Дзень першы

Крычалі, білі кулакамі ў грудзі,
Палілі пачкі гербавых папер,
Кагосьці сцягвалі з трыбуны людзі:
«Прадажнік! Контра! Рэакцыянер!»
Над Мінскам, па-над плошчаю Саборнай,
Ляцеў трывожны варанячы грай.
Натоўп вакол. Раз’юшанае мора:
«Рэспубліка! Жыві! Перамагай!»
І вецер тыя крыкі рваў нядбайна
І нёс, як іскры, ў цёмныя палі,
Туды, дзе ў гурбах па шляхах бяскрайніх
Спяць хутары азёрнае зямлі.

І цішыня. Яна патрэбна многім,
Каб ад гарачых спрэчак ачуняць,
Узважыць дзень, і цвёрда стаць на ногі,
І песню новаму світанню даць.
Ў пакойчыку глухім, дзе пальцы стынуць,
Дзе ад буржуйкі сіняваты дым,
Смяртэльна стомлены, худы мужчына
Перакладае пралетарскі гімн:
«Паўстань, пракляццем катаваны,
Паўстань, хто з голаду век пух,
Бурліць наш розум збунтаваны,
Няволі кліча рваць ланцуг».
Ён кідае пяро. Ў чырвоных хмарах,
Што праплываюць над зямлёй кудысь,
Як здані, нараджаюцца ў пажарах
І чэзнуць зноў вякі і гарады.
У гэтых прывідах і ў роўным дыме,
Што цягнецца слупамі да нябёс,
Ён бачыць будучае ўсёй Радзімы,
Яе няпросты і вялікі лёс.
Скуголяць інтэрвентаў параходы,
У полымі вайны Дзвіна і Сож,
І гвардыя краіны — ўзвод за ўзводам —
На сто франтоў выходзіць басанож.
Вось за акном няпэўны бразгат зброі,
Падмацаваны дальняю трубой,
І песня ў цемрадзі: «На бой, героі…»
Яны ідуць! Рэспубліка, на бой!
Спяваюць цягнікі на двух вакзалах,
Не астывае ярасці напал.
Перакладае малады Купала
Для новых дзён
«Інтэрнацыянал».

Упершыню — «Полымя», 1958, № 12.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 54, 55.