у турэцкім халаце пралез.
Ён памрэ і тады не ўбачыць прыгожага.
Страшна духу пакінуць цела-турму.
І прыгонных актрыс кладуць яму ў ложак,
Каб халодныя ногі грэлі яму.
Хто ім верне мары дзявочыя, светлыя?
Хто ім верне кахання светлага час?
Лепей гвалт, лепей жорсткасць —
толькі не гэта,
Не бяссільны, старэчы холад пляча.
Сёстры любыя, ганьба ваша і раны,
Быццам вострыя церні ў душы маёй,
Я сябе адчуваю, як вы, зганьбаваным
І рыдаю гаручаю вашай слязой.
Мара, спеў, летуценне, каменнямі скутае,
Цёмны парк, што варты усіх паэм, —
Калі рай купляюць людской пакутай,
Хай ён дымам згіне, такі Эдэм.
Ненавіджу цябе, баюся, кахаю,
Як каханую злую, ўсім сэрцам сваім.
І да рук мармуровых чалом прыпадаю,
Любых рук, што пад ветрам дрыжаць начным.

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Аўтограф — у лісце да Янкі Брыля ад 06.10.1958.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 87.