Засуш

Пілавінне цягаў на гару, каб не мерзнуць зімою.
Слова мерзнуць прыдумаў, здаецца мне, нейкі вар’ят.
Трыццаць градусаў спёкі. Пад сіняй шкляною смугою
Задыхаецца ў сонцы бляшанымі лісцямі сад.
Сорак дзён абыходзяць дажджы паплавы і палеткі,
Сорак дзён, не змаўкаючы, ворат ля студні рыпіць,
Травы пудрацца пылам, і нікнуць бязвольныя кветкі,
Лісце дзюбу раскрыла, як галка, жадаючы піць.
Выльеш цэбар вады уначы пад каравую грушу —
З прагным шоргатам п’е, знемагаючы ў смазе, зямля.
Толькі жоўты баркун, улюбёнец спякоты і сушы,
Сотняй дзід залатых пагражае маўклівым палям.
Я паіў свой гарод, я паіў свае кветкі і дрэвы,
Але як напаіць мне мільярды аўсоў і пшаніц,
Што дрыжаць перад вокам чырвоным калматага гневу
І аб літасці просяць, галовы схіляючы ніц?
І заходзіцца сэрца сялянскім разважлівым жалем.
Шкода рарастваў гэтых, што глебу прабілі для мук,
Шкода баб, што вясною на печцы халоднай стагналі
Ад нясцерпнага болю у трэшчынах высахлых рук.
І балбоча стары, што жыве па суседстве са мною,
Як калісьці малебны служылі, ішлі на мяжу,
А вачам уяўляецца жыта сухою сцяною,
І адчай у вачах, і надрыўныя крыкі:
«Дажджу!!!»
І дзядоўнік на рызе папоўскай, ніжэй паясніцы…
Каб вы здохлі, старыя гады і старыя часы!
Пуста ў небе, дзяды, і дарэмна ішлі вы маліцца,
Каб вярнулася вільгаць у ломкія каласы.
Што рабіць, калі зроблена ўсё,
што ў руках чалавечых,
А на нівы дагэтуль ад хмары не падае цень,
І нясе толькі пару з ракі надыходзячы вецер,
І лягчэйшым надыдзе у рукі людзей працадзень.

Я іду на раку пасля працы упартай, стараннай.
Эскаватар, капаўшы канаву, замоўкнуў без сіл.
Паміж пальцамі ног б’е дзесятак маленькіх фантанаў.
Б’е і зноў асядае гарачы і мякенькі пыл.
Нават камні з ракі павысоўвалі чорныя спіны
І стаяць у тузе, бы няшчасных кароў чарада.
І на іхніх баках, як на скуры гарачай дэльфіна,
Высыхае ў імгненне ад ног маіх мокрых вада.
Я плыву праз Дняпро, і слабенькая сіняя слаўка
Нада мною пілікае, яўна зайздросцячы мне,
І выходжу на бераг, апрануты ў алыя плаўкі
І ў бліскучую скуру на бронзавай мокрай спіне.
Бераг стромавысокі. Унізе рыбак, як мурашка,
І альшэўнік,
што ледзьве дзярэцца на страшны адхон,
А вокол разнатраўе рамонак, дзятліны і звяшкі,
А над гэтым — спякота, і коршак трапёткі, і сон.
Што рабіць мне з палямі, што цягнуць калючыя рукі
У адзіным імкненні дасхочу напіцца і жыць?
Што рабіць з маім сэрцам,
што плача спагадай і мукай,
У якім, як на полі, чырвоная засуш стаіць?
Успамін. Успамін. Дні пяшчотнай вясны ўспамінаю,
На бязмежных лугах кураслепаў халодны пажар,
Жыватворнае мяккае сонца раскошнага мая,
І дажджы залатыя, што шчодра бруіліся з хмар
На зямлю тваю чыстую, на зямлю залатую,
На паляны лясныя, на іх небагаты убор,
На забытыя белыя храмы,
што восем стагоддзяў сумуюць
У лугах залацістых і ў лесе над плёсам азёр.
Вочы, вочы каханыя, шэрыя, мяккія зоры,
Вы маглі пагражаць, вы смяяцца і лашчыць маглі.
Памятаеш, стаялі ўдваіх мы на белых узнесеных
хорах
Самай лепшай царквы, што самотна стаіць на Нерлі.
Б’е святло невядома адкуль на халодныя сцены,
На ільвоў, што таемна да нас прамаўляюць у сне,
Быццам тысячы тысяч забытых людскіх пакаленняў
Ўсе жылі для таго, каб цябе нарадзіць і мяне.
А ў адверстыя дзверы ляпечуць лугі пад вятрыскам,
І няма ім канца, і на іх зелянеюць дубы,
І ля рук маіх цвёрдых так блізка, так блізка,
так блізка
Легкакрылыя бровы і вочы, якіх не забыць.
Што рабіць, калі сэрца дурное цябе ўспамінае
І ляціць да цябе праз ляснога пажарышча дым?
Я ж не ведаю нават, кахаеш або не кахаеш,
Помніш часам мяне ці адразу забыла зусім.
Але жыць не магу без цябе, як засмяглыя травы,
Па якіх сухавеі начамі і днямі ідуць,
Як палі без дажджу, як карэнні без злівы ласкавай,
Як нябёсы без яснай вясёлкі, што цягне ваду.
І трывогай бязмежнаю поўняцца сэрца і грудзі.
Я зрываю рамонак, што вырас з ускраю раллі,
І гадаю з трывогаю:
будзе кахаць ці не будзе?
Прыйдзе дождж ці не прыйдзе на сэрца і ў нашы палі?
Будзе! Будзе! Грудзям не стае на хвіліну паветра.
І, узняўшы павекі ў абшары, што вочы сляпяць,
Адчуваю ўсім целам парыў нечаканага ветру,
Заўважаю, што ў далях трывожныя хмары кіпяць.
Б’е далёкі пярун, бы ў клубах наплываючых, чорных.
З гарлавою пяшчотай бурчыць добразычлівы звер.
Хутка, хутка па лісцях заскачуць халодныя зоры.
Не праходзь стараною. Я веру! Я веру цяпер!
О каханая, ты, што вясеннія дорыш світанні,
Ты — пачатак жыцця, што ніколі не будзе канцом,
Не забі мяне градам, дай вільгаць, жыццё і каханне,
Дай мне славіць цябе пад сярэбраным цёплым
дажджом.
Дай сустрэць цябе ротам раскрытым, грудзьмі і
рукамі,
Дай мне вечнае шчасце: над вымытай злівай травой
Зліцца ў крыку любові з пакутнымі тымі палямі,
Што чакаюць цябе, што загінуць без ласкі тваёй.

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 77 — 79.