Дзіва на Нерлі

Н. М. Молевай

Белая песня ў лугах залацістых,
Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі,
Кволая-кволая, чыстая-чыстая,
Быццам дзяўчына, царква на Нерлі1.
Кроў і забойствы ў агні і дыме,
Подласць і жорсткасць у лютым баю, —
Нават яны праходзілі міма,
Пашкадаваўшы нявіннасць тваю.
Ўсім, хто навек адыходзіў к ценям,
Снілася ты на райскіх лугах
З яснай журбою па убіенным,
З ценем усмешкі ў мокрых вачах.
Любы твой брат загінуў на ловах.
Вочы твае для нас збераглі
Літасць, і слёзы, і цёплыя словы,
Што не заб’еш на грэшнай зямлі.
З дальніх стагоддзяў праз цёплыя губы
Чую прызыўны твой галасок:
«Братка мой мілы, братка мой любы,
Выйдзь да мяне на круты беражок».

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі. Прысвечаны мастацтвазнаўцу Н. М. Молевай.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 82, 83.