Гусі-лебедзі ў лугах зялёных

Гусі-лебедзі ў лугах зялёных,
Гладзяць крылы белыя блакіт.
Сокал, прагнучы крыві салёнай,
Рвецца у сакольніка з рукі.
Ногі коней грэбуюць зямлёю.
Ярасная сіла ў скакуне…
Адбылося гэта ўсё са мною,
Або гэта сон і яблынь снег.
Але ў сне не вып’еш столькі гора.
Ведаю, што я званіў у шчыт,
Я граміў татар пад Крутагор’ем,
Я крышыў крыжацкія мячы.
Кроў далі мне паплавы і пожні,
Голас — бор дрымучы і чарот.
Я з табою да крыві апошняй,
Мужны мой, адвечны мой народ.
Ты мне даў асеннія світанні,
Ты мне даў ружовы твар вясны,
Падарыў мне цяжкае каханне
Да жанчыны з дальняй стараны.
Роднымі зрабі чужыя вочы,
Шэрыя, як неба над табой,
А пасля пакліч, калі захочаш,
За цябе на самы страшны бой.
І калі ў твае глыбіні лягу, —
Дай мне ціхі спеў тваіх бяроз
За любоў, за веру, за адвагу
Сціплых песняў, што табе прынёс.

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 69, 70.