Зброя — Раздзел VI

Мінуў месяц. Андрэя ўсё яшчэ не прывозілі ў Бутыркі. Паступова прытупіўся боль той страшнай ночы. І хаця большасць зброі была закуплена, Алесь усё яшчэ гойсаў па Маскве і навакольных гарадках, скупляючы ўсё, што мог. Як апантаны, як беснаваты, уражаны адной маніяй.

«Больш… Больш… Больш».

Пасля той ночы на Балоце двух мужчын знялі са слупоў мёртвымі.

І Алесь, нібы адчуваючы дакор, не супакойваўся. Купілі і перавезлі ўначы зброю з Гасцінага двара. Купілі паперу. Купілі порах. Купілі на складах ля Крэстоўскай заставы жалеза, і медзь, і свінец. Купілі зброю нават на Сухараўцы, рынак якой у гэты час асабліва багата гандляваў не толькі габеленамі, рэдкімі кнігамі, стыльнай мэбляй і карцінамі, але і калекцыйнай панскай зброяй. Маёнткі, дваранскія гнёзды пускалі з малатка калекцыі. Пачынаўся развал.

Антыкварыі накшталт Пярлова і Фірсанава куплялі за грашы вялікія шэдэўры. Але Загорскага гэта цяпер не цікавіла. Ён купляў стрэльбы, каўказскія шаблі, нават японскія рытуальныя мячы — абы страляла і калола, абы была сталь. Ён ведаў, меч у руках мужнага — таксама зброя.

Мсціслаў злёгку нават балдзеў ад энергіі сябра. Алесь штурхаўся між людзьмі, выцягваў чарговую знаходку з-пад якой-небудзь калекцыі мінералаў, прымерваў, ці па руцэ, ці да пляча. Маеўскі лічыў, што варта было б і другім будучым вайсковым кіраўнікам паклапаціцца загадзя, а то нешта цяжкія на пад’ём. Не могуць жа яны ўдвух зрабіць усё і за ўсіх.

А вакол шумеў натоўп. Крычалі антыквары, збраяры, кніжнікі, старызнікі. Той рагатаў, нехта лаяўся, «купіўшы чыгунны капялюш».

Цэлы рад займалі гандляры рукапісамі і кнігамі па фрэналогіі, магіі, фізіягноміцы, астралогіі, хірамантыі і чарадзейству. Людзі з містычнымі вачыма, дрэнна паголеныя і падазрона апранутыя, прытаргоўвалі аракулы і соннікі. Мсціслаў толькі бурчаў:

— З гэткім суконным рылам ды ў эўрапейскі калачны рад. Містыка ім спатрэбілася. Ім больш патрэбная турма ды лазня.

А Загорскаму было не смешна, а брыдка. Купцы, ахотнарадцы, уся гэтая лычатая свіная зграя была, на жаль, сілай. Таму што ў яе былі грошы. І таму немінучая была перамога іхняй грубасці і нахабства над вытанчанасцю.

Перамога, у якой загінуць лепшыя, а поскудзь застанецца.

Ён не мог не думаць аб тым, што колькі б ні меў рацыі сапраўдны чалавек — ён не здужае ў бітве з чалавечай сквапнасцю. Пад ударамі бязменаў і купленых багнетаў падзе рыцарства, чысціня і высакароднасць. І застануцца Валуевы ды Ціт Цітычы.

Але ён адагнаў гэтую думку.

Яшчэ больш нагнаў на яго суму Чыўін. Як ехалі з Сухараўкі, раптам уздыхнуў і сказаў:

— А паддзячага нашага, з бубнаўскай дзіркі, забілі.

— Як? — ахнуў Алесь.

— А вось так. Забілі ў «Воўчай даліне». І труп у раку кінулі. Пачаў, відаць, зноў пагражаць камусьці. Такія заўсёды так канчаюць… Гэ-эх, горад-горад. Зладзюга на зладзюзе. Нядаўна на Пакроўскім рынку два зладзеі свіную тушу ўкралі. Апранулі ў тулуп, шапку на галаву, заднія кумпякі — у валёнкі — і цягнуць «пад рукі», нібыта п’янага сябра дамоў вядуць. Сто разоў паўз іх абакрадзены прабег — так і не здагадаўся.

— Весялейшага чагосьці няма, Дзяніс Авакумыч?

— Ёсць. Учора благавешчанне было. А на благавешчанне, самі ведаеце, птушак адпускаюць: гілёў, сініц, аўсянак. А купляюць іх ля Яблычных радоў1. І вось ўчора, раным-рана, вяртаюцца з «Яра» купчыкі. П’яныя ўсе як гразь. Тут адзін успомніў: благавешчанне, птушак выпускаць трэба. Спыніліся — туды-сюды — няма яшчэ ніводнага гандляра, ніводнай клеткі. Што рабіць? А тут насустрач хлапчынка-балгарын з малпай. Халодна, дрыжаць абое. Раптам адзін з мамаеў — як заплача: «Што яна пакутаваць будзе? Давайце выпусцім на волю божае стварэнне. Падзякуе нам…» Купілі, адвязалі, засвісцелі ў тры пальцы. Малпа на дрэва, а купцы паехалі: «Хай сабе жыве на дрэвах».

А тут ужо народ збіраецца. Убачылі. Рагатаць пачалі. Невядома, дзе тут і хто тут малпа. Хлопчык бегае, кліча, плача, а тая не даецца. Натоўп — сабраўся — ледзь яго паліцыя разагнала.

— Вечна вы, Дзяніс Авакумыч, невыгоднае распавядаеце, — сказаў Мсціслаў.

— Што ёсць, тое і распавядаю. Кандрат толькі галавою круціў, пасмейваючыся. Загорскі ўжо не здзіўляўся. Звыкнуў да ўсяго. Бачыў бруднае і смуроднае Зараддзе, у якім нельга было дыхаць і ў якім, аднак, жылі людзі, жылі ўсё жыццё. Самая перакатная галеча, беднасць, адчай, самае дно. Ні паветра, ні хлеба, ні вады: адзін басейн у Зарадскім завулку ды яшчэ студня ў Знаменскім манастыры, вада якога была такая салоная, што прыдатная была нават для засолкі агуркоў.

Мясцовасць гэтую напалову засялілі яўрэі. Трыццаць пяць гадоў таму назад ім дазволілі часова пражываць у Маскве з той умовай, каб яны спыняліся там ад аднаго да трох месяцаў, у залежнасці ад таго, якой гільдыі гандляр, і з тым, каб ён меў права спыняцца толькі ў Зараддзі, на Глебаўскім падвор’і.

Так стварылася маскоўскае гета, зменлівае, плыннае, з рэзнікамі і шмукачамі-гандлярамі абрэзкамі футры, з кушнярамі, што ўстаўлялі ў мяздру беларускага бабра сівыя валаскі янота і так рабілі «бабра камчацкага»; з жанчынамі, што перад пейсахам мыюць у рацэ посуд, з гаманкім натоўпам, з чорнымі постацямі, што моляцца на беразе Масквы супраць Праломных варот, з неверагодным, адкрытым для ўсіх жабрацтвам.

А побач штурхалася другая палова: хлопчыкі з рэдкімі валасамі, рамізнікі, рамесніцкія вучні, шапавалы, галодныя павадыры мядзведзяў.

Мядзведзі не хацелі дужацца і адразу цягнулі лапы за падачкай. Ва ўсіх іх былі падпілаваныя кіпці і зубы, а ў многіх выкалаты вочы.

Сэрца падала, калі глядзіш на ўсё гэта. А народ, біты і драны, «благоденствовал с ним», з гасударам, як сто разоў на дзень афіцыйна сцвярджаў гімн.

Мядзведзь цягнуў лапу за падачкай. На гук. Дзяржава марыла аб чарнаморскіх пралівах.

1 Славутага рынку на Трубнай плошчы тады яшчэ не было.

Яндекс.Метрика